Вы тут

Лукашэнка: Для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі — самае вялікае багацце


У Беларусі з Днём ведаў звязана шмат традыцый. Адна з іх — сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са галоўнымі героямі гэтага свята — школьнікамі ці студэнтамі. У гэтым годзе кіраўнік дзяржавы пачаў новы навучальны год у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Сустрэлі кіраўніка дзяржавы гаспадары тэхнапарка, самыя адораныя школьнікі краіны. Яны расказалі аб працэсе навучання, сваіх уражаннях. Вучоба маладым людзям падабаецца, а паколькі ў тэхнапарку сабраныя школьнікі з усёй краіны, гэта яшчэ і магчымасць знайсці новых сяброў. «Вы наша будучыня, вы малайцы», — пахваліў навучэнцаў Аляксандр Лукашэнка.


Які Дзень ведаў без урачыстай лінейкі? У навучэнцаў тэхнапарка яна была асаблівай — з удзелам Прэзідэнта. «Ніякія вы не дзеці. Вы ўжо дарослыя люді, а вашы веды, і нават досвед — усё гэта разам сведчыць аб тым, што вы людзі дарослыя», — звярнуўся Прэзідэнт да навучэнцаў тэхнапарка падчас урачыстай лінейкі. Таму і размова з імі ішла як з дарослымі. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ідэя стварэнне гэтага тэхнапарка з’явілася падчас наведвання падобнага цэнтра «Сірыўс» у Сочы. Таму, па словах Прэзідэнта, яна лягла ў падрыхтаваную глебу. Аляксандр Лукашэкна расказаў, што неаднаразова бываў у расійскім «Сірыўсе», дасканала пазнаёміўся з яго працай. Гідам быў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзір Пуцін, які быў ініцыятарам стварэння «Сірыўса» ў Сочы. «Тады я яму сказаў, што ў Беларусі было б нядрэнна стварыць падобны тэхнапарк. Трэба, каб „Сірыўс“ аказаў тут падрымку. Ён тут жа даў распараджэнне. І вось так, мы вывучаючы досвед Расіі, перш за ўсё, а потым і ўвесь сусветны досвед, прыступілі да стварэння тут гэтага цэнтра», — расказаў Аляксандр Лукашэнка гісторыю стварэння дзіцячага тэхнапарка. — Павінен вам сказаць, што гэта толькі пачатак. Я ведаю, што жадаючых тут вучыцца значна больш, атрымліваць больш высокія, прасунутыя веды, значна больш, чым мы запрашаем і прымаем тут на навучанне«, — сказаў ён. 

«Каб вы працавалі на сваю краіну»

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі яшчэ засталіся таленавітыя людзі, якія пакуль не вучацца ў тэхнапарку, то гэты тэхнапарк трэба развіваць да такіх межаў і магчымасцей, каб усе людзі, якія імкнуцца атрымаць больш сучасныя і веды на больш высокім узроўні, мелі такую магчымасць. «Адзінае, што скажу шчыра, што мяне заўсёды стрымлівае ў прыняцці падобных рашэнняў. Каб вы працавалі на свю краіну. Каб на сваё зямлі жылі, на зямлі, якая вырасціла вас, на якой (упэўнены на сто працэнтаў) жывуць вашы бацькі. Гэта мяне, канешне, хвалюе. Хаця я разумею, вы людзі будучыні, вы людзі навукі. А навука не можа сёння замыкацца ў рамках нават самай вялікай і прасунутай дзяржавы, — сказаў Прэзідэнт. — Але дзе бы вы ні былі, вы павінны памятаць, што гэта ваша зямля, што гэта зямля зрабіла ўсё, каб вы выраслі адукаванымі, прасунутымі і маглі працаваць у любой краіне» 

Прэзідэнт звярнуў увагу на камерцыялізацыю вынікаў работы тэхнапарка. «Вы ўжо не маленькія дзеці. Вы ствараеце нейкі прадукт. Я кажу „нейкі“, таму што не ведаю, як ён прыжыўся б на рынках, ці прадалі б вы яго. Але мы будзем рабіць усё і дапамагаць вам будзем, калі вы нешта прыдумаеце, вынайдзеце карыснае для вытворчасці, для нашай краіны. Будзе гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, сувязь і гэтак далей. Мы з задавальненнем у вас у першачарговым парадку набудзем гэты тавар», — запэўніў ён. 

