Вы тут

Ці варта казаць малым, што іх усынавілі?


Сям'я — найлепшае асяроддзе для развіцця і выхавання асобы, а вось сіроцтва можа мець глыбокія наступствы для малечы і грамадства ў цэлым. У гэтым перакананы спецыялісты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, якія рэалізоўваюць права дзіцяці на жыццё і выхаванне ў сям'і. Вынікам такой работы за апошнія 25 гадоў стаў рост колькасці кандыдатаў на ўсынаўленне больш як у тры разы і памяншэнне на 26,5 % колькасці дзяцей-сірот. Хто можа ўсынавіць дзіця ў Беларусі, што рабіць, каб стаць усынавіцелем, ці варта захоўваць таямніцу ўсынаўлення і як неспадзяваныя навіны пра рэальнае становішча спраў могуць паўплываць на малых, расказала Таццяна БЯЛЕВІЧ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.


Патрэба ў каранях

На працягу 25 гадоў у Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення намагаліся змяніць стаўленне людзей да праблемы сіроцтва і ўсынаўлення, гаворыць яго дырэктар:

— Узровень усвядомленасці і матывацыі грамадзян падчас прыняцця дзіцяці на выхаванне ў сям'ю паступова мяняецца.

Усё менш людзей сёння захоўваюць таямніцу ўсынаўлення, бо разумеюць, што гэта не з'яўляецца рэцэптам для лячэння адсутнасці бацькоўскага клопату ці таблеткай для паспяховай сацыялізацыі маленькага чалавечка ў грамадства. Хоць раней сапраўды існавала такая тэндэнцыя, што людзі намагаліся захаваць ад усіх і ўся сваю гісторыю ўсынаўлення. Усынавіцелі памылкова лічылі, што такой інфармацыяй яны траўміруюць дзіця, а вось калі малое не будзе ведаць пра сваё паходжанне, то лепш сацыялізуецца і пазбавіцца ад мацярынскай і бацькоўскай дэпрывацыі. Некаторыя ўсынавіцелі і самі перажывалі і непакоіліся, як ім жыць з усыноўленым; баяліся, што дзіця будуць крыўдзіць аднагодкі, калі даведаюцца... Ды і ўвогуле — усе так рабілі.

Аднак такі падыход не спрацоўвае, бо навукай даказана, што кожнаму чалавеку для паўнавартаснага развіцця неабходна ведаць свае карані. Чалавек, які не ведае, што яго ўсынавілі, недзе ў падсвядомасці будзе адчуваць: нешта ў яго жыцці ідзе не так. Тым больш калі ўсынаўленне адбылося ў два-тры-чатыры гады. У дзіцяці ўсё роўна глыбока ўнутры будуць захоўвацца нейкія пробліскі ўспамінаў, і яно будзе адчуваць сябе некамфортна, удакладніла дырэктар:

— Практыка паказвае, што там, дзе ўсынавіцелі не ўтойваюць, што яны не біялагічныя бацькі, малыя значна лепш сацыялізуюцца ў грамадства. Яны паважаюць і цэняць і бацькоў-усынавіцеляў — за тое, што тыя з павагай і ўвагай паставіліся да гісторыі дзіцяці, і даруюць у дарослым жыцці сваім біялагічным бацькам. А вось для многіх з тых, хто даведваецца праўду выпадкова, асабліва ў падлеткавым узросце, гэта становіцца моцным ударам па псіхіцы.

Здаровая дзяўчынка да года...

Паказальны момант змены свядомасці ўсынавіцеляў заключаецца ў тым, што яны ўсё часцей жадаюць прыняць малых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў, а таксама дзяцей больш сталага ўзросту. Хоць многія, як і раней, хочуць, каб у іх сям'і выхоўвалася абавязкова «здаровая дзяўчынка ва ўзросце да года», заўважыла Таццяна Бялевіч:

— Летась, напрыклад, усынавілі ў 5,5 раза больш дзяцей-інвалідаў, чым у 2021-м. Праўда, гэта пераменлівая тэндэнцыя. Для выхавання дзіцяці-інваліда патрэбны значна большыя рэсурсы: псіхалагічныя, фізічныя, фінансавыя, каб займацца неабходнай рэабілітацыяй. Таму прымаюць такіх дзетак у асноўным людзі, якія здольныя даць усё гэта: больш сталага ўзросту, якія шмат дасягнулі, у тым ліку ў духоўным развіцці. Яны, як правіла, маюць вопыт выхавання біялагічных дзяцей і адчуваюць у сабе рэсурс зрабіць больш шчаслівымі асаблівых дзетак. Сталыя людзі становяцца бацькамі і для падлеткаў, і для дзяцей, якія не могуць быць разлучаныя (родныя браты і сёстры).

