Вы тут

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?


Мала хто з суайчыннікаў, не залазячы ў даўгі, можа купіць кватэру і зрабіць у ёй рамонт. Аналагічная сітуацыя з купляй машыны: збіраць грошы можна гадамі. Прасцей узяць крэдыт і атрымліваць асалоду ад камфорту тут і цяпер.


Стаўкі па крэдытах змяняцца не будуць

Фота Віктара Іванчыкава

Стаўкі па крэдытах у жніўні працягнулі зніжацца. Нацыянальны банк пакінуў без змены разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР) па інструментах крэдытнага рынку на верасень. Такім чынам, стаўкі па банкаўскіх крэдытах да кастрычніка не павінны змяніцца.

У Нацбанку паведамілі, што для новых крэдытаў у нацыянальнай валюце, выдадзеных юрыдычным асобам, РВСР устаноўлена роўнай 10,82% гадавых. Для новых крэдытаў у беларускіх рублях, дадзеных фізічным асобам (без уліку льготных крэдытаў), РВСР засталася на ранейшым узроўні — 14,61%.

Разліковыя велічыні стандартнай рызыкі разлічваюцца на наступны месяц Нацбанкам на аснове ставак, якія ўстанаўліваюцца ў папярэднім месяцы ў пяці сістэмна значных банках першай групы. Дадзеныя велічыні служаць арыенцірам па верхняй мяжы ставак па крэдытах і дэпазітах. Перавышэнне гэтага ўзроўню азначае, на думку Нацбанка, правядзенне аперацый з павышанай рызыкай, у сувязі з чым ён устанаўлівае павышаныя нарматыўныя патрабаванні да падобных аперацый.

Нязменнасць велічыні рызыкі ў верасні азначае, што сістэмна значныя банкі не павышалі стаўкі па крэдытах у жніўні, і стварае перадумовы для таго, каб гэтыя стаўкі заставаліся нязменнымі і ў верасні. Але гэта неабавязкова адбудзецца, бо Нацбанк можа змяніць стаўку рэфінансавання. Пакуль гэта не адбылося.

Відавочна, што на зніжэнні ставак па крэдытах станоўча адбілася запаволенне гадавой інфляцыі. Да таго ж у апошні месяц лета і зусім была зафіксавана дэфляцыя: індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Беларусі ў жніўні ў параўнанні з ліпенем знізіўся на 0,3%, канстатавалі ў Белстаце.

Акрамя таго, у першым паўгоддзі 2023-га Нацбанк 6 разоў паніжаў стаўку рэфінансавання. У Новы год Беларусь уступіла з крэдытнай стаўкай 12% гадавых, з 28 чэрвеня і да гэтага дня пасля чарговага перагляду яна трымаецца на ўзроўні 9,5% гадавых.

Сродкі на жыллё і не толькі

Самы папулярны крэдыт ад аднаго з Банкаў — «Іпатэка Экспрэс» на набыццё жылога памяшкання. Ён выдаецца тэрмінам да 20 гадоў пад 14,4% гадавых. Ці можаце вы атрымаць такі крэдыт? У банку паведамілі, што пасля падачы заяўкі на крэдыт да прыняцця рашэння праходзіць не больш за адзін працоўны дзень. Тут ёсць не адно «але», — гэта ўмовы крэдытавання, патрабаванні да заяўніка і неабходныя дакументы.

Памер такога крэдыту практычна абмежаваны толькі крэдытаздольнасцю атрымальніка гэтых грошай. Па такіх крэдытах стаўка амаль што нязменная. У дакуменце яна прапісаная як стаўка рэфінансавання плюс 4,9%. Змянілася стаўка рэфінансавання — вы сталі плаціць менш (ці больш, як пашанцуе).

Крэдыт абавязкова выдаецца пад заклад (іпатэку) таго жылля, пад якое ён прыцягваецца. Спосаб выдачы крэдыту — безнаяўны пералік на рахункі трэціх асоб, якія прадаюць дадзеныя кватэры. Крэдыты выдаюцца дзеяздольным грамадзянам нашай краіны альбо замежнікам, але якія пастаянна жывуць у рэспубліцы і маюць тут пастаянны даход. Тым людзям, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, крэдыт таксама дадуць, але з умовай. Абавязкова трэба будзе знайсці паручыцеляў з ліку членаў сям’і, блізкіх сваякоў, якія не пенсіянеры. Колькасць паручыцеляў падлічваецца асобна — зыходзячы з памеру сярэднямесячнага даходу ад працоўнай дзейнасці апошніх за апошнія тры месяцы.

