Вы тут

Ці вырвецца чалавецтва з пластыкавай пасткі?


Штогод у свеце ўтвараецца каля 300 мільёнаў тон пластыку, які забруджвае планету і ўбудоўваецца ў харчовыя прыродныя ланцужкі, з аднаго боку. З другога — ён паляпшае і спрашчае жыццё чалавецтва, якому, тым не менш, даўно варта зменшыць памеры свайго апетыту на «ўдасканаленне найлепшага», бо добрая траціна таго, што трапляе ў смеццевыя кантэйнеры, не можа быць перапрацавана ў прынцыпе, а цалкам адмовіцца ад выкарыстання пластыку немагчыма. Які пластык лягчэй за ўсё выбраць з адходаў і якія яго віды можна перапрацаваць? Ці такі добры біяраскладальны пластык і як зрабіць пластык больш «добрым»? Чаму пластык у свой час стаў ратавальнікам чалавецтва? Што можа зрабіць кожны, каб захаваць Зямлю ад несупыннага знішчэння? Адказы на гэтыя пытанні шукалі эксперты падчас тэматычнага круглага стала.


Экалагічная альтэрнатыва пакетам

Пластык — даволі ўстойлівы лёгкі танны матэрыял, які можа выкарыстоўвацца ў шырокім дыяпазоне. Ён небяспечны тым, што мае вельмі працяглы перыяд распаду: ад 100 да 1000 гадоў, а, трапляючы ў навакольнае асяроддзе, раскладаецца на так званы мікрапластык, які трапляе ў харчовыя ланцужкі і можа апынуцца ў тым ліку і ў арганізме чалавека. Акрамя таго, пры гарэнні пластыку ў атмасферу выкідаецца мноства канцэрагенаў, якія забруджваюць паветра і разбураюць азонавы слой. А сыравіна для вырабу пластыку і поліэтыленаў — найважнейшыя неаднаўляльныя прыродныя рэсурсы: вугаль, нафта, газ. Адпаведна, чым больш ствараецца пластыкавых вырабаў, тым у большых аб'ёмах расходуюцца гэтыя рэсурсы, адзначыў Максім ТАРАСАЎ, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— У кантэксце экалагічнай бяспекі «добрымі» пластыкамі з масы адходаў можна лічыць тыя, што лепш перапрацоўваюцца. Гэта поліэтылентэрафталат, поліэтылен, поліпрапілен. «Менш добрыя», а ў большай ступені «дрэнныя» — вырабы з полістыролу і пенаполістыролу.

Лепш за ўсё з агульнай масы адходаў здабываюцца буйныя пластыкавыя вырабы, а найгорш (іх увогуле практычна немагчыма выбраць) — дробныя вырабы, у тым ліку ўпаковачныя пакеты. Сёння на касах супермаркетаў прадаюцца біяраскладальныя пакеты, якія пазіцыянуюцца як экалагічная альтэрнатыва звычайным пластыкавым пакетам, аднак не ўсё так адназначна, падкрэсліў спецыяліст:

— Адзін з найбольш распаўсюджаных тыпаў біяраскладальнага пластыку — так званыя оксараскладальныя пластыкі. Гэта, па сутнасці, — звычайная пластмаса, якая мае ў сваім складзе спецыяльныя дабаўкі. За кошт гэтых дабавак паскараецца акісленне, распад матэрыялу пад уздзеяннем цяпла, ультрафіялету, кіслароду. Аднак гэта таксама мікрапластык, які дастаць з наваколля ўжо немагчыма. Другі від біяраскладальных пластыкаў — так званыя вырабы з полілактыдаў, якія лічацца аднымі з самых перспектыўных біяраскладальных пластыкаў. Яго атрымліваюць з лактыдаў пры кандэнсацыі малочнай кіслаты, якая ў сваю чаргу здабываецца з адходаў вытворчасці сельскай гаспадаркі. Так і пластык, у прынцыпе, можна кампаставаць, бо ён раскладаецца на біямасу, ваду, вугляксілы газ і метан.

Вызначана законам, выбрана пакупніком

Пераважная большасць пластыкавых адходаў — гэта пластыкавая ўпакоўка (пакеты, пенапластавыя вырабы, аднаразовы посуд), і ўвага міжнароднай суполкі засяроджана найперш на пытаннях папярэджання і памяншэння ўздзеяння менавіта такіх адходаў на наваколле. Яшчэ ў 2019 годзе была адобрана дырэктыва ЕС аб зніжэнні ўздзеяння некаторых пласмасавых вырабаў на наваколле, згодна з якой з 2021-га на тэрыторыі Еўрапейскага саюза ўводзіцца забарона на выкарыстанне аднаразовых пластыкавых талерак, кантэйнераў, кубачкаў, посуду для фастфуду, відэльцаў, лыжак, нажоў, нагадаў Максім Тарасаў:

