Вы тут

Талачынскі раён ў мінулым годзе ўвайшоў у лік найлепшых рэгіёнаў краіны


Талачынскі раён Віцебскай вобласці ў мінулым годзе ўвайшоў у лік найлепшых рэгіёнаў краіны, дзе створаны ўмовы для паспяховага развіцця бізнесу. Аб інвестыцыйным патэнцыяле, ходзе ўборачнай кампаніі і культурных брэндах раёна расказаў старшыня Талачынскага райвыканкама Алег Лындзін.


Фота «Витебские вести».

— Алег Міхайлавіч, як праходзіць сёлета ўборка палёў?

— Уборачная кампанія на Талачыншчыне праходзіць у стабільным рэжыме. Сёлета ўборцы падлягала 20 032 гектары збожжавых і зернебабовых культур, сярэдняя ўраджайнасць склала каля 30 цэнтнераў з гектара — да ўзроўню мінулага года мы крыху не дацягнулі, аднак, улічваючы капрызы надвор'я ў гэтым годзе, ураджай нядрэннай якасці.

У мэтах правядзення кампаніі своечасова і ў тэхналагічныя тэрміны падрыхтоўчаму этапу была ўдзелена асаблівая ўвага. Да пачатку страды ўборачная тэхніка прайшла неабходнае абслугоўванне і атрымала допуск да палявых работ. І заслуга ў гэтым не толькі інжынерных службаў сельгаспрадпрыемстваў, але і простых працаўнікоў вёскі, якія сёння з'яўляюцца ключавымі фігурамі ў бітве за ўраджай, і яны павінны быць упэўнены, што іх інтарэсы абаронены. Гэтая роля адведзена прафсаюзам, якія з пачатку ўборкі актыўна ўключыліся ў працэс арганізацыі і правядзення кампаніі. Усе работнікі на 100 працэнтаў забяспечаны спецвопраткай, арганізавана спаборніцтва сярод экіпажаў, камбайнераў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, у тым ліку сярод моладзі. Прафсаюзныя лідары ажыццяўляюць кантроль арганізацыі харчавання работнікаў, занятых на ўборцы, выканання патрабаванняў аховы працы на ўсіх аб'ектах і ўчастках.

Усяго ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць 14 прадпрыемстваў, больш за 215 адзінак тэхнікі, з іх 81 камбайн. Забяспечанасць тэхнікай стапрацэнтная. Лідарамі на ўборцы збожжа сталі РУП «Талачынскі кансервавы завод», ААТ «Друцк-АГРА», ААТ «Обальцы» і УП «Рыдомльскі». Пры гэтым ураджайнасць палёў кансервавага завода склала каля 50 ц/га.

Аграрыі раёна прыступілі да ўборкі бульбы, самыя вялікія палі з другім хлебам знаходзяцца менавіта ў нас. Талачыншчыну нездарма называюць бульбяным краем, яе тут вырошчваюць даўно і ў вялікіх аб'ёмах. У гэтым сезоне пасяўную плошчу павялічылі да 1,1 тысячы гектараў. Флагман гэтай вытворчасці — Талачынскі кансервавы завод, дзе вырошчваюць з дзясятак сартоў рознай групы спеласці. Акцэнт у рэгіёне зроблены на перапрацоўку ўраджаю — паспяхова завод асвоіў выпуск паўфабрыката «Бульба фры». Беларускі вытворца склаў замежнікам высокую канкурэнцыю. Вопыт, перадавыя тэхналогіі і навуковы падыход — адсюль і вынік.

— Які аб'ём інвестыцый быў прыцягнуты ў раён у гэтым годзе?

— За студзень—ліпень 2023 года арганізацыямі раёна выкарыстана 23,3 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал або 115,4 % да студзеня—ліпеня 2022 года, будаўніча-мантажныя работы выкананы на 5,1 мільёна рублёў.

