Вы тут

«Гаспадар у шухаўскай вежы нарэшце з'явіцца»


«Гаспадар у шухаўскай вежы нарэшце з'явіцца»

Пасажыры цягнікоў, пад'язджаючы да станцыі Коханава, вядома ж, бачаць непадалёк незвычайную ажурную пабудову. А вось аўтамабілісты, якія праносяцца па трасе «Масква — Мінск», нават не здагадваюцца, што за шэсць кіламетраў ад дарогі, на чыгуначнай станцыі Коханава знаходзіцца воданапорная вежа канструкцыі сусветна вядомага інжынера і вучонага У. Р. Шухава.

Па ўспамінах мясцовага жыхара І. І. Ермакова, які ўдзельнічаў у яе будаўніцтве, Уладзімір Рыгоравіч (ён жа аўтар знакамітай вежы на Шабалаўцы ў Маскве) сам назіраў за ходам работ на станцыі Коханава і застаўся задаволены вынікам. І сапраўды гэта ўнікальная для Беларусі пабудова больш за 90 гадоў упрыгожвае і чыгуначную станцыю, і аграгарадок Звянячы.


Паводле архіўных звестак, напрыканцы пазамінулага стагоддзя дарога ад Оршы да Коханава без прыпынкаў займала каля гадзіны. Дзякуючы працы як мінімум чатырох пакаленняў чыгуначнікаў, сёння гэтую адлегласць прыгарадны электрацягнік, падбіраючы і выпускаючы пасажыраў на шасці прыпынках, адольвае ўдвая хутчэй.

Інтэнсіўнасць руху цягнікоў, замена паравозаў на больш магутныя патрабавалі ўдасканальвання і сістэмы водазабеспячэння станцыі Коханава.

Чарговая рэканструкцыя, паводле адпаведнага тэхнічнага пашпарта (з расшырэннем помпавай станцыі, заменай абсталявання і будаўніцтвам новай воданапорнай вежы канструкцыі У. Р. Шухава) была зроблена ў 1932 годзе. Аднак век гэтага збудавання мог аказацца зусім кароткі. У ліпені 1941-га вадакачку, каб не служыла ворагам, хацелі ўзарваць савецкія войскі, потым спрабавалі гэта зрабіць партызаны, а нарэшце, ужо адступаючы, рыхтавалі падрыў гітлераўскія акупанты. На шчасце, чырвонаармейцы змаглі прадухіліць разбурэнне вежы.

Што дзіўна, у гады Вялікай Айчыннай яна не пацярпела і ад налётаў авіяцыі — працягвала працаваць, служыць людзям.

Неабходнасць у яе эксплуатацыі, па словах былога начальніка «Дарводаканала» Г. П. Вілкіна, які амаль усё жыццё адпрацаваў у сістэме водазабеспячэння Беларускай чыгункі, адпала пазней. У сувязі з пераходам грузавога і пасажырскага руху спачатку на цеплавозную, а потым на электравозную цягу, вада з вежы стала выкарыстоўвацца хіба зрэдку — для супрацьпажарных і тэхнічных патрэб…

Апошняя рэканструкцыя вежы, пасля якой застаўся толькі адзін рэзервуар аб'ёмам 300 кубічных метраў, была праведзена сіламі Аршанскага ўчастка водазабеспячэння амаль 25 гадоў таму. У 2019-м, адносна нядаўна, вежы прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. І прыкладна з гэтага ж часу вадакачка (у краіне такіх толькі дзве) з'яўляецца... безгаспадарнай. Падчас падрыхтоўкі матэрыялаў для фільма «Дзевяностагадовая спадчына Шухава на станцыі Коханава» я цягам шасці месяцаў накіроўваў лісты ў розныя інстанцыі з мэтай адшукаць фондатрымальніка (гаспадара) воданапорнай вежы. І ўдалося гэта зрабіць толькі пасля звароту асабіста да Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Н. І. Качанавай. Дзякуючы шаноўнай Наталлі Іванаўне, на пачатку 2024 г. у вежы нарэшце з'явіцца гаспадар і перад ім паўстануць пэўныя задачы. Па-першае, спатрэбіцца распрацоўка праекта рэканструкцыі аб'екта, па-другое, сама яго рэканструкцыя і далейшае турысцка-экскурсійнае выкарыстанне.

Аб фінансавай падтрымцы можна хадайнічаць перад Саюзнай дзяржавай. Наколькі ведаю (ёсць адпаведныя лісты), гэтую беларускую ініцыятыву гатовы падтрымаць Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Міжнародны Шухаўскі Фонд.

Калі кіраўніцтва Талачынскага райвыканкама палічыць магчымым ініцыяваць прысваенне статусу гісторыка-культурнай спадчыны і больш чым стагадоваму дому № 12 па вуліцы Вакзальнай, то ў перспектыве ў Коханаве можа з'явіцца цікавы турыстычна-экскурсійны комплекс.

Але ж для таго, каб ён стаў працаваць, прычым эфектыўна, зацікаўленым органам і арганізацыям трэба праявіць ініцыятыву, зрабіць захады для падрыхтоўкі кадраў і экскурсаводаў. Тады, атрымаўшы другое жыццё, воданапорная вежа інжынера У. Р. Шухава будзе прыцягваць турыстаў не толькі з Беларусі, але і далёка з-за межаў.

Эдуард НАВАГОНСКІ, краязнаўца, кінааматар

г. Орша.


Была б шыя...

Некалі нашаму калгасу не шчасціла на старшынь. Вось і той быў не малады, не жанаты, а галоўнае — не спецыяліст, не гаспадар...

