Вы тут

«Так не павінна быць!», альбо Як урокі мінулага засцерагаюць ад памылак у будучыні


Беларускае кіно цяпер мае новую старонку, якая прысвечана гістарычнай драме «На другім беразе», што ўбачыла свет на кінастудыі «Беларусьфільм». Прэм’ера фільма адбылася ў сталіцы і ў кінатэатрах краіны 14 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства. Мы завіталі на паказ у Дом кіно, каб убачыць карціну, прасякнуцца атмасферай мінулага і паразважаць пра самае важнае.


— Я ўпэўнены, што фільм апраўдае ўсе чаканні нашых гледачоў, таму што тэма, закранутая ў ім, вельмі важная для кожнага. Маладыя людзі ўбачаць тое, што адбывалася ў мінулым з нашым народам і краінай. І трэба вучыцца сёння на тых памылках і берагчы сёння наш мір, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей. — Так, у фільме адлюстраваны падзеі мінулага, але яны актуальныя і цяпер, таму што ў розныя перыяды былі спробы раз’яднаць нашу краіну, але беларускі народ заўсёды аб’ядноўваўся і быў здольны адстаяць сваю радзіму.

Перад паказам прысутныя мелі магчымасць адразу ў холе дакрануцца да гісторыі: для гледачоў зладзілі выстаўку з экспанатамі рэквізіту, які быў выкарыстаны ў фільме. Зброя, вопратка, тэлефонны апарат адразу нібыта пераносяць у часы, калі жыццё і побыт выбудоўваліся па сваіх законах.

— Гістарычнае кіно не церпіць эксперыментаў, таму з самага пачатку мы дамовіліся з творчай групай, што ўвасабляем тую гісторыю, якая закладзена ў сцэнарыі. Як рэферэнс мы трымалі для сябе ў галаве такія шэдэўры савецкай кінакласікі, як «Цені знікаюць апоўдні», «Вечны покліч» і іншыя. І рабілі ўсё ад нас залежнае, каб распавесці праўдзіва гісторыю нашых герояў, — распавядае рэжысёр фільма Андрэй Хрулёў. — Спачатку быў сцэнарый, які доўга перараблялі, узгаднялі, а потым ужо распачаўся здымачны працэс. І на гэтым этапе пэўныя складанасці ўзнікалі якраз з пошукам пляцовак для здымак. Вядома, выдатна, што ў Беларусі ўсё пафарбавана, заасфальтавана, але ў нас дзеянні адбываліся ў 1925 годзе, і таму для кінавытворчага працэсу такія абставіны стварылі пэўныя складанасці. У пошуку лакацый, якія адпавядалі б таму часу, мы аб’ехалі амаль усю краіну. 

Няпростай была работа нашай групы ў халодныя ночы і начныя змены. Атмасферу мінулага імкнуліся перадаць таксама рэквізітам. Мастакі-пастаноўшчыкі і мастак па касцюмах вывучалі шмат архіўных дакументаў і фотаматэрыялаў: як людзі апраналіся, якім быў іх побыт. Нашы спецыялісты правялі ў гэтым кірунку каласальную працу, і нічога выпадковага ў нас няма. Спадзяюся, удалося дасягнуць сваёй мэты, і глядач адчуе тую эпоху на экране.

Атмасферай сапраўды пранікаешся з першых кадраў, аднак антураж усё ж адыходзіць на задні план. Бо пачынаецца гісторыя з эпізоду адстойвання мясцовым насельніцтвам царквы, якую польскія ўлады вырашылі ператварыць у склад. Супрацьстаянне, у ходзе якога аказваецца за крок ад смерці маці галоўнага героя, дазваляе адчуць адразу несправядлівасць, жорсткасць, прыгнёт, якія былі рэальнасцю для людзей у той перыяд.

— Праца над фільмам была вельмі цікавая, таму што нават напісанне сцэнарыя — гэта шматслойны працэс. Як правіла, ад першапачатковай задумы ў выніку мала што застаецца, і, магу адкрыць сакрэт, у нашым фільме адбылося тое самае. Спачатку ён і пачынаўся іначай, і праблематыку меў зусім іншую. А потым мы сядзелі неяк з аўтарам сцэнарыя Андрэем Крываручкам, накідвалі ідэі, і вось са з’яўленнем сцэны, дзе людзі абараняюць храм, стала ўсё на свае месцы. Здавалася б, адна дэталь, а яна стала найважнейшай і выбудавала логіку ўсёй карціны, — дзеліцца гісторык Вячаслаў Бандарэнка, які выступіў кансультантам кінастужкі. — Калі чытаеш гісторыю на паперы — гэта адно, а вось убачыць, як яна пражываецца акцёрамі на экране, — іншае. Упэўнены, гледачы змогуць пабачыць сапраўдны адрэзак жыцця нашых людзей. Яно было цікавым, месцамі страшным, але тым, якое прымушае чалавека адшукаць сябе сапраўднага і зразумець, кім ён з’яўляецца.

