Вы тут

Як сустракаюць Дзень народнага адзінства на Гродзеншчыне


Марафон урачыстасцяў у рэгіёне праходзіць пад дэвізам «Беларусь. Гродзеншчына: сучаснасць і традыцыі». Старт быў дадзены 1 верасня школьным ўрокам «Беларусь і Я-дыялог міра і стварэння». 


Фота: БелТА

У гэтыя дні ў рэгіёне праводзяцца маштабныя акцыі, дыялогавыя пляцоўкі і выстаўкі, дзе шырока інфармуецца аб гісторыі аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. ўшаноўваюць і памяць легендарных асобаў, якія змагаліся за адзіную Беларусь. Напярэдадні свята адбылося нямала ўрачыстасцяў з нагоды адкрыцця новых аб’ектаў. 

Спорт — у прыярытэце

Адкрыццё спартыўнага комплекса на базе Луцкаўлянскай СШ у Гродзенскім раёне адбылося з удзелам губернатара Уладзіміра Караніка, прадстаўнікоў раённай улады, спартыўнай грамадскасці. Агульны кошт маштабнай рэканструкцыі склаў больш за 900 тысяч рублёў. У выніку рэалізацыі праекта школа і аграгарадок набылі стадыён са спартыўнай пляцоўкай і полем для міні-футбола і баскетбола, шматфункцыянальны комплекс з сілавымі трэнажорамі і гімнастычнымі снарадамі для розных узроставых групаў, у тым ліку, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Трэба сказаць, што аднаўленне адбылося ў важную для школы дату — сёлета навучальная ўстанова святкуе 55-гадовы юбілей.

Кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што гэта дата не стане для школы мяжой, а будзе новым кірункам у яе дзейнасці. 

— Сумеснымі намаганнямі мы можам многае — аператыўна вырашаць пытанні і рабіць жыццё нашых людзей лепшым, больш бяспечным і цікавым. А гэта пляцоўка з’явілася дзякуючы таму, што сумеснымі намаганнямі бюджэта, Беларускай асацыяцыі футбола, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба было створана не толькі поле для міні-футбола і пляцоўка для воркаўта, а і ў цэлым адноўлена і мадэрнізавана спартыўная інфраструктура школы, — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Губернатар перакананы ў тым, што гэты аб’ект будзе запатрабаваны. Магчыма, для кагосьці ён стане першым крокам да спартыўнай славы, для іншых магчымасцю гарманічнага развіцця. 

Падобны спартыўны аб’ект уведзены ў эксплуатацыю ў гімназіі № 1 гарадскога пасёлка Зэльва. Як паведаміла начальнік упраўлення архітэктуры, будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі Зэльвенскага райвыканкама Марына Шлык, рамонт самой гімназіі адбыўся раней, а зараз завяршыліся работы і па аднаўленні стадыёна. Тут з’явілася асфальтаваная бегавая дарожка, две новыя пляцоўкі для гульні ў валейбол і баскетбол, заменена агароджа. На правядзенне рэканструкцыі выдаткавана 330 тысяч рублёў. Урачыстае адкрыццё адбылося напярэдадні Дня народнага адзінства. 

У гістарычным ракурсе

Аб тым, як складвалася жыццё беларусаў пасля уз’яднання ў 1939 годзе, расказвае выстаўка «У адзінай сям’і», якая ўрачыста адкрылася гэтымі днямі ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. 

Як зазначыла падчас адкрыцця начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, 17 верасня —важная дата для нашага народа. Гэта не проста свята ў календары, а дзень, які падараваў Заходняй Беларусі свабоду і надзею на шчаслівую будучыню. Згодна з Рыжскай дамовай, у 1921 годзе Заходняя Беларусь увайшла у склад Польшчы. На працягу 18 гадоў беларусы, якія пражывалі на гэтай тэрыторыі, знаходзіліся пад ціскам польскай улады. Вялася палітыка паланізацыі, накіраваная на знішчэнне самабытнай культуры беларускага народа. 

— У 1939 годзе Беларусь, дзякучы Чырвонай Арміі, была вызвалена і аб’яднана. Нацыя, якая амаль два дзсяцігоддзі была расколата, зноў стала адзінай. Беларусы змаглі свабодна размаўляць на роднай мове, хадзіць у праваслаўныя храмы і атрымаць адукацыю, — зазначыла Алена Клімовіч.

У экспазіцыі больш за 200 экспанатаў перыяду 1939-1959 гадоў, якія захоўваюцца ў фондах музея. Дарэчы, тэматычныя выстаўкі, прысвечаныя 17 верасню, тут сталі традыцыйнымі. 

— Такія выстаўкі мы праводзім дзеля таго, каб маладое пакаленне змагло адчуць атмасферу тых падзей і зразумець, што гэта быў за час. Сённяшняя экспазіцыя расказвае, як з 1939 года ствараўся савецкі Гродна. Аб гэтым сведчаць старыя фотаздымкі, дакументы тых гадоў, баявыя лісткі, плакаты і многае іншае. Упэўнены, што выстаўка будзе цікавай не толькі моладзі, але і людзям любага узросту, — упэўнены загадчык аддзела навейшай гісторыі музея Андрэй Вашкевіч. 

Тэматычная выстаўка будзе працаваць у Новым замку да сярэдзіны кастрычніка.

Ушануюць памяць земляка

Да Дня народнага адзінства ў Гродне адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу Сяргею Прытыцкаму. Дошка ўсталявана на першай прахадной ААТ «Гродна Азот». Прадпрыемства больш за паўстагоддзя носіць імя знакамітага земляка, які адыграў важную ролю ў працэсе аб’яднання Заходняй Беларусі. Так, менавіта ён быў накіраваны ў Маскву народным сходам, каб перадаць у Вярхоўны Савет СССР рашэнні схода, у прыватнасці «Аб уваходзе Заходняй Беларусі у склад СССР». На сесіі ў Маскве ён выступіў са зваротам аб важнасці і неабходнасці аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Гэта адбылося 2 лістапада 1939 года. У 40-х гадах Сяргей Прытыцкі працуе другім, а пасля першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі. А напачатку 60-х Сяргей Прытыцкі абраны першым сакратаром Мінскага абкама партыі. Затым намеснікам старшыні Света міністраў, старшынёй Прэзідыума Вярхоўнга Савета БССР. Узнагароджаны чатырмя ордэнамі Леніна і двумя ордэнамі Чырвонага Сцяга. Заўчасна пайшоў з жыцця ва ўзросце 58 гадоў. 

У музейным пакоі прадпрыемства «Гродна Азот» мяркуюць аформіць вітрыну, прысвечаную легендарнаму патрыёту Беларусі. У гонар земляка гарадскія ўлады плануюць назваць адну з вуліц, якая вядзе да завода. 

Экспазіцыя, прысвечаная Сяргею Прытыцкаму, адкрыта ў гэтыя дні ў Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі. На выстаўцы прадстаўлены асабістыя рэчы палітыка, фатаграфіі, партрэты, узнагароды, газетныя артыкулы і іншыя матэрыялы. Экспанаты прадстаўлены з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.