Вы тут

Жалобны мітынг у памяць пра 81-ю гадавіну знішчэння Дамачаўскага дзіцячага дома прайшоў на месцы расстрэлу


У лесе, дзе 23 верасня 1942 года фашысты расстралялі выхаванцаў Дамачаўскага дзіцячага дома і іх юную выхавальніцу, сабраліся не толькі вучні Дамачаўскай сярэдняй школы, якія трапятліва захоўваюць памяць. Да іх далучыліся равеснікі са школ Брэста і Брэсцкага раёна. Прыйшлі і дарослыя: жыхары вёскі Дамачава, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Па традыцыі разам з кветкамі да манумента паклалі цацкі, — расказала дырэктар Дамачаўскай сярэдняй школы Галіна Пойта.


Зноў узгадалі той страшны дзень, калі ў дзіцячы дом прыйшла машына, акупанты загадалі пагрузіць малых у кузаў, каб «ехаць у Брэст», з імі скокнула ў машыну і 20-гадовая выхавальніца Паліна Грахольская... Але іх тады не павезлі ў Брэст, яны засталіся каля вёскі Ляплёўка — 53 дзіцяці і Паліна. 

Дарэчы, на Нюрнбергскім працэсе фігураваў акт пра расстрэл дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дома. Дакумент у канцы 1944 года падпісалі жыхары Дамачава Лізавета Грачова, Антаніна Паўлюк, Анастасія Усава і іншыя сведкі. У ім гаворыцца: «23 верасня 1942 года каля сямі гадзін вечара у двор дзіцячага дома прыбыла пяцітонная машына з шасцю ўзброенымі немцамі у ваеннай форме. Старшы з групы немцаў аб’явіў, што дзяцей павязуць у Брэст, і загадаў саджаць іх у кузаў машыны. У машыну было пасаджана 55 дзяцей і выхавальніца Грахольская. Шахметава Тося, дзевяці гадоў, злезла з машыны і збегла ў лес, а астатнія 54 дзіцяці і выхавальніца былі вывезены ў накірунку станцыі Дубіца, гэта за паўтара кіламетры ад вёскі Ляплёўка. На пагранічнай агнявой кропцы, якая размешчана на адлегласці 800 метраў ад ракі Заходні Буг, машына спынілася, дзеці былі распрануты, аб чым сведчыць наяўнасць дзіцячай бялізны ў машыне, якая вярнулася ў Дамачава. Дзеці і іх выхавальніца былі расстраляны». 

Дзіцячы дом функцыянаваў у Дамачаве з сярэдзіны 20-х гадоў. Тут выхоўваліся сіроты. З пачатку вайны сюды сталі паступаць асірацелыя дзеці вайскоўцаў, савецкіх і партыйных работнікаў. Малодшаму з іх было ўсяго два гады. Іншыя ахвяры фашысцкага злачынства пражылі тры, чатыры, пяць гадоў.

Помнік трагедыі адкрылі ў верасні 1952 года. На развілцы дарог Брэст — Ляплёўка — Дамачава паявіўся абеліск з зоркай. А праз сорак гадоў на гэтым месцы паставілі манумент смутку «Пратэст» скульптара Анатоля Салятыцкага — стэлу, да якой прымацаваны чатыры бронзавыя фігуры дзяцей з рукамі, узнятымі да нябёсаў. Нядаўна помнік істотна абнавілі. На месцы ж расстрэлу доўга стаяў толькі вялікі драўляны крыж. А ў 2005 годзе на магіле пастаўлены памятны знак, на гранітнай пліце якога выбіты імёны дзяцей і іх выхавальніцы. Помнік, дарэчы, зроблены паводле эскізу на той час вучаніцы дзявятага класа Дамачаўскай сярэдняй школы Людмілы Шынкарук. 

Да яго і прыйшлі ўдзельнікі мітынгу, каб выказаць смутак аб нявінна забітых равесніках і яшчэ раз заклікаць чалавецтва да міру. Бо вайны не павінна быць на зямлі, дзе растуць дзеці, і дзеці не павінны паміраць ад вайны. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Дамачаўскай сярэдняй школы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.