Вы тут

У НЦСМ працуе выстаўка «Архітэктура скрозь стагоддзі»


У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва ўпэўнены: мастацтва фатаграфіі дапамагае выклікаць цікавасць да гісторыі і культуры. Узяць хаця б тэму недаўгавечнай архітэктуры... Па-першае, фатаграфія перадае прыгажосць і значнасць збудаванняў, а па-другое, захоўвае памяць аб мінулым. І архіўныя, і сучасныя здымкі — найважнейшая крыніца інфармацыі, сведчанне дасягненняў і памылак, росквіту і заняпаду. 


Аляксандр Зазуля «***»

Да 15 кастрычніка ў НЦСМ працуе выстаўка «Архітэктура скрозь стагоддзі», арганізаваная сумесна з Беларускім грамадзянскім аб’яднаннем фатографаў, Беларускім саюзам архітэктараў і Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Гэта прысвячэнне спадчыне Беларусі, і захаванай, і амаль страчанай, штуршок да вывучэння гісторыі архітэктуры. Мэта праекта — праз творчае бачанне наваколля фатографамі паказаць схаваныя дэталі і ўнікальныя асаблівасці будынкаў. Формы, матэрыялы, фарбы, нават гульня святла і ценяў у аб’ектыве фатографа здольны ператварыцца ва ўражальныя кампазіцыі. У звыклым — самабытнасць, у будзённым — непаў-
торнасць. Экспазіцыя дазваляе ўбачыць некаторыя помнікі архітэктуры, знакамітыя віды з розных ракурсаў і перспектыў, адчуць эмоцыі таго ці іншага аўтара здымка, яго стаўленне да аб’екта назіранняў. 

Звяртаюць арганізатары ўвагу на патэнцыял фатаграфіі ў турыстычнай сферы, бо здымкі, вядома, удала выкарыстоўваюцца для прыцягнення турыстаў. Безумоўна, на Беларусі шмат прыгожых гістарычных будынкаў, прывабных і для жыхароў краіны, і для замежных наведвальнікаў. Многія адметныя мясціны сапраўды ўпадабаныя майстрамі фатаграфіі — гэтая акалічнасць уплывае на іх папулярнасць, віды становяцца пазнавальнымі. Няма патрэбы ў згадках, кожны зразумее, пра што можа ісці гутарка. І тут хацелася б зрабіць адступленне. 

Работы Віталя Раковіча ў экспазіцыі

Ці магчыма падлічыць, колькі дастойных помнікаў архітэктуры застаецца па-за ўвагай падарожнікаў? Знаёмства з імі не ўключана ў папулярныя турыстычныя маршруты, самастойны вандроўнік можа і не заўважыць таблічку, рэдкі фатограф звяртаецца да іх адлюстравання, ды, як правіла, тыя здымкі застаюцца ў яго творчым багажы і рэдка дэманструюцца публіцы. Гаворка пра цудам уцалелыя пабудовы свецкага прызначэння і храмы, што знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, пра закінутыя будынкі, лёсам якіх мала хто цікавіцца, пра былыя палацы, сядзібы, маёнткі, у сценах якіх жыццё працягваецца (там, напрыклад, можа дзейнічаць музей), пра цэрквы і касцёлы, дзе і сёння чакаюць вернікаў. Царква Усіх Святых у Бягомлі, Касцёл Святога Антонія ў Княжыцах, палацава-паркавы ансамбль Навіцкіх у Савейках, руіны Успенскай царквы ў Малых Шарыпах, сядзіба Халецкіх і Войніч-Сянажэцкіх у Хальчы, капліца-пахавальня Хамянтоўскіх у Равуччы — гэтыя і многія іншыя скарбы спадчыны сёння не на слыху, хоць, натуральна, не забытыя — вывучаюцца гісторыкамі, згадваюцца ў тэлеперадачах, выяўляюцца мастакамі. Не хапае ім выдатнага фатаграфічнага матэрыялу. Пры жаданні можна знайсці неблагія здымкі, што забяспечваецца выдатнымі тэхнічнымі магчымасцямі камеры. Аднак у большасці выпадкаў гэта выключна адлюстраванне рэчаіснасці. Аўтарскае бачанне, мастацкую ідэю знайсці значна складаней. 

Аляксандр Дзітлаў «Мінск. Від на вуліцу Савецкую», 1952 г.

