Вы тут

Валянцін Елізар'еў: Я не выбіраў сабе прафесію ў жыцці


Што ні год, то ёсць нагода гаварыць пра народнага артыста Беларусі і СССР. Харэографа Валянціна Елізар’ева. Летась у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі адзначалі яго 75-годдзе. А сёлета роўна 50 гадоў з таго моманту, як ён служыць тэатру Беларусі. Вялікаму тэатру. Краіны, якая стала для яго домам. Для якой ён фактычна стварыў брэнд пад назвай «беларускі балет», і цяпер працуе на яго як мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі. 


Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч ад імя Ураду краіны павіншаваў юбіляра: 

— Я задумваюся: а што адчуваў 26-гадовы Валянцін Елізар’еў, нядаўні выпускнік Ленінградскай кансерваторыі, калі яму прапанавалі ўзначаліць беларускі балет? Радасць, перасцярогу? Магчыма, лёгкі страх перад тым, як зайсці на высокі алімп творчасці? Напэўна, усяго пакрысе. Але думаю, што нават у самых амбітных думках і планах вы наўрад ці маглі прадугледзець, што менавіта ў гэтым месцы вы здзейсніце сапраўдную культурную рэвалюцыю ў беларускім балеце. Вашы дзёрзкія думкі нараджаюць унікальныя пастаноўкі: «Стварэнне свету», «Спартак», «Ціль Уленшпігель», «Рамэа і Джульета», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня». Менавіта гэтыя балеты- адкрыцці дазволілі Валянціну Елізар’еву разам з Вялікім тэатрам Беларусі заваяваць сусветную славу. Гэтыя балеты і сёння з’яўляюцца ўпрыгожваннем Вялікага тэатра. Яны не падуладныя часу. Як і не падуладнае часу сапраўднае мастацтва. Час толькі дадае ім бляску. Вы прызнаны і самы тытулаваны балетмайстар не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Чалавек, у якога шмат розных узнагарод, ганаровых званняў рознай вартасці. Але самая галоўная ўзнагарода — гэта любоў гледача, тых людзей, хто вас заўсёды вітае стоячы, апладысментамі. І так будзе заўсёды. 

— 50 гадоў прысвечана мастацтву Беларусі, музычнаму тэатру — опернаму, балетнаму, — гаворыць Валянцін Елізар’еў. — Я не выбіраў сабе прафесію ў жыцці. З ранніх гадоў я ведаў, што падабаецца. Бацькі мне ва ўсім дапамагалі. Усё ішло натуральна: займаўся ў дзіцячай самадзейнасці, потым паступіў у Бакінскае харэаграфічнае вучылішча. Потым перавёўся ў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (цяпер гэта акадэмія імя Агрыпіны Ваганавай). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю і па размеркаванні апынуўся на гэтай блаславёнай зямлі. Я пабачыў трупу на гастролях у Кіеве, тады яна была ўжо стомленая, гастролі канчаліся. Потым прыехаў у Мінск, мне паказалі тэатр. Выйшаў на сцэну... І калі ўбачыў гэтую грандыёзную распранутую сцэну, магутную, прыгожую, то сказаў сабе: «Я тут абавязкова павінен паставіць спектакль ці два...». Так і адбылося. А потым палюбіў трупу, палюбіў людзей, з якімі працаваў. Ставіў спектаклі... Напэўна, я ўлюбёнец лёсу. Таму што ўсё жыццё займаюся сваёй любімай справай. Так рэдка ў людзей бывае. 

Шмат якія легендарныя балеты. Пастаўленыя майстрам у розныя гады, даўно сышлі са сцэны, але памяць пра іх захоўваецца, нават перадаецца праз пакаленні расповед пра тое, як гэта было прыгожа і нечакана. Па-новаму і магутна. Можа гэта адчувае і сам харэограф, таму што пасля яго вяртання ў тэатр, пачаў аднаўляць свае лепшыя балеты. Не хавае, што ёсць думкі аднавіць балет «Ціль Уленшпігель» кампазітара Яўгена Глебава і гісторыю пра Рагнеду (балет «Страсці» Андрэя Мдзівані) — самы ўганараваны і вельмі кранальны: жанчыны плакалі пасля гэтага спектаклю... 

— Многія дзесяцігоддзі мае спектаклі жывуць у тэатры. Карыстаюцца поспехам, — адзначае мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Елізар’еў. — Ведаеце: ёсць фінансавы поспех у тэатра — спектакль трымаюць, а калі няма, то здымаюць. Яны прыносяць тэатру прыстойныя даходы. І публіка любіць мае спектаклі. Таму скардзіцца няма на што. 

І пра штосьці зусім новае Елізар’еў таксама думае. Дагэтуль ён ніводнага разу не звяртаўся за «Папялушкі». Да казак звяртаўся, і неаднойчы — гэта асаблівы матэрыял. Але «Папялушку» Сяргея Пракоф’ева будзе ставіць упершыню ў жыцці. У сакавіку — красавіку гэтая прэм’ера павінна адбыцца ў нашым тэатры. Майстар прызнаецца, што вельмі любіць казкі. Але іх складана паставіць, каб было цікава і дарослым, і дзецям. «Спадзяюся, што ў мяне хопіць майстэрства і прафесіяналізму зрабіць добры спектакль», — адзначае Валянцін Мікалаевіч і прызнаецца: «Спектаклі як дзеці. І кожны нованароджаны спектакль праходзіш шмат этапаў, у тым ліку пакутлівых, калі здаецца, што ўсё развальваецца. Але ў апошні тыдзень усё нейк выстройваецца, збіраецца, і ўсё атрымліваецца...»

— Сілы дае ўнутраная незаспакоенасць і прафесійны інтарэс да таго, чым я займаюся ўсё жыццё, — кажа Валянцін Мікалаевіч. — Сілы дае сям’я — цудоўныя дзеці, унукі. Натхненне даюць артысты, асабліва балерыны. Я захапляюся жанчынамі, жаночымі вобразамі — і ў літаратуры, і ў мастацтве. Практычна кожны свой спектакль я прысвячаю жанчыне, якая выконвае галоўную ролю. Я ўжо не малады чалавек. Але я люблю артыстаў, люблю тэатр. Важна, каб фізічных сіл хапіла на доўга. 

Увесь кастрычнік у Нацыянальным акадэмічным тэатры Беларусі прысвечаны мастацкаму кіраўніку, народнаму артысту Беларусі і СССР Валянціну Мікалаевічу Елізар’еву: 12 вечароў, 9 балетаў у яго пастаноўцы. Для цікавасці ў іх запрасілі салістаў з розных тэатраў свету. Усе запрошаныя салісты прыязджаюць з віншаваннямі ад сваіх тэатраў: балетная супольнасць была і застаецца адзінай, на гэта не ўплывае ні час, ні межы, як адзначае Елізар’еў: 

— Мы ўсе павінны любіць адзін аднаго. Не сварыцца. Быць канструктыўнымі. Напэўна, любоў адзін да аднаго і працягне наша жыццё, каб у ім было як мага меней канфліктаў, каб сярод людзей было паразуменне. Бо жыццё чалавека — самае каштоўнае, што ёсць, на гэтай зямлі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.