Вы тут

Сакрэты сямейнага шчасця раскрываюць удзельнікі «Размовы аб важным»


У дні, калі краіна жыла тэмай бацькоўскай любові і сямейных каштоўнасцяў — у сярэдзіне кастрычніка ў Беларусі адзначаюцца Дзень маці і Дзень бацькі, — у Полацку прайшлі надзвычай цікавыя і знакавыя мерапрыемствы. Іх праводзілі сумесна Савет Рэспублікі і Беларуская праваслаўная царква. Да ўдзелу ў круглым стале і «Размове аб важным: шчаслівая сям'я — моцная дзяржава», якія праходзілі ў знакавых месцах найстаражытнейшага горада краіны, былі запрошаны сем'і з усіх рэгіёнаў Беларусі. У адкрытым фармаце аб самым важным, аб традыцыйных каштоўнасцях і іх захаванні з удзельнікамі гаварылі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.


Падчас круглага стала Наталля Качанава звярнула ўвагу на тэмы, з якімі звярталіся беларусы падчас тэматычнай «сямейнай» прамой тэлефоннай лініі 11 кастрычніка, што праводзілі члены Савета Рэспублікі: «Самая вялікая колькасць зваротаў была пра тое, каб прапісаць у Асноўным Законе нашай краіны шлюб менавіта паміж мужчынам і жанчынай. Нямала званкоў паступіла ад бацькоў, занепакоеных тым, што сёння бачаць дзеці ў інтэрнэце. Ледзь не пайменна называлі блогераў, якія, па сутнасці, нясуць у масы, нашым дзецям дэструктыў. Нам трэба вучыцца адгароджваць дзяцей ад патоку хлусні, бруду, які льецца на нашу краіну з-за мяжы. Так, калі мы гаворым пра нашу гістарычную праўду, нашу слаўную гераічную гісторыю, гэта многім не падабаецца. Але мы павінны жыць па сваіх законах, сваім розумам, шанаваць свае традыцыі. Палітыка, якая ўстаноўлена ў нашай краіне, ставіць у цэнтр увагі чалавека. І гэта абсалютна правільна».

Мітрапаліт Веніямін закрануў тэму дэмаграфіі, падзенне ўзроўню нараджальнасці, уплыву інфармацыі, якая падаецца ў інтэрнэт-прасторы, і сказаў, што можна прапанаваць моладзі наўзамен дэструктыўных павеваў. Уладыка прапанаваў праз СМІ, культуру, адукацыю гаварыць пра традыцыйныя каштоўнасці, паказваць моладзі прыклад служэння як Радзіме, так і сваёй сям'і. У гэтым аспекце служыцелі царквы важным элементам лічаць захаванне спрадвечных традыцый і духоўна-маральных каштоўнасцяў нашага народа.

«Размова аб важным», што адбылася ў Сафійскім саборы, — сумесная ініцыятыва Савета Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквы, якая была рэалізавана ўпершыню і прысвечана ўмацаванню статусу сям'і, папулярызацыі традыцыйных каштоўнасцяў як неад'емнай умовы захавання суверэнітэту, забеспячэння далейшага ўстойлівага развіцця і росквіту Рэспублікі Беларусь.

«Безумоўна, парламентарыям, выканаўчым органам, мясцовай уладзе, грамадскім арганізацыям, культурнай і рэкламнай індустрыі, сродкам масавай інфармацыі трэба будзе яшчэ многае зрабіць для захавання і прымнажэння традыцый вялікай і дружнай сям'і. Вельмі важна, каб дзяржаўная сямейная палітыка была не рэакцыяй на сітуацыю, якая складваецца, а аб'ектыўна ўлічвала бягучыя тэндэнцыі і прагнозы развіцця нашай краіны, Еўразійскага рэгіёна і свету, задавала трэнды і, несумненна, працавала на перспектыву», — падкрэсліла Наталля Качанава. Як адзначыла Старшыня верхняй палаты парламента, неабходна ў найбліжэйшы час актуалізаваць дзеючыя нарматыўныя прававыя дакументы ў сферы дзяржаўнай сямейнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. «Штогадовае правядзенне «Размовы аб важным» з пастаянным пашырэннем геаграфіі і адкрытым этнаканфесійным складам удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны цалкам адказвае сфармуляванаму Прэзідэнтам нашай краіны лозунгу «Мы «Сем» Я» — шэсць абласцей і сталіца».

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін адзначыў, што за апошнія дзесяцігоддзі многія каштоўнасці, духоўныя прынцыпы былі страчаны, аднак не забыты. У іх адраджэнні можна абапірацца на вопыт старэйшага пакалення беларусаў, якія памятаюць традыцыі шматдзетных сем'яў. «Адраджаючы і аднаўляючы тое, што было страчана, мы павінны памятаць, што з'яўляецца асноватворнымі і найвышэйшымі функцыямі сям'і. Гэта адносіны, любоў, падтрымка адно аднаго, вернасць, выхаванне дзяцей, дасягненне высокамаральных ідэалаў — усё гэта застаецца», — падкрэсліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Пасля сустрэчы ў Полацку сем'і, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, павезлі з сабой уражанні, цікавыя думкі і ідэі. Карэспандэнты «Мясцовага самакіравання» пазнаёміліся з некаторымі з іх бліжэй, распыталі пра паездку, ідэі, якімі дзяліліся падчас сустрэчы, пра надзённыя клопаты і самае важнае ў жыцці. Кожная шчаслівая сям'я шчаслівая па-свойму, пярэчачы класіку, можна сказаць пра нашых герояў. Зрэшты, вы самі ў гэтым пераканаецеся: усе гісторыі — у сённяшнім спецвыпуску, і ўсе яны — размова аб важным.


