Вы тут

Пра што ў сваёй кнізе распавядае Ігар Маісееў


Адным з намінантаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў катэгорыі «Найлепшы дэбют» быў Ігар Маісееў, аўтар аповесці «Остров Глазовка, или Главные по аистам». Назва твора вельмі неадназначная, гэтым і чапляе.


Усё імклівей выміраюць вёскі ў іх спрадвечным выглядзе: чалавецтва развіваецца, будуе гарады і разгортвае інфраструктуру і пры гэтым — непазбежна — пакідае на задворках памяці самабытныя, поўныя інтрыгоўных гісторый, вёскі. Хтосьці называе гэта «аптымізацыяй колькасці насельніцтва», спасылаючыся на тое, што «прагрэс не звяртае ўвагі на эмоцыі», хтосьці — трагедыяй, якая пазбаўляе кожнага чалавека нечага патаемнага, што да канца дзён будзе нагадваць пра сябе. 

Ігар Маісееў у сваім творы «Остров Глазовка, или Главные по аистам» распавядае чытачу, як ён працаваў настаўнікам у адной з вёсак Гомельшчыны. Глазоўка — аграгарадок з насельніцтвам некалькі соцень чалавек. Менавіта ў гэтым месцы і апынуўся галоўны герой. 

Свой твор аўтар ідэнтыфікаваў як аповесць: увесь сюжэт закручваецца вакол вясковага жыцця. Месцамі «Востраў Глазоўка» нагадвае падарожную публіцыстыку. 

Ад самага пачатку Ігар Маісееў іранічна разважае пра паходжанне назваў беларускіх вёсак: «...Для начлегу больш падыдзе вёска Храпакі на Віцебшчыне ці, там, Запярынне, Сямігосцічы, Пірагі альбо Наліўкі»; «насамрэч, заўсёды ёсць выбар, і калі вас не задавальняюць занадта дыетычныя Сухары, то побач размешчаны Сласцёны (на той жа Магілёўшчыне)». Таксама, як прыкмячае аўтар, шмат вёсак, што маюць «прыродныя» назвы: «...тэма лесу бясконца пашыраецца ў варыяцыях вакол назваў усіх вядомых дрэў і хмызнякоў нашай зоны, ад салодкай Малінаўкі да самавітага Дубна. Беларуская вёска неяк заўсёды з лесам, стараецца прытуліцца да яго хоць адным бокам. Калі лес за спінай, то неяк спакайней». Менавіта такім чынам (гульнёй з этымалогіяй) аўтар падводзіць да Глазоўкі, значэнне назвы якой складана растлумачыць. 

Герой апынуўся ў гэтай вёсцы невыпадкова: ён наўмысна шукаў месца працы настаўнікам. І спыніў свой выбар на Глазоўцы. Месца самабытнае, нібы аддзеленае ад усяго свету. Людзі тут жывуць «маленькім» жыццём, тым самым вызначаючы свае маральныя законы паводзін. Жыхары вёскі — далёка не дурныя людзі: калі было загадана збіраць добрую (падкрэсліваю) бульбу для таго, каб адправіць яе на Каўказ, узнікла непаразуменне сярод насельніцтва: 

«— Что-то рановато вы устроили перерыв. Хотя, если устали...

— Нiчога мы не стамiлiся, а проста не хочам для iх выбiраць бульбу. 

— Вы что, белены объелись? 

— I каб усе былi аднолькавыя, i каб без адной драпiны, як царам.

— Без повреждений — чтобы не погнила в дороге, а с калибровкой — чтобы сразу в торговлю, наверное.

— А вы бачылi, каб у нас дзесьцi бульба прадавалася прама адна ў адну? А мяшкi толькi што не залатыя. Хай бы яны нам хоць бы каробку мандарынаў даслалi, хоць бы калi-небудзь!»

Вучні глазоўскай школы, у якой працаваў герой, таксама не без прынцыпаў. Пасля аднаго з суботнікаў яны заявілі: «Мы працуем, а настаўнiкi, як наглядчыкi, стаяць над намi, як над неграмi, яшчэ i падганяюць. Мы так не хочам. (...) Няхай настаўнiкi таксама працуюць, а не гаўкаюць над галавой».

Такія паводзіны выкліканы вострым адчуваннем роўнасці: працаваць павінны ўсе. Гэта ў гарадах прывыклі размяркоўваць абавязкі. У вёсках жа — усе выконваюць усё! 

Каб не раскрываць іншыя цікавыя моманты твора, абмяжуемся тым, што найбольш усхвалявала. У Глазоўцы жыў хлопчык Коля, які з дзяцінства праяўляў цікавасць да шахматаў. З часам ён пачаў перамагаць усіх аднавяскоўцаў. І справа так закруцілася, што хлопчык гуляў у шахматы па пошце (інтэрнэту тады яшчэ не было): купляў паштоўку, на ёй запісваў ход і адпраўляў (пачкамі) у Іркуцк, Вышні Валачок, Бярдзічаў, Пявек, у вёску ў суседнім раёне. «У мясцовага паштальёна было дзве бяды: бездараж і кілаграмовыя пачкі паштовак з шахматнымі хадамі з усіх канцоў Саюза... Гэта каштавала грошай. Бацькі не маглі працаваць толькі на яго перапіску. Хлопец заняўся развядзеннем гусей на продаж і перайшоў на самафінансаванне».

Як вы маглі здагадацца, расповед у творы ідзе ад першай асобы: гэта набліжае чытача да сюжэта, робіць яго сябрам героя, дазваляе ўнікнуць у сутнасць. Да таго ж, Ігар Маісееў не цураецца стылістычна зніжанай лексікі: аповесць поўная такіх прастамоўяў і гутарковых слоў, як «рулите», «постебаться», «глазищи», «понатыканы», «банька», «бредень», «твою ж... через коромысло», «развлекалка», «по-чесноку», «собаченция», «пацанва», «танцульки», «пешадрала» і шмат іншых. Гэта стварае адпаведны антураж, які выклікае ў чытача давер да таго, што адбываецца. 

Па адной толькі гэтай аповесці можна вызначыць спецыфічную ўнікальнасць аўтарскай метафары: «ягады і грыбы, як па пупавіне, перакочваюцца ў жывое цела вёскі». 

Варта згадаць, што аўтар часта выкарыстоўвае ў тэксце рытарычныя пытанні. Гэта маніпуляцыйны прыём, які ўскосна пазбаўляе чытача права выбару. Задаючы наступныя пытанні: «Але хіба гэта некага спыняе? І хіба гэта не дзіўна» — пісьменнік стварае пэўныя ўмовы, пры якіх яму цяжка адмовіць.

Антон АНТОНАЎ

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.