Вы тут

Як абараніць сябе і хатніх гадаванцаў ад шаленства?


Па даных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, штогод пасля кантакту з жывёламі па антырабічную дапамогу звяртаецца каля 20 тысяч чалавек, у тым ліку і пасля кантакту з хворымі на шаленства жывёлінамі. Апошніх — 200–300 чалавек за год. Аднак дзякуючы імунізацыі тых, хто звяртаецца, з 2013 года да цяперашняга часу выпадкаў шаленства сярод людзей у нашай краіне няма. Спецыялісты расказалі, як абараніць сваіх хатніх гадаванцаў ад гэтага захворвання і засцерагчыся самому.


Абавязкова прышчапіць

Адметна, што шаленства — адна з самых старажытных інфекцый, вядомая чалавецтву яшчэ да нашай эры. Дагэтуль штогод хвароба прыводзіць да гібелі людзей ва ўсім свеце. Асноўнай крыніцай інфекцыі з’яўляюцца драпежныя і бяздомныя жывёліны, а таксама тыя, што не праходзілі вакцынацыю.

Гэта інфекцыйнае захворванне цеплакроўных жывёлін і людзей, а вось сярод тых жа птушак яно не сустракаецца. Што датычыцца жывёлін, то адзіным спосабам прафілактыкі з’яўляецца імунізацыя. А вось спосабаў лячэння гэтай хваробы ў жывёлін няма. А адзіны спосаб паставіць дыягназ — пасмяротная дыягностыка. Таму асноўны спосаб выратаваць гадаванца — своечасова зрабіць прышчэпку.

— Не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце праводзіцца імунапрафілактыка драпежных жывёлін, — расказвае намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Дарафейчык. — У Беларусі такая работа праводзіцца штогод у два этапы — вясной і восенню. Апрацоўваецца каля 59 тысяч км2 і раскідваецца каля 2,7 мільёна прынад.

Гэта дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў: калі да правядзення дадзеных мерапрыемстваў, у 2009–2010 гадах, сярод драпежных жывёлін рэгістравалася каля тысячы выпадкаў шаленства, то летась — усяго 164.

Прынады, абалонкі якіх складаюцца з коснай мукі і ўтрымліваюць унутры вакцыну, раскідваюцца з самалётаў. Яны прывабліваюць жывёлін, якія ласуюцца такой знаходкай і атрымліваюць ахову ад інфекцыі. Такім чынам апрацоўваюцца лясныя масівы, палі, сенажаці, выключаючы населеныя пункты, жыхароў якіх загадзя папярэджваюць. Калі прынада трапіла на тэрыторыю населенага пункта, не трэба яе разломваць, а варта аднесці ў лес і пакінуць, дзе яе знойдзе жывёліна.

Сёння выкарыстоўваюцца прынады айчыннага вытворцы — віцебскага прадпрыемства «БелВітуніфарм». Тут вырабляецца як сама прынада, так і начынне — вакцына. Гэта ж прадпрыемства ажыццяўляе выпуск і антырабічнай вакцыны, якой прышчапляюць хатніх гадаванцаў і буйную рагатую жывёлу. Сёння яна маюцца ў наяўнасцю ў кожнай раённай ветэрынарнай станцыі.

— Усе краіны вядуць барацьбу супраць шаленства. Некаторыя ўжо прызнаны вольнымі ад гэтага захворвання. Гэта карпатлівая работа, якая вымагае штодзённых мерапрыемстваў, і мы ідзём па гэтым шляху. Вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку і недапушчэнне завозу і распаўсюджання. Яны ўключаюць эпізаатычны нагляд: адбіраюцца пробы, аналізуецца сітуацыя як у лясах, так і ў прыватным сектары. Праводзіцца вакцынацыя драпежных і хатніх жывёлін. Згодна з заканадаўствам, вакцынацыя супраць шаленства ў Беларусі з’яўляецца абавязковай. Праводзіцца кантроль за папуляцыяй бяздомных жывёлін. Яшчэ адзін важны фактар — адказнае стаўленне да свойскай жывёлы. Гэтыя меры дазволяць мінімізаваць колькасць выпадкаў шаленства, — рэзюмуе Ігар Дарафейчык.

