Вы тут

Як айчынная фармвытворчасць адаптавалася да санкцый


Экспарт беларускай фармацэўтычнай прадукцыі штогод складае каля 200 мільёнаў долараў. Больш за 70 % паставак ажыццяўляецца на расійскі рынак, актыўна беларускія прэпараты прадаюцца ў Кітай, краіны СНД і на Афрыканскі кантынент. Увогуле, геаграфія экспарту беларускіх лекаў — гэта 30 краін свету.


Пераарыентаваліся на іншыя рынкі

Як расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Белфармпрам» Пётр ВАРАБ'ЁЎ, у апошнія пяць гадоў у Беларусі фармвытворчасцю займаецца каля 40 прадпрыемстваў. З 870 міжнародных запатэнтаваных найменняў, зарэгістраваных у Беларусі, імі асвоена больш за палову. Дзякуючы гэтаму з 2015 года доля прадаваных айчынных прэпаратаў у вартасным выражэнні складае каля 50 %.

— Дынамічнае развіццё і ўтрыманне долі рынку накладвае і пэўную адказнасць. Калі ўсе павышаюць цэны, айчынная фармпрамысловасць застаецца сацыяльна арыентаванай, — адзначае Пётр Вараб'ёў.

За апошнія пяць гадоў на рынак выведзена больш за 500 новых лекавых сродкаў. Усе вытворчыя ўчасткі на фармпрадпрыемствах сертыфікаваны згодна са стандартамі GMP, больш за 70 % сертыфікавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі ЕўрАзЭС.

Няпроста было адаптавацца айчынным вытворцам лекаў да работы ва ўмовах санкцый.

— Прыйшлося пераарыентавацца на іншыя рынкі ў пастаўках і сыравіны, і субстанцый, і дапаможных матэрыялаў. Варта адзначыць, што ў вытворчасці лекаў гэта заўсёды складана. Каб замяніць ампулу ці пластык, варта правесці шэраг выпрабаванняў, у тым ліку на стабільнасць, а гэта нават па скарочаных тэрмінах не менш за 3—6 месяцаў. Аднак нашы прадпрыемствы не проста выстаялі, а прадэманстравалі, што могуць вельмі многае, — адзначыў суразмоўнік.

За 2021—2022 гады ў сувязі з гэтым у вытворчасць каля 300 найменняў унесены змены ў частцы ўпакоўкі, дапаможных матэрыялаў, сыравіны. Але цяпер усе прадпрыемствы выйшлі на стабільны ўзровень вытворчасці.

— У найбліжэйшыя пяць гадоў мы плануем асвоіць не менш як 400 новых лекавых сродкаў, рэалізаваць больш за 20 праектаў, у тым ліку маштабных, актыўна развівацца ў кааперацыі — як унутры краіны, так і з суседнімі краінамі, — падзяліўся Пётр Вараб'ёў.

Шматузроўневы кантроль якасці

Як расказаў генеральны дырэктар РУП «Белмедпрэпараты» Сяргей Казакевіч, на прадпрыемстве рэалізоўваецца шэраг інвестыцыйных праектаў. Адзін з самых значных — стварэнне новай вытворчасці прэпаратаў для анкахворых у форме ліяфільна высушаных парашкоў.

— Мяркуем, што да канца наступнага года аб'ект будзе ўведзены ў строй, і краіна атрымае шэраг новых анкалагічных пазіцый, вырабленых у Беларусі, — адзначыў Сяргей Казакевіч.

Таксама прадпрыемства актыўна працуе над выпускам новых відаў інсуліну. Наменклатурны рад плануецца пашырыць не толькі за кошт вытворчасці генна-інжынернага інсуліну, але і дзякуючы вываду на рынак аналагавых інсулінаў чалавека.

Не сакрэт, што некаторыя спажыўцы дагэтуль з недаверам ставяцца да пэўных айчынных прэпаратаў, аддаючы перавагу імпартнаму. Айчынным фармвытворцам ёсць што адказаць на гэта. На ўсіх прадпрыемствах дзейнічаюць сур'ёзныя сістэмы кантролю якасці. Напрыклад, у штаце службы кантролю якасці «Барысаўскага завода медыцынскіх прэпаратаў» працуюць тры сотні спецыялістаў.

Адзін з запатрабаваных сёння кірункаў як унутры краіны, так і экспартны — вытворчасць супрацьпухлінных прэпаратаў. Адно з прадпрыемстваў у Беларусі, якое вырабляе пераважна гэтыя лекавыя сродкі, — НПЦ «ХімФармСінтэз» ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі». Яшчэ ў савецкія часы інстытут займаўся распрацоўкай супрацьпухлінных прэпаратаў, адзін з іх вырабляўся ў Латвіі, тры — на «Белмедпрэпаратах», прычым два з іх выпускаюцца дагэтуль. Аднак пасля было вырашана стварыць уласную вытворчасць. Прадпрыемства вырабляе і субстанцыі, і лекавыя сродкі з іх. Каля 50 % прадукцыі пастаўляецца на экспарт.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.