Вы тут

У Магілёве адбылася абласная педагагічная канферэнцыя


Сёння на пляцоўцы перад Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці было весела і святочна. У горад прыехалі прадстаўнікі кіраўніцтва ўстаноў адукацыі і намеснікі кіраўнікоў раёнаў, якія курыруюць гэты напрамак. Яны актыўна абмяркоўвалі агульныя педагагічныя справы і фатаграфаваліся на фоне маляўнічых фотазон. Унутры будынка можна было азнаёміцца з выставай прадпрыемстваў харчовай галіны і лёгкай прамысловасці. Першыя прапаноўвалі паспрабаваць іх апошнія харчовыя распрацоўкі, разлічаныя на дзіцячы арганізм, які імкліва расце і патрабуе карыснай ежы, а другія дэманстравалі навінкі школьнага адзення.


Дэфіле ў школьных касцюмах і сукенках арганізаваў народны тэатр моды Палаца культуры вобласці «Александрына» пад кіраўніцтвам Таццяны Палазковай. Юныя мадэлі прэзентавалі вырабы бабруйскай фабрыкі «Славянка», прадпрыемства Бабруйсктрыкатаж, ТАА «Трыяда», а таксама абутак ад «Шагавіты». " Прыгожая, добрая школьная форма, дзеці вельмі задаволеныя. Вельмі крэатыўная калекцыя«, — адзначыла Таццяна Палазкова.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч удакладніў, што вытворцы вельмі адказна падышлі да распрацоўкі элементаў школьнага адзення.

— На працягу мінулага навучальнага года гэта пытанне абмяркоўвалася на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі, а таксама з бацькамі і школьнікамі,— падкрэсліў ён. — У Бабруйску, напрыклад, для зручнасці размясцілі на сайце так званы эталон. Бацькі могуць смела арыентавацца на яго. А наогул працэс гэты творчы і мы і надалей будзем шукаць найбольш прымальныя варыянты.

У сістэме адукацыі дробязяў не бывае. Таму па ўсіх кірунках зроблена вялікая работа. Гэта датычыцца і падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года, і працаўладкавання маладых спецыялістаў, і падвозу школьнікаў. Пра ўсё гэта ішла размова на педагагічнай канферэнцыі.

Як адзначыў у сваёй прамове старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, з абласнога бюджэту на правядзенне бягучага і капітальнага рамонтаў сёлета было выдаткавана 68 мільёнаў рублёў. Капітальна адрамантавана 39 школ, яшчэ два дзіцячыя садкі (Магілёў і Бабруйск) і дзве школы (Магілёў і Асіповічы) будуюцца. Транспартам з тэрмінам эксплуатацыі да 10 гадоў школы забяспечаны. Па выніках эксперыменту па арганізацыі харчавання з прымяненнем новых прынцыпаў і падыходаў, больш як у 60 % устаноў устаноўлена спецыяльнае абсталяванне.

Анатоль Ісачанка таксама заклікаў педагогаў больш адказна падыходзіць да выканання сваіх прамых абавязкаў. Нядбайнасць, падкрэсліў ён, можа прывесці да непапраўных наступстваў.

— Сучасная школа мае патрэбу ў новым тыпе настаўніка — у арсенале якога энтузіязм, самыя перадавыя методыкі і тэхналогіі навучання, якія ён гатовы ўкараніць у навучальны працэс, — аргументаваў кіраўнік абласной вертыкалі.— У новым навучальным годзе 430 маладых педагогаў пачнуць свой працоўны шлях. «Якім ён будзе?!», — залежыць ад нас з вамі. Неабходна аказаць ім усебаковую дапамогу і падтрымку не толькі ў стварэнні камфортных умоў працы, але і ў вырашэнні жыллёвых, бытавых пытанняў. У цэлым жа школа XXI павінна ўвасабляць у сабе той дом, у якім адбываецца нешта вельмі важнае ў жыцці дзяцей, дзе цікава і пазнавальна, сучасна і тэхналагічна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.