Вы тут

Аграрыі плануюць атрымаць каля 9 мільёнаў тон збожжа


Вось і падыходзіць да канца жніво. У нашай краіне ўбрана больш за 97,5 працэнта% збожжавых палеткаў. З іх больш за 98% збожжавых каласавых і зернебабовых і звыш 94% рапсу, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Уладзімір Гракун. Наперадзе масавая ўборка кукурузы, бульбы і цукровых буракоў.


Усяго намалочана каля 7 мільёнаў 58 тысяч тон збожжавых і бабовых культур, уключаючы рапс. З гэтага аб’ёму збожжавыя каласавыя і зернебабовыя складаюць 6 мільёнаў 91 тысячу тон, алеянасення — 967 тысяч тон. Па словах намесніка міністра, цяпер актыўна ідзе ўборка грэчкі і проса. Гэтых культур ужо намалочана, адпаведна, 11,6 тысячы тон і 8,45 тысячы тон. Працягваюцца работы па ўборцы льнотрасты, якой ужо нарыхтавана 67 тысяч тон. Салома на скошаных палях збожжавых каласавых і зернебабовых культур убрана на 70,5% іх плошчы.

Наперадзе ўборка кукурузы на зерне, якая папоўніць агульны каравай. Усяго каля 247 тысяч гектараў плошчаў адведзена абласцям для ўборкі гэтай культуры. Ужо цяпер вядомая папярэдняя ўраджайнасць гэтага збожжа, якая дазваляе разлічваць на агульны вал у аб’ёме 1 мільён 700 тысяч тон. Яшчэ засталося ўбраць яравы рапс. Таму спецыялісты Мінсельгасхарча разлічваюць атрымаць сумарны збор збожжавых і зернебабовых плюс кукурузы і рапсу каля 9 мільёнаў тон збожжа ў засекі нашай Радзімы.

Дзяржзаказ будзе выкананы ў поўным аб’ёме

Паралельна з завяршэннем уборкі збожжавых у нашай краіне ажыццяўляецца здача збожжа дзяржаве. Па харчовым зерні гэты паказчык здачы выкананы на 89%, па рапсе — 91% і 63% — па піваварным ячмені. Цяпер астатняе зерне дапрацоўваецца і ў поўным аб’ёме будзе пастаўлена па дзяржзаказе. Намеснік міністра ўпэўнены ў тым, што аграрыі цалкам забяспечаць сыравінай перапрацоўчыя камбінаты хлебапрадуктаў, піваварныя заводы, патрэбы па вырабе спірту. Акрамя таго, каля 840 тысяч тон збожжа запланавана захаваць у якасці насеннага фонду. Больш за 5 мільёнаў тон фуражнага збожжа будзе пастаўлена для кармлення грамадскага пагалоўя жывёлы.

Цяпер гаспадаркі актыўна капаюць бульбу. Сабрана 58,3 тысячы тон клубняў. Сярэдняя ўраджайнасць — 367,7 цэнтнера з гектара. Пачата ўборка кукурузы на сілас. Сабрана 2 мільёны 695 тысяч тон зялёнай масы кукурузы. У краіне пачалі ўборку цукровых буракоў. Накапана 99 тысяч тон караняплодаў. Ураджайнасць пакуль складае 468,3 цэнтнера з гектара.

Наперадзе Гродзенскі раён

Уладзімір Гракун адзначыў, што папярэднія вынікі паказваюць: лідарам уборачнай кампаніі з’яўляецца Гродзенскі раён, які намалаціў 243 тысячы тон збожжа з ураджайнасцю 84,2 цэнтнера з гектара. На другім месцы — Нясвіжскі раён з ураджайнасцю ў 74 цэнтнеры з гектара. Усяго 12 раёнаў намалацілі больш за 100 тысяч тон збожжа.

Пяць раёнаў Гомельшчыны прыступілі да ўборкі кукурузы на зерне, паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Шынкарэнка. Ужо вядуць гэтыя работы аграрыі Мазырскага, Нараўлянскага, Калінкавіцкага, Ельскага і Добрушскага раёнаў вобласці. З запланаваных больш за 70 тысяч гектараў убрана 577 гектараў. Намалочана 3,6 тысячы тон збожжа з сярэдняй ураджайнасцю 63,1 ц/га.

«Актуальнае пытанне — уборка кукурузы на сілас. Паводле звестак на 5 верасня, убрана 43,8 тысячы гектараў кукурузы на сілас. Гэта 20% ад плана», — распавёў Дзмітрый Шынкарэнка. Паводле яго слоў, сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы складае 237 ц/га. У Рэчыцкім раёне гэтая лічба вышэйшая — больш за 300 ц/га. Атрыманая зялёная маса ідзе на кармленне пагалоўя, на нарыхтоўку сіласу. Яго ўжо атрымалі 807 тысяч тон, або 25% ад плана. Усяго ж у рэгіёне нарыхтавалі 13,8 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, дадаў Дзмітрый Шынкарэнка. Гэта на 1,54 цэнтнераў кармавых адзінак вышэй за леташні ўзровень.

Збожжа хопіць усім

«Гэты год экстрэмальны і засушлівы, але спецыялісты праявілі сябе як сапраўдныя прафесіяналы і не дапусцілі моцнай страты ўраджайнасці. Хацелася б сказаць усім працаўнікам вёскі вялікі дзякуй за працу і пажадаць у далейшым не ўпускаць, а толькі прырастаць да тых вынікаў, якія мы сёння маем», — падсумаваў Уладзімір Гракун.

У Мінсельгасхарчы запэўнілі: вырабленага збожжа дастаткова, каб забяспечыць унутраныя патрэбы. Так, летась валавы збор алеянасення склаў 805 тысяч тон. У гэтым сезоне ён набліжаецца да 970 тысяч. Па ўсіх абласцях ураджайнасць гэтай культуры вышэйшая за леташнюю. На руку аграрыям кан’юнктура сусветнага рынку. Сярэдняе значэнне індэкса сусветных цэн харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН на раслінныя алеі толькі ў ліпені павялічылася на 12,1% у параўнанні з мінулым месяцам. Экспарт беларускага рапсавага алею прынясе дадатковы прыбытак і далейшае ўмацаванне эканомікі АПК.

Намеснік міністра адзначыў, што самае галоўнае, на што звяртаем увагу цяпер, — гэта нарыхтоўка кармоў. «Мы прыступілі да ўборкі кукурузы. Паралельна ўбіраем і шматгадовыя травы, якія сёння падышлі да трэцяга ўкосу. У цэлым мы павінны больш за 30 цэнтнераў кармавых адзінак нарыхтаваць на адну ўмоўную галаву. Дадзеныя аб’ёмы пралічваюцца. Самае галоўнае — на месцах не ўпусціць час і ўбраць усё, што ў нас яшчэ ёсць».

І яшчэ. Сёлета ў Беларусі пасеяна 115 тысяч гектараў бабовых культур. У будучую пасяўную іх плануецца павялічыць да 240 тысяч гектараў, а да 2025 года — да 350 тысяч гектараў. «Мільён тон бабовых культур мы павінны ў выніку атрымліваць для забеспячэння жывёлагадоўчай галіны бялком», — адзначыў Уладзімір Гракун.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.