Вы тут

Выстава мастачкі Кацярыны Бабок прапаноўвае вярнуцца ў дзяцінства


Да 27 кастрычніка ў мінскім філіяле Нацыянальнага мастацкага музея «Музей „Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX ст.“» працуе нетыповая для гэтай пляцоўкі выстаўка: свае работы прадставіла мастачка-ілюстратар Кацярына Бабок. Назва праекта не падманвае чаканні наведвальніка і заклікае: «Вернемся ў дзяцінства». 


«Як я правяла лета», 2015 г.

Куратарам выстаўкі выступіў Аляксей Сухан, навуковы супрацоўнік філіяла. Ён адзначае, што красамоўную назву экспазіцыі «Вернемся ў дзяцінства» дала адна з работ. Усяго выстаўлена амаль 40 сюжэтаў. Самы ранні твор пазначаны 2012 годам, найбольш позні — 2022-м. 

Галоўнымі тэмамі творчасці Кацярыны Бабок можна назваць дзяцінства і казку (гаворка найперш пра фей, распрацоўцы вобразаў якіх аўтар надае вельмі шмат увагі). Гэтым разам мастачка і куратар вырашылі засяродзіцца на першай: як падкрэслівае Аляксей Сухан, асноўныя наведвальнікі музея «Дом Ваньковічаў» — дзеці. Менавіта ім прысвяцілі выстаўку «Вернемся ў дзяцінства». 

Дзяцінства мінулага, ідэалізаваныя першыя гады жыцця, краіна мары — усе гэтыя асацыяцыі ў пэўнай ступені характарызуюць сюжэты з пастаральнымі матывамі. Адкуль жа такая апантанасць? Адказвае сама Кацярына Бабок: 

— Ужо 20 гадоў таму я пераехала з Мінска ў вёску непадалёк — стала цалкам вясковым чалавекам. Але не гэта галоўнае. Я палюбіла вёску ў дзяцінстве, у тыя гады я кожнае лета бавіла з бабуляй, якая жыла ў сельскай мясцовасці. Гэтыя перыяды вельмі паўплывалі на мой светапогляд. Мабыць, таму вельмі часта ствараю творы па ўспамінах... Але ж і натхненне адчуваю менавіта ў вёсцы! 

Сучаснасць не захапляе Кацярыну Бабок; аўтара зачароўвае мінулае, якое ідэалізуецца нібыта само сабой. «Ці не ўсе мы запамінаем самае светлае, самае цёплае?» — пытае Кацярына Бабок. Са свайго дзяцінства яна найчасцей успамінае лета, што ярка выяўляецца ў большасці работ: радасць, бесклапотнасць, адчуванне героямі бясконцасці часу; наваколле, залітае сонцам; ледзь улоўная прысутнасць дарослых персанажаў, якія мякка, недакучліва кантралююць гэты свет — па-іншаму было б няправільна. 

«У бабулі», 2020 г.

Розныя дзяўчынкі — асноўныя дзеючыя асобы твораў Кацярыны Бабок. Адна з іх сустракаецца вельмі часта. Так аўтар перанесла на паперу аблічча сваёй дачкі Ксеніі. Хто побач, той і натхняе, таго лягчэй выявіць. Таму, прыкмячае Кацярына Бабок, на карцінах ледзь не ўсе сваякі. Некаторыя, дарэчы, сталі крыніцай натхнення для адлюстравання героя таго ці іншага літаратурнага твора. Хоць, натуральна, не заўсёды лёгка знайсці патрэбны тыпаж. 

Большасць работ на выстаўцы «Вернемся ў дзяцінства» — гэта самастойныя творы, якія неабходна разглядаць асобна. Але ёсць некалькі кампазіцый, што ствараліся на заказ. Гэта «Скрыначкі» (2020) (тут выяўлены момант з твора Люсі Мод Мантгомеры «Джэйн з Маячнага Пагорка») і «Музіцыруем» (2020) — да «Бацькоў і дзяцей» Івана Тургенева. Аднак пазней ставалася так, што і незалежныя ад тых ці іншых літаратурных крыніц работы складваліся ў новыя кнігі, станавіліся асновай своеасаблівых аўтарскіх зборнікаў. 