«Нават дома не пакідае клопат аб пацыентах»

Сям'я Доўнараў з Гродна больш за 40 гадоў стаіць на варце здароўя

Гэтай сямейнай пары ёсць чым ганарыцца. Усё сваё жыццё яны прысвяцілі адной з самых гуманных і запатрабаваных прафесій. Ігар Станіслававіч — дацэнт кафедры агульнай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Людміла Мікалаеўна — акушэр-гінеколаг гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Іх стаж вядзе адлік з першай паловы 80-х гадоў, і з тае пары яны не здрадзілі сваёй прафесіі, не шукалі лёгкага хлеба. Мабыць, гэта і ёсць патрыятызм, аб якім сёння вельмі шмат гавораць. Нашы героі лічаць, што варта проста добра рабіць сваю справу і жыць інтарэсамі краіны.

Наша сустрэча адбылася познім вечарам, калі гаспадары толькі вярнуліся са сваіх медыцынскіх устаноў. За акном няспынна барабаніў дождж, а на стале стаяла гарбата з печывам. З-за кутка выйшаў важны чорна-белы кот. «Гэта наш Роксік, яго зусім малым падкінулі ў гараж, вада пасля мыцця была такая чорная, як сам», — заўважае Людміла Мікалаеўна, пакуль кот абыходзіць сваё жытло. «Утульна яму ў гэтым доме», — падумалася мімаходзь. І тое, што кату-падкідышу знайшлося месца ў такіх занятых людзей, выклікала ў душы не толькі павагу, але і ўдзячнасць.

Мяркую, што пачуццё ўдзячнасці суправаджае гэтых людзей усё жыццё. Бо як інакш?! Людміла Мікалаеўна як акушэр-гінеколаг знаходзіцца на самым першым этапе жыцця чалавека і нават значна раней. А яе намаганні падчас нараджэння дзіцяці наўрад ці могуць застацца па-за ўвагай.

Ігар Станіславаіч прыходзіць на дапамогу, калі чалавек апынуўся ў экстраннай сітуацыі, можна сказаць, на мяжы жыцця, дзе гаворка ідзе аб неадкладным хірургічным умяшанні. Бывалі выпадкі, калі з аперацыйнай хірург выходзіў літаральна знясілены і спустошаны.

З гэтай нагоды суразмоўца прыгадаў гісторыю са сваёй практыкі, якая асабліва запомнілася.

— Я толькі пачынаў працаваць урачом у Брэсцкай вобласці. Туды мяне з жонкай накіравалі пасля ВНУ. І вось аднойчы паступіў пацыент, якога трэба было тэрмінова аперыраваць. Іду па калідоры, а на канапе сядзіць мужчына, таксама пацыент бальніцы, не спалася яму. Праз некалькі гадзін выходжу з аперацыйнай, з мяне пот градам цячэ — аперацыя была складаная. А мужчына па-ранейшаму там сядзіць. Потым падышоў да мяне і кажа: «Я пяць гадоў працаваў лесарубам у тайзе, думаў, цяжэй працы няма. Але калі ўбачыў, у якім вы стане выйшлі з аперацыйнай, зразумеў, што праца хірурга значна цяжэйшая», — з гонарам за сваю работу расказаў Ігар Доўнар.

Сужэнцы разам больш за 40 гадоў. Яны працягваюць дынастыю медыкаў, якая пачалася з прадзядулі Ігара Станіслававіча яшчэ ў 1913-м. Земскі доктар не толькі лячыў месцічаў, але і ратаваў жыцці салдат падчас Вялікай Айчыннай вайны. У мірны час да яго прыязджалі лячыцца з усяго Савецкага Саюза.

Па шляху сваіх бацькоў пайшлі і двое сыноў Доўнараў — Руслан і Андрэй. Абодва выбралі хірургічную сферу дзейнасці. Сёння ў сямейным клане больш чым два дзясяткі дзеючых урачоў. Усе яны працуюць на карысць краіны, лечаць землякоў і ўсіх, хто звяртаецца па дапамогу.

Вось і падчас размовы Людміла Мікалаеўна аб нечым засяроджана задумалася. Аказалася, яе непакоіць будучая аперацыя. Кажа, што часта пракручвае такія сітуацыі перад тым, як прыступіць да іх ажыццяўлення...

Паездка ў Полацк стала для сужэнцаў Доўнараў прыемным сюрпрызам. Людміла прыгадала цёплую і вельмі пазнавальную экскурсію ў Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр.

— У сучасным жыцці вельмі складана спыніцца, зрабіць нейкія высновы, паразважаць, — кажа Людміла. — Там такая магчымасць ёсць, і гэта вельмі добра для тых, хто заблытаўся ў жыцці, каму патрэбна дапамога, духоўная падтрымка.

Ігар Станіслававіч зазначыў, што шмат праблемных пытанняў было ўзнята падчас круглага стала з удзелам Наталлі Качанавай і мітрапаліта Веніяміна. Прысутныя выказаліся на тэму дэмаграфічнай сітуацыі.

