Вы тут

«Трудные дороги жизни» Чаргінца, зборнік вершаў і чытанка для малых


Чергинец Н. И. Трудные дороги жизни: тревожные дни 

Народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец — чалавек, які аб’ехаў дзясяткі краін, літаратар, чые кнігі перакладзены на многія мовы народаў свету. Агульны тыраж раманаў Мікалая Чаргінца, выдадзеных у Мінску, Маскве, іншых гарадах у розных краінах, — больш як 7 мільёнаў экзэмпляраў. За свае творчыя і грамадскія дасягненні ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначаны многімі міжнароднымі прэміямі, дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР, Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў. Асоба гэтага вядомага аўтара і палітыка, жыццё якога складае велізарную ціка¬васць, — яскравы прыклад служэння грамадству і Айчыне. 

У дзясятым выданні ў дзвюх кнігах серыі «Адрасы Беларусі ў свеце» выйшаў працяг аўтабіяграфічнага рамана народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца. Аўтар расказвае пра сваю шматгранную дзейнасць — як супрацоўніка органаў унутраных спраў, пісьменніка, удзельніка вайны ў Афганістане. Шматлікія здымкі, змешчаныя ў кнізе, — гэта магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, што перажыў адзін з самых вядомых нашых сучаснікаў. 


Жаўрукі над Палессем: вершы паэтаў Гомельшчыны. Укладальнік Шніп В. А. 

Пад адной вокладкай у кнізе «Жаўрукі над Палессем», якую склаў вядомы паэт, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, сабраны творы Сымона Блатуна («Вяртанне з выраю»), Анатоля Грачанікава («Каля родных берагоў») і Уладзіміра Верамейчыка («Над хвалямі Прыпяці»), напоўненыя тонкай філасафічнасцю, жыццёвай мудрасцю і глыбокім лірызмам. Кожны з аўтараў у сваіх вершах славіў роднае Палессе, яго людзей і прыроду. Паэты адчувалі сябе неаддзельнымі ад роднай зямлі і перадавалі гэтае пачуццё праз свае творы. Адметным і значным тут з’яўляецца тое, што ад замілавання роднымі палескімі краявідамі майстры слова ўзнімаюцца да прызнання ў любові да ўсёй Беларусі, да выяўлення нацыянальнага патрыятызму і да агульначалавечых ісцін. Многія архетыпы беларускага нацыянальнага мыслення ў мастацкай інтэрпрэтацыі гэтых творцаў набываюць новае гучанне, напаўняюцца арыгінальнай сімвалічнай змястоўнасцю. На старонках кнігі знайшлося месца і бясконцым творчым пошукам, і замілаванасці роднай зямлёй, і шчымлівым згадкам пра цяжкае ваеннае дзяцінства паэтаўравеснікаў. 


Верасок: чытанка. Укладальнік Фралова І. М. 

Нельга прымусіць маленькага чалавека палюбіць літаратуру. Можна толькі ёю захапіць. Гэта важная мэта ўсіх дарослых — настаўнікаў, бацькоў і тых, хто стварае дзіцячую кнігу. Ад таго, наколькі паспяхова мы гэта будзем рабіць, залежыць наколькі культурнымі людзьмі вырастуць нашы дзеці, наколькі паспяховай стане будучыня нашай краіны. Дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту адрасавана новая чытанка, укладзеная пісьменніцай Інай Фраловай. Багата ілюстраванае выданне складаецца з тэматычных раздзелаў, прысвечаных з’явам прыроды, жывёльнаму і расліннаму свету, чалавечым адносінам і пачуццям — «Калі я шчаслівы», «Планета дзяцей», «Зямля і неба — свет адзін», «Год і яго род»... Сярод аўтараў зборніка — Уладзімір Дубоўка, Аляксей Пысін, Васіль Вітка, Анатоль Грачанікаў, Авяр’ян Дзеружынскі, Мікола Чарняўскі, Мікола Маляўка, Алесь Пісьмянкоў, Ніна Галіноўская, Іван Муравейка, Віктар Гардзей, Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго і многія іншыя вядомыя пісьменнікі. Выданне разлічана на цікаўнага маленькага чытача і яго бацькоў. Таксама кнігу можна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі заняткаў і ранішнікаў у дзіцячым садку, урокаў і пазакласных мерапрыемстваў у пачатковай школе. 