У бягучым годзе завершана рэалізацыя трох інфраструктурных інвестыцыйных праектаў, якія значна палепшылі якасць жыцця насельніцтва. Гэта рэканструкцыя цэнтральнай кацельні ў горадзе Талачын (аб'ём укладзеных інвестыцый у 2023 годзе — 569 тысяч рублёў), рэканструкцыя моста праз раку Сакалянка ў гарадскім пасёлку Коханава (аб'ём укладзеных інвестыцый у 2023 годзе — 1,1 мільёна рублёў) і будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў аграгарадку Жукнева (аб'ём укладзеных інвестыцый у 2023 годзе — 194 тысячы рублёў).

Актыўна вядуцца работы па будаўніцтве памяшкання для ўтрымання кароў сухастойнага перыяду СГФ «Надзёжына» УП «Талачынскі Элеватар-Агра»; рэканструкцыі ліній аптычнага валакна ў населеных пунктах Талачынскага раёна; будаўніцтве сістэмы кропельнага арашэння саду на плошчы 120 гектараў РУП «Талачынскі кансервавы завод».

У раёне рэалізоўваецца даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «1 АТЕ — 1 праект», наш рэгіён не стаў выключэннем. Плануецца адкрыць вытворчасць па выпуску панэляў для будаўніцтва драўляных дамоў, як аднапавярховых, так і шматпавярховых. У першую чаргу вытворчасць нацэлена на рынак Расіі. Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Салід Вуд» пачало рэалізацыю інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці крыжавана-клееных панэляў (CLT-панэляў)». У прадпрыемства на тэрыторыі рэгіёна маюцца свабодныя плошчы, дзе вядуцца падрыхтоўчыя работы па рамонце фасада будынка і правядзенні ўнутраных работ. Абсталяванне плануецца закупіць у Кітаі. Яно досыць складанае, некаторыя вузлы трэба вырабляць індывідуальна пад тэхнічныя параметры, закладзеныя ў заданні на праектаванне. У выніку запуску вытворчасці будзе створана 70 новых працоўных месцаў.

— Якія мерапрыемствы фарміруюць культурны брэнд Талачыншчыны?

— Талачынскі раён славіцца самабытнай культурай і нацыянальнымі, местачковымі традыцыямі і абрадамі. Кожны населены пункт адрозніваецца ад суседняга сваёй гісторыяй і асаблівасцямі ўкладу жыцця. Аграгарадок Слаўнае вядомы брэндавы святам «Журавінавы край», у Варанцэвічах праходзіць «Бульбяны разгуляй», пасёлак Райцы знакаміты фестывалем «У краі малочнага раздолля».

Паспяхова ў раёне рэалізуецца праект «Мая Спадчына», мэта якога — вывучэнне і захаванне духоўнай культуры, абрадаў, традыцый і гістарычнай памяці нашага народа.

У мэтах захавання ўзораў фальклорнай спадчыны ў раёне працуе этнаграфічная экспедыцыя «Жыватворная крыніца», якая дазваляе паглыбіцца ў нашы вытокі, зразумець, наколькі захаваны ў побыце ўзоры фальклору і як яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Усяго за паўтары гады работнікамі культуры было праведзена 44 такія экспедыцыі, іх вынікі стануць асновай зборніка «Мая Спадчына — мой Талачын».

Яшчэ адной адметнай асаблівасцю нашага рэгіёна, якой мы ганарымся, з'яўляецца адкрыты конкурс аматарскіх турыстычных фільмаў «Падарожнічаем па Сінявокай». Конкурс заваяваў папулярнасць сярод турыстаў і падарожнікаў з розных куткоў Беларусі, Латвіі і Расіі. Дзякуючы шматлікім творчым работам удзельнікаў у беларусаў і замежных турыстаў значна павялічваецца цікавасць да вывучэння гісторыі нашай краіны, культуры і прыроды, прыцягваецца ўвага гасцей краіны да даследавання прыгожых месцаў і славутасцяў Беларусі. Сёлета конкурс збярэ ўдзельнікаў сёмы раз.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.