— Гаварылі аб тым, што маладыя пары не спяшаюцца заводзіць дзяцей. Прычым справа нават не ў фінансавых цяжкасцях. У многіх на першым месцы — кар'ера, уласны дабрабыт, вандроўкі. І толькі потым ідзе гаворка аб дзецях, прычым абмяжоўваюцца адным-двума. Хоць дзяржава даволі істотна падтрымлівае шматдзетныя сем'і як у фінансавых выплатах, так і ў плане жылля, — прыгадаў сутнасць выступленняў гродзенец.

Між тым колькасць родаў зніжаецца. Па словах Людмілы, якая шмат гадоў працуе ў радзільным аддзяленні, за дзесяць гадоў нараджальнасць тут знізілася амаль утрая. У сувязі з гэтым яна выказала меркаванне аб узроставым цэнзе на бясплатнае ЭКА. У Беларусі жанчына можа скарыстацца гэтым правам да 40 гадоў уключна. Доктар Доўнар лічыць, што ў гэтай справе не павінна быць абмежаванняў па ўзросце. Таксама яна агучыла праблему невыношвання цяжарнасці, што стала даволі распаўсюджанай з'явай у свеце. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся з тым, што вырашаць пытанне варта з ранняга выхавання дзяўчынак з прыцягнення іх да здаровага ладу жыцця.

— Падчас сустрэчы з Наталляй Качанавай і мітрапалітам Веніямінам быў зроблены важны акцэнт на правільным выхаванні будучых мам, каб яны не гналіся за недарэчнымі трэндамі ў адзенні, а больш адказна ставіліся да сябе, свайго здароўя, — зазначыла Людміла.

На думку Ігара, не варта пакідаць без увагі і ролю бацькі ў сям'і. Добрым зачынам можна лічыць новае свята — Дзень бацькі. Але варта ісці далей і, магчыма, зацвердзіць узнагароду татам, якія выхавалі дастойных дзяцей. «Можа, ордэн для бацькі ўстанавіць, наогул узняць прэстыж менавіта мужчынскага выхавання», — падаў тады рэпліку Ігар Станіслававіч. Дарэчы, такая прапанова была станоўча прынята ўдзельнікамі сустрэчы.

Уражанняў аб размове ў Полацку засталося шмат. Па словах маіх суразмоўнікаў, усе выступленні былі па сутнасці справы, ішла адкрытая гаворка аб праблемных пытаннях. У выніку дыялог расцягнуўся ажно на чатыры гадзіны замест дзвюх. Людмілу вельмі ўразілі адносіны да ўзнятых тэм спікера верхняй палаты парламента. «Здавалася б, з выгляду такая жалезная лэдзі, а на самай справе вельмі добры чалавек, ад яе сыходзіць любоў да людзей, да краіны. Чалавек гэтым жыве. Гэта сёння складана», — паразважала мая суразмоўніца. А сваё жыццёвае крэда нашы героі вызначылі так: «Калі дапамагаеш чалавеку пазбавіцца болю і палепшыць якасць жыцця, адчуваеш драйв і вялікае маральнае задавальненне».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з архіва сям'і ДОЎНАРАЎ


«Мая сям'я — жыватворная крыніца»

Сям'ю Кулаковых з Віцебска добра ведаюць не толькі ў паўночным рэгіёне, але і ў краіне. Пазітыўныя, творчыя і спартыўныя бацькі Марына Юр'еўна і Дзяніс Генадзевіч, якія дораць сваю любоў траім дачушкам, — актыўныя ўдзельнікі сямейных конкурсаў розных узроўняў. А сёлета ў гісторыі дасягненняў іх сям'і з'явіўся новы радок — удзел у рэспубліканскім сямейным форуме «Размова аб важным: шчаслівая сям'я — моцная дзяржава».

«Было прыемна атрымаць запрашэнне на рэспубліканскі сямейны форум, куды нас дэлегаваў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Дата яго правядзення супала з днём нараджэння нашай старэйшай дачкі Ксюшы, яе паўналеццем. Хваляваліся, як пакінем яе ў такое свята, але дачка супакоіла: «Смела едзьце, я віншаванні прыму пазней», — распавядае шматдзетная мама, начальнік фінансава-эканамічнага аддзела аднаго з філіялаў «Белдзяржстраха», старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Кулакова. — У 2019-м мы сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года», а ў 2021-м наша сям'я ўдзельнічала ў рэспубліканскім бацькоўскім форуме ў Нясвіжы, дзе мадэратарам выступіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Мы вельмі ўзрадаваліся, сустрэўшы ў Полацку даўніх сяброў — сем'і, з якімі ўжо былі знаёмыя па конкурсе ў Мінску і форуме ў Нясвіжы. А пагутарыўшы, пераканаліся, што ў Беларусі жывуць сапраўды творчыя, таленавітыя, неардынарныя, працавітыя сем'і. Многія выхоўваюць пяцярых, шасцярых дзяцей, бяруць у свае сем'і малых з дзіцячых дамоў, дорачы ім бацькоўскі клопат і ўвагу. Гэта дарагога варта».

Галава сям'і Дзяніс Кулакоў распавёў, што на сустрэчы ў Полацку за кубкам гарбаты дзяліліся тым, як лепш выхоўваць дзяцей, сваімі назіраннямі аб тым, якімі яны растуць, якой бачаць будучыню. «Нашы старэйшыя дочкі — 18-гадовая Ксюша і 15-гадовая Кіра — мараць выйсці замуж адзін раз і на ўсё жыццё, бачачы прыклад бацькоў, і ў будучыні хочуць стаць мамамі траіх дзяцей, а малодшая дачка, 7-гадовая Аляксандра, дадае: «Чаму толькі траіх, можна і пяцярых!» — усміхаецца Дзяніс Генадзевіч.

