Вы тут

Докшыцы як паселішча ўзніклі не пазней за XІV стагоддзе


Докшыцы — здаецца, зусім непадалёку ад Мінска. А вось ад Віцебска гэты раённы цэнтр Віцебскай вобласці — ажно за 200 км. Непадалёк, за 12 км, чыгуначная станцыя Параф’янава на лініі Маладзечна — Полацк. Докшыцы праз аўтамабільныя дарогі злучаныя з Вілейкай, Ушачамі, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем.


Докшыцы. Праваслаўная царква. Пачатак ХХ стагоддзя

Лічыцца, што Докшыцы як паселішча ўзніклі не пазней за XІV стагоддзе. Упершыню як сяло згадваюцца ў грамаце вялікага князя літоўскага Вітаўта ад 13 студзеня 1407 года. Спярша Докшыцамі валодаў віленскі ваявода Войцех Манівід. Затым — яго сын Ян (Івашка) Манівідавіч... Наступныя дзесяцігоддзі прынеслі Докшыцам драбленне паміж рознымі ўласнікамі. З 1519 года адным з гаспадароў, ненадоўга, быў Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. Яго спадчыннікамі ўжо пасля 1521 года, калі Мікалай Мікалаевіч памёр, сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў. У 1536 годзе згадваецца памер штогадовай даніны «докшыцкіх людзей» — 36 пудоў мёду.

У 1621 годзе Докшыцы атрымалі статус мястэчка. У вайну 1654–1667 гадоў мястэчка моцна пацярпела. У 1655 годзе планавалася правесці мяжу паміж Масквой і Швецыяй па лініі Слуцк — Мінск — Докшыцы — Дзісна. Маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы шведскага боку. У Паўночную вайну 1700–1721 гадоў, якая пакінула ў Беларусі нямала слядоў разбурэння, Докшыцы ў 1708 годзе апынуліся на шляху руху шведскіх войскаў пад камандаваннем генерала А. Левенгаўпта. Шведы як сярэднявечныя варвары спалілі мястэчка, спалілі і святыню мясцовых жыхароў — касцёл. З 1793 года (пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай) Докшыцы — у складзе Расійскай імперыі. Пачалася новая гісторыя... У 1795 годзе паселішча атрымлівае статус горада. З 1796 года ў Докшыц — уласны герб (у зялёным полі два ўзгоркі, на іх знайшлі месца збаны, з гарлавін якіх цякуць сярэбраныя крыніцы. Гэтым самым адзначаны былі блізкія мясцоваму люду рэкі — Вілія і Бярэзіна)…

Бягомль. Праваслаўная царква. Пачатак ХХ стагоддзя

Праўда, горадам Докшыцы былі нядоўга. З 1797 года паселішча — у складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні. Заштатны горад у хуткім часе пачаў называцца зноў мястэчкам... Урад канфіскаваў уладанні жамойцкага біскупства і перадаў іх генерал-маёру В. Мілашэвічу. Са 152 двароў Мілашэвічу належалі 106, астатнія — 42 двары — удаве Людвізе Гутаровічавай. Яе частка паселішча называлася Докшыцкая Слабада. Яшчэ чатыры двары былі заселены чыншавай шляхтай. У гэты час у мястэчку працавалі дзве ўніяцкія царквы (па адной — на тэрыторыі генерала і на тэрыторыі Людвігі Гутаровічавай), якія ў 1843-м былі пераўтвораны, пераабсталяваны ў праваслаўныя. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Уздвіжання Святога Крыжа. 

Докшыцы. Кірмашовая плошча. Пачатак ХХ стагоддзя

У час вайны 1812 года праз мястэчка ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ. А ў кастрычніку — адступаючыя часткі корпуса генерала К. Ф. Врэдэ. Мястэчка было разрабавана.

