Вы тут

Духоўны код малой радзімы


У Шчучыне адбылося ўрачыстае завяршэнне ўнікальнага праекта, прысвечанага старажытным сядзібам Беларусі. Апошнім томам выдання стала кніга з апісаннем славутасцяў двух раёнаў Гродзеншчыны — Смаргонскага і Шчучынскага. Аўтар усяго цыкла — знакаміты краязнаўца, доктар біялагічных навук, даследчык Анатоль Федарук. На жаль, летась яго не стала. Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 83 гадоў. Але матэрыял, які ён сабраў, працягвае выходзіць з друку. У Выдавецкім доме «Звязда» убачылі свет два тамы яго праекта. Прэзентацыя апошняга тома прайшла ў былым палацы Друцкіх-Любецкіх, гісторыя якога таксама ўвайшла ў кнігу. Палац — адзін з нямногіх старажытных аб’ектаў, які поўнасцю адноўлены і даступны для наведвальнікаў.


Палац можна назваць візітнай карткай Шчучынскана раёна. Ён пабудаваны напрыканцы ХІХ стагоддзя. Доўгі час будынак быў безгаспадарчым, але дзесяць гадоў таму тут пачалася рэканструкцыя за кошт бюджэта. За два гады палац зноў набыў велічны выгляд і зараз тут размешчаны цэнтр дзіцячай творчасці. Таму лагічна, што прэзентацыя кнігі аб мясцовых сядзібах праходзіла менавіта ў такім знакавым месцы. Унікальнай можна лічыць і асобу аўтара кнігі.

— Доктар біялагічных навук, даследчык старажытных сядзібаў Анатоль Тарасавіч Федарук на працягу многіх дзесяцігоддзяў самастойна абышоў усе тыя адрасы, пра якія расказаў у сваім праекце. Ён падарожнічаў з фотаапаратам, з нататнікам, фіксаваў усё тое, што можна было знайсці не толькі на месцах існуючых замкаў, палацаў, але і там, дзе ад былой велічы засталіся толькі расліны. Ён такім чынам рэканструяваў у свядомасці сваіх чытачоў гэтыя мясціны, што кожны мог ўявіць, якое жыццё там адбывалася, якія прывозілі расліны, якія стваралі гербарыі, якія былі калекцыі жывапісу, мастацтва, кніжныя і архіўныя рукапісныя зборнікі. Ён вельмі шмат працаваў з замежнымі архівамі, быў дасведчаны ў частцы крыніцазнаўства па гісторыі сядзібаў, — паведаміў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. 

Як аказалася, літаратурная спадчына Анатоля Федарука даволі багатая. Адна з першых яго кніг — «Садова-паркавае мастацтва Беларусі» — выйшла яшчэ напрыканцы 80-х гадоў. З тае пары ён актыўна выдаваў вынікі свайго даследвання і працягваў падарожнічаць па Беларусі.

— У выдавецтве «Звязда» выйшлі дзве яго кнігі, прысвечаныя старажытным сядзібам Гродзенсшчыны. Апошні том прысвечаны Смаргонскаму і Шчучынскаму раёнам. Я спадяюся, што мы і надалей будзем выдаваць спадчыну Федарука, безумоўна, у яго рэдакцыі, але з сённяшнімі звесткамі пра тыя ці іншыя мясціны, — зазаначыў Алесь Карлюкевіч.

Найбольш цеснае супраўцоўніцтва аўтара адбылося з навуковым рэдактарам праекта, дацэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вольгай Папко. Яна займалася праверкай датаў, імёнаў, падзей, назваў маёнткаў, шукала старажытныя здымкі.

За 10 гадоў сумеснай работы адрэдактавана каля палутара тысяч старонак самага грунтоўнага твора Анатоля Федарука аб сядзібах Беларусі. Ён апісаў Мінскую, Брэсцкую і Гродзенскую вобласць. І калі на першыя два рэгіёны прыйшлося па адным томе, то на Гродзенскі – ажно пяць. Аказалася, што тут больш за ўсё старажытных сядзібаў і паркаў. Дарэчы, менавіта з раслін і пачаліся даследванні Федарука.

— Анатоль Тарасавіч у 80-ыя гады працаваў намеснікам дырэктара батанічнага сада Акадэміі навук, а ў той час навукоўцы ездзілі па рэгіёнах, даследавалі экзатычныя расліны на старажытных сядзібах. У рамках гэтай працы ў яго з’явілася цікавасць да саміх сядзібаў, ён рабіў здымкі. Таму ў яго кнігах мы бачым, што адбывалася на тых сядзібах на працягу гісторыі, і што зараз ёсць. На жаль, многія страчаны. Некаторыя адноўлены і пачалі працаваць як музеі, некаторыя выкарстоўваюцца як бальніцы, школы, у некаторых нават жывуць людзі. 

На думку Вольгі Папко сядзібныя даследванні маюць і практычнае значэнне. Працягваецца вывучэнне раслін паркавай тэрыторыі. Паколькі ўладальнікі сядзібаў высаджвалі тут экзатычныя расліны, знаходзяцца аматары, якія ездзяць туды і збіраюць насенне. Правільная работа ў гэтым кірунку магла б узбагаціціь нашы беларускія ландшафты і паркавыя зоны, лічыць навукоўца.

Таксама гэтыя выданні можна скарыстаць пры складанні гістарычнай даведкі пра тую ці іншую сядзібу. Гэта патрэбна пры набыцці такіх аб’ектаў у арэнду ці ўласнасць. У свой час аўтар кніг кансультаваў уладальнікаў сядзібаў, дапамагаў у рэстаўрацыі і быў спецыялістам, якога ведалі па ўсёй краіне.