Як адзначае загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія Ляшкевіч, на жаль, захворванне для чалавека таксама смяротнае, і пры яго развіцці лячэння няма. У свеце не зарэгістравана выпадкаў вылечвання ад шаленства. Аднак дзякуючы мерапрыемствам па імунізацыі тых, хто звяртаецца па дапамогу, з 2013 года да цяперашняга часу выпадкаў шаленства сярод насельніцтва няма.

Вельмі часта з бяздомнымі ці драпежнымі жывёламі кантактуюць дзеці. Таму бацькі мусяць растлумачыць правілы паводзін пры сустрэчы з такой жывёлінай: абавязкова расказаць пра такі кантакт, каб своечасова звярнуцца ў медустанову, дзе па паказаннях будзе прызначана антырабічная дапамога.

Каб пазбегнуць заражэння самому…

Найперш важна пазбягаць кантакту з драпежнымі і безнагляднымі жывёламі. Калі падабралі бяздомную жывёліну, варта паказаць яе ветэрынарнаму ўрачу, які зробіць агляд, выключыць інфекцыйныя хваробы і прызначыць пры неабходнасці прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства і іншых небяспечных хвароб.

Калі на прыватны падворак забегла драпежная жывёла, трэба прыняць меры перасцярогі, пазбягаць з ёй кантакту і інфармаваць адпаведныя службы, якія займаюцца адловам.

Калі кантакту з жывёлінай не ўдалося пазбегнуць, абавязкова неабходна пры атрыманні пашкоджанняў у максімальна кароткія тэрміны апрацаваць месца кантакту, а гэта як укус, так і драпіны, і асліненне. Яны таксама небяспечныя, бо віруснае захворванне пры наяўнасці нават нябачных воку мікрапашкоджанняў, можа перадавацца.

Месца кантакту варта прамыць праточнай вадой з мылам і антысептыкам, у дадзеным выпадку лепш за ўсё павідон ёд і іншыя ёдаўтрымлівальныя сродкі. У тыя ж суткі варта звярнуцца па антырабічную дапамогу ў арганізацыю аховы здароўя. Урач пры неабходнасці прызначыць курс антырабічных прышчэпак.

— На шчасце, Міністэрства аховы здароўя валодае арсеналам сродкаў для імунапрафілактыкі як для лячэбна-прафілактычнай посткантактнай імунізацыі, так і для прафілактычнай імунізацыі прафесійных кантынгентаў рызыкі імунабіялагічнымі сродкамі. Гэта антырабічная вакцына і антырабічны імунаглабулін, які прызначаецца пры небяспечных катэгорыях пашкоджанняў, — удакладняе Анастасія Ляшкевіч.

Найбольш небяспечнымі з’яўляюцца пашкоджанні галавы, твару, шыі, кісцей рук, ступняў, пальцаў. Яны найбольш рызыкоўныя для ўзнікнення шаленства. Пры гэтым варта памятаць: чым раней пачата імунізацыя, тым большая верагоднасць спрыяльнага зыходу. Толькі ранні зварот дапаможа не дапусціць узнікнення захворвання.

Акрамя таго, недапушчальна адмаўляцца ад правядзення імунізацыі, калі ўрач палічыў неабходным яе прызначыць, ці самавольна перапыняць курс антырабічнай імунізацыі. Калі за жывёлінай магчымае ўстанаўленне 10-дзённага назірання (імунізацыя пачынаецца ў незалежнасці ад такой магчымасці), ветэрынарныя спецыялісты па яе выніках робяць заключэнне і накіроўваюць яго ў медустанову. Калі жывёліна засталася здаровай, урач можа спыніць курс прышчэпак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.