Быць мамай і татам трох дзетак муж і жонка не планавалі. Аднак аказалася, што абодва працягваюць дынастыю шматдзетных бацькоў. І ў Марыны, і ў Дзяніса перад вачыма былі прыклады вялікіх сем'яў — па трое дзяцей у бацькоўскіх сем'ях, а ўжо пра дзядоў-прадзедаў і казаць няма чаго: тыя і на пяці дзетках не спыняліся.

Марына і Дзяніс разам вучыліся ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пазнаёміліся на студэнцкай дыскатэцы. На трэцім курсе вырашылі згуляць вяселле. Дату рэгістрацыі прызначылі ў загсе: 6 ліпеня, а гэта пачатак Пятроўскага посту. «Мама падказала нам схадзіць у царкву, параіцца з нагоды дня заключэння шлюбу. Бацюшка адразу спытаў: «Калі плануеце вянчацца?» А мы меркавалі толькі грамадзянскую цырымонію, аб царкоўным таінстве нават не задумваліся і здзіўлена пераглянуліся. У сваю чаргу здзівіўся святар: «Вы, што, не думаеце вянчацца? Вы не плануеце доўгі і шчаслівы саюз на ўсё жыццё?» Калі мы выйшлі ад яго, сумневаў не засталося: абвянчаліся 30 чэрвеня. Гэты царкоўны абрад нібы пераварочвае свядомасць, і нават калі здараюцца нейкія сваркі, бязладзіца, прыходзіць на розум: мы ж вянчаліся, і ўсё становіцца на свае месцы. Калі б пры стварэнні сям'і хтосьці размаўляў з маладымі людзьмі пра веру, падказваў, накіроўваў, можа, і шлюбы сталі б мацнейшыя і абортаў — менш», — разважае Марына Юр'еўна.

Цяпер у вялікай і дружнай сям'і Кулаковых выхоўваюцца трое дачок. Старэйшая Ксюша абрала прафесію ўрача, у гэтым годзе паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Сярэдняя Кіра пакуль вучыцца ў дзявятым класе і з прафесіяй яшчэ не вызначылася, але пераканана, што хоча таксама дапамагаць людзям. Малодшая Саша па прыкладзе старэйшай сястры марыць быць урачом. Кожная з дзяўчынак творчая, займаецца музыкай і танцамі. Усё ідзе ад бацькоў, якія на сваім прыкладзе прыцягваюць дзяцей да актыўнага і здаровага ладу жыцця, прывіваюць дочкам любоў і павагу да блізкіх.

Акрамя фізічнага, маральнага і творчага развіцця дзяцей, муж і жонка ўдзяляюць увагу і духоўным складальнікам асобы. Сям'я рэгулярна ходзіць у храм, які размешчаны непадалёк ад дома. У больш раннім узросце Ксюша і Кіра наведвалі нядзельную школу, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах, прымеркаваных да царкоўных свят. Аднак і самі бацькі жадаюць ісці па сцежцы духоўнасці.

Распавядаючы пра любімыя сямейныя святы, галава сям'і прызнаўся, што больш за ўсё любіць... 8 Сакавіка! Дзяніс Кулакоў заўсёды імкнецца парадаваць усіх сваіх чацвярых дзяўчат. Увесь дзень сочыць за парадкам у доме, выконвае ўсе жаночыя абавязкі і, вядома, імкнецца здзівіць іх якім-небудзь вытанчаным ласункам.

Адзін з сакрэтаў доўгіх гадоў шчаслівага сумеснага жыцця Кулаковых заключаецца ў тым, што муж і жонка прывыклі ўсё рабіць разам: адпачываць, весяліцца, падарожнічаць, працаваць дома і на прысядзібным участку, займацца спортам, ладзіць святы. «Мая сям'я — гэта жыватворная крыніца, адкуль кожны з нас чэрпае натхненне і сілы», — так цёпла і шчыра характарызуе свой агеньчык шчасця Марына Юр'еўна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва сям'і КУЛАКОВЫХ


«Атрымалі благаславенне і рыхтуемся да таінства...»

Пасля паездкі ў Полацк сужэнцы вырашылі павянчацца

Трэнер-педагог павінен быць не толькі выдатным прафесіяналам, але і па-сапраўднаму светлым, добрым чалавекам, сем'янінам, патрыётам. У гэтым перакананыя Алена і Андрэй Вальмус. Сёння гэтая пара — знакамітасць Баранавічаў. Сваім прыкладам яны паказваюць, як быць не толькі шчаслівымі бацькамі, аднымі з найлепшых у сваёй справе, як аддаваць сябе іншым людзям і хварэць за развіццё роднага горада.

У Андрэя і Алены падрастаюць двое дзяцей: сыну Давіду — шэсць, дачцэ Марыі — два гадкі. Сям'я Вальмус расла і мацнела, а паралельна маладыя бацькі выбудоўвалі свой паспяховы сямейны праект. Муж і жонка — кіраўнікі танцавальна-спартыўнага клуба «Тытан» у Баранавічах. Сёння ён вядомы далёка за межамі Брэсцкага рэгіёна: у скарбонцы — перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У клубе займаецца амаль 200 чалавек. Так што сям'я Вальмус, выходзіць, неверагодна вялікая.