Неабходныя дакументы — пашпарт і даведка аб сярэднямесячным даходзе за тры апошнія месяцы. Тэрмін дзеяння такіх даведак — 30 дзён пасля іх выдачы. Трэба таксама згода заяўніка на прадстаўленне крэдытнай справаздачы з крэдытнага рэгістра і згода на адкрыццё інфармацыі ў рэсурсах МУС. Апошнімі абавязковымі дакументамі будзе дагавор куплі-продажу нерухомай маёмасці і выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яго і здзелак з ім аб адсутнасці абцяжарання правамі трэціх асоб і арыштаў на прадмет закладу. І яшчэ. У дагаворы куплі-продажу, пратаколе аб выніку публічных таргоў павінны быць прадугледжаны тэрміны канчатковага разліку па дагаворы.

Гэты фінансавы інстытут, што дае крэдыт, паведаміў, што з другога тыдня верасня ён знізіў стаўкі па крэдытных дагаворах на фінансаванне нерухомасці, заключаных да 31 мая 2022 года ўключна, у якіх указана стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка ў памеры 9,25% гадавых. Цяпер па крэдытных дагаворах на куплю або будаўніцтва жылля з фіксаванай або зменнай стаўкай трэба будзе плаціць да 14,56% гадавых, а па крэдытных дагаворах на дакрэдытаванне набыцця або будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай — да 13,25% гадавых.

Між іншым крэдытаваннем пакупкі і будаўніцтва нерухомасці займаецца не толькі адзін найбуйнейшы банк краіны. Літаральна днямі многія камерцыйныя банкі для прадукту «Партнёрскае крэдытаванне нерухомасці» дадалі варыянт з новымі забудоўшчыкамі. Ён прадугледжвае стаўкі ў памеры да 6% гадавых у першыя 13 месяцаў і 14,5% гадавых у наступны перыяд. У гэтым выпадку вы атрымліваеце крэдыт, калі згаджаецеся з цэнавай палітыкай забудоўшчыка.

Карысныя парады

Да заключэння крэдытнага дагавора банк абавязаны даць вам у пісьмовым выглядзе пад подпіс звесткі аб умовах крэдытавання, форма і змест якіх з’яўляюцца ўніфікаванымі. Гэтая інфармацыя даецца бясплатна, а яе падпісанне не з’яўляецца заключэннем крэдытнага дагавора і ні да чога вас не абавязвае.

Чытаем усё, асабліва дробны шрыфт. У любым крэдытным дагаворы павінны прысутнічаць наступныя ўмовы: сума крэдыту, тэрмін крэдыту, парадак выдачы і вяртання крэдыту, памер працэнтаў за карыстанне крэдытам, парадак іх выплаты, адказнасць крэдытадаўца і крэдытаатрымальніка за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў па крэдытнай дамове, штрафныя працэнты за нейкія дзеянні або бяздзейнасць. Адказна стаўцеся да заключэння крэдытнага дагавора і памятайце: падпісаўшы яго, вы згаджаецеся з усімі прапісанымі ўмовамі і прымаеце на сябе абавязацельствы па іх выкананні.

Аплачваем своечасова. Пунктуальнасць дапаможа пазбегнуць штрафаў і пеняў за пратэрміноўку. Адказна пастаўцеся да пагашэння крэдыту, каб пазбегнуць праблем з банкам і сапсаванай крэдытнай гісторыі. Дарэчы, крэдыт на спажывецкія патрэбы крэдытаатрымальнік мае права вярнуць датэрмінова, без апавяшчэння банка. Пры гэтым неабходна выплаціць працэнты за фактычны тэрмін карыстання крэдытам.

Праверце, ці сапраўды прапанова выгадная. Банкі, шырока рэкламуючы свае паслугі, запар і побач згадваюць аб нізкіх працэнтах і выгадных умовах без пераплаты. Не заўсёды варта верыць такой рэкламе. Не саромцеся задаваць пытанні менеджару.

Звярніце ўвагу на свой зарплатны банк. Банкі прапануюць дадатковыя льготы, калі кліент атрымлівае заработную плату на картку дадзенага банка. Высветліце памер і парадак унясення мінімальнай сумы датэрміновага пагашэння крэдыту. У выпадку з’яўлення дадатковых свабодных сродкаў вы зможаце знізіць базу запазычанасці па крэдыце і тым самым паменшыць працэнт пераплаты па ім. Але тут існуе пэўная асаблівасць: банкі, як правіла, робяць ніжнюю мяжу сумы датэрміновага плацяжу.

