Вы тут

Наталля Качанава пракаментавала ўдзел беларускай парламенцкай дэлегацыі ў мерапрыемствах 78-й сесіі ГА ААН


«Сёння чалавецтва знаходзіцца напярэдадні глабальных змен. Аднапалярнае светаўладкаванне перажывае свой канец, і на змену прыходзіць міжнародны парадак, заснаваны на суверэннай роўнасці ўсіх без выключэння краін. Новая парадыгма не прымае застарэлых замашак неакаланіялізму, у ёй няма месца глабалісцкаму дыктату. Суверэнітэт, самабытнасць, сумесная выпрацоўка агульных стратэгій узаемадзеяння — вось аснова будучага развіцця», — адзначыла спікер верхняй палаты парламента.


Паводле яе слоў, місія міжнародных арганізацый на сучасным этапе гісторыі асаблівая. Яны закліканы аб’ядноўваць народы ўсіх краін, рэгіёнаў, кантынентаў, знаходзіць пункты судакранання, садзейнічаць выбудоўванню цывілізаванага дыялогу ва ўсім свеце. Тыя, хто не пройдуць гэты няпросты экзамен, нягледзячы ні на якія былыя заслугі, асуджаныя назаўжды сысці ў нябыт.

«Гэты крытэрый жыццяздольнасці абсалютна справядлівы і для самой Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, — адзначыла Наталля Качанава. — Яе статус у якасці „парламента чалавецтва“, дзе ўсе рашэнні прымаюцца на аснове пагаднення і кансэнсусу дзяржаў-членаў, дзе галоўнымі задачамі з’яўляюцца захаванне міру і міжнароднай бяспекі, садзейнічанне развіццю і аказанне гуманітарнай дапамогі, міжнароднае супрацоўніцтва, захаванне міжнароднага права і правоў чалавека, усё часцей падвяргаецца сумненню. І ўсё больш дэкларатыўным становіцца даволі вядомае сцвярджэнне аб тым, што „ААН не можа прывесці чалавецтва ў рай, але яна можа зберагчы яго ад пекла“.

Беларусь як краіна — заснавальніца ААН не можа стаяць убаку ад таго, што адбываецца ў гэтай структуры. Відавочна, што сапраўдная шматбаковасць патрабуе новай якасці Арганізацыі — сапраўды ўніверсальнага міжнароднага інстытута, яе адаптацыі да аб’ектыўных тэндэнцый міжнародных адносін. Перш за ўсё — паскарэння рэформы Савета Бяспекі за кошт пашырэння прадстаўленасці ў ім краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэтую пазіцыю ў тым ліку прасоўваюць нашы парламентарыі, дыпламаты, якія прымаюць удзел у мерапрыемствах 78-й сесіі ГА ААН.

Найважнейшая і, верагодна, адна з самых складаных задач для беларускай дэлегацыі — давесці да сусветнай грамадскасці пазіцыю Рэспублікі Беларусь аб мірных, аб’яднаўчых намаганнях нашай краіны і непрымальнасці дэстабілізацыі сітуацыі».

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што на працягу дзесяцігоддзяў Беларусь пацвярджае свой статус прадказальнага і надзейнага міжнароднага партнёра. Пры любых, нават самых неспрыяльных для нас умовах, мы паслядоўна ажыццяўлялі і будзем працягваць сваю суверэнную і адказную знешнепалітычную дзейнасць з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў.

За адносна невялікі па гістарычных мерках шлях суверэннага развіцця Рэспубліка Беларусь стварыла і прымножыла багатыя традыцыі дзяржаўнага і грамадскага развіцця. Наш нацыянальны вопыт аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, аховы навакольнага асяроддзя, пераадолення наступстваў надзвычайных сітуацый і ў многіх іншых сферах сапраўды ўнікальны і накіраваны перш за ўсё на чалавека.

«Нягледзячы на ўсю складанасць геапалітычнай абстаноўкі, мы спрабуем захаваць нармальныя адносіны з народамі, якія пражываюць на тэрыторыі ЗША, Літвы, Латвіі, Польшчы і іншых краін Еўрасаюза, Украіны, — падкрэсліла спікер. —. Насуперак адкрытым правакацыям і спробам уцягнуць Беларусь у тыя ці іншыя рэгіянальныя рознагалоссі, мы не ідзём шляхам канфрантацыі.

Мінск нязменна гатовы выступаць пляцоўкай для дыялогу па ўрэгуляванні сітуацыі на тэрыторыі Украіны. Менавіта ў Беларусі былі падпісаны Мінскія дамоўленасці і комплекс мер па іх выкананні, які атрымаў адабрэнне Савета Бяспекі ААН. Па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, шаноўнага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, таксама былі арганізаваны тры раўнды перагавораў Расіі і Украіны на нашай тэрыторыі.

У Беларусі набылі другі дом тысячы ўкраінскіх грамадзян, вымушаных уцячы ад баявых дзеянняў, хаосу і разрухі, спецыяльным рашэннем нашага Прэзідэнта ўкраінцы практычна ўраўнаваны ў правах з беларусамі. Украінскія дзеці рэгулярна праходзяць рэабілітацыю ў беларускіх аздараўленчых лагерах, дзякуючы чаму могуць адчуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства. Няўжо хто-небудзь з краін Захаду прыняў такія гуманныя рашэнні?

Усе абвінавачванні нашай дзяржавы нібы ў дапамозе агрэсіі — поўны абсурд і брудная хлусня. Мы, як ніхто іншы, зацікаўлены ў больш хуткім мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне. Беларусь вітае з’яўленне ўсё большай колькасці краін, якія прапануюць разумныя мірныя ініцыятывы ў мэтах доўгатэрміновага міру і стабільнасці ў еўразійскім рэгіёне.

Шмат разоў гаварылася аб тым, што мы — міралюбівая краіна і не плануем ні на кога нападаць, не хочам ні з кім ваяваць. Пастулатам пабудовы супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі з’яўляецца раўнапраўны і паважлівы дыялог, развіццё ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі, Беларусь выказвае дакладную пазіцыю аб неабходнасці захавання міжнароднага супрацоўніцтва. Наша стратэгічная мэта ў знешняй палітыцы — садзейнічаць канструктыўнаму супрацоўніцтву, стварэнню атмасферы даверу і згоды, фарміраванню больш збалансаванай, справядлівай, раўнапраўнай поліцэнтрычнай мадэлі светаўладкавання.

«Мы заклікаем усіх жыць так, каб не паўтараць памылак мінуўлага. Не страчвае сваёй актуальнасці прапанова беларускага боку аб неабходнасці запуску глабальнага дыялогу па бяспецы ў духу канферэнцыі ў Сан-Францыска. Гэта ініцыятыва кіраўніка нашай дзяржавы прадоўжыць назапашваць свой патэнцыял да таго часу, пакуль сусветная супольнасць не будзе гатова калегіяльна рэалізоўваць запатрабаваныя сёння прынцыпы і каштоўнасці ўзаемнага даверу, адзінства і салідарнасці.

У сучасным свеце вельмі шмат агульных праблем, і вырашаць іх трэба ўсім разам. Вельмі хочацца спадзявацца, што дзякуючы дыпламатычнаму майстэрству, палітычнай мудрасці і розуму бягучы геапалітычны крызіс стане імпульсам да дасягнення ўстойлівага росту ўсеагульнага дабрабыту, духоўна-маральнага і культурнага росквіту, да аб’яднання пакаленняў у імя бяспечнай і мірнай будучыні чалавецтва», — рэзюмавала Наталля Качанава.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.