Вы тут

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага праходзіць выстаўка скульптур


Многія дзесяцігоддзі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі здзіўляў публіку цудоўнымі скульптурнымі знаходкамі. Ён умеў звярнуць на сваю творчасць увагу не толькі гледачоў і мастацтвазнаўцаў, але і функцыянераў: усё ж шмат у чым ад іх залежала тое, ці будзе стаяць, напрыклад, помнік Янку Купалу ў цэнтры беларускай сталіцы. Быць даспадобы шырокай публіцы, дагаджаць ёй і адначасова спрабаваць эксперыментаваць у складаным мастацтве скульптуры, мусіць, было цяжка, але Льву Гумілеўскаму гэта адназначна ўдавалася.


Леў Гумілеўскі, Сергей Гумілеўскі «Мне нагаварыцца б з бацькам, з маці... (Максім Танк)», 2015 г.

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на выстаўцы «Шлях», прымеркаванай да юбілею сына Льва Мікалаевіча Сяргея Гумілеўскага, прадстаўлена значная колькасць работ народнага мастака. Многія з іх мала сказаць знаёмыя айчыннаму гледачу — яны даўно сталі часткай гарадской прасторы. Гаворка не толькі пра Мінск, бо помнікі, мемарыяльныя дошкі, створаныя майстрам у суаўтарстве ці самастойна, знаходзяцца ў Гомелі і Смаргоні, Бабруйску і Глыбокім... Надмагільны помнік Максіму Багдановічу ў Ялце створаны Львом і Сяргеем Гумілеўскімі, як і скульптура Янку Купалу ў Маскве. А ў Вільнюсе на адным з дамоў вісіць мемарыяльная дошка, прысвечаная Францішку Багушэвічу. Яе аўтар таксама Леў Гумілеўскі. Выстаўка «Шлях» якраз нагадвае пра гэтыя вядомыя і дазваляе пазнаёміцца і з меней знакамітымі работамі. 

Так, вельмі выразным падаецца «Партрэт сына», створаны ў 1980 годзе. Выяўлены малады чалавек — увасабленне сталення і ўласцівых гэтаму працэсу мэтанакіраванасці, смеласці, неабыякавасці. Падобных асабістых твораў на выстаўцы няма, хіба толькі лаканічная скульптура Міхаіла Сеўрука (2012). У дзяцінстве Леў Гумілеўскі займаўся ў студыі мастака ў Нясвіжы, там і рабіў першыя крокі ў мастацтве. 

Леў Гумілеўскі часта звяртаўся да вобраза рамы ў скульптуры — гэткая спасылка на жывапіс. Ужыванне такога прыёму было надзвычай прадуманае. Напрыклад, твор «Навасёлы» (год стварэння не пазначаны) паказвае мужчыну, жанчыну і дзіця на парозе дома, рама тут – адлюстраванне дзвярнога праёма. Гэта дакладная метафара абароненасці пэўнай прасторай, згуртаванасці маладой сям’і, новай старонкі ў жыцці. Яшчэ адзін зварот да рамы сустракаецца ў скульптуры, прысвечанай Міхаілу Савіцкаму (1983): народны мастак у стрыманым адзенні басанож нясе падрамнік. Але ён незвычайны: не адразу нават кідаецца ў вочы, што на ім размешчаны не звыклыя шыкоўныя ўзоры, а выявы воінаў і ахвяр — ключавыя героі мастака. 

Леў Гумілеўскі «Сустрэча», 1981 г.

Значная частка творчасці Льва Гумілеўскага прысвечана, вядома, беларусім пісьменнікам, асабліва спадчыне і асобе Янкі Купалы. Увагу выклікае твор, які адлюстроўвае трагедыю: скульптура «Я адплаціў народу (Янка Купала)» (год стварэння не пазначаны) — аўтарскі погляд на таямніцу смерці паэта. Матыў смутку ўвогуле падаецца адным з ключавых. Погляд героя, у якім счытваецца цяжкая думка, рух рукі як сведчанне імкнення абараніцца, выразная пастава — адчуванне болю, цяжару, стомленасці... Ва ўсім гэтым Леў Гумілеўскі дасягнуў сапраўдных вышынь. 

І ўсё ж скульптар быў рамантыкам — часам ён, відаць, прыхарошваў рэчаіснасць, выдаваў уяўнае за сапраўднае, ажыццяўляў мару. Не дзіва, што працаваў пераважна над вобразамі далёкіх ад нас асоб, звяртаўся і да казачных сюжэтаў. Але ўсё ж часта Леў Гумілеўскі паўставаў сапраўдным рэалістам. Як доказ — «Партрэт Уладзіміра Караткевіча» (2015), бясспрэчны шэдэўр. 

Леў Гумілеўскі «Партрэт Уладзіміра Караткевіча», 2015 г.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.