Вы тут

Якія працэнты па дэпазітах і даходнасць каштоўных папер?


Многія з нас імкнуцца эканоміць, каб захаваць грошы для падушкі бяспекі і буйных пакупак. Праўда, не заўсёды атрымліваецца зберагчы свае назапашванні проста так — заўсёды з’яўляецца неабходнасць у тэрміновых тратах, пасля якіх уся зарплата проста «раствараецца» ў дробных пакупках. Існуе жалезнае правіла назапашвання грошай. Трэба з кожнага даходу адкладаць 10–15%. Атрымалі зарплату — адкладайце дзясятую частку на назапашвальны рахунак, прыйшоў ганарар за падпрацоўку — пакладзіце 10% на дэпазіт. Калі ж хочаце хутка назапасіць на буйную куплю, то назапашваць трэба больш — ад 30 да 40% ад усякага даходу. Колькі трэба адкладаць, мы разабраліся, цяпер удакладнім — куды?


Фота: pixabay.com

Лепш за ўсё безадзыўны

Варыянтаў мноства, але яны залежаць ад сумы вашых накапленняў. Самы першы, які прыходзіць у галаву большасці і даступны ўсім, — адкрыць дэпазіт. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі змяняюцца. Давайце разбяромся, якія бываюць банкаўскія ўклады і колькі можна на гэтым зарабіць.

Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі — адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы — цалкам або часткова. Ужо за саму магчымасць у любы час пакарыстацца сваімі грашыма кліент банка расплачваецца паніжанымі працэнтамі. Самы выгадны адзыўны дэпазіт тэрмінам ад месяца да года прадугледжвае 1–7% гадавых. Гэта значна менш, чым па стаўцы безадзыўнага ўкладу.

Калі вы здымаеце грошы датэрмінова, то працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную. Цяпер умовы датэрміновага скасавання вельмі жорсткія. Бываюць выпадкі, калі ваш дэпазіт на пяць месяцаў, а грошы вы забралі ўжо праз месяц. У гэтым выпадку вам налічаць усяго ад 0,1 да 1 працэнта даходу.

Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі пасля заканчэння таго тэрміну, які ўказаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды прывабныя і вышэйшыя.

Якія ёсць варыянты?

Дастаткова жорсткія ўмовы ва ўкладу ў аднаго з банкаў «Прыбытковы плюс». Гэтым разам маецца магчымасць адкрыцця дэпазіту непасрэдна ў аддзяленні. Уклад безадзыўны, пераменная працэнтная стаўка і выплата працэнтаў у канцы тэрміну. Тэрмін захоўвання — 13 месяцаў, а гадавая працэнтная стаўка — 12%. Што характэрна, папаўненне ўкладу, любыя расходныя аперацыі і аўтаматычнае перазаключэнне не прадугледжаны. Прыйшоў, паклаў грошы, потым праз 13 месяцаў забраў. Іншага не дадзена.

Таксама 12% гадавых даюць і іншыя несістэмныя банкі краіны. 

Там дэпазіты адкрываюцца на 14 месяцаў і больш, а першапачатковая сума — не менш за 500 рублёў.

Але самыя прывабныя ўмовы ў аднаго з банкаў. Там ёсць безадзыўны ўклад, з тэрмінам размяшчэння грошай ад 13 месяцаў да 37 месяцаў. Працэнтную стаўку абяцаюць ад 12,5% да 12,9% гадавых. У дадзеным банку абяцаюць фіксаваную стаўку, штомесячную выплату працэнтаў і зняцце капіталізаваных працэнтаў.

Сярэднявыгадны, а галоўнае, бяспечны адзін з укладаў, які афармляецца дыстанцыйна, не наведваючы банка. Самыя максімальныя працэнтныя стаўкі на 2 і 3 гады — 11,3% гадавых. Працэнтная стаўка з’яўляецца фіксаванай толькі першыя 3 месяцы, з чацвёртага месяца аўтаматычна пераводзіцца ў разрад зменных. Так, гэта гнуткая стаўка, але змяняецца яна не па жаданні банкаўскіх работнікаў. Дарэчы, потым гэтая стаўка можа нават павялічвацца.

Валюта і аблігацыі

Працэнты па валютным укладзе невялікія — максімум 1,1% гадавых. Сярэдняя стаўка па доўгатэрміновых укладах складае ад 0,4% да 1%.

Што датычыцца падаткаў, то з рублём мы маем паслабленне. Падаходны падатак (13%) будзе ўтрымлівацца з даходаў, атрыманых у беларускіх рублях, тэрмінам менш за адзін год. Паляжалі вашы кроўныя рублі на рахунках год і адзін дзень — усё, ніякіх падаткаў з працэнтаў плаціць не трэба. А з замежнай валютай усё складаней. Падатак прыйдзецца плаціць абавязкова, калі такія грошы праляжалі ў банку менш за два гады.

