Вы тут

У Магілёве стартаваў міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні


На тры дні, з 25 па 27 кастрычніка, абласны цэнтр пераўтварыўся ў бізнес-пляцоўку для перамоў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў. Свае стэнды і ўзоры прадукцыі на прасторных плошчах СК «Алімпіец» прадставілі вытворцы з Арэнбургскай, Смаленскай, Курскай, Наўгародскай і іншых абласцей. Болей чым 100 прадстаўнікоў бізнесу з 14 расійскіх рэгіёнаў далі згоду на ўдзел у магілёўскім форуме. У адкрыцці мерапрыемства прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, гандлёвы прадстаўнік Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Залатароў, намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Наумовіч.


Магілёў сёння жыве ў дынамічным дзелавым рытме. Паміж удзельнікамі форума актыўна вядуцца перамовы ў фармаце В2В, праходзяць дзелавыя сустрэчы, тэматычныя дыскусіі, прэзентацыйныя выставы экспартна-арыентаваных прадпрыемстваў. Усё гэта накіравана на развіццё гандлю і эканамічнага партнёрства, вызначэнне новых бізнес-партнёраў на знешнім рынку, пошук альтэрнатыўных пастаўшчыкоў прадукцыі (сыравіны, абсталявання, камплектуючых) для кампаній-экспарцёраў, устанаўленне кааперацыйных сувязей паміж вытворцамі і спажыўцамі, а таксама фарміраванне новых каналаў экспарту і імпарту прадукцыі.

— Галоўная задача форума — прэзентаваць магчымасці беларускіх прадпрыемстваў, абмяняцца практычным вопытам і знайсці новыя рашэнні ў агульным з расіянамі імпартазамяшчэнні, — абазначыў падчас адкрыцця галоўныя арыенціры губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка. — Расія застаецца адным з нашых важнейшых партнёраў, таму на першы план выходзяць не проста пытанні павялічэння таваразвароту, а павелічэнне ўзаемнай кааперацыі для зыходу ад імпарту і для стварэння новых канкурэнтаздольных тавараў для рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках. Неабходна максімальна ўмацоўваць міжрэгіянальныя адносіны і развіваць транспартна-лагістычныя калідоры. 

На форуме будзе працаваць тры секцыі — на тэму «Прамысловая кааперацыя — шлях ад імпартазамяшчэння да тэхналагічнай незалежнасці», «Экспарт ва ўмовах санкцый. Інструменты падтрымкі экспарту» і «Продажы на маркетплэйсах. Як працаваць на маркетплэйсах». 

У якасці экспанентаў выстаўкі ў «Алімпійцы» выступае болей чым 60 беларускіх і расійскіх кампаній. 

ААТ «Зеніт» адно з прадпрыемстваў холдынгу «Магілёўліфтмаш», якое спецыялізуецца на электраабсталяванні для ліфтаў. На выставе вытворца прэзентуе таксама інавацыйную спадарожную прадукцыю — святлодыёдныя энергаэфектыўныя ліхтары для вялікагрузнай тэхнікі. 

— А гэта наша апошняя распрацоўка, — дэманструе дэзінфектар для ліфта начальнік адзела рэкламы прадпрыемства Алена Таланава. — Панель падбіраецца па колеру і канфігурацыі пад любую мадэль ліфта. 

Магілёўская прыватная кампанія СмартТрак, якая з’яўляецца рэзідэнтам «Тэхнапарка», прадставіла інавацыйную распрацоўку — ворны трактар.

— Аналагаў у Беларусі і Расіі пакуль нямы, — запэўнівае дырэктар кампаніі Сяргей Дуктаў. — Адаптар далучаецца да мотакультыватара, і пераўтварае яго ў поўнапрывадны трактар. Дзякуючы гэтаму інавацыйнаму праекту мы і сталі рэзідэнтамі магілёўскага «Тэхнапарка».

Раней фірма займалася гандлем культыватараў. 

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод будуе вялікія планы на работу з Расіяй. Прадпрыемства робіць акцэнт на вытворчасць універсальных грузавых вагонаў і вагонаў для перавозкі збожжа. Гэта два віду прадукцыі, якія сёння карыстаюцца вялікім попытам.