Мы, беларусы, ганарымся тым, што зрабілі немагчымае магчымым 

Прэзідэнт нагадаў, што пасля набыцця суверэнітэту з першых даручэнняў кіраўніка дзяржавы было стварэнне фондаў па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. «Я казаў шмат разоў і паўтаруся яшчэ раз: для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі — самае вялікае багацце. Калі ёсць такія людзі, мы справімся з любымі выклікамі,» — сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што літаральна праз некалькі гадоў гэтым маладым людзям прыйдзецца кіраваць нашай краінай, абараняць яе, гадаваць дзяцей на гэтай зямлі. «І нават, калі хтосьці на нейкі час з’ездзе за межы краіны, як гэта часта бывае, ён вернецца сюды з новымі ведамі», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, у Беларусі жывуць вельмі працавітыя, дысцыплінаваныя і мэтанакіраваныя людзі. Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклады з гісторыі. У 1944-м годзе, калі яшчэ палала вайна, трэць насельніцтва загінула, знішчаны гарады, вёскі, дарогі і масты, у Мінску ўжо ішла праца па аднаўленні. У гэты час будуецца аўтамабільны завод, які ўжо ў 1947 годзе выпусціў першыя грузавыя МАЗы. А праз два гады з канвеера Мінскага трактарнага завода сышоў першы трактар «Беларусь». Каласальныя намаганні спатрэбіліся для гэтага. Прэзідэнт таксама нагадаў, што менавіта ў Мінску стварылі першую серыйную савецкую электронна-вылічальную машыну. Ён расказаў, што яму яшчэ давялося вучыцца на ёй. І гэта быў не той камп’ютар, які сёння ў нас на стале, гэта вялізная пабудова, у якой стаялі магутныя машыны, якіх было вельмі шмат. Тады беларусы ўпершыню сутыкнуліся з лічбавізацыяй. І першая была створана тут, што для пакалення, якое яшчэ памятала жахі вайны, было інтэлектуальным і працоўным подзвігам. 

«І мы, беларусы, ганарымся тым, што тады зрабілі немагчымае магчымым. Вы робіце пакуль яшчэ нясмелыя крокі ў захапляльны свет ведаў і адкрыццяў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы, што ўсе веды узнікаюць не на роўным месцы, яны не прыйшлі з віртуальнага свету. «Вы стаіце на плячах гігантаў, вы стаіце на плячах тых, хто калісьці засвоіў і здзейсніў новыя адкрыцці. І мы можам назваць такіх як Жарэс Алфёраў, Павел Сухі, Міхаіл Высоцкі, і імёны многіх іншых нашых славутых на ўвесь свет землякоў. Няхай усе прыведзеныя мной прыклады стануць для вас жыццёвым арыенцірам. Яны змаглі, і вы абавязкова зможаце стаць першымі, упісаўшы сваё імя ў гісторыю навукі і гісторыю навукі і гісторыі сваёй Айчыны, калі будзеце верныя пакліканню і навуковай ісціне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, дзякуючы маладым людзям, якія дэманструюць выдатныя здольнасці, у Беларусі з’явіўся сапраўдны маладзёжны навуковы цэнтр. Прэзідэнт прызнаўся, што верыць у іх, і выказаў упэўненасць, што гаворыць сёння з будучымі беларускімі акадэмікамі, вынаходнікамі, стваральнікамі новых прадуктаў, якія знойдуць сваё месца на сусветных рынках. «Стаўце перад сабой вялікія мэты. І ствараце. Але стварайце ў імя міру. Вы павінны бачыць галоўную мэту перад сабой — мір і светлае неба над галавой», — пажадаў беларускі лідар. 

«І памятайце, яшчэ раз паўтараю, вы вельмі патрэбны сваёй краіне!» — сказаў Прэзідэнт.

«Гэта храм ведаў»

Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да педагогаў і яшчэ раз нагадаў, што навучальная ўстанова — гэта храм ведаў. «І ў гэтым храме заўсёды павінен панаваць парадак. Там не павінна быць ніякага бязладдзя», — падкрэсліў ён. 