Сёлета іх клубу — пяць гадоў. Андрэй у ім адказвае за трэніроўкі па агульнафізічнай падрыхтоўцы. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту, ён вядзе таксама персанальныя трэніроўкі ў зале, карэкцыйны, дзіцячы фітнес і не толькі. Алена — трэнер па спартыўна-бальных танцах. Яе «сусвет» — лацінаамерыканскі кірунак. Дарэчы, пасля заканчэння ўніверсітэта і ў Алены, і ў Андрэя былі прапановы застацца жыць і працаваць у Мінску, але для сябе гэты варыянт трэнеры нават не разглядалі. Хацелі расці як прафесіяналы ў родных Баранавічах. Сёння ў горадзе сям'я Вальмус вядомая мноствам цікавых валанцёрскіх праектаў.

— Ужо два гады на пастаяннай аснове вяду маладзёжны праект «Тата-зала». Збіраюцца бацькі са сваімі дзецьмі, якія хочуць праводзіць вольны час разам. Ёсць вялікая зацікаўленасць у гэтым праекце, аказвае дапамогу гаркам БРСМ, — адзначае Андрэй Вальмус.

Вядзе трэнер і валанцёрскі праект «Народная зарадка» — бясплатныя трэніроўкі для людзей любога ўзросту і любога ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі.

— Сёлета ў летнія месяцы збіраліся ў парку. Але займацца можна ў любым месцы, было б жаданне. Цяпер, у халодную пару, будзем праводзіць гэты праект у фармаце залы, — дадае Андрэй.

Алена Вальмус — загружаная маладая маці і кіраўнік танцавальных гуртоў у клубе — сёлета пачала весці праект «Танцавальныя вечары». Гэта бясплатныя майстар-класы ў стылі «лаціна-шоу» ў гарадскім парку. Удзельнічаюць усе ахвотныя любога ўзросту і ўзроўню танцавальнай падрыхтоўкі. Гэты праект трэнеру дапамагае ўвасабляць у жыццё Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

— Апошні танцавальны вечар сабраў звыш 50 удзельнікаў. Нават не чакалі, што гэты праект стане такім папулярны. Бо і цяпер людзі тэлефануюць і цікавяцца, калі зноў будзе праходзіць танцавальны вечар, — распавялі Андрэй і Алена.

Пасля ўдзелу ў сустрэчы сем'яў са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, сужэнцы Вальмус вярнулася дадому ўжо крыху іншымі.

— Мы пад такім моцным уражаннем, мы так перанастроіліся, мы вярнуліся акрыленыя, — дзяліліся Алена і Андрэй. — Паўплывала тое, што гэта быў наш першы досвед наведвання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра: дзіўная магчымасць паглыбіцца ў атмасферу святога месца. Ад самой сустрэчы з Наталляй Іванаўнай і Уладыкам мы шмат чакалі, але нават не думалі, што ўсё будзе настолькі душэўна, адкрыта. Не было ніводнага загадзя падрыхтаванага пытання, а сапраўды жывыя, вельмі цёплыя стасункі. Напрыклад, Наталля Іванаўна падзялілася, што падчас прыёму грамадзян паступаюць просьбы аб кантролі і блакіраванні кантэнту ў інтэрнэце, забароне сайтаў для падлеткаў. Мы з жонкай са свайго досведу работы з дзецьмі і моладдзю звярнулі ўвагу, што, калі нешта забараняеш, гэта часам спрацоўвае наадварот, выклікае цікавасць, толькі з пачуцця супярэчнасці. Цяпер вельмі важна ствараць альтэрнатыўны, канструктыўны, карысны кантэнт у інтэрнэце, не грэбаваць сучаснымі формамі падачы інфармацыі, — перакананы суразмоўцы.

Як распавялі маладыя бацькі, пасля сустрэчы ў іх была магчымасць сфатаграфавацца і паразмаўляць асабіста з ганаровымі гасцямі.

— Мы даўно задумваліся аб вянчанні, а гэтая сустрэча пераканала, што мы на правільным шляху. Атрымалі ад Уладыкі Веніяміна благаславенне і рыхтуемся да таінства, — падзяліліся Андрэй і Алена.

Як трэнеры, якія вельмі шмат працуюць з дзецьмі, іх сем'ямі і ў нейкай ступені задаюць стыль папулярных у іх горадзе мерапрыемстваў, сужэнцы імкнуцца ў сваіх праектах адлюстроўваць хрысціянскія каштоўнасці, папулярызаваць светлыя і добрыя адносіны паміж людзьмі.

— Мы праводзім шмат мерапрыемстваў і даўно хацелі адмяніць святы на тэму Хэлаўіна. Гэта нам не блізка. Так і зрабілі. Нас не ўсе зразумелі, але мы вельмі рады гэтаму рашэнню, — распавёў Андрэй. — Упэўнены, заўсёды трэба памятаць, што дзеці, падлеткі ўбіраюць жыццёвы вопыт дарослага, які з імі працуе. Педагог, трэнер павінен разумець, што на ім найвышэйшая адказнасць у плане фарміравання асобы будучага дарослага чалавека: трыста разоў трэба падумаць, ці сапраўды добрыя жыццёвыя каштоўнасці ты прывіваеш?

Сям'я Вальмус марыць, каб іх клуб у будучыні стаў агульнагарадскім культурным цэнтрам, дзе маглі б праходзіць мерапрыемствы для моладзі і не толькі, лекцыі, сустрэчы са спікерамі, якія могуць падзяліцца сваім жыццёвым досведам.