Бачыць чалавечую сутнасць дазваляе ў карціне кожны герой, незалежна ад таго, праяўляе ён сябе станоўча ці адмоўна. Але ж найбольш працягла і глыбока паказана менавіта трансфармацыя галоўнага героя Паўла Смоліча (Данііл Чуп). Гэта бачыш па яго паводзінах, учынках, нават думках, якія ён выказвае на працягу ўсяго фільма.

— Галоўны герой карціны спачатку займае абывацельскую пазіцыю ў адносінах да ўсяго, што адбываецца, а ўжо потым мы назіраем, як ён мяняецца. А ў складаныя часы нельга быць нейтральным, бо гэта здрада. Таму тут мы бачым праблему выбару і пераацэнку сваёй пазіцыі ў галоўнага героя, — дадае рэжысёр Андрэй Хрулёў. — У нас гісторыя пра людзей, але ў фармаце поўнага метра мы не маглі паказаць надта дэтальна жыццё таго часу. Мы толькі прыадкрылі заслону пэўнага перыяду. Можа, тое паспрыяе, каб абудзіць у моладзі інтарэс да вывучэння сваёй гісторыі. І, такім чынам, маладыя людзі, якія лёгка трапляюць пад уплыў розных міфаў, будуць абаронены ад памылак.

З іншага боку, што мы таксама бачым па кінастужцы: толькі памыляючыся, расчароўваючыся, чалавек набывае вопыт, расце як асоба і здольны нешта змяняць у сваім існаванні. Так, да прыкладу, адчуваецца сталенне і сябра галоўнага героя Юрэка (Андрэй Дудко). Спачатку наіўны закаханы хлопец, які гатовы на што заўгодна дзеля свайго пачуцця, а пасля чалавек, які ў імгненне страчвае ўсё: веру, глебу пад нагамі (калі сутыкаецца з падманам тых, каго хацеў лічыць самымі блізкімі) і пераўтвараецца ў адчайнага і рашучага персанажа.

Вельмі важную фразу ў карціне кажа бацюшка (Ігар Падлівальчаў), што чалавек жыве і бачыць сэнс свайго існавання толькі тады, калі ёсць вера і любоў. Страчваючы іх, мы ўжо ніколі не будзем ранейшымі. Але, на шчасце, праз іх набыццё наканавана змяняцца галоўнаму герою фільма. З абыякавага юнака Павел паступова становіцца адказным, мэтанакіраваным і адважным хлопцам.

— Я ўжыўся ў абставіны, у якіх існуе мой герой, дакладна разумеючы, якія ў яго ўзаемаадносіны з іншымі персанажамі, — дзеліцца акцёр Данііл Чуп. — Вядома, каб быць пераканаўчым у кадры, мне даводзілася рэпеціраваць і самому, і з рэжысёрам. Але, думаю, галоўнае, што ў нейкі момант я яму поўнасцю даверыўся і пасля атрымаў тое ж у адказ.

Так, ад гарманічнага ўзаемадзеяння кожнага чалавека ў творчай камандзе і залежыць агульны вынік. У фільме «На другім беразе» гэта адчуваецца ва ўсім. Як зняты агульныя і буйныя планы, прыродныя краявіды, дынаміка кожнай сцэны аператарам Вячаславам Дунаевым, як падкрэслены выразна і аздоблены музычна важныя эпізоды кампазітарам Аляксандрам Сухаравым, як адпрацавана кожная дэталь у інтэр’еры і ў вопратцы мастаком па касцюмах Людмілай Сакаловай, мастаком-пастаноўшчыкам Уладзімірам Раманоўскім, мастаком па рэквізіце Аляксеем Валынцом і вялікай колькасцю тых людзей, якія працавалі за кадрам.

— Гэта мой першы вопыт напісання музыкі да кіно. Працэс быў цікавы, і ўсё ўдалося здзейсніць на працягу двух тыдняў. Можа, таму, што я шмат пішу для мюзіклаў і буйной формы, — распавядае кампазітар Аляксандр Сухараў. — У кіно свой алгарытм стварэння музыкі, таму я вельмі ўдзячны за давер і дапамогу ў працы рэжысёру. У фільме перапляліся і дэтэктыў, і баявік, і драма, і каханне. Мне трэба было падкрэсліць эмоцыі герояў, моманты неспакою, любові і зрабіць гарманічна, таму прысутнічала хваляванне. Але, спадзяюся, змог дадаць карціне новых фарбаў.

Палітра падзей, характараў у карціне «На другім беразе» сапраўды багатая. Яе варта паглядзець і моладзі, і дарослым. Каб згадаць агульны боль перажытага нашымі продкамі, ацаніць іх гераізм у імкненні адстаяць сябе, свае правы і каштоўнасці, мову, культуру, веру. І яшчэ, каб зразумець, што ў моманты, калі амаль страчана апошняе, усведамляецца яго цана. Аднак, як сказаў у фінале галоўны герой, так не павінна быць…

Алена ДРАПКО

Фота дадзена кінастудыяй «Беларусьфільм»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.