З нядаўніх сёлетніх усынавіцеляў, напрыклад, — жанчына, якая стала мамай для сляпога хлопчыка. А сям'я з Брэсцкай вобласці ўсынавіла двух хлопчыкаў васьмі і дзевяці гадоў з Гомельскага раёна, хоць першапачаткова кандыдаты ва ўсынавіцелі хацелі прыняць дзяўчынку да пяці гадоў. Вырашыцца на такі крок дапамагла візуалізацыя — мясцовае тэлебачанне зрабіла пра малых відэаролік, і будучыя бацькі, калі пабачылі яго, адразу вырашылі пазнаёміцца з дзецьмі.

Кандыдат — той, хто ўжо навучыўся

Усе ўсынавіцелі скіраваны на паўнавартасную сям'ю, і жаданне стаць бацькамі назіраецца, як правіла, у абодвух сужэнцаў. Найчасцей становяцца бацькамі для сірот сужэнцы ва ўзросце ад 35 да 40 гадоў. Пры гэтым 20 % усынавіцеляў — жанчыны не ў шлюбе, падзялілася дырэктар цэнтра ўсынаўлення:

— Кандыдат ва ўсынавіцелі — чалавек, які ўжо прайшоў навучанне, сабраў неабходныя дакументы і можа стаць на ўлік у цэнтры ўсынаўлення. Заяўнікі часта выказваюць у пажаданнях такія крытэрыі да падбору малога, якія не падыходзяць большасці дзяцей, што знаходзяцца на ўліку ў рэспубліканскім банку даных аб усынаўленні (удачарэнні). Тады спецыялісты знаёмяць кандыдатаў з інфармацыяй пра дзяцей, тлумачаць алгарытм працэдуры ўсынаўлення. У выніку патэнцыяльныя ўсынавіцелі прымаюць рашэнне або чакаць малога адпаведна са сваімі жаданнямі, або пашырыць межы сваіх уяўленняў пра будучае дзіця і, па накіраванні цэнтра ўсынаўлення, пазнаёміцца з адным з тых непаўналетніх, звесткі пра якіх ёсць у банку даных. Як правіла, кандыдаты робяць свае патрабаванні больш памяркоўнымі.

Навучанне праходзяць не ўсе. Пасля першага-другога занятку нехта разумее, што паспяшаўся з рашэннем і прыняў яго на эмоцыях. Тым больш што патэнцыяльным усынавіцелям без прыхарошвання распавядаюць, як адбываецца працэс адаптацыі, наладжвання стасункаў, гавораць аб праблемах, якія могуць узнікаць з усыноўленымі дзецьмі, падзялілася дырэктар.

— Галоўны прынцып нашай працы: не дзіця для сям'і, а сям'я для дзіцяці, таму кандыдаты павінны разумець, што іх светаўспрыманне будзе перавернутае, ім трэба ўсвядоміць, што ўсынаўленне вызначаецца найперш у інтарэсах дзіцяці, і ўсе рэкамендацыі спецыялістаў базіруюцца толькі на гэтым, а ўжо пасля ўлічваюцца пажаданні дарослых людзей. У выніку некаторыя бяруць паўзу, а праз нейкі час (калі будучыя бацькі шмат што для сябе ўсвядомілі), вяртаюцца да тэмы ўсынаўлення. Нашы псіхолагі аказваюць кансультацыйную дапамогу сем'ям на ўсіх этапах усынаўлення: як да з'яўлення дзіцяці ў сям'і, так і пасля. Навучанне не дае гарантый, што ў сям'і ўсынавіцеляў у будучыні не будзе ніякіх праблем, аднак яно рыхтуе бацькоў да разумення таго, што праблемы магчымыя. Таму псіхолагі суправаджаюць бацькоў і пасля ўсынаўлення, кансультуюць іх адпаведна запытам.