Укладваць свае грошы ў куплю каштоўных папер рызыкне не кожны.

Цяпер у нашай краіне наладжана рэалізацыя карпаратыўных аблігацый. У адным з банкаў створана спецыяльнае прадпрыемства, якое гэтым займаецца. Прадаецца мноства аблігацый розных прадпрыемстваў і фінансавых кампаній. Гэта і добра вядомыя фірмы, і структуры, якія былі створаны нядаўна. Доларавая прыбытковасць гэтых каштоўных папер вар’іруецца ад 6% гадавых да 9%.

Дарэчы, не так даўно Мінфін нашай краіны запусціў у вольны продаж аблігацыі, якія намінаваныя ў кітайскіх юанях. Даходнасць у іх невялікая, усяго 3,8% гадавых. Але тут трэба ўлічваць, што курс юаня пастаянна расце. Акрамя таго, забеспячэннем гэтых аблігацый з’яўляецца рэспубліканскі бюджэт. Ёсць там аблігацыі і ў беларускіх рублях. Дык вось, максімальная стаўка даходнасці аблігацый у айчыннай валюце роўная 25% гадавых. Браць?

Зберажэнні трэба ўмець эканоміць

Важнае правіла, якое мы з жонкай стараемся выконваць, — гэта паход у краму са спісам. Калі выразна вызначаеш, якія прадукты неабходныя, менш шанцаў патраціцца на няважныя тавары.

Яшчэ невытлумачальны момант — грошы на банкаўскай картцы трацяцца хутчэй, чым наяўныя. Таму мы з жонкай пакідаем на ёй цяпер невялікія сумы. Так прасцей сачыць за сямейным бюджэтам, каб не патраціць выпадкова лішняе.

Крэдыты — гэта фінансавая залежнасць, ад якой лепш пазбавіцца. На першы погляд можа здацца, што яны ратуюць бюджэт ад непрадбачаных сітуацый або пакупак, якія неабходна здзейсніць тут і зараз. Але, калі чалавек бярэ крэдыт, ён заганяе сябе ў яшчэ большае безграшоўе. Крэдыт — гэта ілюзія таго, што ёсць фінансавыя сродкі.

Падаткі плаціць трэба абавязкова. І хачу нагадаць, што ў нас у краіне ёсць падатковыя льготы і вылікі, пра якія многія проста не ведаюць, а таму і не карыстаюцца ўсімі магчымасцямі. Напрыклад, чалавек узяў крэдыт на набыццё кватэры.

У некаторых грамадзян ёсць права скарыстацца падатковым вылікам у памеры 13% ад сумы ўнесеных грашовых сродкаў на пагашэнне крэдыту на кватэру, якія можна вярнуць, падаўшы пэўны пакет дакументаў па месцы працы. Таксама і з іншымі падатковымі льготамі, якія маюць некаторыя асобныя катэгорыі грамадзян: шматдзетныя сем’і, інваліды і іншыя. Важна ведаць пра ўсе магчымасці. Такая эканомія сродкаў дапаможа накіраваць грошы на нешта важнае.

Інвестыцыі ў здароўе — эканомія. Здавалася б, інвестыцыі і эканомія — зусім пра розныя рэчы. Але не гэтым разам. Лекі і лячэнне каштуюць досыць дорага. Калі не клапаціцца пра сваё здароўе і самаадчуванне, то ў адзін цудоўны дзень гэта можа выліцца ў нешта сур’ёзнае. Тады на лячэнне сыдуць вялікія грошы, а магчымасці зарабляць проста не будзе. У дадзенай сітуацыі інвестыцыі ва ўласнае здароўе дапамогуць сэканоміць будучыя сродкі.

І яшчэ. Не рабіце пакупкі ў дзень зарплаты. На думку многіх псіхолагаў, менавіта ў гэты перыяд грошы трацяцца хутка і лёгка, бо здаецца, што іх досыць шмат. Многія чакаюць дня, калі прыйдзе заробак, і толькі тады ідуць па пакупкі. А варта было б іх рабіць па меры неабходнасці. Такім чынам вы не купіце непатрэбныя рэчы. У канцы месяца многія застаюцца з невялікай колькасцю грошай і зноў пачынаюць чакаць запаветнага дня, калі фінансы паступяць на картку.

Часцяком буйныя пакупкі патрабуюць вялікай колькасці грашовых сродкаў, якія не заўсёды ёсць у адкладзенай суме. Такія пакупкі варта планаваць загадзя. Неабходна разбіць увесь кошт на пэўную колькасць месяцаў (у залежнасці ад вашых магчымасцяў) і адкладаць патрэбную суму. Замест гэтага многія звяртаюцца да крэдытаў. Аднак яны дакладна не пра эканомію.

Але ёсць і непрадбачаныя пакупкі, напрыклад, зламаўся халадзільнік, які рамонту не падлягае. Для форс-мажораў павінна быць сума ў рэзерве, якую неабходна загадзя адкладаць.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.