— Хочацца, каб былі мерапрыемствы, дзе дзяўчаты маглі б вучыцца праяўляць сваю цнатлівую жаноцкасць, прыгажосць, грацыю, а хлопцы на прыкладзе сапраўдных мужчын вучыліся, што такое мужнасць, гонар, сапраўдныя сямейныя каштоўнасці, — ужо не толькі мараць, але і ўвасабляюць ў жыццё трэнеры.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва сям'і ВАЛЬМУС


«Два мядовыя дні...»

Жыхарка Гомельскага раёна Надзея Нікіціна, артыстка Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, — пераможца Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2019» у намінацыі «Мацярынская слава». Яе сям'я таксама лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года — 2019». Шматдзетная маці пераканана, што дзяцей у сям'і шмат не бывае, а добрыя таты вялікіх сямействаў заслугоўваюць ордэна Бацькі.

У сям'і Нікіціных з аграгарадка Пакалюбічы Гомельскага раёна — шасцёра дзяцей. Бацька вялікага сямейства Мікалай Анатолевіч — супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС Чыгуначнага аддзела Гомеля. Мама Надзея Васілеўна больш за дваццаць гадоў служыць у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек.

— Шматдзетнае мацярынства для мяне — гэта клопат, увага, удзел у кожным дні жыцця маіх дзяцей, але гэта яшчэ і сумяшчэнне ролі каханай жонкі, гаспадыні дома, творчага чалавека ў сваім калектыве, — расказвае Надзея Васілеўна.

Яна пераканана, што ёй вельмі пашанцавала, бо родны тэатр лялек — найлепшае месца, дзе можна гадаваць дзяцей. Менавіта праз лялечныя пастаноўкі дзіця ўпершыню ў жыцці знаёміцца з галоўнымі прынцыпамі — што такое дабро і зло, вучыцца суперажываць, выказваць свае эмоцыі. Усе дзеці Нікіціных выраслі ў тэатры.

Надзея і Мікалай выхоўваюць, як самі кажуць, тры дзяўчынкі-сястрычкі і трох хлопцаў-волатаў. У сям'і дзве пары двайнят і малодшыя сын і дачушка — пагодкі. Старэйшым Дзмітрыю і Дзяменцію ўжо па дваццаць. Яны студэнты. Дзяменцій вучыцца на чацвёртым курсе Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а Дзмітрый сёлета заканчвае Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, рыхтуецца стаць дыпламаваным трэнерам па спартыўнай гімнастыцы і акрабатыцы. Двайняты Аліса і Эльвіра шмат гадоў займаліся спартыўнай акрабатыкай. Дзяўчатам 17 гадоў, яны ўжо вызначыліся з будучай прафесіяй. Эля вучыцца на харэографа ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага, Аліса абрала шлях педагога дашкольнай адукацыі, вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным каледжы імя Л. С. Выгоцкага. Малодшыя дзеці — шасцігадовы Вова і сямігадовая Сафійка — вучні Пакалюбіцкай сярэдняй школы. Яны, як і старэйшыя браты і сёстры, займаюцца ў Гомельскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 4 па спартыўнай гімнастыцы і акрабатыцы.

— Дзеці ў нашай сям'і ўсе вельмі актыўныя, з дзяцінства і старэйшыя сыны, і дочкі займаліся спартыўнай гімнастыкай, акрабатыкай. Дзяменцій доўгія гады быў выхаванцам спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па водным пола. Мы ўпэўненыя, што менавіта магчымасць займацца спортам у самых сучасных спартыўных залах для дзяцей — неацэнная дапамога, якую дае наша дзяржава. Мы любім займацца плаваннем у вольны час. Калі наведваем палац водных відаў спорту, кожны раз адчуваем гонар за нашу краіну, за тое, якія ў нас спартыўныя цэнтры. Такая інфраструктура, лічу, — самая лепшая інвестыцыя ў здароўе дзяцей, далучэнне і бацькоў да здаровага ладу жыцця, да жыццёвай актыўнасці, — лічыць Надзея Васілеўна.

Надзея і Мікалай Нікіціны шчыра ўдзячны за магчымасць прадстаўляць Гомельшчыну на сустрэчы сем'яў са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, у Полацку.

— На сустрэчы наша сям'я перадала падзяку кіраўніцтву краіны за тое, што на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень бацькі. Мы прапанавалі разгледзець магчымасць заснавання ордэна Бацькі ў будучыні, — распавяла Надзея Васілеўна.

Нікіціных вельмі ўразіла сустрэча з Наталляй Качанавай і мітрапалітам Веніямінам. Кажуць, спадабалася тое, што сем'і мелі магчымасць напрамую задаць любое хвалюючае пытанне. Запомніліся шматдзетным бацькам прапановы аб стварэнні мастацкіх фільмаў пра сем'і і дзяцей, узняцце праблемы дзяцей — сацыяльных сірот, словы падзякі ў адрас Прэзідэнта Беларусі ад сем'яў і медыкаў за магчымасць бясплатнага правядзення ЭКА.

— Вельмі прыемна, што можна даносіць і сваю жыццёвую пазіцыю на падобных сустрэчах. Упэўнена, што калі дае Бог дзяцей, то гэта самая лепшая магчымасць падзяліцца сваім досведам, навучыць быць шчаслівымі і ўдзячнымі жыццю. Хаваць гэта ў сабе і не дзяліцца, лічу, — грэх. У сям'і дзяцей шмат не бывае, гэта дакладна. Яны цябе заўсёды трымаюць у тонусе, — дадала суразмоўца.

