Людзі, якія сваімі рукамі могуць рабіць цудоўныя рэчы, заўсёды выклікаюць павагу. Для мяне такім чалавекам з’яўляецца Таццяна Васілеўна Чарток, настаўніца СШ № 39, загадчыца кабінета роднай мовы і літаратуры, які прысвечаны беларускай народнай ляльцы.
Яны тут, дарэчы, паўсюль: стаяць на паліцах у шафах, выглядваюць з акенцаў стылізаванай хаткі, упрыгожваюць сімвалічнае дрэўца... Прычым кожная лялька мае сваю гісторыю, назву, прызначэнне. Лялькам-жаданніцам дзеці спрадвек давяралі мары, лялькам-суцешніцам — крыўды, а былі ж яшчэ — абярэгі, забаўкі, выхавацелькі дабрыні…
Лялькі абаранялі жытло нашых продкаў ад злых духаў і хвароб, дапамагалі збіраць вялікі ўраджай, мацавалі сем’і, былі атрыбутамі святочных абрадаў…
Пра ўсё гэта вучні даведваюцца на занятках адмысловага гуртка, на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў кабінеце (дарэчы, адзіным у горадзе), упрыгожаным лялькамі.Усе яны зроблены рукамі Таццяны Васілеўны Чарток і яе выхаванцаў.
А ўжо яны дзеляцца сваімі ведамі з вучнямі пачатковых класаў, наладжваюць выставы, экскурсіі, прэзентацыі, а таксама майстар-класы. У кабінеце вельмі цікава праходзяць урокі, прысвечаныя вуснай народнай творчасці: пра духаў у шостым класе, прыказкі і прымаўкі — у пятым... Цяпер вучні добра ведаюць, чаму на вяселлі нявесце дарылі ляльку дзесяціручку? Каб старалася, каб усё паспявала.
Лялька-шчаслівіца аберагала сваю гаспадыню ад розных нягод, марцінічка — дапамагала ў захаванні сямейнага шчасця, зернавушка — у вырошчванні добрага ўраджаю, траўніца — служыла скарбонкай для зёлак... Нашы продкі лічылі, што лялькі валодаюць магічнай сілай, што яны напоўнены дабрынёй, любоўю і клопатам аб тым, каму адрасаваны.
Вучні школы разам з Таццянай Васілеўнай стараюцца захаваць сакрэты майстэрства, якое перадалося ў спадчыну. І таму не дзіва, што ўсе лялькі — нібы выйшлі з бабулінага куфэрка, не страціўшы пры гэтым ні сваёй прыгажосці, ні здольнасці радаваць.
Ірына САЛАТА
г. Гродна
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.