Вы тут

Разам з артысткай РТБД разглядаем самыя распаўсюджаныя міфы з тэатральнага жыцця


Час бязлітасна і адначасова справядліва ставіцца да ўсіх. Няма выключэнняў. Цяперашнія каштоўнасці, верагодна, пазбавяцца сваёй вагі праз некалькі гадоў. Знойдзецца нешта новае. І вось час прыўнёс свае карэктывы ў РТБД. Акцёрскі склад папоўніўся — значыць, нам застаецца спадзявацца, што тэатральны небасхіл хутка пакрыецца новымі зоркамі.


Юлія Гружэўская

Мы пазнаёміліся з Юліяй Гружэўскай — маладой актрысай, якая прыйшла працаваць у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Юлія з самага дзяцінства праяўляла сябе ў творчым кірунку: вучылася спяваць і танцаваць з 4 гадоў, набываючы адпаведныя навыкі, якія ў будучыні, як аказалася, спатрэбіліся ў акцёрскім жыцці. У 2017 годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на курс Мікалая Кірычэнкі па спецыяльнасці «Акцёр драматычнага тэатра і кіно». Аднак давучыцца ў майстра не атрымалася з-за смерці Мікалая Міхайлавіча. У 2019 годзе дзяўчына пераходзіць на курс Міхаіла Кавальчыка па спецыяльнасці «Акцёр музычнага тэатра». Так, вымушана змяняючы адценні сваёй будучай прафесіі (магчыма, гэта не про¬ста так і ўсё лёсавызначальна), Юлія ў 2022 годзе закончыла акадэмію. 

У акцёрскі склад РТБД Юлія трапіла, даведаўшыся з сацыяльнай сеткі Instagram аб пошуку артыстаў. Дзяўчына адразу адаптавалася да тэмпу тэатра і працягвае ў ім працаваць і сёння. 

Цяпер актрыса задзейнічана ў наступных спектаклях: «Мудрамер» (сакратарка Нюра Мілашкіна), «Шлюб з ветрам» (госця), «Вось я і прыйшла» (Старая 3), «Сірожа» (Таня), а таксама ў чытках п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі. 

Мы прапанавалі маладой актрысе пракаменціраваць дзесяць (не)міфаў з тэатральнага жыцця. 

Міф 1: «Акцёр тэатра — прафесія не вельмі прыбытковая, вялікіх грошай тут не зарабіць». 

— Вядома, праца ў тэатры не вельмі прыбытковая, але гэта зусім не спыняе творчых людзей, якія выбралі такі шлях добраахвотна, свядома. Тут не грошы ў прыярытэце, а душэўны стан, цяга: калі ёсць імкненне, то ўсё астатняе сыходзіць на другі план. Здаецца, як і ў любой справе, чалавеку важна прызнацца самому сабе, наколькі абраная прафесія аказалася правільнай, улічваючы практычны вопыт, «паднаготную» працэсу, які часцяком разбівае «завоблачныя» ўяўленні пачаткоўца. 

У спектаклі «Вось я і прыйшла»

Міф 2: «Кветкі пасля спектакля не асабліва радуюць артыстаў, яны іх або некаму аддаюць, або выкідваюць». 

— Ніколі не сутыкалася з падобным, таму адназначна — хлусня. Падораныя акцёру кветкі — гэта магчымасць гледача выказаць сваю падзяку, сімпатыю або захапленне ад таго, што ён убачыў, пачуў, адчуў. Як і кожнаму чалавеку, любому (не пабаюся гэтага слова) акцёру хочацца прызнання ці хаця б таго, каб яго працу ацанілі па заслугах. Вельмі прыемна атрымліваць кветкі, асабліва — ад незнаёмых, якія не ведаюць цябе і, адпаведна, шчыра, без прадузятасці, могуць прасякнуцца тваёй ігрой. Гэта вельмі прыемна! 

Міф 3: «Калі артыст іграе веселуноў, ён і ў жыцці заўсёды радасны». 

— Відавочна, гэта міф. Кожны чалавек няшчасны па-свойму. На мой погляд, аптымізм — гэта паказчык сілы, здольнасці хаваць свае перажыванні. Успомнім хаця б культавых савецкіх акцёраў, якія запомніліся нам у забаўляльных ролях. Георгій Віцын, Яўгеній Маргуноў, Фрунзік Мкртчан... За кожным з гэтых акцёраў хаваецца драма, магчыма, нават трагедыя, таму язык не павернецца пацвердзіць гэты міф. Усё індывідуальна, і я не адмаўляю, што такое магчыма, але гэта не больш чым удалая выпадковасць. 

