Вы тут

Чым знакаміты палкаводзец Махмут Гарэеў


Аднойчы на занятках дацэнт кафедры гісторыі СССР дасавецкага перыяду Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельнік вайны Юры Іосіфавіч Драгун загаварыў з намі аб сумнай статыстыцы перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Паводле яго слоў, з кожнай сотні савецкіх мужчын, якія з’явіліся на свет у 1922–1924 гадах, 97 не дажылі да Вялікай Перамогі. Толькі трое апынуліся ў становішчы тых, хто выжыў. Было гэта ў далёкія студэнцкія гады на мяжы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тая размова не забываецца. Страшная статыстыка трывала асела ў свядомасці як найболей значная характарыстыка сутнасці вайны. 


Гэтыя лічбы — «97» і «3» — усплываюць у памяці кожны раз, калі даводзіцца звяртацца да ваеннай тэмы. Не раз у наступныя гады задумваўся над пытаннем: «Хто ж гэтыя тры нашых суайчынніка са ста?» Таму заўсёды звяртаю ўвагу на людзей указаных гадоў нараджэння. На франтах Вялікай Айчыннай ваявалі многія савецкія мужчыны, якія зрабілі бліскучую кар’еру ў пасляваенны час. Напрыклад, у 1923 годзе нарадзіліся Сяргей Ахрамееў, Махмут Гарэеў, Іван Траццяк, у 1924 годзе — Юрый Бондараў, Васіль Быкаў, Уладзімір Далгіх, Дзмітрый Язаў. Далгіх дойдзе да кандыдата ў члены Палітбюро ЦК КПСС. Бондараў і Быкаў стануць сусветна вядомымі пісьменнікамі. Астатнія з названых ўвойдуць у савецкую ваенную эліту.

Ёсць дзве нагоды ўспомніць пра аднаго з пералічаных герояў вайны — слаўнага сына татарскага народа Махмута Ахметавіча Гарэева. 23 ліпеня 2023 г. споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. 10 верасня адзначаецца Дзень танкіста. Наш герой пэўны час служыў у танкавых войсках. Генерал арміі, двойчы доктар навук, заслугі перад Радзімай гэтага чалавека — цяжка пераацаніць. 

Лёс распарадзіцца так, што ўраджэнец Чэлябінска Махмут Гарэеў паўдзельнічае ў сямі ваенных кампаніях, адзначыцца подзвігамі на розных тэатрах ваенных дзеянняў (ТВД). Першая ваенная кампанія – Вялікая Айчынная вайна. Яна застала Махмута курсантам Ташкенцкага ваеннага вучылішча. З лістапада 1941 года да самага канца вайны Гарэеў — на фронце. Пачынаў сваю франтавую біяграфію малодшым лейтэнантам, скончыў маёрам, старшым памочнікам начальніка аператыўнага аддзела штаба 45-га стралковага корпуса 5-й арміі. Выдатна сябе праявіў у Маскоўскай бітве, у бітве на Курска-Арлоўскай дузе, пад Вязьмай і Гжацкам. Віцебшчына не мае права забывацца на яго актыўны ўдзел у баях за вызваленне вёсак Копці, Маклакі, Цвыркуны, Новікі, Цешкі, Букштаны. Успамінаючы праз шмат гадоў аб гэтых вёсках, Махмут Ахметавіч асоба вылучаў Маклакі і Копці, дзе была самая сапраўдная мясарубка. Ёсць усе падставы лічыць ураджэнца Паўднёвага Урала адным з вызваліцеляў Беларусі, Літвы, Польшчы. Затым былі аперацыі супраць гітлераўцаў ва Усходняй Прусіі, супраць падданых імператара Хірахіта ў Маньчжурыі.

