Вы тут

Новае ў галіне кінадраматургіі: прапановы Саюза пісьменнікаў. 1953...


«Загадчыку аддзела мастацкай літарамтуры і мастацтва ЦК КП Беларусі

тав. Буславу К. П. 

Праўленне Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР дасылае Вам план мерапрыемстваў ССП БССР па паляпшэнню работы ў галіне кінадраматургіі, распрацаваныя намі ў сувязі з даручэннем бюро ЦК КПБ. 

Сакратар Праўлення ССП БССР Пав. <...> Кавалёў». 


Фільм па п’есе Крапівы «Хто смяецца апошнім» быў зняты ў далёкім 1954-м.

Перш чым звярнуцца да самога зместу «плана мерапрыемстваў», які разам з суправаджальнай запіскай пісьменніка і літаратурнага чыноўніка са стажам Паўла Нічыпаравіча Кавалёва захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, звернем увагу на дату, якой пазначаны дакумент. 5 сакавіка 1953 года... Менавіта ў гэты дзень з Саюза Савецкіх Пісьменнікаў БССР «выправіўся» дакумент у высокую партыйную інстанцыю. Важная папера паступіла ў ЦК партыі 6 сакавіка. Загадчык аддзела мастацкай літаратуры размашыстым почыркам пазначыў: «В дело». Збоку ёсць яшчэ адна храналагічная пазнака: «7. III. 53 г.». Відаць, гэта ўжо часавую гісторыю важнай паперы прадоўжыў справаводца, перадаючы ліст з пісьменніцкай арганізацыі ў «цянёты архіваў». Ніякай жа рэзалюцыі на плане мерапрыемсnваў альбо на суправаджальным лісце Паўла Кавалёва няма... Даручэнне бюро ЦК КПБ пісьменнікі выканалі, склаўшы план мерапрыемстваў, — і дастаткова!..

5 сакавіка 1953 г. вечарам на 75-м годзе жыцця памёр кіраўнік Савецкай дзяржавы — Старшыня Савета Міністраў СССР і на той час Сакратар ЦК КПСС (Генеральным сакратаром Сталін перастаў быць яшчэ ў 1934; хаця, зразумела, і кіраўніцтва Камуністычнай партыяй было на ім як на першай асобе) Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. Яго знайшлі ў ноч з 1 на 2 сакавіка ахоўнікі ў малой сталовай на Бліжняй дачы ў Кунцава. Правадыр, які наводзіў страх і выклікаў захапленне мільёнаў людзей вялікай Савецкай краіны, ляжаў у бездапаможным стане... Толькі 4 сакавіка было абвешчана пра хваробу Сталіна, былі надрукаваны і перадаваліся па радыё бюлетэні пра стан яго здароўя. Згадваліся прызнакі цяжкага стану: інсульт, страта свядомасці, параліч цела, аганальнае дыханне. У той самы дзень было склікана экстрэннае паседжанне Бюро Прэзідыўма ЦК КПСС. На паседжанні была спынена дзейнасць Бюро. Яго злілі з Прэзідыўмам ЦК. Рэфармацыі ажыццявілі і ў дачыненні да ўрада СССР. Урад узначаліў Георгій Маленкоў... Словам, ішла дзяльба ўлады... Пра смерць Сталіна абвясцілі па радыё 6 сакавіка ў 6 гадзін раніцы. 6 — 9 сакавіка савецкі народ развітваўся са Сталіным. Па ўсёй краіне праходзіў траўр. Труна з целам пакойніка была ўсталявана ў Доме Саюзаў. Пахаванне прайшло 9 сакавіка... Якімі клопатамі жылі ў той час у рэспубліканскім ЦК — можна толькі здагадвацца. І тым не меней жыццё ішло, прадаўжалася. Мо і дакумент, прынесены Буслаеву, ужо не ўяўляў ранейшай цікавасці?..

Кароткае адступленне. Павел Нічыпаравіч Кавалёў (1912 — 1995), які падпісаў справаздачу ў ЦК, — празаік, драматург, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў — з 1945 года. З 1943 па 1944 гг. служыў старшым памочнікам начальніка аддзялення друку ў Цэнтральным штабе партызанскага руху. Пасля расфарміравання штаба быў памочнікам спачатку трэцяга сакратара ЦК КП(б)Б, затым — першага сакратара ЦК КП(б)Б. З 1946 г. — адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў. У 1967 — 1972 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Аўтар некалькіх кніг прозы («Прага бою», «Падзенне Хвядоса Струка», «Дзень першы, ноч апошняя», Пакінь нас, трывога«), некалькіх п’ес («Подзвіг», «Рабочая кроў» і інш.). Пісаў і творы для дзяцей.