— Найбольш каштоўны вопыт — праца над творам сур’ёзнага пісьменніка пасля ілюстравання выключна дзіцячай літаратуры. Зусім іншы вектар, — расказвае Кацярына Бабок. — Для мяне гэта было важна, усё ж гэта пытанне развіцця. Які ты мастак? Ці зможаш перайначыць нешта ў сабе? Ці атрымаецца «выскачыць» з дзіцячай замілаванасці? Першы, так бы мовіць, дарослы аўтар, з якім прапанавалі папрацаваць, — Джэк Лондан. А твор быў «Марцін Ідэн». Спачатку я супраціўлялася: дзе пісьменнік і дзе мае карцінкі! Аднак выдавец Вадзім Мешчаракоў, кіраўнік выдавецтва «Издательский дом Мещерякова», запэўніў, што ў мяне атрымаецца. Такія словы натхняюць. Спачатку мяне карэкціравалі, накіроўвалі — неабходна было змяняць прыёмы, схемы, якія шмат гадоў дапамагалі. Аднак пазней мне далі поўную свабоду. І гэта вялікае шчасце. Пасля ў гэтым жа выдавецтве ілюстравала аповесць Фёдара Дастаеўскага «Сяло Сцяпанчыкава і яго насельнікі». Надзвычай цікавы эксперымент! 

«Сярэбраны звон», 2019 г.

Дарэчы, аўтар, нягледзячы на тое, што ў дзяцінстве шмат чытала, асабліва рускую класіку, ілюстрацыямі доўгі час не захаплялася. Бо не было нагоды — многія кнігі з хатняй бібліятэкі — а гэта былі пераважна падпісныя выданні — іх проста не мелі. Калі яны і сустракаліся, то гэта былі чорна-белыя карцінкі, а яны прыцягвалі меней увагі. Ілюстратар прыкмячае, што ёй такія акалічнасці пайшлі на карысць — добра працавала ўяўленне. Але на светапогляд усё ж паўплывалі мастакі XIX стагоддзя. Цікавасць да таго перыяду нікуды не знікла. Ды і сам лёс вяртае туды, вабіць спадчына. 

Што тычыцца беларускай літаратуры, то гераіні нашага аповеду ў свой час прыйшлася даспадобы творчасць Міхаіла Шамякіна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Але як падысці да такіх сур’ёзных твораў з пункту гледжання ілюстрацыі? Для Кацярыны Бабок, мастачкі святла і цеплыні, пытанне адкрытае. 

Арганізацыя персанальных выставак для гэтага аўтара — справа не прынцыповая. Яе перавагі на баку ілюстрацыі, графік «распісаны» на год наперад — праектаў хапае. Да таго ж жанчына працуе ў лічбавай графіцы, што дазваляе ствараць болей хутка. Хоць, як прыкмячае, спатрэбіўся ладны кавалак часу, каб акварэль і аловак перанесці ў такога тыпу работы. Гледачы ацэньваюць вынік станоўча. 

«Далёка-далёка на лузе пасвяцца ко...», 2019 г.

Цяпер Кацярына Бабок займаецца ілюстраваннем казак. Зусім нядаўна пабачылі свет яе «Маша і тры мядзведзі». Мастачка імкнулася прыўнесці ва ўсім вядомую гісторыю ўласную лінію аповеду, упрыгожыць свет, дзе жывуць знаёмыя героі. З усмешкай кажа пра сябе: «Здзяцінела». 

Яўгенія ШЫЦЬКА


Даведка «ЛіМа»: 

Кацярына Бабок нарадзілася ў 1969 годзе ў Мінску. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. С. Кірава (сёння ВДУ імя П. М. Машэрава). Працуе ў тэхніцы лічбавай графікі. Займаецца ілюстраваннем кніг, вырабам рэкламна-сувенірнай прадукцыі. Супрацоўнічае з вядучымі выдавецтвамі Беларусі і замежжа. У іх ліку — «Беларусь», «Издательский дом Мещерякова», «Антология», «Фламинго», «Качели». Сярод апошніх дасягненняў — дыплом і медаль імя Васіля Віткі за ілюстрацыі да вокладак дзіцячага часопіса «Вясёлка».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.