У пасляваенны час у нашага героя працягнуўся кар’ерны рост. У службовым плане вяршыняй была служба ў якасці намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР у 1984-1989 гг. У лістападзе 1989 гады стаў генералам арміі. На кар’ерны рост не магло не паўплываць бліскучае вучоба ў двух ваенных акадэміях. Ваенную акадэмію імя М. У. Фрунзе скончыў з залатым медалём ва ўзросце 27 гадоў. Ва ўзросце 36 гадоў папоўніў колькасць выпускнікоў Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, якія скончылі гэтую ўстанову з адзнакай. 

Ваеннай службе ён аддаў крыху больш за паўстагоддзя. З іх без малога 20 гадоў заняла служба ў Беларускай ваеннай акрузе (БВА). На гэтым перыядзе біяграфіі ёсць сэнс спецыяльна спыніцца. Справа ў тым, што ў жыцці і дзейнасці Махмута Гарэева цесна пераплецены Расія і Беларусь. Да службы ў БВА абавязкова трэба прыплюсаваць баявыя дзеянні зімы 1943-1944 гг., лета 1944 г. У ходзе ажыццяўлення Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», якая праходзіла летам 1944 года, адбылася першая сустрэча Махмута Гарэева з Пятром Машэравым. Спецыяльны атрад, які ўзначальваў Гарэеў, цесна ўзаемадзейнічаў з Вілейскім падпольным абласным камітэтам Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі, які ўзначальваў Машэраў.

З другой паловы 1950 года наш герой служыць у Беларусі. Некаторы час ён узначальвае воінскія фарміраванні ў Брэсце, Гродне. Але большая частка службы звязана з Міншчынай, у прыватнасці, з ваенным гарадком Печы пад Барысавам. Можна сказаць, што Махмут Гарэеў адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў станаўлення цяперашняга 72-га вучэбнага цэнтра нашай арміі. Тады гаворка ішла аб 45-й навучальнай танкавай дывізіі. У Мінску ён знайшоў свой лёс. Тамара Іванаўна Лазарава ў 1951 годзе стала жонкай, на Міншчыне нарадзіліся дачка і сын. Жыхары Барысаўскага раёна аказалі яму давер, абраўшы ў сакавіку 1967 года Гарэева дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.

Пазней у сваіх успамінах пра той час ён напіша: «Я быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па Барысаўскай акрузе. Будучы кандыдатам у дэпутаты, я аб’ехаў усе вёскі акругі, пазнаёміўся з жыхарамі і ўмовамі іх жыцця. На жаль, дамы многіх сем’яў загінуўшых партызан былі малапрыдатнымі для пражывання. Саспела рашэнне — змяніць становішча спраў да лепшага. У падпарадкаванай мне танкавай дывізіі з ліку салдат і афіцэраў сфармавалі камсамольска-моладзевыя брыгады, якія адрамантавалі або зноўку пабудавалі звыш 40 дамоў для сем’яў партызан. Мясцовыя ўлады таксама выдзелілі некаторыя будаўнічыя матэрыялы. Наша ініцыятыва была падтрымана Машэравым, які прапанаваў камандаванню Беларускай ваеннай акругі распаўсюдзіць дадзены пачын на ўсю акругу». Кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК КП Беларусі Пётр Машэраў пра ўсё гэта гаварыў з Гарэевым падчас наведвання дывізіі, якой камандаваў Гарэеў. Дарэчы, яны сустракаліся і раней, у 1956 годзе, і пазней.

Гарэеў стаў доктарам ваенных навук і доктарам гістарычных навук. У яго актыве звыш 200 навуковых прац. Ён працаваў у навуцы да канца свайго жыцця. Навуковай спадчынай Гарэева карыстаюцца не толькі яго суайчыннікі. Падчас стажыроўкі ў Мюнхенскім інстытуце сучаснай гісторыі 22 гады таму аўтару гэтых радкоў давялося бачыць працы Гарэева ў перакладзе на нямецкую мову. Манаграфію «Абрысы ўзброенай барацьбы будучыні», напісаныя генералам арміі навучальныя дапаможнікі «Агульнавайсковыя вучэнні», «Тактычныя вучэнні і манеўр » вельмі высока ацанілі нямецкія калегі. Названыя кнігі я чытаў ужо пасля вяртання ў Беларусь. Тады і пазнаёміўся з асноўнымі работамі генерала. Тым больш, што з 2004 года ў ВНУ Беларусі стаў уводзіцца спецкурс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны».

