Вы тут

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»


Напярэдадні Дня народнага адзінства Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіць гледачам прэм’еру — фільм «На другім беразе». Старт кінапракату будзе дадзены 14 верасня ў Мінску і ў кінатэатрах па ўсёй краіне.


— У аснову сцэнарыя лёг гістарычны пласт, у дадзеным выпадку гэта 1925 год. Але ў аснове фільму стаіць не палітычная тэматыка, а тое, як па жывому проста разрэзалі краіну пасля Рыжскай дамовы. І многія сем’і, людзі апынуліся па розныя бакі ў новай рэальнасці. Частка ў БССР, а іншая ў Заходняй Беларусі. У фільме нам хацелася, у прыватнасці аўтару сцэнарыя Івану Крываручку (ён сам рэжысёр і мае гістарычную адукацыю) паказаць станаўленне асобы, узаемаадносіны паміж людзьмі. Таму што, як кажуць, як няма ладу, то няма і складу. Калі людзі паміж сабой пачынаюць жыць як звяры, то краіны проста не будзе, —дзеліцца выканаўчы прадзюсар карціны Ірына Філіпава. — Вобразы ў нас усе зборныя. А гістарычныя факты, якія адлюстроўваем, хоць і мелі права на існаванне, але і яны абагульняючыя, таму што з заключэннем Рыжскай дамовы пачалася тая гісторыя, калі палілі хутары з боку Польшчы, якія знаходзіліся блізка да мяжы, каб абмежаваць зносіны паміж людзьмі, закрывалі цэрквы, ператвараючы іх у склады. У гістарычных даведках мы чыталі пра такія выпадкі, калі драўляныя храмы проста спальвалі. Адкрыццё школы на баку БССР — таксама факт, калі ў 1925 годзе была адкрыта адна са школ у Мінску…

Рэжысёрам карціны выступіў Андрэй Хрулёў, вядомы прыхільнікам кіно па такіх працах як «Ідэальнае забойства», «Родныя рукі», «Цягнік лёсу», «Паэтычная драма ў гарадскім садзе»... Над сцэнарыем да кінагісторыі працаваў Іван Крываручка, а вось аператарам кінастужкі стаў Вячаслаў Дунаеў. Музыкальнае аздабленне з’явілася з-пад рукі Аляксандра Сухарава. У акцёрскім складзе заяўлены як расійскія, так і беларускія артысты, сярод якіх Данііл Чуп, Антаніна Дзівіна, Іван Багатыроў, Руслан Чарнецкі, Андрэй Дудко, Алег Коц і многія іншыя. Ужо зараз напярэдадні прэм’еры фільма ў пэўнай часткі аўдыторыі ўзнікаюць пытанні адносна выбару рэжысёра карціны і выканаўцаў галоўных ролях.

— Тое, што ў фільме задзейнічаны расійскі рэжысёр і акцёры — гісторыя не выпадковая. Напрыклад, два месяцы паралельна з падрыхтоўкай да здымак мы шукалі выканаўца галоўнай ролі. Каля 200 кандыдатур адгледзелі, аднак, улічваючы, што герой у нас вельмі малады па сцэнарыі, таму патрэбна было знайсці спалучэнне ў чалавеку прафесійнага вопыту і ўзросту. Праглядалі нават шмат студэнтаў, але не было патрэбнага нам траплення ў ролю. Потым ужо прасілі дапамагчы нам расійскіх калег. І так і склалася, што галоўнага героя ў нас увасабляе ў фільме расійскі акцёр, А вось роля яго сябра ў кадры дасталася нашаму беларусу Андрэю Дудко, — тлумачыць Ірына Іванаўна. — Калі гаварыць пра рэжысёра, то спачатку планавалася, што гэтую карціну будзе здымаць наш сцэнарыст Іван Крываручка, які працуе як рэжысёр і гісторык, але пад уплывам шэрагу форс-мажорных абставін, давялося шукаць іншую кандыдатуру. Нашы беларускія калегі аказаліся занятыя хто на здымках, хто на мантажы, а для прыняцця рашэння ў нас быў літаральна тыдзень. Так, з трох кандыдатур выбралі ў выніку Андрэя Хрулёва. І ніхто пра тое не пашкадаваў, бо нам вельмі пашчасціла з рэжысёрам.

Здымалі гістарычную драму на шэрагу лакацый, якія ў карціне будуць пададзены ў нязвыклым выглядзе. Так, да прыкладу, вобраз той самай ракі, што раздзяліла краіну і людзей, увасабляюць эпізоды, здымкі якіх праходзілі на трох рэчках — Немане, Іслачы і Заранцы. Змогуць гледачы ўбачыць у новай падачы таксама Заслаўль, Лошыцкі парк, Ракаў і іншыя месцы, у якіх сцэнарый набываў сваё кінагучанне.