Нікіціны расказалі, як іх дзеці шчыра радаваліся пачастункам, якія прывезлі з сустрэчы ў Полацку бацькі.

— Дзеці нашы вельмі парадаваліся за нас, што нам выпаў гонар паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Хочацца, дарэчы, падзякаваць за сам фармат сустрэчы бацькоў без дзяцей. Мы з мужам назвалі запрашэнне — два мядовыя дні. Не заўсёды ў шматдзетных бацькоў ёсць магчымасць кудысьці выехаць толькі ўдваіх. А яшчэ, дзякуючы таму, што нас запрасілі на сустрэчу, нашы дочкі змаглі папрактыкавацца ў вядзенні гаспадаркі. Справіліся выдатна. Дачка Аліса, якая будзе праходзіць практыку ў дзіцячым садку, змагла добра адчуць, што такое спраўляцца з малымі дома і дом даглядаць, бо трэба было не толькі накарміць, адправіць малодшых у школу і забраць, але яшчэ і падрыхтаваць да ўдзелу ў канцэрце. Маме з татам толькі фотасправаздачу даслалі, — па-простаму прызналася шматдзетная мама.

Ад імя мам Надзея Нікіціна папрасіла, каб падобных запрашэнняў і цікавых, запамінальных сустрэч было як мага болей. Кожны раз такія мерапрыемствы робяць яшчэ больш моцнымі і шчаслівымі сямейныя каманды.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва сям'і НІКІЦІНЫХ


Сем'ям не хапае... архітэктара

Сужэнцы з Магілёва выступілі на сямейным форуме ў Полацку з канкрэтнымі прапановамі

Бацькі чатырох дзяцей (тры сыночкі і дачка) Аляксандр і Марына Лабадыровы прадстаўлялі на рэспубліканскім форуме «Размова аб важным: шчаслівая сям'я — моцная дзяржава» ў Полацку Магілёўскую вобласць. Прызнаюцца, што пад вялікім уражаннем ад двухдзённага мерапрыемства і атрымалі шмат чаго карыснага.


— У першы дзень у нас была ўнікальная магчымасць пагутарыць са старшынёй верхняй палаты беларускага парламента Наталляй Качанавай, — расказвае Аляксандр. — Чатыры з паловай гадзіны праляцелі як адна хвіліна. Нас было 28 чалавек, але кожнаму хацелася нешта сказаць. Наталля Іванаўна вельмі ўразіла ўсіх сваёй дасведчанасцю, сардэчнасцю, веданнем чалавечых праблем. Іх сапраўды вельмі шмат. А такія сустрэчы дапамагаюць знайсці выйсці са складанага становішча.

— Знаходзячыся тут, у Полацку, у калысцы беларускай дзяржаўнасці, мы глыбей усвядомілі ролю сям'і ў дзяржаве, — кажуць сужэнцы Лабадыровы. — Дзеці — галоўнае. І чым іх больш, тым лепш. Кожны думае, што гэта яго асабістая справа, але мала хто разумее, што ў гэтым моц і будучыня ўсёй краіны.

Двухдзённы форум дазволіў удзельнікам пачуць інфармацыю, як той казаў, з першых вуснаў. Пра ролю сям'і і тыя праблемы, якія пагражаюць, калі гэта пытанне не абмяркоўваць, казалі прадстаўнікі розных міністэрстваў — адукацыі, сацыяльнай абароны, сілавых структур.

— Асабіста на мяне вельмі моцна паўплывала сама абстаноўка, у якой мы жылі два дні, — прызнаецца Аляксандр. — Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці, тут моцна адчуваецца дух хрысціянства. У нас была магчымасць наведаць Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. І я пад вялікім уражаннем ад размовы з ігуменняй. Я заўсёды адчуваў, што нас па жыцці вядзе Бог, а тут рэальна зразумеў гэта, адкрыў яго для сябе. На форуме прысутнічала высокае духавенства на чале з мітрапалітам Веніямінам. Прадстаўнікі царквы казалі пра важнасць сямейных традыцый і як важна іх захаваць. Прыводзілі прыклады, што да рэвалюцыі наогул практычна не было разводаў. Людзі былі вернікамі і разумелі, што шлюб — гэта самая вялікая каштоўнасць для чалавека. Сямейныя пытанні вельмі інтымныя і складаныя. Гэта асобны свет, куды са сваімі правіламі не пойдзеш. Але часта маладой сям'і не хапае ведаў, каб уладкаваць сямейнае жыццё. У інтэрнэце заклікаюць жыць лёгка і не абцяжарвацца праблемамі, думаць пра сябе. Але гэта падман, які вядзе да разбурэння і чалавека як асобы, і грамадства.

Аляксандр і Марына расказваюць, што іх вельмі ўразіў аповед сужэнцаў-медыкаў з Гродна, якія распавялі аб праблемах з нараджальнасцю пасля абортаў і сямейных трагедыях на гэтай глебе, з-за якіх руйнуюцца чалавечыя лёсы.

— Мы з жонкай зрабілі высновы з пачутага, і я агучыў нашы прапановы Наталлі Іванаўне, — расказвае Аляксандр. — Дзяржава сёння робіць усё магчымае для падтрымкі інстытута сям'і і працуе над тым, як гэту дзейнасць яшчэ больш удасканаліць. Перакананы, што роля Беларускай праваслаўнай царквы ў пытанні папулярызацыі моцнай традыцыйнай сям'і, мацярынства і дзяцінства павінна стаць больш значнай і важкай у нашым грамадстве.