«Гэта самыя строгія законы. Ты прыйшоў вучыцца, атрымліваць веды. Вучыся і атрымлівай веды, каб потым у 30-40 гадоў ты не хадзіў па вуліцах і не крычаў: „Дайце мне зарплату, як у іх!“ Устае заўсёды пытанне: а давай паглядзім, як ты вучыўся ў школе, як асвойваў і атрымліваў новыя веды, як ты ўвогуле пражыў гэтае жыццё? І калі паглядзіш на чалавека, які больш за ўсё крычыць на вуліцы, аказваецца, ён і ў школу не хадзіў. А калі і хадзіў, то не кожны дзень.І не за ведамі ён туды прыходзіў, а для таго, каб пацешыцца, пакрычаць, пашумець», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў навучэнцаў, што вучоба — гэта цяжкая праца. Ён падкрэсліў, што цяжэйшага перыяда ў жыцці не будзе. «Потым усё будзе значна лягчэй, калі вы вызначыцеся правільна ў жыцці. Вы будзеце хадзіць на працу, як на адпачынак, калі вы правільна вызначыцеся ў жыцці. Далей будзе лягчэй. Цяпер вельмі цяжка. І вельмі важна, як ты пражыў гэты цяжкі перыяд жыцця. Гэта шмат у чым залежыць ад нас — бацькоў, педагогаў. Але больш за ўсё залежыць ад вас. Вы малайцы, вы рызыкнулі. Я вас віншую і жадаю поспехаў вам на гэтым цяжкім шляху», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што, як Прэзідэнт хоча, каб за тымі, хто сёння вучыцца ў тэхнапарку, пайшлі іншыя. Па яго словах, гэта яшчэ важней чым тое, што ўжо сёння ёсць першаадкрывальнікі. «Я хачу, каб вы выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што нам гісторыя нечакана і ў нечым выпадкова падарыла Беларусі і яе народу суверэнітэт, які цяпер неабходна берагчы. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што незалежнасць — паняцце адноснае, бо няма сёння ў свеце абсалютна незалежных дзяржаў. Па яго словах, нават самыя буйныя, магутныя і развітыя краіны так ці інакш маюць патрэбу ў падтрымцы і саюзніках. «Але мы маем гэтую незалежнасць і маем суверэнітэт. Нам трэба гэта захаваць, каб мы ніколі больш не паставілі тыя пакаленні, якія прыйдуць за намі, і вас пад бізун. Калі ў нас будзе пабольш такіх людзей, як вы , мы дакладна ніколі не пойдзем пад бізун і не абуем лапці», — канстатаваў беларускі лідар. 

У падарунак Нацыянальнаму дзіцячаму тэхнапарку Прэзідэнт уручыў сертыфікат на мікрааўтобус. Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапрака Сяргей Сачко адзначыў, што гэта вельмі карысны падарунак, паколькі навучэнцы тэхнапарка актыўна наведваюць розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, прадпрыемствы, выязджаюць для працы ў лабараторыі мінскіх універсітэтаў. Прэзідэнт паабяцаў, што калі тэхнапарк сам заробіць хаця б палову на яшчэ адзін такі аўтобус, то з другой паловай абавязкова дапаможа дзяржава.

Аляксандр Лукашнка таксама расказаў, што, калі знаёміўся з матэрыяламі аб тэхнапарку, то знайшоў дзіўную і прыемную для сябе рэч. У гэтай установе навучаецца значна менш мінчан, чым дзяцей з рэгіёнаў. «Я не хачу прынізіць ролю Мінска і мінчан. Вядома, яны жывуць у зусім іншым горадзе, у іх магчымасцей значна больш, чым у рэгіянальных цэнтрах і школах, дзе вы вучыцеся. Але тое, што вы, рэгіяналы, падняліся да ўзроўню Мінска і перасягнулі Мінск, гэта мяне радуе. Перамагайце мінчан. А мінчане няхай супраціўляюцца», — сказаў беларускі лідар. 

