Вы тут

«...Пасля нашага лячэння многія пацыенты вяртаюцца да працы»


У чалавека, які ўпершыню трапляе на тэрыторыю гэтай клінікі, можа з’явіцца ўражанне, што ён — у ваенным гарадку: па-першае, да самых будынкаў падступае лес, па-другое, сапраўдная (не муляж!) 76-міліметровая гармата ўзору 1942 года, якая, напэўна ж, граміла (і не толькі ў Беларусі) фашысцкае набрыддзе, і далей ад яе, на спецыяльных пляцоўках, гаўбіца, мінамётная ўстаноўка, баявая машына пяхоты... Адкуль яны тут і якую ролю выконваюць? — пытаю ў галоўнага ўрача Гомельскай універсітэцкай клінікі — абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, кандыдата медыцынскіх навук А. А. Іванцова.


Галоўны ўрач Алег Іванцоў і загадчыца другога аддзялення тэрапіі Наталля Спода з групай пацыентаў

— Гармата з’явілася да 70-годдзя нашай установы па спецыяльным распараджэнні міністра абароны ў гонар баявой адвагі параненых і кантужаных чырвонаармейцаў з аднаго боку і прафесійнага майстэрства медыкаў, якія ставілі іх на ногі — з другога, — распавядае Алег Анатолевіч. — Тады ж у нашага шпіталя (дарэчы, адзінай медустановы ў Беларусі) з’явілася права ў якасці музейных экспанатаў набываць розную баявую тэхніку. На сёння яе ўжо сем адзінак, і ўсе яны працуюць, калі можна так сказаць, на патрыятычнае выхаванне... 

Як, дарэчы, і створаная ў нас алея Славы, дзе ветэраны вайны могуць успамінаць сваё баявое мінулае, а моладзь — выхоўваць у сабе павагу да пакалення пераможцаў. Школьнікі Навабеліцкага раёна прыходзяць сюды на экскурсіі, разам з дарослымі бяруць удзел у святкаваннях Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, ва ўрачыстай абстаноўцы ўступаюць у піянеры, ганарацца дзядамі і прадзедамі, якія, не шкадуючы сябе, абаранялі Радзіму.

— За свае 80 з гакам гадоў ваша клініка прайшла некалькі этапаў развіцця…

— І сапраўды. «Эвакашпіталь № 1235» — гэта першая наша назва — быў створаны ў жніўні 1941 года ў горадзе Бійску і хутка стаў прымаць параненых чырвонаармейцаў... У 1944-м, калі фронт пакаціўся на Захад, шпіталь «пераехаў» у разбураны Гомель, дзе медыкам давялося асвойваць прафесіі муляраў, тынкоўшчыкаў, цесляроў... І пры гэтым, нягледзячы на цяжкасці, лячыць параненых, якія адпраўляліся на фронт біць ворага.

У наступныя, пасляваенныя гады, перад медперсаналам паўсталі задачы па аднаўленні здароўя інвалідаў і ветэранаў, навучанні іх новым прафесіям і нават працаўладкаванні, з якімі калектыў паспяхова спраўляўся і атрымліваў заслужаныя ўзнагароды.

— Вядома, што ваша лячэбная ўстанова некалькі разоў мяняла свой профіль.

— Так, і гэтыя змены дыктаваў сам час, само ўдасканаленне медыцынскай дапамогі…

У кожным рэгіёне Беларусі, дзе ёсць медыцынскія ВНУ, паводле даручэння кіраўніка дзяржавы, было прызнана мэтазгодным арганізаваць медыцынскія клінікі і такім чынам у адзінае цэлае звязваць навуку і практыку. Я лічу, што нашай установе ў гэтым плане пашанцавала. Яна не страціла свае ранейшыя функцыі, бо мы працягваем прымаць на лячэнне ветэранаў вайны і працы, вязняў фашысцкіх канцлагераў і гета, блакаднікаў Ленінграда, воінаў-інтэрнацыяналістаў, працаўнікоў тылу і г. д. А моладзь мае магчымасць пераймаць багаты практычны вопыт, што толькі на карысць і пацыентам, і справе.

