Вы тут

Электрасон дапаможа вылечыцца без уколаў


Навукова даказана, фізіяпрацэдуры не толькі дапамагаюць прадухіліць развіццё многіх захворванняў, але і выдатна аднаўляюць арганізм пасля перанесеных хвароб. Да іх адносіцца і электрасон. Што ўяўляе з сябе такая працэдура і каму яна паказаная? Пра гэта расказвае ўрач-рэабілітолаг, загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Любоў Лонская.


Як гэта працуе?

— Электрасонтэрапія — метад лячэбнага ўздзеяння на структуры мозгу імпульсным токам пераважна прамавугольнай формы, нізкай частаты (1 — 160 Гц), малой сілы (да 10 мА). У аснове механізма дзеяння электрасну ляжаць нервова-рэфлекторны і непасрэдны, прамы ўплыў току на ўтварэнні мозгу. Пранікаючы праз адтуліны вачніц і распаўсюджваючыся па сасудах, ток дасягае падкоркавых утварэнняў і іншых структур галаўнога мозгу, — тлумачыць урач.

Падчас змушанага адпачынку ў нашым галаўным мозгу актывізуюцца аднаўленчыя працэсы, што дабратворна адбіваецца на ўсіх сістэмах арганізма. Пры гэтым у нервовых клетках узмацняецца выпрацоўка эндарфінаў — гармонаў шчасця, якія паляпшаюць настрой і аказваюць абязбольвальнае дзеянне.

Працэдуру праводзяць у асобным кабінеце, які добра праветрываецца, у абсалютнай цішыні або ў суправаджэнні спакойнай музыкі. Пацыента просяць зняць шчыльнае адзенне, легчы на кушэтку і абгарнуцца коўдрай.

Для падвядзення току выкарыстоўваецца спецыяльная маска, на якой размешчаны чатыры металічныя кубачкі. Два з іх пры дапамозе правадоў злучаныя з катодам генератара, іншыя два — з анодам. Маску накладваюць на вочы пацыента. Кубачкі пры гэтым размяшчаюць на вачніцах і на скронях. Пры дапамозе рамянёў канструкцыю замацоўваюць на патыліцы. Пад кубачкі падкладаюць ватныя тампоны, змочаныя цёплай вадой. Медработнік выстаўляе патрэбную частату імпульсаў і ўключае апарат. Сіла току дазіруецца індывідуальна па адчуваннях пацыента. Павольна паварочваючы ручку генератара, спецыяліст паступова павялічвае значэнне параметра датуль, пакуль пацыент не адчуе ў зоне вачэй слабую вібрацыю.

У электрасонтэрапіі ўмоўна вылучаюць дзве фазы. Першая — так званы перыяд тармажэння, які праяўляецца падчас правядзення працэдуры. У гэтым стане пацыент упадае ў дрымоту. Прычым рэакцыя на працэдуру ва ўсіх людзей розная.

— Некаторыя спяць на працягу ўсяго часу сеанса, іншыя засынаюць адразу пасля яго заканчэння, трэція палову працэдуры электрасну не спяць, а другую палову дрэмлюць. У перыяд тармажэння ў пацыента памяншаецца частата скарачэнняў сэрца, дыханне становіцца больш рэдкім і глыбокім, зніжаецца артэрыяльны ціск, — расказвае ўрач.

Другая фаза — перыяд актывацыі, у большасці пацыентаў надыходзіць праз паўгадзіны або гадзіну пасля заканчэння працэдуры і характарызуецца павышэннем працаздольнасці, зніжэннем стамляльнасці, паляпшэннем настрою.

Да лячэбных эфектаў электрасну, акрамя павелічэння фізічнай і разумовай працаздольнасці, адносяцца аслабленне сімптомаў неўралагічных захворванняў, памяншэнне болевага сіндрому, нармалізацыя працэсаў кровазвароту і ўзроўню артэрыяльнага ціску, паляпшэнне абмену рэчываў, павелічэнне рэзервовых магчымасцяў арганізма, паляпшэнне функцыі эндакрынных органаў.

Каму рэкамендаваны

Паказаннямі да лячэння электрасном з'яўляюцца неўрозы, вегетатыўная дыстанія, наступствы запаленчых захворванняў мозгу, чэрапна-мазгавая траўма, артэрыяльная гіпертэнзія 1 і 2 ст., першасная артэрыяльная гіпатанія, бранхіяльная астма, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пашкоджанні скуры (псарыяз, нейрадэрміт, экзэма), энурэз, заіканне, ішэмічная хвароба сэрца 1 і 2 функцыянальнага класа, у тым ліку перыяд рэабілітацыі пасля інфаркту міякарда, гарманальныя парушэнні, розныя болевыя сіндромы, таксікоз другой паловы цяжарнасці.

Электрасонтэрапія паказаная практычна пры ўсіх захворваннях, бо любая хвароба або паталагічны працэс у арганізме парушаюць функцыянальны стан цэнтральнай нервовай сістэмы, адаптацыйна-прыстасавальныя механізмы, корціка-вісцэральныя ўзаемаадносіны.

Працэдуры электрасну прызначаюцца штодня, або праз дзень, на курс 10-15 уздзеянняў. Працягласць першых сеансаў можа складаць 15-20 хвілін. Паступова час уздзеяння павялічваюць да 30-40-60 і нават 90 хвілін, у залежнасці ад асаблівасцяў нервовай сістэмы хворага і характару паталагічнага працэсу. Гэтым жа вызначаецца і падбор частаты імпульсаў.

Ці паказаны дзецям?

У дзяцей электрасон звычайна ўжываюць з 3-гадовага ўзросту, праводзяць яго пры нізкіх частотах, меншай сіле току, меншай працягласці.

Пры неабходнасці электрасон прызначаюць паўторна не раней, чым праз 2-3 месяцы.

Працэдуры электрасну сумяшчальныя ў адзін дзень са шматлікімі фізіятэрапеўтычнымі ўздзеяннямі, не сумяшчальныя з тэрапіяй іншымі імпульснымі токамі (ДДТ, СМТ і іншыя), лекавым электрафарэзам і гальванізацыяй, некаторымі ваннамі.

Працэдура проціпаказаная пры індывідуальнай непераноснасці току, запаленчых захворваннях вачэй, высокай ступені блізарукасці, адслойванні сятчаткі, няспелай катаракце, экзэме і дэрматыце на скуры твару, істэрычным неўрозе, эпілепсіі, наяўнасці металічных прадметаў у тканках мозгу, вочнага яблыка, поласці сярэдняга вуха, а таксама пры агульных супрацьпаказаннях да фізіятэрапіі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.