— Убачым у эпізодах музей гісторыі побыту ў Азярцы і Лошыцкую сядзібу ў абсалютна нечаканых ракурсах, — распавядае мая суразмоўніца. — Слаўны гарадок Гальшаны, які ўвасобіў некаторыя ідэі нашых стваральнікаў, таму што там змаглі знайсці некранутую гісторыю. Сноўская сядзіба, дзе мы здымалі суд. І вядома выкарыстоўвалі натурпляцоўку кінастудыі «Беларусьфільм».

А калі звернемся да зместу, то папярэдне вядома, што фільм распавядае пра жыццё беларусаў у Заходняй Беларусі на мяжы з БССР у 1925 годзе. Па волі лёсу тады частка нашых тэрыторый пасля Рыжскай мірнай дамовы перайшла да Польшчы. У цэнтры кінастужкі — малады хлопец Павел Смоліч са сваёй маці, ён назірае за тым, як польская ўлада імкнецца асіміліраваць мясцовых жыхароў, забараніўшы веру, мову і культуру. Як наступства — хваляванні, партызанскае супрацьстаянне, а таксама жорсткае падаўленне любых спроб захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Разам з галоўным героем гледачы змогуць пражыць самыя розныя падзеі і пачуцці. На экране нас чакаюць і страта блізкіх, і расчараванне, а пасля вяртанне веры ў справядлівасць, пераасэнсаванне важных і галоўных рэчаў, а таксама трансфармацыя пад уплывам кахання, якая здараецца незалежна ад абставін. Галоўны герой напачатку нейтральна ставіцца да ўсяго, што адбываецца вакол яго, у адрозненне ад свайго старэйшага брата Антона, які пайшоў у партызаны, каб змагацца з польскімі захопнікамі. Аднак паступова ў Паўла адкрываюцца вочы, ён пачынае па-іншаму ацэньваць падзеі, учынкі і Радзіму, падзеленую мяжой.

Над стварэннем фільма працавалі шаснаццаць месяцаў. І зусім хутка адбудзецца яго сустрэча з гледачамі. І пакуль мы чакаем прэм’еру, у тых жа сацыяльных сетках ужо пачынаюць гучаць пытанні, якім чынам будуць стваральнікамі пададзены дэталі гістарычнага мінулага. У прыватнасці, ці будзе ў фільме гучаць беларуская мова?

— Асноўная мова ў фільме руская. Але ў кінастужцы прысутнічае і беларуская гаворка, толькі хутчэй у выглядзе такой трасянкі, дыялекту, — распавядае Ірына Філіпава. — А яшчэ з вуснаў нашых герояў мы пачуем яўрэскую, польскую мову. Можна гаварыць пра тое, што ў нашым фільме прысутнічае палітра з чатырох моў. І кожны з гэтых акцэнтаў адцяняе нашых герояў, дадае пэўныя штрыхі да іх партрэтаў.

У працэсе стварэння карціны над ёй працавалі таксама кансультанты — гісторыкі Сяргей Трацьяк і Вячаслаў Бандарэнка, яны чыталі некалькі варыянтаў сцэнарыя, давалі свае рэкамендацыі. Касцюмы стварала мастак Людміла Сакалова. Няпростай была задача і ў мастака-пастаноўшчыка Уладзіміра Раманоўскага, у мастака па рэквізіце Аляксея Валынца. Ім патрэбна было дабудаваць і дапрацаваць каля 16 дэкарацый. Плюс праца над складаным грымам, з чым выдатна справілася мастак Таццяна Баркун, у якой багаты вопыт працы на гістарычных фільмах. Таму фільм «На другім беразе», запэўніваюць, стваралі не проста абапіраючыся на сваё ўяўленне, а вельмі сур’ёзна вывяраючы кожную дэталь.

Пасля прагляду кожны, відаць, захоча падумаць пра тое, дзе і чым жыве, наколькі ведае мінулае сваёй зямлі, на які выбар і ахвяры гатовы дзеля сваёй краіны і блізкіх людзей. Пабачыць кінастужку з 14 верасня можна будзе ў кінатэатрах «Цэнтральны», «Кастрычнік», «Аўрора», «Беларусь», «Мір» і «Ракета». А што датычыцца рэгіёнаў, то паказы фільма запланаваны там у абласных і раённых цэнтрах. Не прапусціце, каб скласці ўласнае ўражанне пра новую «ластаўку» кінастудыі «Беларусьфільм».

Алена ДРАПКО.

Фота прадастаўлена кінастудыяй «Беларусьфільм»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.