Вы тут

Успаміны пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з Вілейскага раёна


«Я, мусіць, нарадзіўся ў кашулі?» — так казаў пра сябе ветэран Вялікай Айчыннай Лявон Дзям’янавіч Вяжэвіч, бо яму і сапраўды пашчасціла жывым і больш-менш здаровым вярнуцца з вайны... Тады, пасля аперацыі, ён рэдка выходзіў з хаты, але ж павітаў школьных краязнаўцаў, шмат цікавага расказаў пра сябе і нашу вёску Баяры, паказаў фотаздымкі і свае лісты з фронту, граматы, узнагароды. У яго быў добры настрой, Лявон Дзям’янавіч нават жартаваў (пра тую ж кашулю), бо ў 1945-м пабываў у Берліне, а да гэтага — «шмат разоў пакланіўся кулі», якая часцяком «ціўкала» паблізу і кагосьці раніла, а то і забівала.


А неяк ноччу на перадавую прыехала кухня. Салдаты выйшлі з траншэі…

Адкуль узяўся той «шалёны» нямецкі снарад, не зразумеў ніхто. І ніхто з батарэі не выжыў.

Радавы Лявон Вяжэвіч быў ездавым, і ў тую ноч па загадзе камандзіра на конях адправіўся ў суседнюю вёску па гармату. Ён выканаў загад: своечасова даставіў зброю і, дзякуючы ёй, застаўся жывы.

У школьны музей Лявон Дзям’янавіч перадаў некалькі копій цікавых фотаздымкаў, свой ліст-трохвугольнік, які з фронту даслаў будучай жонцы, выказаў жаданне, каб краязнаўцы, калі яго не стане, забралі ў музей і іншыя рэчы, здымкі, лісты.

(Памёр ён неяк раптоўна, праз пару тыдняў пасля таго, як пахаваў сына: трэба разумець, не вытрымаў гора, да таго ж за жыццё і наваяваўся, і напрацаваўся...)

А наведвальнікі народнага школьнага музея «Ільянскія далягляды» цяпер з цікавасцю разглядаюць пацямнелы трохвугольнік з лістом, напісаным алоўкам на паперы з-пад пачка махоркі, і, вядома ж, фотаздымкі — кадры жыцця, якія сталі гісторыяй. На адным з іх, зробленым у маі 1941-га, — прызыўнікі райцэнтра Ілья разам з ваенкамам Аляксандрам Мікалаевічам Труханавым (на фота — чацвёрты справа ў першым радзе), які ў першы дзень акупацыі мястэчка адзін, з адным пісталетам распачаў бой з цэлым фашысцкім падраздзяленнем і па-геройску загінуў. Там жа, у першым радзе справа, Лявон Дзям’янавіч Вяжэвіч, прызваны ў Чырвоную Армію ў 1944-м — пасля вызвалення родных мясцін ад фашыстаў.

Дарэчы, гісторыя яго салдацкага ліста сёлета атрымала працяг: краязнаўцы нашай школы разам з тэлекампаніяй «МІР» працавалі над праектам «Пісьмо з фронту», у прысутнасці родных і блізкіх ветэранаў вайны зачытвалі падобныя лісты. Перад гэтым мы паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі і высветлілі, што ў Мінску жыве сын Лявона Дзям’янавіча — Мікалай. Яго дзеці і ўнукі, шануючы памяць ветэрана, згадзіліся паўдзельнічаць у здымках. Больш за тое, аказалася, што ў сям’і захоўваюцца яшчэ некалькі лістоў з фронту, фотаздымкі і нават... салдацкі дзённік, які вёў чырвонаармеец Вяжэвіч.

Копію дзённіка ў музей прыслала Марына Мікалаеўна Вяжэвіч, унучка ветэрана. З дазволу блізкіх мы паспрабавалі ўважліва прачытаць яго і вельмі здзівіліся, што просты (на першы погляд) вясковы хлопец з пяццю класамі адукацыі пісаў... вершам. А значыць, салдату (і ці толькі гэтаму?!), пасярод вайны, ва ўмовах баявых дзеянняў, было, што называецца, «да лірыкі». Можа, таму, што сам ён, маючы ровар і баян, шмат дзе іграў на вяселлях ды вечарынках, можа, таму, — што любай дзяўчыне, Марыі Юльянаўне Астроўскай — сваёй будучай жонцы.