— У Беларусі з 2020 года рэалізоўваецца план мерапрыемстваў, скіраваны на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі і яе замяшчэнне экалагічна бяспечнай. У рамках плана з 1 студзеня 2021-га ў краіне ўведзена забарона на выкарыстанне і продаж пэўных відаў аднаразовага пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Як вынік, шэраг прадпрыемстваў у краіне павялічылі магутнасці па вырабе ўпакоўкі з паперы, кардону, шкла, у тым ліку і аднаразовага пластыкавага посуду. Дзяржстандартам распрацаваны шэраг дзяржаўных стандартаў па вызначэнні здольнасці пластмасавых вырабаў да поўнага аэробнага біялагічнага раскладання. Распрацоўваюцца дзяржстандарты на шматабаротную ўпакоўку. Цяпер уносяцца змены ў Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкі», які вызначае абавязковыя для прымянення і выканання на таможнай тэрыторыі патрабаванні да ўпакоўкі. У прыватнасці, даецца паняцце «біяраскладальная ўпакоўка».

Немалую ролю ў зніжэнні выкарыстання пластыкавай упакоўкі іграюць буйныя гандлёвыя сеткі (рытэйлеры). Хоць цэлафану ў крамах, як і раней, шмат, але ў іх павялічылася і колькасць экалагічна бяспечнай упакоўкі: тэкстыльныя шматразовыя торбы, папяровыя пакеты, біяраскладальныя пакеты з расліннай сыравіны. Пакупнік сам можа вызначыцца, ці адмовіцца яму ад поліэтыленавых пакетаў на карысць шматразовай упакоўкі, якую можна перапрацаваць. Тым самым вытворцы мусяць пераарыентавацца на экалагічныя запыты насельніцтва, тым больш што экаўпакоўка становіцца трэндам.

Навязаная спажывецкая псіхалогія

Колькасць людзей ужо набліжаецца да дзесяці мільярдаў. Зірнуць на «пластыкавую» праблему з пункту гледжання ўсіх штучна створаных чалавекам матэрыялаў прапанаваў Валерый ГАНЧАРОЎ, дырэктар цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі:

— Чалавецтва развіваецца ў рамках закона адзінства і барацьбы супрацьлегласцяў — з аднаго боку, яно імкнецца да экспансіі і жадае захапіць усё навакольнае, падпарадкаваць сабе прыроду, з іншага — у намаганнях чалавецтва прысутнічаюць элементы самаразбурэння. Калі мы перавысім разумную мяжу, Зямля можа стрэсці з сябе чалавецтва з-за тэхнагеннай нагрузкі. Здабываючы руды, мы перамяшчаем вялікія масы з-пад паверхні зямлі наверх — як вынік, магчыма абрынанне. Тэктанічныя зрухі мы правакуем нашымі дзеяннямі ў галіне пераўтварэння і атрымання энергіі. Я прыхільнік больш узважанага падыходу. Калі мы кажам, што цалкам адмаўляемся ад штучна створаных матэрыялаў, то вяртаемся да натуральнай гаспадаркі. Ідзём у пячоры, здабываем крэмній і дзікіх жывёл.

Па сутнасці, пластык у свой час стаў хіба што не панацэяй для бязбеднага і добрага жыцця чалавецтва, але сёння яно сутыкнулася з тым, што вырабіла зашмат і надта нагрузіла прыроду. Каб абараніцца ад пластыкавага засілля, трэба правільна ўтылізаваць яго і пускаць у другасны абарот, перакананы дырэктар цэнтра.

— Аднак многія рэчы з пластыку, створаныя аднойчы, вельмі цяжка вярнуць у папярэдні стан. Пытанне ў тым, як спалучаць штучна створаныя і прыродныя матэрыялы і не загнаць сябе ў пастку спажывання. Магчыма, адзін з правільных адказаў — рацыянальнасць (недзе на мяжы з самаабмежаваннем) спажывання. Пры абнаўленні тых жа гаджэтаў, якія нам навязваюць вытворцы і якія, па сутнасці, адрозніваюцца толькі нумарацыяй і нейкімі моднымі штучкамі, але ж функцыянал мабільнага ад гэтага не мяняецца (першапачаткова ён задумваўся проста як сродак камунікацыі), нам навязваецца спажывецкая псіхалогія, што недзе ўжо і сорамна мець тэлефон не самай апошняй мадэлі. І гэта зноў вядзе да здабычы рэсурсаў, загрузкі чалавецтва новымі абавязкамі і ў нечым нават забыцця свайго псіхалагічнага і духоўнага развіцця.