Варта сказаць, што на адным дыханні чытаецца кніга Гарэева «Маршал Жукаў». Не дарма за гэты твор генералу арміі прысуджана Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэрацыі чвэрць стагоддзя таму. Глыбока закранула кніга «Палкаводцы перамогі і іх ваенная спадчына». Цалкам падзяляю ацэнку гэтай фундаментальнай працы, дадзеную выбітным расійскім гісторыкам міжнародных адносін Абдулханам Ахтамзянам. Гэты мэтр даследчага цэха пісаў: «З вопыту сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны Гарэеў заклікае здабываць урокі, а не дывідэнды для набыцця лаўраў. Рэйтынг гісторыка Гарэева просты, як праўда: вярхоўнае камандаванне Савецкай Арміі ў гады вайны: Сталін, маршал Жукаў, маршал Васілеўскі, генерал арміі Антонаў, адмірал флоту Кузняцоў. Далей камандуючыя франтамі ў той паслядоўнасці, у якой яны выйшлі на Парад Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве ў 1945 годзе. Аўтар аддае належнае лідэрам дзяржаў-саюзнікаў і ваеначальнікам гэтых краін».

Гісторыя Другой сусветнай вайны — галоўны, але не адзіны кірунак у ваеннай гісторыі, па якім працаваў генерал арміі. Нядрэнна напісана манаграфія пра Міхаіла Фрунзе. Тут упершыню ў ваенна-гістарычнай навуцы ажыццёўлена сістэмная рэканструкцыя жыцця і дзейнасці выбітнага ваеначальніка і ваеннага тэарэтыка. Мае гутаркі з удзельнікамі афганскай вайны дазваляюць лічыць праўдзівымі кнігі «Мая апошняя вайна», «Афганская страда». Пазітыўныя водгукі расіян выклікала манаграфія пра Канстанціна Сіманава, напісаная на стыку гісторыі, культуралогіі, літаратуразнаўства.

Расійскі вайсковы экспэрт Антон Лаўроў справядліва адзначае: «Многія ідэі Махмута Гарэева апярэдзілі сучаснае развіццё расійскіх Узброеных Сіл. Ён быў гарачым прыхільнікам аснашчэння войскаў беспілотнікамі. У 1980-х гадах на ўзбраенне СССР атрымалася паставіць больш за тысячу разведвальных Ту-141 і Ту-143. У 1990-я гады гэтыя дасягненні былі цалкам страчаны, але з 2013 года масавае прымяненне БЛА зноў стала адметнай асаблівасцю расійскіх Сухапутных войскаў.

У 1995 годзе наш герой стварыў Акадэмію ваенных навук і ўзначальваў яе аж да смерці (25 снежня 2019 года). За гэтыя дваццаць чатыры гады было шмат зроблена на прадмет развіцця і паглыблення фундаментальных і прыкладных даследаванняў па праблемах абароны і стымулявання ваенна-навуковай дзейнасці. Гарэеў быў выдатным папулярызатарам ваенна-гістарычных ведаў. Пра гэта сведчаць яго артыкулы ў «Незалежным ваенным аглядзе».

Махмуд Гарэеў удастоены 17 савецкіх і расійскіх ордэнаў, 5 ордэнаў іншых дзяржаў. Асноўная частка гэтых ордэнаў — баявыя.

30 чэрвеня 2023 года ў ваенным гарадку Печы адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі савецкаму военачальніку, генералу арміі Махмуту Гарэеву. На гэтай цырымоніі прысутнічала дачка ваеначальніка Галія.

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.