У дзённіку — амаль штодзённая хроніка барацьбы з фашызмам, але і там не столькі пра баі, перамогі ды страты, не толькі пра пакуты ды цяжкую франтавую працу (пра яе хіба коратка, як пра нешта нязначнае: «Прыбылі ў прызначаны раён, хутка выкапалі ўкрыцці для байцоў, коней, гарматы...»)

Можна толькі ўявіць, колькі сіл і часу на гэта затрачана, аднак хлопец зусім не скардзіцца: піша пра свае назіранні, пра пачуцці і мары. Усе запісы прасякнутыя каханнем да дзяўчыны і любоўю да сваёй Радзімы, патрэбай знішчыць ворага, які пайшоў вайной…

Якраз гэта і ёсць сапраўдны патрыятызм, сапраўдны гераізм і сапраўдная адданасць Радзіме. Пацвярджэнне іх — баявыя адзнакі ветэрана. У Падольскім архіве захоўваецца інфармацыя аб узнагароджанні тэлефаніста 1042-га стралковага палка 295-й стралковай дывізіі, якая ўзняла Сцяг Перамогі над Брандэнбургскімі варотамі ў Берліне, Лявона Мяжэвіча ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна»... 

Па словах сына, было яшчэ прадстаўленне на ўзнагароджанне ордэнам «Чырвонай Зоркі».

...Што дапамагло Лявону Дзям’янавічу выжыць на вайне, застаецца толькі гадаць. Малітвы маці і каханай дзяўчыны? Баявое майстэрства? Божая ахова? Лёс? А можа, і сапраўды ён нарадзіўся ў кашулі.

Пасля вяртання дамоў Лявон Вяжэвіч і Марыя Астроўская згулялі вяселле, дзе іграў не хто іншы, як Іван Суднік, той самы, славуты майстар музычных інструментаў (у тым ліку «белых баянаў») з вёскі Суднікі.

...Яшчэ адна гісторыя, адзін лёс і ліст. Яго для нашага народнага музея перадала Яўгенія Міронаўна, удава Міхаіла Вікенцевіча Пекарскага з вёскі Барсукі. Датаваны ён 13 ліпеня 1944 года. Адпраўленне з Палявой пошты 33455-П.

Цікава, што ліст напісаны лацінкай, па-беларуску з частковым ужываннем рускіх слоў. Тэкст удалося прачытаць амаль поўнасцю. Дапамагла ў гэтым школьны праграміст Тамара Генадзеўна Радаванавіч.

Адрас палявой пошты, указанай на паштоўцы, прывёў нас у 145-ы армейскі (франтавы) запасны стралковы полк, які займаўся падрыхтоўкай штурмавых батальёнаў з ліку навабранцаў да вядзення баявых дзеянняў. Сёння зразумела, што страты ў такіх падраздзяленнях былі велізарныя, і ў сваім лісце Міхаіл Вікенцевіч мог бы расказаць пра баі ды франтавыя цяжкасці, але абмежаваўся сціплым «жывы і здаровы», паведаміў, што прызваны з горада Віцебска, што са знаёмых тут нікога няма, прасіў «адпісаць яму чым хутчэй, што новага дома, ці здаровыя дзеці?» Апошнім радком: «Да свіданія...»

Трэба разумець, спадзяваўся салдат на сустрэчу, але…

У цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі мы даведаліся, што чырвонаармеец М. В. Пекарскі 1913 года нараджэння памёр ад ран 30 жніўня 1944 года ў 430-м асобным медсанбаце, пахаваны ў вёсцы Прэцэнаэкі (Латвія), перапахаваны ў брацкую магілу (г. Прыекуле), дзе на абеліску ёсць надпіс «рядовой М. В. Пекарский (?—1944)».

Унук Міхаіла Вікенцевіча Міхаіл Лявонавіч, — ветэран Афганскай вайны, часты госць у нашай школе.

У год Міру і стваральнай працы асабліва патрэбныя вось такія ўрокі гісторыі, сустрэчы з ветэранамі і нашчадкамі нашых землякоў, сціплых, простых людзей, сапраўдных патрыётаў і сапраўдных герояў.

Алеся Юшко, настаўніца Ільянскай СШ імя А. А. Грымаця

Вілейскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.