Далейшая гісторыя Докшыц звязана з надзвычайным, высокім гаспадарчым развіццём. Павялічылася колькасць жыхароў. У другой палове стагоддзя колькасць гандлёвых крам была болей за 20. І кірмашы ў Докшыцах праводзіліся штотыдзень (больш значныя — у аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 28 жніўня). Прадавалі азімае і яравое збожжа, лён, буйную рагатую жывёлу, коней... У Докшыцах да 1870 года дзейнічалі магістрат (ратуша) і дума (потым — гарадское спрошчанае кіраванне). Размяшчаліся валасное ўпраўленне, кватэра прыстава 3-га стана Барысаўскага павета, паштовая станцыя. Пачало працаваць народнае вучылішча.

Докшыцы. Хрэсны ход. Пачатак ХХ стагод

Рэпрадукцыі старых паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава ўзнаўляюць і Свята-Пакроўскую царкву — як яна выглядала на пачатку XX стагоддзя, і Докшыцкую гімназію, і Рынкавую плошчу... Адна з выяў — хрэсны ход у Докшыцах.

Цікавымі на старых здымках падаюцца і ваколіцы Докшыц. Будзеце ў гэтым віцебскім райцэнтры — не прамініце зазірнуць і ў Бягомль. На старой паштоўцы мы бачым царкву Усіх Святых у пачатку XX стагоддзя. Паштоўкі захавалі і капліцу — пахавальню ў Гняздзілаве, а яшчэ — сядзібны дом у Гняздзілаве... Унікальным можна лічыць здымак будаўніцтва касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў пачатку XX стагоддзя ў Параф’янаве... Адным словам, вандроўка ў Докшыцы і іх ваколіцы павінна атрымацца досыць насычанай, багатай на ўражанні.

З гэтым краем звязаны яркія асобы ў гісторыі беларускай культуры. У Докшыцах святаром у праваслаўнай царкве служыў паэт, перакладчык, краязнаўчы пісьменнік Пятро Бітэль (1912–1991). Пятро Іванавіч у час высылкі ў Казахстане пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Перакладаў у рудніку, запісы рабіў на кавалках папяровых мяшкоў зялёнкай... Бываў у паселішчы ў час сваіх краязнаўчых вандровак і рускі пісьменнік, аўтар унікальных запісак Павел Шпілеўскі «Падарожжа па Палессі і беларускім краі». У Докшыцах літаратар запісаў абрад «стаўроўскіх дзядоў». У Докшыцкім раёне нарадзіўся аўтар слоў песні «Жураўлі на Палессе ляцяць» Алесь Ставер (1929—1995). У 1949–1950 гадах працаваў настаўнікам у Бягомльскай СШ. Дарэчы, у Бягомлі ў перадваенныя гады жыў будучы класік беларускай паэзіі Пімен Панчанка. У 1970 годзе ў Бягомлі быў адкрыты Музей народнай славы. Знайшлося ў яго экспазіцыі месца і звесткам пра пісьменнікаў-землякоў — Алеся Ставера, Леанілу Чарняўскую, Юрася Свірку... Дарэчы, нагадаем радкі Пімена Панчанкі пра Бягомль, які і яму стаў родным, блізкім: «На карце ён — Бягомль, а людзі звалі Бегамлем: // Сяліліся ў глухіх лясах халопы беглыя, // Бо беглі ад прыгону, ад паноў, // Ад царскіх устаноў і пастаноў... <...> І ў вайну фашысты з Бегамля пабеглі: // Ад варот паварот ці зямлёй накормяць рот. // Бегамля ўмела біцца: партызанскі гром, // Партызанская сталіца і аэрадором... // Рад, што ў гэтым я мястэчку гадаваўся, рос // Каля ціхай рэчкі і родных бяроз».

Докшыцы. Гімназія. Пачатак ХХ стагоддзя

Добрых вам сустрэч і адкрыццяў у Докшыцах і Бягомлі, у Докшыцкім краі!.. Добрай вандроўкі!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.