Цяпер наша медыцынская ўстанова афіцыйна называецца «Гомельская ўніверсітэцкая клініка — абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны», тут працуюць чатыры кафедры нашага медуніверсітэта: неўралогіі і нейрахірургіі з курсам медыцынскай рэабілітацыі, прапедэўтыкі ўнутраных хвароб, кафедра тэрапіі № 3 і кафедра сасудзістай хірургіі.

— Тым самым як бы сцвярджаецца, што без навукі не можа быць сапраўднай медыцыны, а з яе дапамогай можна дасягнуць большых поспехаў у лячэнні?

— Так яно і ёсць, бо шпіталь і сапраўды ператварыўся ў высокапрафесійную клініку. Тым больш што кантынгент, які пастаянна ў нас абслугоўваўся (інваліды, ветэраны вайны і г. д.), з кожным годам звужаўся і перад калектывам узнікалі пытанні, у якім жа кірунку рухацца далей.

Алея Славы

Паступова прыйшло рашэнне ў першую чаргу развіваць медыцынскую рэабілітацыю інвалідаў — рознымі метадамі лячэння аднаўляць іх працаздольнасць. «Першая ластаўка» прыляцела для траўматалагічных хворых, калі галоўным урачом шпіталя быў заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, кандыдат медыцынскіх навук дацэнт Леанід Ібрагімавіч Друян. Другое аддзяленне рэабілітацыі такіх жа хворых было адкрыта ў 2008 годзе.

Работы ў гэтым кірунку не спыняліся і потым, у выніку чаго ў нашай клініцы-шпіталі сёння дзейнічае адзін з першых у краіне абласных цэнтраў медыцынскай рэабілітацыі, якую — пасля інсультаў, інфарктаў міякарда, цяжкіх траўм — праходзяць грамадзяне не толькі з нашага рэгіёна і краіны, але і з-за мяжы.

Людзей, якія маюць патрэбу ў падобным лячэнні, на жаль, нямала, і мы займаемся ім у поўным аб’ёме, пачынаючы з паступлення пацыентаў у рэанімацыю, лячэбныя аддзяленні, у хірургію... І ўсё гэта, заўважце, у адным стацыянары, без транспарціроўкі ў іншыя месцы.

Летась нам удалося адкрыць унікальную ангіяграфічную аперацыйную, што дазволіла выконваць аперацыі на сасудах галаўнога мозга без разрэзаў, выдаляючы з іх тромбы і анеўрызмы. З тымі пацыентамі, якія трапляюць да нас у перадінсультным стане, мы праводзім прафілактыку, і яны вяртаюцца дадому з добрымі вынікамі. І наогул, мы дабіліся таго, што 20 працэнтаў пацыентаў з інсультамі пасля нашага лячэння вярнуліся да працы. Гэта на ўзроўні найлепшых сусветных паказчыкаў.

— У аснове поспехаў, як трэба разумець, добрая матэрыяльная і дыягнастычная база, тандэм навукі і практыкі, высокі прафесійны ўзровень…

— Я дадаў бы яшчэ: «...І іншыя немалаважныя фактары». Напрыклад, пастаянны клопат аб тым, каб і нашы пацыенты, і медперсанал адчувалі сябе эмацыянальна камфортна, каб у іх быў пазітыўны настрой, каб яны не страчвалі аптымізму. Гэтаму садзейнічаюць і лячэбная фізкультура на прыродзе, пад музыку, і пэт-тэрапія (лячэнне з дапамогай жывёл і птушак), і фантаны, і прыгожыя алеі туй, дзе можна разняволіцца, спакойна адпачыць, нечым пазахапляцца... Тымі ж галасістымі кітайскімі фазанамі, што пасяліліся ў шпітальным вальеры, спевамі вясёлых шпакоў (23 домікі для якіх зрабілі школьнікі раёна)... Усё гэта — станоўчыя эмоцыі, якія дапамагаюць выздараўленню. За сваю гісторыю наша медустанова пралячыла каля аднаго мільёна чалавек, і спыняцца на ім, вядома ж, не выпадае…

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.