Казімір Паўлавіч Буслаў (1914 — 1983) — беларускі савецкі філосаф. У 1947 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП (б). У 1944 — 1948 гг. — лектар ЦК КП(б)Б. У 1951 годзе Буслаў закончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1951 — 1956 гг. — загадчык аддзела мастацкай літаратуры ЦК КПБ. У 1956 годзе прызначаны дырэктарам Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР. Зрабіў паспяховую кар’еру ў навуцы. Абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыю па філасофіі. Быў абраны: спярша — членам-карэспандэнтам АН БССР, затым — правадзейным акадэмікам АН БССР (1972). Апублікаваў болей 60 навуковых прац, сярод іх — чатыры манаграфіі. Характэрнай з’яўляецца назва адной з іх: «Сацыяльнае адзінства, супярэчанні, адказнасць». Адна з апошніх кніг партыйнага філосафа — манаграфія «Фарміраванне сацыяльнага ў чалавеку», якая была выдадзена ў Мінску ў 1980 годзе. 

Што ж за мерапрыемствы планавалі ажыццявіць ў Саюзе пісьменнікаў у 1953 годзе як найхутчэй?.. План, зацверджаны Прэзідыўмам ССП БССР яшчэ 25 лютага 1953 г., называецца наступным чынам: «Мерапрыемствы Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР па паляпшэнню работы ў галіне кінадраматургіі». А мерапрыемствы наступныя: «1. Для актывізацыі і павышэння тэарэтычных ведаў маладых сцэнарыстаў арганізаваць у маі месяцы г. г. дзесяцідзённы семінар па кінадраматургіі. Для чыткі лекцый, правядзення творчых гутарак па пытаннях кіно і кіраўніцтва практычнымі заняткамі на семінары прасіць праўленне ССП СССР накіраваць у Мінск трох лепшых кінасцэнарыстаў, а Міністэрства Кінематаграфіі БССР — вылучыць для гэтай жа мэты групу кінарэжысёраў. 

2. Пісьменнікам, якія зрабілі творчыя заяўкі на напісанне сцэнарыяў і маюць патрэбу ў паездках для збору матэрыялаў, выдаць творчыя камандзіроўкі са сродкаў ССПБ. 

3. Звярнуцца з пісьмом у абласныя аддзяленні ССП з мэтай выяўлення і прыцягнення ў кіно новых кадраў маладых кінадраматургаў з перыферыі. 

4. Абавязаць секцыю драматургіі і кіно абавязкова абмяркоўваць усе лібрэта і сцэнарыі беларускіх пісьменнікаў да здачы іх у кінастудыю. 

5. Узяць пад непасрэдны нагляд і творчай дапамогі работу пісьменнікаў М. Паслядовіча, І. Шамякіна, А. Маўзона, А. Макаёнка. К. Губарэвіча, В. Вольскага, М. Блісцінава, якія працуюць над новымі сцэнарыямі. 

6. Паставіць перад кіраўніцтвам кінастудыі „Беларусьфільм“ пытанне аб абавязковым прымацаванні к пісьменнікам, якія пішуць сцэнарыі, у якасці кансультантаў вопытных кінарэжысёраў. 

7. Для папулярнасці кінематаграфічных твораў прасіць Бедзяржвыдавецтва выдаць асобным зборнікам сцэнарыі беларускіх пісьменнікаў („Канстанцін Заслонаў“ А. Маўзона, „Советская Беларусь“ К. Губарэвіча, „Пяюць жаваранкі“ К. Крапівы, „Расвет“ М. Паслядовіча і „Белая вежа“ М. Блісцінава)». 

Які ж плён адбыўся ў выніку? Што было здзейснена ў беларускім кінематографе ў 1953-м і ў наступныя гады?.. Да гледача прыйшла карціна «Пяюць жаваранкі» (яшчэ ў 1950 годзе Кандрат Крапіва апублікаваў аднайменную п’есу; рэжысёрамі фільма выступілі Уладзімір Корш-Саблін І Канстанцін Саннікаў), а яшчэ — кінафільмы «Дзеці партызана», «Хто смяецца апошнім», «Беларускі канцэрт», «Зялёныя агні», «Несцерка», «Міколка-паравоз»... У 1958 годзе на экраны выйшаў неблагі фільм «Чырвонае лісце» па сцэнарыі Аркадзя Куляшова і Алеся Кучара. Дарэчы, Кучар напісаў (у сааўтарстве з М. Фігуроўскім) таксама і сцэнарый «Гадзіннік спыніўся апоўначы». І «Міколка-паравоз», і «Чырвонае лісце», і «Гадзіннік спыніўся апоўначы» некалькі дзесяцігоддзяў не сыходзілі э экранаў кінатэатраў, шмат разоў былі паказаны па тэлебачанню. І ўсё ж масавага ўдзелу пісьменнікаў у беларускім кінапрацэсе не атрымалася. Прычыны на тое самыя розныя. І не толькі пісьменніцкая супольнасць вінаватая ў тым, што кінашэдэўраў усё ж не з’явілася... 

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.