Выстаўка «Архітэктура скрозь стагоддзі» якраз знаёміць з мастацкай фатаграфіяй. Сярод аўтараў, творы якіх увайшлі ў экспазіцыю, — Валерый Вядрэнка. Мастак, фатограф і публіцыст працуе ва ўсіх жанрах фатаграфіі, аднак улюбёны — пейзаж. Эксперыментуе ў лічбавых мантажах, якія называе «фотапластыкай». Здымкі аўтара напоўнены метафарамі: недзе гэта толькі дэталь, а недзе — дамінанта ўсёй кампазіцыі. Нетрывіяльны падыход фатографа выяўляецца і ў выбары аб’ектаў для адлюстравання, абазначаных у назвах работ: «Мястэчка Зембін. Рэшткі касцёла» (2018), «Вёска Завушша. Рэшткі капліцы» (2022), «Вёска Губіна. Рэшткі касцёла» (2022), «Вёска Белая Царква. Рэшткі царквы» (2022). У адрозненне ад іншых аўтараў на выстаўцы, Валерый Вядрэнка прадставіў каляровыя, з яркімі элементамі, здымкі, у якіх чытаецца любоў не толькі да самых, здавалася б, даўно забытых крупінак спадчыны, але і да чалавека, маленькага і непрыкметнага, і некалі даўно, і сёння разгубленага перад веліччу зробленага папярэднікамі. 

Яшчэ адзін удзельнік выстаўкі ў НЦСМ — Віталь Раковіч. Прэзентаваны работы, якія ўмоўна (ці не, гэта з выстаўкі не зусім зразумела) можна аднесці да адной серыі. Схіляюць да гэтага і падыходы, выбраныя аўтарам, кідаецца ў вочы агульны стыль, хоць кадры зроблены ў розныя гады. Перад гледачом — нібы састарэлыя фотаздымкі знакамітых архітэктурных помнікаў Беларусі. З аднаго боку, гэта дакументы, якія ўзнаўляюць стан будынкаў у пэўны перыяд, з улікам таго, што іх акружала ў хвіліну здымкі. З іншага — творы нагадваюць графіку з яе асаблівым стаўленнем прадмета да прасторы, з яе лініямі, штрыхамі і плямамі. Адлюстроўванне, бачанне Віталем Раковічам касцёла Святой Троіцы ў Глыбокім (фота 2010 года), касцёла Святой Троіцы ў Гервятах (фота зроблена ў 2011-м), палаца Пуслоўскіх у Косаве (2005 год), касцёла Святога Тадэвуша ў Вішневе (здымак 2012 года) і іншых знакавых мясцін — ужо таксама частка гісторыі. 

Экспануюцца работы Вадзіма Качана, Наталлі Яўмененкі, Аляксандра Зазулі, Алены Данбровай, Сяргея Кулагіна. Гэтыя аўтары меней заклапочаны лёсам спадчыны — яны разважаюць пра існасць архітэктуры, яе сучасныя характарыстыкі. Апроч хіба Сяргея Кулагіна; трыпціх «Смаляны, Белы Ковель» (2003) распавядае пра разбураны замак, пабудаваны да 1626 года князем Сангушкам-Ковельскім на беразе ракі Дзярноўкі (Аршанскі раён). Ён быў моцна пашкоджаны падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе і канчаткова разбураны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Сёння можна ўбачыць толькі руіны гранёнай пяціяруснай вежы, а таксама прылеглага да яе корпуса. Сяргей Кулагін з дапамогай пэўных кампазіцыйных рашэнняў імкнецца данесці думку аб прыгажосці і змрочнасці існавання на зямлі, нагадаць пра крохкасць жыцця. 

Анатоль Каледа «Архітэктар Левін Леанід Мендзелевіч», 1986 г.

Дарэчы, выстаўка «Архітэктура скрозь стагоддзі» на дзіва цэльная, хоць і не абмяжоўваецца сучасным поглядам на архітэктуру. Змешчаны здымкі, у тым ліку з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якія расказваюць пра Мінск сярэдзіны мінулага стагоддзя. Яны, здаецца, аніяк не «рыфмуюцца» з сённяшнімі кадрамі, гэта зусім іншая эстэтыка, адрозны погляд на жыццё. Дык жа і сталіца пад уплывам розных эпох не магла застацца аднастайнай, і колькі яе яшчэ чакае змен... 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.