На жаль, пераважная большасць славутых маёнткаў страчана альбо разбураецца. У двух раёнах з больш чым 40 апісаных аб’ектаў дзейнічае толькі 5-6 старажытных сядзібаў, самыя значныя з якіх – гэта Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх і музей-сядзіба Агінскага ў Залессі. Мясцовыя ўлады шукаюць шляхі іх захавання. Напрыклад, зараз вырашаецца пытанне па палацы Чацвярцінскіх у гарадскім пасёлку Жалудок. Велічны двухпавярховы будынак з мансардай размешчаны ў цэнтры старога парка. Калісьці яго набыў расіянін, але ўмовы па аднаўленні не выканаў, таму ёсць судовае рашэнне па вяртанні палаца ў дзяржаўную маёмасць. Пры вырашэнні ўсіх пытанняў з аб’ектам будзе працягвацца работа надалей.

— Мы будзем працаваць з гэтым палацам, будзем шукаць магчымасць зберагчы такія аб’екты. У гэтым сэнсе кніга «Сядзібы Гродзеншчыны», у прыватнасці, з апісаннем Шчучынскага раёна, даволі грунтоўная, — лічыць старшыня Шчучынскага райсавета Ганна Хвядзюк. — Вось у нас у Вялікім Мажэйкаве знаходзяцца элементы сядзібы Гурнофель, Дэмбрава — таксама толькі рэшткі... І нам важна захаваць гэта. Тое, што ёсць, зносіць не плануем. Ёсць пагроза знішчэння натуральным шляхам, многія менавіта такім чынам разбураюцца. Канешне, хочам захаваць усё.

А між тым на тэрыторыі таго ж Шчучынскага раёна нямала славутых мясцін. Напрыклад, у вёсцы Новы Двор быў маёнтак вядомай беларускай паэткі і пісьменніцы Элаізы Ажэшкі, якая друкавалася пад псеўданінімам Цётка і выдала першы беларускі буквар для дзетак. Яна пахавана ў сваёй вёсцы, мясцовая школа носіць імя паэткі, а вось сядзіба не захавалася. Па словах намесніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько, у кнізе Анатоля Федарука, шмат інфармацыі аб сядзібе Пашкевічаў, аб якой у Шчучыне нават не ведалі. Такім чынам, кніга дапаможа пры падрыхтоўцы да навукова-практычных канферэнцый, якія звязаны з даследваннем старажытных сядзібаў. Таксама выданне будзе цікавым і ў асабістым плане як напамін аб малой радзіме, яе гістарычным мінулым. «Школьнікі будуць чытаць кнігу, і, магчыма, больш беражна ставіцца да таго, што мы маем. Праз гістарычную памяць абуджаецца любоў да роднага краю», — упэўнена Жанна Мецько.

Аб гэтым сведчыць і выстаўка дзіцячых малюнкаў і макетаў, якія былі прадстаўлены падчас прэзентацыі кнігі. Работы адлюстроўваюць славутасці Шчучына і Гродзенскай вобласці. Як расказала настаўнік Дзіцячай школы мастацтва Святлана Бярозкіна, дзецям такія аб’екты вельмі цікавыя, бо паралельна з малюнкам адбываецца знаёмства з гісторыяй мясцовасці і будынка. Гэта заўсёды прыцягвае ўвагу дзяцей, многія ганарацца гэтымі ўнікальнымі аб’ектамі, імкнуцца з дапамогай розных тэхнік ўнесці сваё бачанне гістарычных месцаў. 

Магчыма, будучае пакаленне не застанецца ўбаку ад лёсу тых маёнткаў, якія дзе-нідзе яшчэ сустракаюцца ў рэгіёнах краіны. Бо захаваць памяць, безумоўна, важна, але яшчэ важней захаваць і пры магчымасці аднавіць хаця б рэшткі гэтых сядзібаў. Мы бачым, якая значная работа вядзецца адносна аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, як аднавіліся старажытныя замкі, крэпасці, палацы. Магчыма, чарга дойдзе і да былых сядзібаў, якія таксама могуць стаць вядомымі турыстычнымі і сацыяльнымі аб’ектамі. У гэтым сэнсе даволі слушныя разважанні выказаў начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі. Ён нагадаў, што многія аб’екты, якія апісаны ў кнізе Анатоля Федарука, былі драўлянымі, а праз гэтыя мясціны прайшлі дзве сусветныя вайны, ды і цэгла таксама разбураецца. Часам ад былога застаецца толькі малюнак, здымак, альбо кніга. 

— Пакуль ідзе гаворка аб тым, каб аднавіць гэтыя сядзібы як культурны і духоўны код, — лічыць субяседнік. — Мне складана сказаць, ці мы можам аднавіць кожную сядзібу за пэўны час, гэта складана і з фінансавага пункту гледжання. Асабліва ў рамках бюджэта раёна. Але можна пафантазіраваць, што такая магчымасць з’явіцца, будуць нейкія спонсары, дастатковыя сродкі. А што аднаўляць, калі толькі фундамент? І тут мы адкрываем кнігу, бачым выяву гэтай сядзібы па старых здымках ці малюнкх, яе апісанне. Бачым, як парк выглядаў, гаспадарчыя пабудовы — нам ёсць адкуль стартаваць.

Ці гэта код наш генетычны, ці тое, што многае адыходзіць у мінулае, але патрэба ва ўсведамленні гістарычнай спадчыны не згасае, у тым ліку з боку новых пакаленняў. Наадварот, па словах дырэктра турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Кацярыны Бодак, запыт на гістарычныя маршруты толькі расце. Іх у Шчучыне некалькі, у склад уваходзіць каля 30 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца палац Друцкіх- Любецкіх, які таксама некалі стаяў і разбураўся. А цяпер тут, лічы, турыстычная мека, будынак жыве і радуе дзяцей і дарослых. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.