Не выкідвайце дагавор пасля пагашэння крэдыту. Нават калі вы выплацілі крэдыт цалкам, пераканайцеся ў банку, што ў іх больш няма да вас прэтэнзій. Гэта трэба зрабіць абавязкова! Таксама пераканайцеся, што выплацілі ўсю суму страхоўкі, калі бралі і яе.

Як не трапіць на «вуду» махляроў?

Ашуканцы працягваюць падманваць беларусаў, прымушаючы іх афармляць крэдыты. І гэтыя сумныя гісторыі працягваюць адбывацца па ўсёй краіне. Зламыснікі тэлефануюць нам, прадстаўляючыся работнікамі банкаў або супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і з дапамогай хлусні альбо пагроз вымушаюць іх браць банкаўскія крэдыты. Прычым крэдыты афармляюцца на імя саміх грамадзян — вось у чым бяда.

Тэхнічна зрабіць гэта магчыма, паколькі ашуканцы праз вірусныя праграмы атрымліваюць доступ да тэлефонаў беларусаў, іх рахункаў і банкаўскіх картак. У шэрагу выпадкаў грамадзяне беспярэчна выконваюць усе інструкцыі зламыснікаў, у тым ліку самі ідуць у банк для афармлення ўсіх папер.

Адну жыхарку ашуканцы нават уцягнулі ўдзельнічаць у «спецаперацыі». Жанчыну пераканалі, што для дапамогі ў злове злачынцаў ёй трэба ўзяць крэдыт на сваё імя. Выразна выконваючы чужыя інструкцыі, яна пайшла ў аддзяленне банка і ўзяла ў крэдыт 10 тысяч рублёў. Калі банк залічыў ёй гэтыя грошы на карту, жанчына перавяла іх на рахунак, паказаны злачынцамі.

Калі вы думаеце, што падобная гісторыя не можа здарыцца з вамі ці вашымі сваякамі, вы глыбока памыляецеся. Ашуканцы — выдатныя маніпулятары з выдатным веданнем чалавечай псіхалогіі. І ім складана супрацьстаяць, асабліва калі яны, згаварыўшыся, зладжана ціснуць цэлымі групамі на даверлівых пажылых людзей, якія жывуць у адзіноце.

Часам злачынцы гадзінамі ўтрымліваюць беларусаў на лініі, а самі «перамовы» доўжацца па некалькі дзён, пакуль ашуканцы не атрымаюць тое, што ім трэба.

Дапамагчы людзям у барацьбе з ашуканцамі вырашылі і самі банкі. Многія фінансавыя структуры размясцілі інфармацыю аб тым, што з другой паловы верасня ў мэтах абароны ад махляроў для прадукту «Крэдытная карта» ўводзяцца новыя ўмовы: пасля афармлення крэдыту сродкі можна будзе атрымаць толькі на наступны працоўны дзень — не раней чым праз 24 гадзіны. Такім чынам, у падманутых кліентаў будзе час адумацца і выйсці з-пад кантролю хвацкіх людзей.

Калі сёння грошай няма

Калі па нейкіх прычынах грамадзянін не можа плаціць па крэдыце, з яго боку было б няправільна думаць, што банк пра гэта забудзе. Перш за ўсё, варта звярнуцца ў фінансавую ўстанову і пісьмова растлумачыць, што здарылася і чаму плаціць па крэдыце своечасова вы пакуль не можаце. Да ліста варта прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць вашу часовую неплацежаздольнасць. Гэта могуць быць копія працоўнай кніжкі з адзнакай аб звальненні або даведка аб стане здароўя, калі яно сур’ёзна пагоршылася і пацягнула за сабой вялікія выдаткі на лекі.

Як правіла, банк ідзе насустрач і прапануе варыянты дзеянняў. Магчыма, праблема вырашаецца простым змяненнем тэрмінаў па плацяжы або змяненнем умоў крэдытавання. Акрамя таго, ёсць магчымасць звярнуцца ў іншы банк з просьбай, груба кажучы, выдаць крэдыт на выплату крэдыту — зрабіць рэфінансаванне. Сутнасць у тым, што другі банк пагасіць запазычанасць кліента ў першым і прапануе яму новыя ўмовы крэдытавання.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.