«Стварайце, працуйце, калі гэта патрэбна краіне, то будзем падтрымліваць» 

За час працы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў ім прайшлі навучанне 1930 навучэнцаў 9-11-х класаў, адбыліся 25 адукацыйных змен працягласцю 24 дні кожная. Конкурс на навучанне — у сярэднім 3 чалавекі на месца. У тэхнапарку дзеці атрымліваюць веды па 15 найбольш перспектыўных для эканомікі напрамках, сярод якіх «Зялёная хімія», «Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі», «Віртуальная і дапоўненая рэальнасць», «Інжынерная экалогія», «Авіякасмічныя тэхналогіі». Для выкладання ў тэхнапарку прыцягваюць вядучых вучоных і спецыялістаў універсітэтаў, перспектыўных маладых вучоных. У новым навучальным годзе ў тэхнапарку плануюць укараніць навучальныя праграмы па напрамках навуковых даследаванняў Ваеннай акадэміі Беларусі. Найбольш перспектыўныя праекты навучэнцаў, напрыклад, «Экаўпакоўка», «БелБіяПак», будуць запатэнтаваны. У планах таксама правядзенне заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах для вучняў 5-8-х класаў.

Не на словах, а на справе Прэзідэнт убачыў, як працуе тэхнапарк. Кіраўнік дзяржавы наведаў вучэбныя лабараторыі і пазнаёміўся з юнымі вучонымі. Але найперш — даклад дырэктара аб дзейнасці Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Сяргей Сачко расказаў аб структуры ўстановы, куды ўваходзіць школа, вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат. Асобыя правілы прыёму дзяцей у тэхнапрак. Спачатку навучэнцы падаюць заяўкі анлайн, затым праходзяць сумоўе ў вочнай форме і выконваюць тэставае заданне. Кіраўнік дзяржавы даручыў выкарыстоўваць вопыт тэхнапарка для дапрацоўкі механізму паступлення навучэнцаў ва ўніверсітэты. Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў, што мэтавікоў у гэтым годзе набіралі менавіта такім чынам. «Астатніх — не?» — удакладніў Прэзідэнт. «Астатніх не, але мы будзем глядзець і ўносіць прапановы па гуманітарных напрамках», — сказаў міністр. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што трэба выбраць аптымальным механізм прыёму ў ВНУ — тэст, сумоўе ці экзамен. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што выпускнікі тэхнапарка, якія атрымалі каштоўныя веды і вопыт, былі задзейнічаны на карысць сваёй краіны. «Глядзіце, каб не прапалі. Гэта ж унікальныя дзеці», — падкрэсліў ён. 

Сёлета падчас уступнай кампаніі для навучэнцаў дзіцячага тэхнапарка ўжо былі асаблівыя ўмовы пры прыёме ў ВНУ — па новых правілах прыёму 23 выпускнікі тэхнапарка залічаны ў ВНУ без уступных іспытаў па рэкамендацыі наглядальнага савета тэхнапарка.Сяргей Сачко расказаў, што адміністрацыя парка ставіць перад сабой задачу ў бліжэйшы час наладзіць сістэму суправаджэння сваіх выпускнікоў да першага працоўнага месца ў цесным супрацоўніцтве з ВНУ. 

Выпускнікі і навучэнцы тэхнапарка прадставілі кіраўніку дзяржавы самыя цікавыя напрацоўкі і праекты, якія могуць быць запатрабаваныя ў самых розных сферах. Напрыклад, праект «Сістэма дыстанцыйнага маніторынгу стану сельскагаспадарчых культур у маштабе асобнай гаспадаркі» стане добрай дапамогай для аграрыяў. Дрон узлятае, зназодзіць месцы на палях, дзе трэба падкарміць культуры і лакальна распрысківае неабходныя рэчывы. Прэзідэнт заўважыў, што гэта вельмі перспектыўна і запатрабавана, паколькі ў сілу кліматычных асаблівасцяў на палях бываюць месцы, дзе трэба «падкарміць» культуры. Ён падкрэсліў, што гэтую напрацоўку для пачатку трэба выкарыстаць у адной гаспадарцы. «Трэба іх „крутануць“ у якім сельгаспрадпрыемстве. Хай бяруць свае дроны, глядзяць палі. Так што бярыце свае апараты, усё забяспечым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 
У лабараторыі электронікі і сувязі кіраўнік дзяржавы папрасіў выкладчыка і яго падапечных пратэставаць беларускія сродкі сувязі і акрэсліць самыя вузкія месцы.«Патрэбны самыя сучасныя віды сувязі. Вы зможаце нам дапамагчы? Гэта не толькі ў ваеннай сферы. Таму вы — перспектыва», — сказаў ён. 

