Вы тут

У Паўночным завулку Мінска адкрыўся новы музей


У Мінску таксама ёсць месцы, дзе жыве так званы genius loci, дух горада — і адно з такіх месцаў, безумоўна, Паўночны завулак, які знаходзіцца каля плошчы Францішка Багушэвіча, непадалёк ад гістарычнага прадмесця Грушаўка. Каб патрапіць сюды, трэба падняцца ад станцыі метро па высокай лесвіцы — і гэта таксама стварае адчуванне асаблівай атмасферы месца, адгароджанага ад сучаснага горада. Бо тут захавалася ўнікальная драўляная забудова пачатку ХХ стагоддзя, унесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Жылі тут напачатку супрацоўнікі чыгункі — для іх і быў створаны завулак, у 1920-х сяліліся маладыя паэты і пісьменнікі... Сёння тут многае змянілася: нешта знікла, нешта перабудавана... Але гістарычнае аблічча засталося. І вось на Дзень горада для мінчан быў зроблены выдатны падарунак — у Паўночным завулку адкрыўся новы музей, экспазіцыя якога распавядае пра гісторыю Паўночнага завулка і Грушаўскага прадмесця. 


Экспазіцыя размясцілася ў трох драўляных будынках — яны былі перанесеныя на новае месца з-за будаўніцтва мятро і перададзеныя Мемарыяльнаму музею-майстэрні Заіра Азгура, філіялам якога і з’яўляецца новы музей. Экспанаты падрыхтаваныя сумеснымі намаганнямі музея-майстэрні Заіра Азгура, Музея гісторыі горада Мінска і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

У першым з дамоў размясцілі экспазіцыю «Сілуэты старога Мінска: Паўночны завулак і Грушаўскае прадмесце». Там можна ўбачыць фотаздымкі драўлянай забудовы канца XIX – пачатку ХХ стст., арыгінальную драўляную ліштву і шыльдачкі з дамоў, якія, на жаль, ужо зніклі.

У другім доме наведвальнік трапляе ў інтэр’еры стогадовай даўніны: тут адноўленая абстаноўка кватэр сям’і служачага Лібава-Роменскай чыгункі Канстанціна Андрэеўскага і сям’і рабочага-рэвалюцыянера Іосіфа Голубева. Рэканструкцыя кватэры Голубева, між іншым, была зроблена паводле кнігі ягоных успамнаў 1916-1923 гг. «Шчасце маё...». 

Кожная рэч тут мае векавы ўзрост. Лялька, якая сядзіць на скураной канапе, піяніна, манекен, знойдзены на гарышчы аднаго з дамоў Паўночнага завулка, посуд; дарэчы, адзін з кубкаў, частку сервізу «Шасцярэнькі», упрыгожаны супрэматычнымі матывамі, можна пабачыць на фотаздымку сям’і Андрэеўскіх 1930-х гадоў. Усё тут перададзена былымі жыхарамі Паўночнага завулка, кожная рэч памятае дотыкі рук колішніх мінчукоў: гульня «Лато» — добра захавалася вышываная торбачка з бочачкамі і скрынка з картамі, прас, грамафон, швейная машынка, калодкі для вырабу абутку, бляшанка ад цукерак фабрыкі «Камунарка»... А вось што гэта за рэч, не кожны здагадаецца: шкляны сасуд з паперкамі з лічбамі ўнутры – насамрэч гадзіннік-каляндар, які належаў Іосіфу Голубеву. 

У трэцім будынку — выстава прац беларускай мастачкі Галіны Азгур, жонкі народнага мастака СССР і Беларусі Заіра Азгура. На адным з пейзажаў можна пабачыць і сілуэт самога славутага скульптара. 

Наведаць новы музейны комплекс, пазнаёміцца з гісторыяй Мінска, перанесціся ў атмасферу пачатку ХХ стагоддзя можна з серады па нядзелю, з 11.00 да 19.00.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.