Вы тут

У Пружанскім раёне пачаў работу перасоўны медыцынскі комплекс


З пачатку верасня ў Пружанскім раёне пачаў работу перасоўны медыцынскі комплекс. Атрыманне спецыяльнага аўтамабіля стала чаканай падзеяй. У раёне з колькасцю населеных пунктаў больш за дзве сотні, многія з якіх даволі аддаленыя ад стацыянарных медыцынскіх устаноў, мабільная медыцынская дапамога выглядае асабліва актуальнай.


Памочнік лекара Кацярына Дубчук правярае спраўнасць абсталявання перад выездам.

— Нямала людзей, асабліва пажылых, слабых, адзінокіх, не можа своечасова дабрацца да доктара, каб хоць раз у год прайсці кваліфікаваны медыцынскі агляд. А тут спецыялісты прыедуць па месцы жыхарства, правядуць агляд, дадуць рэкамендацыі, — гаворыць галоўны ўрач Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Юзько. — І ўжо першыя водгукі, якія мы атрымліваем літаральна праз некалькі дзён работы, надзвычай станоўчыя. Пацыенты выказваюць падзяку.

Комплекс быў закуплены за сродкі абласнога бюджэту. Пакуль ён функцыянуе ў рэжыме тэсціравання. Медработнікі наведалі шэраг вёсак Шаняўскога і іншых сельсаветаў. Калі мы пераканаемся, што ўсё абсталяванне працуе дакладна, будуць складзены графікі, вызначаны спецыялісты, і амбулаторыя на колах пачне работу на пастаяннай аснове, — кажа галоўны ўрач.

Паскарэнню ў справе набыцця падобных медыцынскіх машын, несумненна, паспрыяла майская нарада па актуальных пытаннях аховы здароўя краіны. Тады шмат увагі было ўдзелена стану медыцыны на вёсцы. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што аптымізацыю вясковай медыцыны трэба праводзіць узважана, зыходзячы найперш з інтарэсаў людзей. Прагучала настойлівая прапанова спачатку завезці комплексы на колах, якія змогуць замяніць ФАПы, і толькі потым іх можна будзе закрыць.

Перасоўны медыцынскі комплекс з’яўляецца амбулаторна-паліклінічным, ён прадугледжаны для правядзення прафілактычных медыцынскіх аглядаў, дыспансерызацыі насельніцтва, а таксама планавай медыцынскай дапамогі. Медработнікі могуць тут праводзіць розныя медыцынскія ўмяшанні, дыягностыку, лабараторныя даследаванні, а яшчэ робяць прышчэпкі, праводзяць тлумачальную і асветную работу.
Пружанскія медыкі паспелі папярэдне ацаніць магчымасці медкомплексу. Памочнік доктара Кацярына Дубчук папрацавала разам з загадчыцай Гарадзечненскага ФАПа Аленай Мазан. Кацярына — малады спецыяліст, да абавязкаў ставіцца адказна, старанна правярае спраўнасць абсталявання, рыхтуе пацыентаў да прыёму.

Кіроўца перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта Уладзімір Разон.

Медыкі адзначаюць, што ўсе ўмовы для першаснага медагляду ў іх машыне ёсць, можна ўзяць біялагічны матэрыял на аналіз, зрабіць кардыяграму. Важна, што маецца гінекалагічнае крэсла і кушэтка для агляду жанчын. Кацярына Дубчук кажа, што ў першыя дні работы іх пацыентамі былі нават вяскоўцы ва ўзросце 85+: «Наўрад ці яны выбраліся б да доктара, каб не прыехалі проста да іхняй хаты. Адна бабулька сказала, што раней толькі аўтакрама каля яе дома спынялася, а цяпер цэлая паліклініка на колах прыехала. І гэта праўда. А хутка, што важна, будзе наладжаны продаж лекаў».

Яшчэ ў райбальніцы адзначылі, што выезды перасоўнага медыцынскага комплексу заўсёды будуць рыхтавацца загадзя. Аб прыездзе медыкаў жыхары вёсак даведаюцца прыкладна за тыдзень, іх праінфармаюць сельвыканкам і стараста вёскі. Акрамя таго, улічваючы прапановы людзей, паспрабуюць апавяшчаць пацыентаў яшчэ і праз сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы. Разлічваюць і на зваротную сувязь. Калі, скажам, на прамыя лініі будуць паступаць прапановы ад жыхароў тых ці іншых населеных пунктаў, медыкаў ФАПаў, графік можа быць скарэкціраваны пад надзённыя патрэбы і запыты сельскіх устаноў аховы здароўя. Задача стаіць ахапіць як мага больш вёсак, даехаць да самай аддаленай, на яе вырашэнне і будзе арыентавацца медыцынскі комплекс.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.