Выпускнік тэхнапарка Сяргей Орсік, які сёлета паступіў у БДУІР,прадэманстраваў Прэзідэнту сваю распрацоўку — сістэму распазнання эмацыйнага стану персанала. «Гэта мне вельмі важна. Я павінен гэтым валодаць», — пажартаваў Прэзідэнт. Малады вучоны, якога Аляксандр Лукашэнка, назваў самым прасунутым на першым курсе БДУІР, паказаў, як працуе яго сістэма. Праграма адсочвала эмоцыі хлопчыкаў і дзяўчынак на лінейцы падчас выступлення Аляксандра Лукашэнкі. І паказала, што большасць з іх адчувалі, гонар, шчасце, зацікаўленасць, павага. У некаторых было і здзіўленне. Юныя вучоныя таксама прасканіравалі эмоцыі гасцей прама ў лабараторыі. На твары кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці, быў выраз шчасця. На тварах прысутных службовых асоб таксама чытаўся выраз шчасця ці цікавасці. Сярод распрацовак вучоных і разумныя акульяры, якія па словах распрацоўшчыка, могуць быць карыснымі, напрыклад, для інвалідаў і розным спецыялістам. «Тварыце, працуйце, калі гэта патрэбна краіне, то будзем падтрымліваць», — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка. 

Вывучаюць у тэхнапарку і атамную энергетыку. Школьнікі распрацавалі праект па мадэрнізацыі атамных станцый, які дасць магчымасць знізіць затраты на яе абслугоўванне і павысіць эфектыўнасць АЭС. «Гэта вельмі цікава, калі гэта атрымаецца. Спяшайцеся. У навуцы, калі паспяшаешся, хутчэй за іншых зробіш, эфект будзе большы», — адзначыў Прэзідэнт. Для таго, каб удасканаліць свой праект, юныя вучоныя хочуць наведаць атамную электрастанцыю, убачыць на свае вочы работа гэтага аб’екта, пазнаёміцца з дарослымі калегамі. Але трапіць на такі аб’ект дастаткова цяжка. «Пытанне вырашына. Лічыце, што я вам даў допуск», — адзначыў Прэзідэнт. 

Займаюцца навучэнцы тэхнапарка інфармацыйнай бяспекай. Адна з распрацовак — прылада абароны маўленчай інфармацыі. Дзеці, якія занятыя інжынернай экалогіяй прапанавалі выкарыстоўваць адыходы льновытворчасці ў энергетычных мэтах. Папулярны сёння напрамак «зялёная хімія» таксама развіваецца ў тэхнапарку. У прыватнасці, адна з распрацовак — «БелБіяпак як альтэрнатыва Tetra Pak». Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння гэта вельмі запатрабаваная распрацоўка і трэба тэрмінова запускаць яе ў вытворчасць. Прэзідэнту паказалі і разнастайных робатаў, створаных навучэнцамі тэхнапарка. Напрыклад, рабатызаваную сістэму хутказменных захопаў і зборачных інструментаў прамысловых робатаў ці транспарціровачная рабатызаваная сістэма «Квадраход». Адна з ідэй узнікла прама падчас гутаркі з Прэзідэнтам — рабатызаваная сістэма, якая будзе дапамагаць сабакам, задзейнічаным у службах бяспекі. Напрыклад, падчас праверкі аб’ектаў сабака не можа падняцца на вышыню, каб праверыць аб’ект на наяўнасць выбуховых рэчываў. Спецыяльная рабатызаваная сістэма можа акуратна падняць жывёлу. 

У кожнай лабараторыі, кожнаму маладому вучонаму і іх выкладчыкамі кіраўнік дзяржавы паўтараў свой асноўны пасыл — з гэтымі навуковымі распрацоўкамі неабходна не проста ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях, а дапрацоўваць іх на прадпрыемствах і пры магчымасці ўкараняць у далейшым у вытворчасць. Заняцца гэтым пытаннем ён даручыў ураду.

«Вы ўбачылі сапраўдных прасунутых людзей, у якіх гараць вочы? Галоўнае, каб гэтыя вочы не патухлі. А каб не патухлі, мы іх праектам павінны сказаць ці так, ці не. Але ўсё патрэбнае», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да журналістаў, падводзячы вынікі наведвання тэхнарпака. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.