Вы тут

Качанава на сустрэчы са студэнтамі ў Гомелі: Нам важна чуць прапановы і ініцыятывы моладзі


Заканатворчая дзейнасць — на прыкладах з жыцця, якія хвалююць кожнага... У Гомелі будучыя медыкі з першых вуснаў даведаліся аб актуальных задачах, якія стаяць сёння перад парламентарыямі, і задалі свае пытанні. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Наталля Качанава сустрэлася са студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.


Фота: БелТА

Да пачатку сустрэчы спікер верхняй палаты парламента пазнаёмілася з навучальным цэнтрам практычнай падрыхтоўкі і сімуляцыйнага навучання. Ён быў створаны на базе ўніверсітэта амаль пяць гадоў таму. Сёння ў гомельскі дзяржмедуніверсітэт паступаюць маладыя людзі з розных куткоў краіны, у тым ліку каб стаць дыягностамі, спецыялістамі ўльтрагукавых даследаванняў.

Як звярнула ўвагу Наталля Качанава, сёння да 70 % урачоў Гомельскай вобласці — выпускнікі Гомельскага дзяржмедуніверсітэта. Гэта базавая ўстанова, якая забяспечвае нашу краіну кваліфікаванымі спецыялістамі.

Увогуле ж, ва ўсе часы ў Беларусі сфера аховы здароўя — адзін з самых важных кірункаў сацыяльна-арыентаванай дзяржавы. У наступным годзе, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, запланавана выдаткаваць 11 мільярдаў рублёў менавіта на ўмацаванне і развіццё сістэмы аховы здароўя.

Падчас сустрэчы Наталля Качана звярнула ўвагу на работу над законапраектамі — вялізны пласце дзейнасці парламентарыяў. Спікер нагадала, што ў мінулым годзе наш народ падтрымаў на рэферэндуме прапанаваныя змены ў Асноўным Законе краіны.

— Сёння 92 % законаў мы адпрацавалі, да канца года плануем усе законы прывесці ў адпаведнасць з новай Канстытуцыяй, — адзначыла Наталля Качанава.

Парламентарый нагадала аб унікальных навелах Канстытуцыі Беларусі, сярод якіх законы аб Усебеларускім народным сходзе, маладзёжнай палітыцы, грамадзянскай супольнасці. Гэта тыя кірункі, якія адлюстроўваюць імкненне нашай краіны ісці сваім палітычным і грамадзянскім курсам.

Шчаслівая сям'я, моцныя рэгіёны, Беларусь інтэлектуальная, дзяржава-партнёр — гэтыя і іншыя стабілізацыйныя задачы-асновы былі дакладна сфармуляваны на VІ Усебеларускім народным сходзе.

— Вядома, трэба, каб людзі жылі і працавалі ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, каб мы не сцягвалі ўсе працоўныя рэсурсы ў вялікія гарады, абласныя цэнтры і горад Мінск. Нам трэба развіваць усе населеныя пункты, — нагадала адну з актуальных задач Наталля Качанава. — Дзяржава ўзяла на сябе сацыяльныя абавязацельствы і выконвае іх — у выглядзе дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, пенсій, льготных крэдытаў для вырашэння жыллёвых пытанняў. Мы бачым, што дзяржава шмат робіць і будзе далей прымаць меры. Трэба разумець, што дзяржава дае асноўныя кірункі, а далей чалавек мусіць для сябе прымаць рашэнні: дзе вучыцца, як забяспечыць сям'ю, дзе жыць, працаваць. Кожны сам свой лёс выбірае, — звярнула ўвагу спікер на тое, што ад кожнага грамадзяніна на месцы ў тым ліку залежыць поспех нашай краіны.

