Вы тут

Адразу шэсць крыніц Гродзенскай пушчы прызнаны помнікамі прыроды


Такі статус упершыню нададзены гідралагічным аб’ектам заказніка Гродзенскага раёна і замацаваны рашэннем Гродзенскага райвыканкама ў жніўні. А папярэднічала гэтаму даволі значная і працяглая праца навукоўцаў, эколагаў і актывістаў. Былі зроблены даследаванні, на падставе якіх крыніцы атрымалі свайго роду пашпарты. Амаль усе яны маюць назву, звязаную з гістарычнымі падзеямі і з’явамі. 


Тут хадзіла Эліза Ажэшка

Трэба сказаць, што назвы ў крыніц сапраўды цікавыя. Напрыклад, «Сто крыніц» сведчаць аб вялікай колькасці маленькіх падземных ручайкоў. А на месцы крыніцы «Райгарад», згодна паданню, некалі быў горад, які праваліўся пад зямлю. Гэта самае нізкае месца ў Беларусі. Крыніца «Эліза Ажэшка» звязана з імем вядомай пісьменніцы, якая жыла ў Гродне і прыязджала сюды за вадой. Гэты факт увасобіла драўляная скульптура жанчыны з кніжкай у руках, якая сядзіць на лаўцы ў альтанцы. Кампазіцыя ўстаноўлена па праекту «Развіццё роднага краю» ў рамках абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. 

Пераможцам конкурсу стаў творчы калектыў «Крыніца». Яго кіраўнік Тэрэза Белавусава на працягу 30 гадоў папулярызуе прыродныя крыніцы Гродзенскай пушчы. Яна з дзяцінства добра іх ведае і дбае аб захаванні. Кажа, што яны гаючыя. У першую чаргу, звяртае ўвагу на чысціню вады, якая выходзіць напаверх.

— Для надання крыніцам ахоўнага статуса праведзены даследаванні, якія вызначылі, якая гэта вада, якія сюды ўваходзяць кампаненты, — расказала Тэрэза Іосіфаўна. — Зроблена табліца мікраэлементаў, утрымання хімічных рэчываў, атрыманы аналіз біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці крынічных водаў, іх гісторыка-культурнае значэнне. Вынікі даследаванняў увайшлі ў пакет дакументаў для разгляду камісіі райвыканкама. Сабраны матэрыял даў падставу для прыняцця рашэння аб аб’яўленні крыніц помнікамі прыроды мясцовага значэння.

Ахоўны статус набылі адразу шэсць крыніц. Усе яны да гэтага былі ўключаны ў склад даволі аб’ёмнага зборніка «Крыніцы Беларусі», які выйшаў з друку ў 2020 годзе з унікальнымі ілюстрацыямі. 

Нічыйныя аб’екты прыдбаны

Дарэчы, у Гродзенскім раёне нямала ахоўных тэрыторый. Як паведамілі ў Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у раёне 17 помнікаў прыроды мясцовага значэння. Таксама тут зарэгістравана 42 біятопных ландшафта на плошчы ў 6 тысяч гектар. У асноўным гэта лясныя масівы, верхавыя балоты, ельнікавыя і сасновыя ўчасткі. Ёсць у раёне два заказнікі рэспубліканскага значэння і тры — мясцовага. Усе яны маюць тую ці іншую каштоўнасць і знаходзяцца ў зоне аховы. 

Цяпер за іх станам крыніц Элізы Ажэшкі, Мар’яны, Плебанішкі, Райгарад, Сто крныіц, Каменка-2 будуць сачыць землекарыстальнікі — Гродзенскі лясгас, мясцовы сельгаскааператыў і сельскі Савет — згодна з прыродаахоўным заканадаўствам. Аб’екты маюць прававую абарону, свайго роду ахоўную грамату, дзе прапісана, што там можна рабіць, а што нельга. Як падкрэслілі ў экалагічнай інспекцыі, самі ўласнікі свядома пайшлі на такі крок і разумеюць важнасць захавання каштоўнага прыроднага рэсурсу для будучых пакаленняў. У сваю чаргу, эколагі гатовы даць рэкамендацыі па абсталяванні водазабора, добраўпарадкаванню тэрыторый, стварэнню зонаў адпачынку з інфармацыяй аб асаблівасцях той ці іншай крыніцы. Дарэчы, большасць шыльдаў з назвамі ўстаноўлена ў рамках праекта грамадзянскіх ініцыятыў. Усе яны аформлены гродзенскімі скульптарамі і добра ўпісваюцца ў лясное асяроддзе. 

Чаму іх важна захаваць

Вада, якая знаходзіцца блізка да паверхні зямлі і пад яе ціскам выходзіць наверх, ва ўсім свеце лічыцца недатыкальным багаццем. Такія запасы прэснай вады пільна ахоўваюцца. Па гэтаму шляху зараз актыўна ідуць і ў Беларусі, паведаміў кандыдат біялагічных навук, супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах Юрый Гігіняк. Паступова да работы далучаюцца і мясцовыя органы ўлады. Таксама гэту працу вядуць святары, яны асвячаюць крыніцы, праводзяць там набажэнствы, уладкоўваюць купелі і альтанкі. Між тым, многія крыніцы аказваюцца пад пагрозай знікнення, асабліва з-за меліярацыі. 

— Мы сутыкнуліся з такой сітуацыяй у Іўеўскім раёне, — прыгадаў Юрый Гігіняк. — У падобных выпадках прыходзіцца даказваць, што нават невялікі ключык, які б’е з зямлі — гэта вялікая каштоўнасць і да яго трэба ставіцца беражліва. У гэтым сэнсе добрым прыкладам могуць стаць намаганні гродзенскай энтузіясткі Тэрэзы Белавусавай. Яна здолела аб’яднаць розныя інстанцыі і ведамствы, каб дабіцца ахоўнага статусу для крыніц, аб якіх даведалася ад сваіх продкаў. 

У Беларусі каля сотні крыніц маюць такі статус. І гэта работа ідзе няспынна. Напрыклад, сёлета завяршаецца шасцігадовы праект па даследаванні найбольш значных крыніц у розных рэгіёнах Беларусі. У першую чаргу звяртаецца ўвага на тыя ручаі, якія могуць знікнуць. Навукоўцы сочаць за тым, каб вакол іх не вяліся забудовы, не ствараліся стыхійныя сметнікі. Землекарыстальнік абавязкова павінен пазначыць гідралагічны помнік прыроды адпаведнай шыльдай. 

Вядзецца работа па пошуку яшчэ невядомых крыніц. 

— Тут на дапамогу можа прыйсці насельніцтва. Мы былі б удзячны, каб інфармацыя аб існаванні крыніц паступала і да нас, у Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах. Трэба, каб пра гэта ведалі і мясцовыя органы ўлады, і землекарыстальнікі. Крыніцы прэснай вады павінны быць пад аховай дзяржавы, — падкрэсліў Юрый Гігіняк. 

У навуковай установе складзены рэестр крыніц. Але яшчэ даволі шмат ручайкоў, якія не даследаваны, а, значыць, знаходзяцца пад пагрозай знікнення. А між тым кожная крыніца — гэта яшчэ і пэўная гісторыя, бо мае сваё цікавае паданне. Як і гэтыя шэсць, што нядаўна набылі статус помнікаў прыроды. Тэрэзу Белавусаву засмучае той факт, што працэс падрыхтоўкі пакета дакументаў заняў не адно дзесяцігоддзе. Было б добра, каб важнасць гэтай справы зразумелі не толькі эколагі і грамадскія актывісты, але і дзяржаўныя служачыя. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.