Як зрабіць палімер больш «добрым»

Калі разбіраць пластык з пункту гледжання хіміі, то гэты матэрыял з'яўляецца, па сутнасці, кампазітам — складаецца як з палімерных складальнікаў, так і з непалімерных. Таму большасць праблем, якія звязаны з прымяненнем пластыкаў, датычыцца не толькі палімераў, але і напаўняльнікаў, фарбавальнікаў, пластыфікатараў, якія выкарыстоўваюцца пры стварэнні палімераў. Цяперашняе стагоддзе нездарма называюць векам пластыку, і ён сапраўды мае станоўчыя і адмоўныя моманты, заўважыў Аляксандр РАГАЧОЎ, дырэктар інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі:

— Адзін з магчымых варыянтаў — выкарыстанне так званых біяраскладальных пластыкаў, асновай для вырабу якіх з'яўляецца харчовая сыравіна, якую можна ўжываць у ежу. Аднак калі браць эканамічны бок, то і тэхналогіі, і абсталяванне для вырабу такіх пластыкаў робіць іх досыць дарагімі ў параўнанні з традыцыйнымі, што выкарыстоўваюцца больш шырока, у тым ліку і для ўпакоўкі. Найбольш верагодна, што трэба сумяшчаць палімерную ўпакоўку і папяровую. З аднаго боку, гэта павысіць спажывецкія здольнасці папяровай упакоўкі, з другога — можна выкарыстоўваць больш біяраскладальных палімераў і менш «дрэнных». Аднак праблема павышэння добрага складальніка палімераў даволі комплексная і з пункту гледжання хіміі досыць складаная. Напаўняльнікі пластыку дазваляюць падоўжыць тэрмін захоўвання прадуктаў у добрай упакоўцы, і Акадэмія навук працуе над стварэннем новых відаў біясумяшчальных фарбавальнікаў, якія пры распадзе не даюць небяспечных кампанентаў.

Менш ужываць і правільна збіраць

Існуюць пластыкі, якія немагчыма перапрацаваць у прынцыпе. Гэта шматслойная ўпакоўка, якая ўтрымлівае металы, палімеры і паперу, поліэтыленавыя пакеты і іншае. Тым не менш, хоць цалкам адмовіцца ад пластыку немагчыма, можна зменшыць колькасць яго выкарыстання шляхам замены пластыкавай упакоўкі экалагічна бяспечнай біяраскладальнай. Часткова можна прымяняць абмежавальныя меры, лічыць Іван БАРАНОЎСКІ, намеснік дырэктара па навуцы Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі:

— Сёння ўжо больш за 60 краін увялі заканадаўчыя абмежавальныя меры па ўжыванні пластыку ў штодзённым жыцці. Задача ў тым, як наладзіць збор і перапрацоўку такім чынам, каб мінімізаваць паступленне такіх адходаў у наваколле. І вырашэнне яе замыкаецца на спажыўцах. Калі не стымуляваць у людзях экалагічную свядомасць, то пытанне будзе вырашацца вельмі складана, а эфект — дасягацца вялікімі намаганнямі і затратамі.

Нават у еўрапейскіх краінах, якія ўжо больш за два дзесяцігоддзі таму задумаліся пра «пластыкавую» праблему, не ўсё ідэальна. У Германіі, напрыклад, 16-17 % насельніцтва ўсё роўна не выконваюць вызначаныя заканадаўствам правілы па выкарыстанні пэўных відаў адходаў, заўважыў ён:

— Праблема палімернага забруджвання сёння — гэта не толькі пластыкавая ўпакоўка вырабаў. Да 4,5 % у адходах Беларусі складае тэкстыль — выкарыстанае адзенне. А гэта таксама сінтэтычныя матэрыялы, якія забруджваюць наваколле і ствараюць мікрапластык. Мікравалокны ўжо знаходзяць у мясе рыб, птушак, жывёл і нават чалавека. Такім чынам пытанне вяртаецца да таго, каб не толькі абмежаваць, але і правільна арганізаваць збор і перапрацоўку. Без удзелу кожнага гэтую задачу не вырашыць.

Намаганнямі толькі дзяржавы і абмежавальных мер праблему не вырашыць, бо гэта будзе вялікай нагрузкай на бюджэт, і далёка не кожная краіна здольная праводзіць такія праграмы, падкрэсліў Іван Бараноўскі:

— Сёння ў Беларусі плата за збор і захоўванне адходаў досыць малая (у сталіцы, напрыклад, вываз 1 м3 смецця каштуе крыху больш за 9 рублёў у дамах без смеццеправода. — Аўт.). У той жа Германіі яна складае ад 80 да 200 еўра ў год на чалавека. Зыходзячы з гэтага, зразумелы механізм і магчымасць рэалізоўваць нейкія праграмы па барацьбе з пластыкавым забруджваннем. Калі такога няма, то прыходзіцца разлічваць толькі на спажыўца.

Што датычыцца окса- і біяраскладальнага пластыку, то тут існуе высокая ступень небяспекі для любой краіны, бо на постсавецкай прасторы няма сістэмы сертыфікацыі і ідэнтыфікацыі такіх пластыкаў. Няма акрэдытаванай лабараторыі, органа па сертыфікацыі. Набываючы ў краме пластык, верыць надпісам, што ён біяраскладальны ці экалагічна бяспечны, цяжка, лічыць Іван Бараноўскі. У Беларусі існуе толькі адна група кампаній, якая працуе і вырабляе біяраскладальныя матэрыялы і ўпакоўку. Наколькі біяраскладальнае астатняе — пытанне. Таму НАН Беларусі займаецца работай па стварэнні органа па сертыфікацыі, а найперш — адпаведнай лабараторыі па выпрабаваннях біяраскладальнай упакоўкі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.