Міф 4: «Артыстам у адносінах лепш не давяраць, таму што яны могуць „сыграць“ эмоцыі і пачуцці, якіх на самай справе няма». 

— Мне здаецца, зусім няважна, акцёр ты ці не, каб сыграць уцягнутасць, калі такая рыса жыве ў табе. Сярод звычайных людзей ёсць верагоднасць сустрэць крывадушнасць, хлусню ў адносінах да сябе. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Таму гэты міф толькі часткова слушны, бо людзі (і тут гаворка нават не пра акцёраў) розныя. Нельга распаўсюджваць гэты выраз на ўсіх. 

Міф 5: «Кожны акцёр марыць стаць рэжысёрам». 

— Ведаю такіх артыстаў. І абсалютна ўпэўнена, што ў іх гэта атрымалася б вельмі добра. Павінна быць схільнасць да такога: трэба ўмець глыбока адчуваць жыццё, ўнікаць у яго працэсы. Гэта не кожны можа. Я ж бачу сябе больш у выкананні, чым стварэнні, таму катэгарычнасць міфа адназначна мае патрэбу ў змякчэнні (для пачатку выкрасліць слова «кожны»). 

Міф 6: «У артыстаў ёсць свае забабоны і традыцыі». 

— А вось гэта праўда! Прыводжу прыклад. Калі тэкст п’есы (усё роўна які) выпадкова падае з рук, то, наколькі б дзіўна гэта ні выглядала, трэба сесці на яго і падняцца разам з ім. Тады ўсё будзе добра. Такіх забабонаў шмат, як і традыцый. Распавяду яшчэ адзін рытуал перад пачаткам спектакля. У момант, калі вось-вось пачнецца пастаноўка, усе акцёры збіраюцца ў кола і злучаюць рукі ў цэнтры. У гэтым рытуале мае значэнне колькасць задзейнічаных. Умоўна — 12. І ўсе хорам пачынаюць лічыць да 12, пасля чаго кажуць «з Богам!» і жадаюць поспеху. Наколькі памятаю, усе спектаклі пасля гэтага ішлі на ўра. (У гэты момант Юлія тры разы сплюнула).

У спектаклі «Вось я і прыйшла»

Міф 7: «Самае страшнае для артыста — забыць тэкст на сцэне». 

— Так, несумненна. Гэта — самы галоўны страх акцёра. У такія моманты (а яны здараюцца не так рэдка, як хацелася б) важна выкруціцца, зымправізаваць. Дарэчы, гэты навык вельмі важны для акцёра, можна сказаць, выратавальны круг. Складана ў такія моманты не паказаць, што нешта адбылося не так, як планавалася. 

Міф 8: «Рэцэнзіі тэатральных крытыкаў артысты не чытаюць».

— Не пагаджуся. Бачыла, і неаднаразова, як калегі чытаюць матэрыялы крытыкаў, а таксама водгукі звычайных гледачоў. Гэта да пытання аб прызнанні: важна ведаць, што пра цябе і тваю працу думаюць людзі. Мы ствараем не для сябе, а для людзей, і, вядома, любое меркаванне нам важна. Асабліва — тэатральных крытыкаў. Яны як-ніяк дасведчаныя ў сцэнічнай справе, таму іх меркаванне шмат у чым вызначальнае. 

Міф 9: «Рэдка бывае, што ў тэатры складваецца дружны калектыў». 

— Гэта праўда, аднак мне з гэтым пашанцавала. Калектыў РТБД — вялікая, з’яднаная і прыязная каманда. Мяне калегі прынялі лёгка, без нейкай пыхі. І гэта ключавы элемент у адаптацыі: чым хутчэй ты адчуеш сябе камфортна, тым хутчэй зможаш сябе раскрыць і праявіць у поўнай ступені. 

У спектаклі «Вось я і прыйшла»

Міф 10: «Калі гледачы шэпчуцца падчас спектакля або камусьці тэлефануюць, артыстаў гэта вельмі крыўдзіць». 

— Гэта балючая тэма для акцёра. Такое бескультур’е кранае абсалютна кожнага, хто знаходзіцца ў гэты час ў зале. Памятаю, калі ішоў паказ «Мудрамера», адна жанчына ўстала і, як высветлілася пазней, адправілася піць каву. Хіба гэта варта таго, каб сваёй просьбай «Можна прайсці?» патурбаваць іншых гледачоў? Хіба варта было гэта закранутых пачуццяў акцёраў? У гэтыя моманты мы спрабуем не звяртаць увагі на такіх людзей, а працягваць натхняць сваёй ігрой усіх астатніх. 

Антон АНТОНАЎ 

Фота з сайта РТБД і асабістага архіва Юліі Гружэўскай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.