Старшыня Савета Рэспублікі закранула і пытанне знешняй палітыкі нашай дзяржавы. Калектыў і студэнты Гомельскага медуніверсітэта, дзе вучацца прадстаўнікі самых розных краін свету, змогуць пацвердзіць, што Беларусь заўсёды выбірае дружалюбную і міралюбівую пазіцыю. Наша дзяржава вельмі ўдзячна тым краінам, якія развіваюць з ёй дружалюбныя, канструктыўныя адносіны.

— Як бы ўрады Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі ні паводзілі сябе сёння агрэсіўна ў адносінах да Беларусі, мы ніколі не скажам дрэнных слоў у адрас народаў гэтых краін. Гэта людзі, яны ведаюць, як мы жывём. Мы не закрывалі межы, яны прыязджалі і бачылі іншую карціну, чым ім падавалася, — нагадала спікер.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі заклікала памятаць, што наша краіна моцная адзінствам. Па словах спікера, натуральна для людзей мець розныя меркаванні, але нельга забываць, што павінен быць парадак і строгае выкананне законаў. Наталля Качанава звярнула ўвагу студэнтаў і педагогаў і на тое, што нашу краіну чакае важны палітычны перыяд — адзіны дзень галасавання.

— Заваяваць суверэнітэт, як гаворыць наш Прэзідэнт, не так складана, як яго захаваць. І задача стаіць перад вышэйшымі службовымі асобамі, Саветам Бяспекі, Прэзідэнтам нашай краіны і нашым народам — захаваць мір і спакой. А гэта залежыць у тым ліку ад вас. Мы павінны працаваць, каб ствараць дабрабыт не толькі для сябе, але і для сваёй краіны. Моладзь мусіць сябраваць і супрацоўнічаць, каб ведаць, якімі праблемамі жывуць тыя ці іншыя краіны, якія сёння тэндэнцыі ў развіцці нашай краіны, — заклікала спікер.

Наталля Качана звярнула ўвагу, што Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі ў тым ліку праз сучасныя сродкі сувязі, месенджары адкрыты для пытанняў і прапаноў ад насельніцтва. Спікер падзялілася, што і падобныя сустрэчы ў рэгіёнах — магчымасць з першых вуснаў ад жыхароў пачуць іх прапановы, пытанні. Таму такія сустрэчы важна праводзіць у фармаце дыялогу.

Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта скарысталіся магчымасцю задаць самыя розныя пытанні. Напрыклад, гомельская моладзь пацікавілася ў Наталлі Качанавай аб яе першым у жыцці галасаванні на выбарах, аб тым, як праводзіць парламентарый вольны час. Прагучалі і пытанні аб магчымасці кар'ернага росту моладзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, удзеле грамадскіх арганізацыі ва Усебеларускім народным сходзе.

Адно з пытанняў ад студэнтаў Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала асабіста разгледзець і прааналізаваць. Гаворка аб атрыманні льгот для паступлення на вочную форму навучання ў ВНУ для шматдзетных бацькоў. Гэта пытанне падчас сустрэчы з Наталляй Качанавай закранулі дзве студэнткі Гомельскага медуніверсітэта — мамы трох і пяці дзяцей.

Спікер верхняй палаты падчас сустрэчы пажадала студэнтам, каб на іх жыццёвым шляху сустракаліся старэйшыя калегі, таварышы, якія б падказалі і дапамаглі ў складанай сітуацыі.

Адказваючы на пытанне, што на думку Наталлі Іванаўны важна для маладога ўрача, парламентарый пажадала справядлівага і добрасумленнага стаўлення да людзей, шчырае жаданне дапамагчы і не баяцца прасіць дапамогі ў старэйшых калег.

Дарэчы, Наталля Качанава адзначыла, што ў практыцы сімуляцыйнай і практычнай падрыхтоўкі будучых урачоў ёсць цікавы момант, які можна прымяняць для падрыхтоўкі дзяржслужачых, бо ім важна вучыцца працаваць з людзьмі і такім чынам правяраць свае здольнасці для работы на кіруючых пасадах.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.