Вы тут

У вялікіх гарадах, райцэнтрах, аграгарадках праходзяць кірмашы па продажы сельгаспрадукцыі


Нездарма ж кажуць, што восенню і верабей багаты. Вырашчанае на палях клапатлівай працай не грэх паказаць і на кірмашах, якія па размаху дзе-нідзе нагадваюць сапраўдныя фестывалі сельгасвытворчасці. Больш за сто сельскагаспадарчых кірмашоў запланавана правесці гэтай восенню ў Брэсцкай вобласці. Стартавала шчодрая асенняя кампанія на Століншчыне. Сезон адкрылі яшчэ 24 верасня ў райцэнтры.


На пляцоўку па вуліцы Горкага ў Столін са сваім таварам з’ехаліся вытворцы сельгаспрадукцыі ўсіх формаў уласнасці. Як вядома, у Столінскім раёне жывуць умелыя і руплівыя гаспадары. Акрамя традыцыйных бульбы-морквы-капусты тут прадавалі такую садавіну і агародніну, здымкі якой можна смела змяшчаць на старонках глянцавых часопісаў. Прапаноўвалі, напрыклад, рознакаляровыя гронкі вінаграду, што нічым не саступіць вырашчаныму ў паўднёвых краінах.

На наступных выхадных кірмашы ўжо шумелі ў Рэчыцы, гарадскім пасёлку Столінскага раёна, у Давыд-Гарадку і былі таксама па-палеску багатымі. Прадавалі шмат кветак і саджанцаў, агародніну, садавіну, былі тут грушы памерам з вялікі кулак.

У Бярозе і Белаазёрску таксама зладзілі багатыя кірмашы. А паколькі ў раёне знаходзіцца знакаміты рыбгас «Сялец», то на гандлёвых пляцоўках прадавалі жывую рыбу. Каля рыбных павільёнаў часам нават невялікія чэргі збіраліся, бо да свежага агародніннага гарніру асабліва пасуе рыбная страва.

Шмат наведвальнікаў сабралі кірмашы ў Баранавічах, Пінску, Кобрыне, Ганцавічах, а таксама ў вялікіх мястэчках, якія раней былі райцэнтрамі. У мінулую суботу кірмаш прайшоў у Ружанах. Старшыня Ружанскага сельскага Савета Пружанскага раёна Аксана Юркоўская расказала, што кірмашы ў Ружанах праводзяцца ўжо некалькі гадоў запар. Як і ў даўнейшыя часы, гандляры размяшчаюць свой тавар на галоўнай плошчы пасёлка. Зранку сюды прыходзяць, а таксама прыязджаюць з навакольных вёсак пакупнікі. Зрабіць пэўныя запасы на зіму стараюцца многія гаспадары, напрыклад пенсіянеры, якім не пад сілу апрацоўваць вялікія агароды. Для іншых наведвальнікаў гэты дзень выглядае нагодай купіць розную смакату і патрэбную ў гаспадарцы прадукцыю.

Нязменным попытам на сельскім кірмашы карыстаецца збожжа. Яго прадавала сельгаспрадпрыемства «Ружаны-Агра». Пшаніцу, трыцікале, ячмень набывалі тыя, хто трымае падсобную гаспадарку. Прадавалі, вядома, і традыцыйныя дары восені. Бульба, буракі, морква, капуста былі складзены ў мяхі-сеткі для зручнасці пакупніка. І людзі з задавальненнем куплялі прадукцыю. Хапала таксама груш, яблыкаў, журавін. Цэны ж выглядалі прымальнымі — нават крыху ніжэйшымі, чым у звычайныя дні на рынку. 

А тут, як той казаў, з дастаўкай у зручнае месца.