Калгаснікі трохі пацярпелі яго ды напісалі скаргу ў райкам. Старшыню пасля гэтага выклікалі на бюро, прапясочылі, можа, нават вымову далі. Той не на жарт пакрыўдзіўся: прыехаў да сябе на кватэру (у адной бабулі пакой здымаў) і давай свае рэчы ў чамадан пакаваць. Гаспадыня яму:

— Саколік, а куды ж ты збіраешся?

Ён (са злосцю):

— Ды вось кіну ўсё і паеду! А сюды — хай іншага прызначаюць.

— А каго ж, дзіцятка?

— Ды не бойцеся: была б шыя, а хамут нейкі знойдзецца...

— Што — яшчэ горшы, чым ты?! — сарвалася ў жанчыны.

...Старшыня, як потым расказвала, дзе стаяў, там сеў! Мусіць, успомніў ці здагадаўся, што слова «хамут» — сінонім да слова «дурань».

У. КОРБАН

Мінскі раён.


Успомнім мы, успомняць нас?

Днямі ў абласной бібліятэцы імя Леніна прайшоў вечар памяці, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння журналіста, пісьменніка, шчырага патрыёта Айчыны Уладзіміра Хазанскага.

Падчас вайны, у эвакуацыі, страціўшы бацьку, яму давялося кінуць вучобу ва ўніверсітэце, папрацаваць і грузчыкам, і мантажнікам... Аднак прафесію журналіста ён усё ж атрымаў і амаль 40 гадоў быў не толькі ўласным карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена» па Віцебскай вобласці і не толькі пісьменнікам. У розныя гады да чытачоў прыходзілі яго дакументальная аповесць «Юныя мсціўцы», «Віцебскія пачаткі», «Ася», «Спытайце ў бяроз...».

Плённым было і яго супрацоўніцтва з абласной тэлестудыяй, з таварыствам «Веды»: Уладзімір Якаўлевіч быў цудоўным выступоўцам, арганізатарам шахматных турніраў...

А таму не дзіўна, што на вечары памяці прысутнічалі ветэраны камсамола, актывісты БРСМ, дзеці герояў яго кніг, калегі, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь.

Віктар ГУЗНЕВІЧ

г. Віцебск.


Фотаслова Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Ёй верасень

спатканне прызначаў,

Дарыў кастрычнік

лісце залатое

І лістапад асенні

вальс спяваў —

Але ўсё гэта

адыйшло ў былое.

А сёння

час наступнага чакаць:

Убачыцца са снежнем-

дабрадзеем —

Ён шубу абяцаў

прэзентаваць...

Спатрэбіцца

ў зімовыя завеі!


Гаспадыням, гаспадарам «Звязда» ў дапамогу

Што праўда, тое праўда: восенню і верабей багаты, а ўжо чытачы, падпісчыкі «Звязды»...

Многія з іх маюць і з задавальненнем працуюць на сваёй «валочцы» зямлі, многія па рэцэптах нашай «Крынічкі» і «Хатняй энцыклапедыі» вырошчваюць багатыя ўраджаі, робяць так званыя закаткі на зіму. Гаспадыням, гаспадарам газета вырашыла дапамагчы і ў гэтым: днямі ў сценах рэдакцыі адбыўся чарговы розыгрыш прызоў.

Міксер SCARLETT SC-HM40S 16 Famіly Lіfe выйгралі:

Бондар Юрый Анатольевіч, г. Маларыта Брэсцкай вобласці;

Лагойская Ганна Васільеўна, в. Шапчына Талачынскага раёна Віцебскай вобласці;

Лукомская Валянціна Аляксандраўна, аг. Меркулавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці;

Барысевіч Сабіна Вітольдаўна, м. Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці;

Гусева Таццяна Канстанцінаўна, м. Зялёны Бор Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці;

Лысеўская Ірына Леанідаўна, г. Горкі Магілёўскай вобласці;

Дзмітрыеў Аляксандр Барысавіч, г. Мінск.

Суперпрыз — кухоны камбайн Holt HT-FP-002  — выйграла Мукасей Лізавета Іванаўна, г. Слонім Гродзенскай вобласці.

Віншуем шчасліўчыкаў!

Тым жа, каго ўдача абмінае (прынамсі, пакуль), зычым не засмучацца і не крыўдзіцца — не здраджваць роднай газеце на роднай мове: па-ранейшаму афармляць падпіску (на квартал альбо паўгоддзе), запоўняць адпаведныя купоны (у час падпісной кампаніі яны друкуюцца па пятніцах побач з праграмай тэлеперадач), адпраўляць на адрас «Звязды».

Тут, у рэдакцыі, іх зарэгіструюць, размяркуюць па абласцях ды горадзе Мінску, а ўрэшце па чарзе ссыплюць у чароўны саламяны капялюш і...

Шанц на выйгрыш мае кожны.

Афіцыйна

Арганізатарам рэкламнай гульні «Смачная восень са «Звяздой» з'яўляецца рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (УНП 100155376), размешчаная па адрасе: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А.

Рэкламная гульня «Смачная восень са «Звяздой» зарэгістравана Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь 15.08.2023 г. (пасведчанне № 4348) і праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 1 верасня да 31 снежня 2023 года ўключна сярод падпісчыкаў газеты «Звязда» на чацвёрты квартал або другое паўгоддзе 2023 года. Усяго ў гульні ўзялі ўдзел 64 падпісчыкі. Прызавы фонд разыграны цалкам.

Тэлефон для даведак па пытаннях правядзення рэкламнай гульні і атрымання прызоў 8 (017) 271 81 53.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.