Вы тут

Чарвяк пад скурай пасля ўкусу камара. Рэдкая паразітарная хвароба сустракаецца цяпер і на поўдні Беларусі


Нядаўна хірургі дасталі са сцягна пацыенткі з Рэчыцы паразіта. Аказваецца, такога гельмінта чалавек можа падчапіць з-за ўкусу заражанага камара. Па даных спецыялістаў Рэчыцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, гэта першы ў горадзе зарэгістраваны сёлета лабараторна пацверджаны выпадак дырафілярыёзу. Апошні выпадак быў выяўлены ў гэтым горадзе ў 2021 годзе: паразіта дасталі з вобласці левага перадплечча. А на тэрыторыі Беларусі першы выпадак захворвання чалавека дырафілярыёзам зарэгістраваны ў 1997 годзе. З таго часу па некалькі рэгіструецца штогод.

У перакладзе з лацінскай «дырафілярыёз» — «злая нітка». Аналогія звязана з вонкавым выглядам паразіта, які выклікае хваробу. Што гэта за хвароба? Як яна перадаецца, чым небяспечная і ці можна яе пазбегнуць, расказала ўрач-інфекцыяніст 22-я гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’я Петрачук.


— Дар’я Ігараўна, большасць з нас лічаць укусы камароў цалкам бяспечнымі, калі не лічыць раздражненне і сверб на скуры. Аказваецца, гэта зусім не так…

— Сапраўды, яны могуць выступаць не толькі ў ролі назойлівых кузурак, але і ў ролі пераносчыкаў узбуджальнікаў розных інфекцый і паразітаў. Інфіцыруючы чалавека пры ўкусе, можа развіцца захворванне дырафілярыёз. Яно сустракаецца часцей у краінах з цёплым і вільготным кліматам, напрыклад, у паўднёвых краінах Еўропы, краінах Афрыкі і Паўднёваўсходняй Азіі, у паўднёвых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Але ў сувязі са змяненнем клімату і актыўнымі падарожжамі арэал яго распаўсюджвання пастаянна пашыраецца, і цяпер дырафілярыёз перастаў быць экзатычным захворваннем для Беларусі. Так, за год у Беларусі рэгіструюцца ад трох да дваццаці выпадкаў.

— Раскажыце пра гэту хваробу.

— Узбуджальнік захворвання — круглы чарвяк сямейства Fіlarііdae роду Dіrofіlarіa (ад лац. Dіrofіlum — «злая нітка»). Асноўны гаспадар гэтага паразіта — сабакі, але могуць выступаць лісіцы, тхары, кошкі. Заражэнне сабак і іншых жывёл адбываецца падчас сілкавання на іх камароў, у хабатку якіх знаходзяцца лічынкі чарвяка дырафілярый. Лічынкі, трапіўшы ў арганізм гаспадара, развіваюцца да палавой сталасці і становяцца здольнымі вырабляць патомства.

Самка дырафілярый у целе інфіцыраваных жывёлы кожныя суткі нараджае лічынак-мікрафілярый. Яны, у сваю чаргу, цыркулюючы ў крыві, не ўяўляюць непасрэднай небяспекі для іншых жывёл ці чалавека. Для далейшага развіцця гэтыя паразіты павінны трапіць у арганізм камароў, дзе праходзяць завяршальную стадыю развіцця і набываюць здольнасць інфіцыраваць іншых жывёл. Так праходзіць цыкл развіцця дырафілярый у жывёльным свеце.

Чалавек гэтак жа можа заразіцца праз камарыны ўкус, але яго арганізм для дырафілярый з’яўляецца чужародным асяроддзем, у якім яны не развіваюцца да палаваспелага стану, лічынкі не здольныя вырабляць патомства і размнажацца. Гэта значыць, чалавек з эпідэміялагічнага пункту гледжання — тупіковая стадыя развіцця гельмінта. Няма ў крыві мікрафілярый, і камар не здольны быць пераносчыкам інфекцыі.

— Чым тады захворванне небяспечнае для чалавека?

— Ва ўсіх выпадках у чалавека паразітуе толькі адна асобіна — няспелая самка дырафілярый. Перасоўваючыся па целе чалавека, яна расце, дасягаючы даўжыні 10–15 сантыметраў. Упадабанае месца «прыпынку» паразіта — орган зроку. У залежнасці ад лакалізацыі і ўзнікаюць скаргі. Гэта можа быць абмежаваная пухлінападобная прыпухласць павека, або пачырваненне кан’юнктывы, скаргі на слёзацячэнне, святлабоязь, можа быць і боль у вачніцы, мільганне «мушак» перад вачыма.

На другім месцы па распаўсюджанасці — падскурнае размяшчэнне чарвяка. Як правіла, у падскурным або падслізістым пласце з’яўляецца бязбольнае або балючае пухлінападобнае ўтварэнне, якое суправаджаецца лакальнымі пякотай і свербам з пачырваненнем над ім. Характэрна рухомасць «пухліны», бо гельмінт можа мігрыраваць на адлегласць да некалькіх дзясяткаў сантыметраў. Апісаны выпадкі лакалізацыі дырафілярыёзных «пухлін» у брушной поласці, падкаленнай вобласці, на сцягне і іншых месцах.

Дырафілярыёз можа суправаджацца галаўным болем, млоснасцю, слабасцю, болямі ў месцы лакалізацыі гельмінта з распаўсюджаннем болевых адчуванняў па ходзе нервовых ствалоў, адчуванне ціску, «поўзання чагосьці». Адметна, што часта спецыялісту на першым прыёме цяжка звязаць дадзеную сімптаматыку з гельмінтам.

— Як лечыцца гэта інфекцыя?

— Лячэнне дырафілярыёзу ў чалавека хірургічнае і заключаецца ў выдаленні гельмінта.

— Ці можна засцерагчы сябе ад захворвання?

— Прафілактыка захворвання людзей на дырафілярыёз павінна насіць сістэмны характар. Найважнейшы элемент складаюць ветэрынарныя мерапрыемствы, накіраваныя на крыніцу інвазіі. Гэта выяўленне інвазіраваных сабак, дэгельмінтызацыя, рацыянальнае ўтрыманне жывёл. Меры, накіраваныя на пераносчыкаў лічынак дырафілярый — камароў, з’яўляюцца часткай агульнай сістэмы процікамарыных мерапрыемстваў.

На індывідуальным узроўні для абароны ад нападу камароў варта выкарыстоўваць сродкі, якія адпуджваюць насякомых (рэпеленты), а таксама папярэджваць залёт гэтых кузурак у жылыя памяшканні.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.