Усынавіцель можа сустракацца для знаёмства з патэнцыяльнымі ўсыноўленымі (адпаведна з накіраваннем цэнтра) неабмежаваную колькасць разоў, пакуль не сустрэне свайго малога. Прычым дзіця павінна таксама адчуць, што гэтыя дарослыя — ЯГО бацькі. З 10-гадовага ўзросту сваё жаданне быць усыноўленым малы павінен выказаць у судзе.

Шанц для бацькоў, магчымасць для дзяцей

Дзеці, якіх можна ўсынавіць — гэта ў асноўным сацыяльныя сіроты, яны прайшлі шлях ад адабрання ў біялагічных бацькоў.

— Дзіця, бацькоў якога пазбавілі правоў на яго (згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям'і), адразу набывае статус асобы, якая падлягае ўсынаўленню. Аднак паколькі палітыка ў дачыненні да дзяцей скіравана на тое, каб яны жылі ў родных сем'ях, то ў асобных выпадках дапускаецца магчымасць прыпынення працэсу ўсынаўлення, — заўважыла Таццяна Бялевіч. — Аднак шанц былым бацькам на аднаўленне ў правах, як правіла, даецца толькі раз, бо за гэты час мы пазбаўляем дзіця магчымасці трапіць у новую сям'ю і быць шчаслівым тут і цяпер. Пры гэтым біялагічным бацькам трэба мець стасункі з малым, каб не страціць эмацыянальную сувязь. З іншага боку, летась бацькі 157 дзяцей аднавілі свае правы на іх.

Калі бацькі сталі на шлях выпраўлення пазней (праз год-два), а іх дзіця ўжо ўсынавілі, то ніякіх звестак пра яго лёс яны атрымаць ужо не змогуць. Да паўналецця ўсыноўленага звесткі пра ўсынаўленне нельга разгалошваць без згоды ўсынавіцеляў. 18-гадовы ўсыноўлены мае права сам даведацца ўсё пра сваё ўсынаўленне.

Патаемнае і відавочнае

Як сведчаць рашэнні судоў аб усынаўленні, сёлета больш за 50 % усынавіцеляў захацелі захоўваць таямніцу ўсынаўлення. Яе нельга захаваць толькі ў выпадку, калі ва ўсыноўленага дзіцяці ёсць браты і сёстры, пра якіх усынавіцелі павінны паведаміць малым і не перашкаджаць стасункам паміж імі, дадала дырэктар цэнтра:

— Гадоў 20—25 таму былі выпадкі, што сем'і ўсынавіцеляў (каб схаваць факт усынаўлення. — Аўт.) імітавалі цяжарнасць. Нярэдка ўсынавіцелі нават пераязджалі з дзецьмі жыць у іншы горад. Цяпер такой практыкі няма, бо сем'і сталі больш адкрытымі, павысілася якасць падрыхтоўкі кандыдатаў ва ўсынавіцелі, змянілася да лепшага грамадская думка пра дзяцей-сірот і працэс усынаўлення.

Акрамя таго, усё патаемнае заўжды становіцца відавочным, і, як правіла, не самым прыгожым спосабам. І рэакцыя ўсыноўленых можа быць самай рознай, сцвярджае Таццяна Бялевіч:

— Двум падлеткам сваякі і суседзі раскрылі таямніцу ўсынаўлення ў падлеткавым узросце, і для абодвух гэта быў моцны стрэс. Толькі ў сям'і, дзе з дзіцем склаліся даверлівыя адносіны, усынавіцелі змаглі патлумачыць, чаму так адбылося, што хлопец не ведаў свайго паходжання. А другі ўсыноўлены адрэагаваў так: у свае 15 гадоў ён сышоў з дому ў прытулак і падаў заяву аб адмене ўсынаўлення, бо больш не мог давяраць усынавіцелям, якія хлусілі яму столькі часу. Усынаўленне прыйшлося адмяніць.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.