Калі сцісла сфармуляваць прапановы сям'і Лабадыровых, яны зводзяцца да наступнага. Па-першае, маладой сям'і трэба арганізаваць магчымасць прайсці дыспансерызацыю на прадмет вызначэння рэпрадуктыўнага ўзроўню і здароўя. Гэта, удакладняюць суразмоўнікі, трэба для стымулявання ў маладых пар і пар без дзяцей пачуцця мацярынства і бацькоўства. Але галоўнае ў тым, што на этапе дыспансерызацыі трэба падключыць духавенства. Каб яны змаглі «пасябраваць» з маладымі і быць для іх у будучым дарадчыкамі і духоўнікамі.

— У хрысціянстве акцэнт робіцца на стварэнне моцнай і здаровай сям'і ў духоўным плане сям'і, — кажуць сужэнцы. — Гэта гарманічныя ўзаемаадносіны. Было б цудоўна нават арганізаваць у якім-небудзь раёне пілотны праект вось такога ўзаемадзеяння медыкаў і духавенства, а потым распаўсюдзіць на краіну.

Прапанова № 2 ад сям'і Лабадыровых — узмацніць адказнасць за сваіх выхаванцаў хросных бацькоў і зрабіць гэта таксама з дапамогай царквы.

— Улада не можа ўмешвацца ў такія тонкія паняцці, як разводы, здрады, сямейная нявернасць, — аргументуюць суразмоўнікі. — А вось царква якраз гэтым і займаецца. Яна тлумачыць маральныя законы, расказвае, як яны функцыянуюць. Праблема сіроцтва, калі дзеці становяцца адзінокімі пры жывых бацьках, вельмі актуальная. Дзяржавай робіцца ў гэтым кірунку шмат чаго. Але трэба гэта пытанне ўдасканаліць. Для вырашэння праблем у духу хрысціянска-сямейных каштоўнасцяў было б карысна, напрыклад, адрадзіць інстытут хросных бацькоў. Быў такі досвед, калі на хросных ускладаліся функцыі бацькоў. Для разумення, як гэта функцыянуе, таксама было б карысна правесці лакальны пілотны праект у раёне, дзе больш моцныя хрысціянска-сямейныя традыцыі. Напрыклад, у Полацкім.

Яшчэ адна ідэя ад сям'і Лабадыровых — увесці такое паняцце, як архітэктар сям'і.

— Пачынаючы са школы, а то і дзіцячага садка дзецям трэба тлумачыць, што сям'я —гэта найвышэйшая каштоўнасць, — кажуць Аляксандр і Марына. — У старшых класах, а далей у спецыяльных установах адукацыі і ВНУ павінен з'явіцца куратар, на якога будзе ўскладзена задача па папулярызацыі моцнай сям'і. Прычым традыцыйнай, як гэта і прапісана ў Канстытуцыі. Гэта тэма павінна быць на слыху і там, куды пойдзе працаваць малады чалавек. На прадпрыемствах, у працоўных калектывах прапагандай традыцыйных сямейных каштоўнасцяў павінен займацца спецыяліст з ліку кіраўніцтва. Добра, калі роля так званага архітэктара сям'і будзе ўскладзена на намесніка кіраўніка.

Бывае, што ў дзяўчыны або юнака наогул няма магчымасці стварыць сям'ю. Напрыклад, працуюць у выключна жаночым або мужчынскім калектыве, а часу дзесьці шукаць сабе другую палову няма. Жыццё ідзе, і цікавасць знікае.

Аляксандр жартуе, што яму, напрыклад, пашчасціла спачатку пазнаёміцца з цешчай.

— Па размеркаванні трапіў у сельскую школу настаўнікам, дзе мяне ацаніла дарослая калега. Расказала пра сваю дачку Марыну, але сустрэцца мы змаглі толькі праз тры гады. Яна вучылася ў Мінску і прыязджала дамоў на выхадныя. Я ж, наадварот, на выхадныя ехаў да сябе ў Магілёў. Але, калі сустрэліся, пасябравалі і хутка зразумелі, што жадаем быць разам. І нашы ўяўленні пра сям'ю цалкам супадалі. У 2011 годзе ў нас нарадзіўся першынец Ян, праз тры гады — Дан, яшчэ праз два — Радмір. А ў 2020-м нас парадавала сваім з'яўленнем Зарына. Нарадзілася якраз на яблычны Спас.

Аляксандр і Марына выхоўваюць сваіх дзяцей на любові да працы.

— Гэта павінна быць асновай у выхаванні, — лічыць Аляксандр. — У нас ёсць дача, дзе мы вучым дзяцей, як сябе паводзіць у дарослым жыцці. Хлопчыкі павінны ўмець рабіць усё: касіць, капаць, будаваць. Я вучу дзяцей касіць траву звычайнай касой. Паказваю, як яе трэба кляпаць. Не ведаю, ці спатрэбіцца гэта ім у будучыні, але яны павінны гэта ўмець. Здаецца, дробязі, але з іх складаецца жыццё. І яны адыгрываюць вялікую ролю пры стварэнні сям'і. На форуме, дарэчы, я пераканаўся ў гэтым яшчэ больш.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва ЛАБАДЫРОВЫХ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.