Вы тут

Мурашы: за і супраць


Часта можна пачуць параду: «Знішчыце на сваім участку мурашак! Тля? — гэта мурашы! Мала труціць тлю, трэба знішчыць мурашак!» Паспрабуем іх абараніць.


Фота: pexels.com

Сваімі кветнікамі, агародамі, садамі мы ўмешваемся ў светаўладкаванне і парушаем прыродныя законы. Нават калі вы за «прыроднае земляробства», то вы гэтыя законы парушаеце, праўда, у меншай ступені. У прыродзе першапачаткова ўсё ўладкавана інакш і дзейнічаюць іншыя законы. Таму трэба імкнуцца хоць бы мінімізаваць шкоду, якая наносіцца нашым «прычыненнем дабра навакольнаму асяроддзю».

Гаворка выключна аб мурашках, якія селяцца ў садзе і ў агародзе.

Так, сапраўды, мурашкі разводзяць і разносяць (могуць разносіць кукалкі, але не ўсе мурашкі і не заўсёды) тлю. Лоўчыя паясы выдатна засцерагаюць ад пашкоджання кроны і парасткаў тлёй, якая разносіцца мурашкамі. Дарэчы, тля выдатна існуе і асобна ад мурашак і мурашнікаў.

Так, сапраўды, мурашкі, пабудаваўшы мурашнік «у непадыходзячым» (для чалавека!) месцы, могуць пашкодзіць каранёвую сістэму некаторых раслін і сілкуюцца сокам бутонаў некаторых кветак.

Але! Гэтыя казюркі здольныя чысціць участак ад іншых шкоднікаў, напрыклад, павуціннага кляшча, трыпсаў, вусеняў і іх кукалак, нават смаўжоў.

Вядома, што пядзенікі і пільшчыкі знішчаюць расліны і тым самым наносяць велізарную шкоду дрэвам. Але там, дзе ёсць мурашнік, колькасць гэтых шкоднікаў невялікая.

Адзін мурашнік здольны за суткі знішчыць да тысячы шкоднікаў.

Перамяшчаючыся ў верхніх пластах грунту, мурашкі рыхляць і ўзбагачаюць кіслародам глебу, гэтыя месцы засяляюць грыбы-сапрафіты, якія паляпшаюць трофіку (клетачнае сілкаванне) раслін. Мурашкі актыўна ўдзельнічаюць у глебаўтварэнні, спрыяючы раскладанню раслінных рэшткаў.

Глеба каля мурашнікаў узбагачаецца карыснымі мікраэлементамі. У зонах мурашніка павялічваецца ўтрыманне калію і фосфару, паколькі ў працэсе жыццядзейнасці членістаногія вылучаюць гэтыя мікраэлементы, якія лёгка засвойваюцца дрэвамі і садова-агароднымі культурамі.

Перш, чым пачынаць знішчэнне мурашніка, варта задумацца, а ці настолькі вялікая шкода, якую прычыняюць вам насякомыя? Можа, у парыве зрабіць свой участак стэрыльна бездакорным, мы самі сабе аказваем мядзведжую паслугу і губім памагатага?

Перад ужываннем «чарадзейнага сродку ад мурашак» уважліва вывучыце інструкцыю, асабліва ў частцы ўтылізацыі і тэрмінаў выхаду на апрацаваную тэрыторыю. Бо часта гэтыя прэпараты маюць у складзе фіпраніл і адносяцца да высока небяспечных (2 клас) і ўмерана небяспечных рэчываў (3 клас) для чалавека і іншых млекакормячых. Для птушак, пчол і водных беспазваночных фіпраніл высока таксічны, для рыб і глебавых чарвякоў умерана таксічны. Або хлорпірыфос, прэпараты на аснове якога належаць да 2 і 3 класаў небяспекі.


Для хуткага завязвання пекінскай капусты

Часта агароднікі сутыкаюцца з такой праблемай: капуста расце добра, у яе выдатна фарміруецца каранёвая сістэма і нарастаюць лісты, але качан доўгі час не жадае завязвацца. Бывае наогул, што капуста так і застаецца без качана, са стрэлкамі ці проста з пухнатым лісцем. Што ў гэтым выпадку можна зрабіць?

Вельмі карысны і дзейсны лайфхак ніжэй дапаможа вам вырашыць такую праблему — ужо праз 5-7 дзён вы не пазнаеце капусту, якая расце ў вас на агародзе!

Для гэтага вам спатрэбяцца звычайныя капронавыя калготкі. Можаце ўзяць старыя, якія даўно не носіце.

Наразаем калготкі на кавалачкі па 10 см даўжынёй.

Добра расцягваем атрыманую імправізаваную гумку рукамі. Акуратна згортваем капусту і надзяваем капронавую гумку на расліну, не пашкоджваючы лісце. Гумка вельмі добра цягнецца і не моцна сцягвае капусту, а значыць не можа яе пашкодзіць.

Вось так выглядае капуста ў канцы работы — лісце не сцягнутае занадта моцна, але ў той жа час досыць шчыльна прыціснутае разам.

Такая працэдура дазволіць капусце завязацца за некалькі дзён. Вядома, таксама важны правільны догляд за раслінай. Тым не менш, калі вы ўжо сутыкаліся з тым, што капуста ніяк не хоча завязвацца, паспрабуйце гэты лайфхак — ён выдатна працуе!

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.