— На форумах галоўнае знайсці новыя кантакты, новыя рынкі збыту, новых сяброў і супрацоўнічаць у гэтым кірунку, — кажа яго дырэктар Аляксандр Башарымаў. — Попыт на вагоны расце, аб’ёмы іх вытворчасці павялічыліся сёлета амаль ў два разы ў параўнанні з мінулым годам. Хачу адзначыць, што з расійскімі партнёрамі працаваць адно задавальненне. Няма пытанняў ні па аплаце, ні па афармленні кантрактаў. 

На форуме прысутнічаюць і прадстаўнікі вагонабудаўнічай кампаніі з Удмурціі. Прызнаюцца, што магілёўскае прадпрыемства па вырабе вагонаў для іх не канкурэнт, а партнёр. І яны зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі вытворцамі. Для гэтага яны пераадолелі шлях у 1,5 тысячы кіламетраў. 

— Для нас адкрыццё беларускага рынка значная падзея, — адзначыў дэпутат Дзяржсавета Удмурцкай Рэспублікі і дырэктар «Вагоннай грузавой кампаніі» Раміль Гайнулін. — На працягу года вялі перамовы з вашымі вагонабудаўнікамі. Той аб’ем, які на наступны год у нас запланаваны, недастатковы для тых кампаній, якія збіраюцца набываць вагоны. І ў гэтым выпадку Магілёўскі вагонабудаўнічы завод для нас як палачка-выручалачка. Мы тут для таго, каб падпісаць пагадненне. 

Суразмоўца адзначае, што ў Магілёве яны сустрэлі цёплы прыём і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.

— У нас ужо ляжыць снег, а ў вас прыгожыя зялёныя палі, — усміхаецца Раміль Гайнулін.

Акрамя вагонаў гасцей з Удмуртыі цікавіць яшчэ і беларускі цэмент.

— Мы ўжо набываем і збіраемся нарошчваць аб’ёмы гэтага тавару, — кажа Раміль Ільдаравіч. — Адпаведна купляем яшчэ і цэментавозы, будзем прыязджаць у Крычаў, каб забіраць цэмент. У нас вельмі шмат аб’ектаў будаўніцтва, зараз мы пастаўляем цэмент на будаўніцтва міжнароднага тэрмінала аэрапорта горада Іжэўск. Аб’ёмы будаўніцтва вялікія і цэменту не хапае. Месяц таму мы былі на магілёўскім вагонабудаўнічым заводзе і ездзілі на перамовы з Беларускай цэментнай кампаніяй. Яны, сапраўды, здзівіліся, што з Урала прыехалі за цэментам, але мы ўжо на той момант набывалі беларускі цэмент, проста вырашылі выйсці на прамыя пастаўкі. Лагістыка вельмі моцна адбіваецца. Таму мы і набываем свае цэментавозы, каб зрабіць перавозку больш таннай. Беларускі цэмент не танны, але якасць яго высокая. Еўрапейскі рынак патрабаваў ад нас пэўных параметраў па цэменту і беларускі іх цалкам вытрымлівае. 

Цэнтр падтрымцы прадпрымальніцтва і Цэнтр падтрымцы экспарту з Ніжняга Ноўгарада прадстаўлялі адразу 12 кампаній розных сфер дзейнасці — ад вытворчасці нажоў да медыцынскіх інструментаў. Сярод удзельнікаў — металургічныя арганізацыі, спружынны завод, будаўнічая кампанія.

— Непасрэдна мы займаемся металаапрацоўкай — ад праектавання да вытворчасці, — удакладніў генеральны дырэктар ніжагародскай кампаніі «Лазер-НН» Ягор Архіпаў. —Супрацоўнічаем у асноўным з расійскімі прадпрыемствамі, але быў вопыт супрацоўніцтва з Беларуссю па маркетпэйсу. Вось прыехалі шукаць новых партнёраў на месцы.

Як выказаўся намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Наумовіч, на фоне тых выклікаў, з якімі сутыкнуліся Беларусь і Расія, магілёўскі форум добры прыклад таго, як можна вырашаць сумесныя праблемы разам. «Не дзіўна, што да мерапрыемства такая цікавасць і беларускіх, і расійскіх вытворцаў, — падкрэсліў ён. — Вядома, што ў кааперацыі рухацца прасцей і лягчэй, падстаўляючы адзін аднаму плячо».

У рамках форума арганізавана выстава дасягненняў беларускага аўтапрама на пляцоўцы каля спартыўнага комплексу. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.