Кошур С. А. Праз паціну часу: сцежкамі свіцязянскай зямлі 

Аўтар гэтай кнігі — беларускі краязнавец, двойчы лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко Святлана Кошур — запрашае чытача здзейсніць цікавае падарожжа па памятных мясцінах свіцязянскай зямлі, апетай класікамі беларускай літаратуры, каб разам прыадкрыць таямніцы гісторыі роднага краю, навучыцца бачыць сляды даўніны праз паціну часу, даведацца пра лёс таленавітых людзей, якія пакінулі на зямлі свой добры след. «Мае кнігі нараджаліся на працягу шэрагу гадоў дзякуючы шматлікім паездкам, пошукавай працы ў беларускіх і замежных архівах, бібліятэках, перапісцы з цікавымі людзьмі, сустрэчам з многімі вядомымі вучонымі, пісьменнікамі, мастакамі і іншымі творцамі, якія дапамагалі лепш зразумець сённяшні дзень у святле нядаўніх або больш аддаленых падзей. У выніку скрупулёзных пошукаў удалося вяр¬нуць з забыцця імёны некаторых нашых землякоў, пра якіх мы пакуль што ведалі мала або не ведалі зусім», — піша ў прадмове Святлана Кошур. Разам з аўтарам чытач мае магчымасць пабываць ва Уселюбе, Карэлічах, Валеўцы, Чамброве, Лаўрышаве, Райцы, Туганавічах, Міры і ншых маляўнічых мясцінах прыгожага свіцязянскага краю. Кніга прызначана настаўнікам, школьнікам, студэнтам, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны. 


Король А. Д. Дороги VS смыслы: образовательные заметки 

Гэтая кніга з’яўляецца вынікам назіранняў, праламлення навуковых ведаў аўтара праз прызму паўсядзеннага жыцця прадстаўнікоў розных культур Усходу і Захаду. «Памежжа Азіі і Еўропы — прычына многіх змен і пачынанняў, рухавік гісторыі. Так, Сабор Святой Сафіі ў Стамбуле — гэта месца злучэння Еўропы і Азіі. Ён унікальны тым, што з’яўляецца адным з чатырох старажытных храмаў Святой Сафіі ў свеце. Першапачаткова быў хрысціянскім, цяпер — мусульманскі. Святыня — цэнтр розных эпох і культур, пад аднымі скляпеннямі знаходзяцца хрысціянскія абразы і арабская вязь. Гэта пэўнага кшталту межы, што аддзяляюць адно веравызнанне ад другога. Адчуванне гістарычных пластоў у суадносінах з шматгалосым светам нараджае такі эмацыянальны фон, адпаведна якому сабор успрымаецца як храм цішыні, месца маўчання, дзе нараджаюцца новыя сэнсы», — лічыць Андрэй Кароль. Сямынь і Лондан, Ташкент і Гент, Алматы і Эльзас — месцы, дзе пабываў аўтар. На прыкладах рэальных персанажаў і сітуацый адкрываецца шлях да разумення чалавекам самога сябе, глыбокіх асноў міжкультурнага дыялогу, такіх складаных катэгорый, як час, адукацыя, шчасце, зменлівасць і пастаянства, унутранае і знешняе. Пісьменнік нібы спы¬няе паўсядзённасць, імгненне і разглядае іх з розных бакоў. 


Кузнецова А. Г. Когда трещит лёд: роман 

Аўтар гэтай кнігі пачынала свой творчы шлях як журналіст, але жыццё зрабіла круты паварот, і ў якасці музыкальнага прадзюсара і канцэртнага дырэктара Алеся Кузняцова наведала тысячы гарадоў, дзе сустракала цудоўных людзей. Калейдаскоп лёсаў і гісторый аднойчы склаўся ў тэкст. Першае апавяданне «Мудры» выйшла ў сакавіку 2023 года і адразу трапіла ў лонг-ліст расійскага літаратурнага конкурсу «Кнігатэрапія». А праз месяц пабачыў свет раман «Калі трашчыць лёд». Галоўная гераіня ўсё жыццё прысвяціла сям’і. Паспяховы муж, тры дачкі і ўласны бізнес у Маскве. У яе разуменні менавіта так і выглядае шчаслівае жыццё. Аднак усяго адна раз¬мова з незнаёмцам прымушае паглядзець на падзеі з іншага ракурсу і зразумець, што яна плыве па жыцці, быццам па бліскучай люстраной ледзяной роўнядзі, і не задумваецца, што хаваецца ў бездані цёмных вод пад ільдом... «Калі трашчыць лёд» — першы з цыкла раманаў Алесі Кузняцовай «Адна сустрэча, якая перавярнула ўсё жыццё...». 


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.


Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.