Паводле слоў кіраўніка сельвыканкама, людзі чакалі гэтага дня. Рэкламы пра кірмаш у сацыяльных сетках хапала, ды і раённая газета напярэдадні паведаміла. Так што наведвальнікаў было многа. Вельмі важна, што надвор’е спрыяла, дзень выдаўся лагодны. Настрой стварылі самадзейныя артысты Ружанскага цэнтра культуры і адпачынку. Было многа песень, танцаў, жартаў. Пад музыку і гандаль ішоў весялей.

Багата рознай смакаты прапаноўвалі гандлёвыя прадпрыемствы. Кааператары гандлявалі мясам, іншымі харчовымі таварамі. Добрым попытам карысталіся паўфабрыкаты мяснога цэха ААТ «Ружаны-Агра». Прадавалі таксама саджанцы пладовых і дэкаратыўных дрэў, самыя розныя кветккі.

— Ва ўсім адчувалася атмасфера кірмашу, — гаворыць Аксана Юркоўская. — Людзі з задавальненнем ішлі сюды, сустракалі знаёмых, рабілі пакупкі.

Абласны цэнтр па традыцыі праводзіць асенні гандаль з размахам. У Брэсце ўжо два разы ладзіліся кірмашы. Першы раз гандляроў і пакупнікоў восеньскае мерапрыемства сабрала 7 кастрычніка. Тады свой тавар прывезлі 399 удзельнікаў, з якіх 308 — фізічныя асобы. У суботу, 7 кастрычніка, гандаль адбыўся на шасці пляцоўках абласнога цэнтра, у нядзелю — на чатырох. Варта сказаць, што кірмашовыя прылаўкі выглядалі страката, амаль па-святочнаму. Фарбаў дабавілі яркія таматы і перцы, журавіны, яблыкі з грушамі. Было шмат сартоў мёду, саджанцаў не толькі пладовых, але і дэкаратыўных дрэў і кустоў.

Цэны выглядалі даволі прымальнымі. Іх разбежка сведчыла, што можна знайсці прадукцыю на любы кашалёк. Напрыклад, бульбу прапаноўвалі ад 30 да 90 капеек за кілаграм, капусту ад 0,6 да 1,5 рубля, цыбуля была ў наяўнасці ад 0,57 да 1,5 рубля. Яблыкі, якія ў гэтым годзе не вельмі ўрадзілі, прапаноўвалі і па 4 рублі, але можна было знайсці не вельмі адборныя за 90 капеек.

Назаўтра ў тэлеграм-канале гарвыканкама з’явіліся кароткія вынікі першага дня. Агульны тавараабарот склаў тады 320 тысяч рублёў. А на кірмашах у мінулыя выхадныя тавараабарот ужо атрымаўся большы, але гэта ўсё роўна крыху менш, чым год таму.

На адным з кірмашоў давялося пачуць меркаванне, што падобныя мерапрыемствы цяпер страцілі актуальнасць. Няма сэнсу нарыхтоўваць бульбу, агародніну, калі ўсё гэта круглы год ёсць у краме, можна купіць свежае невялікімі порцыямі. Тым больш што ў гарадскіх умовах прадукцыю нярэдка няма дзе захоўваць. Але ж цікава ўжо тое, што чалавек, які падзяліўся такім меркаваннем, сам прыйшоў на кірмаш. Прыйшоў паглядзець, прыцаніцца. 

І сам жа дадаў, што для пенсіянера такое мерапрыемства — нагода выйсці з дому, пабыць сярод людзей. Значыць, усё ж патрэбныя кірмашы.

Тым больш што даволі многа наведвальнікаў куплялі бульбу, капусту мяхамі. Надарылася добрая нагода набыць журавіны — крыніцу вітамінаў. Іх прывозяць на кірмаш з розных рэгіёнаў Брэстчыны, можна выбраць. Ды і шмат чаго яшчэ на гандлёвых пляцоўках заслугоўвала ўвагі. Кірмашы працягваюцца, у наступныя выхадныя яны зноў будуць і ў абласным цэнтры, і ў рэгіёнах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-каналаў гар-, райвыканкамаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.