Вы тут

Літаратурнымі сцяжынкамі Пухавіччыны


У Мар’інагорскім агратэхнічным каледжы імя У. Лабанка прайшла сустрэча з пісьменнікам і краязнаўцам Алесем Карлюкевічам. 


Аўтар цэлага шэрагу кніг пра Пухавіцкі край, яго гістарычную і літаратурна-мастацкую біяграфію расказаў пра лёсы пісьменнікаў, якія паяднаны з гэтай старонкай. У зале, дзе сабраліся першакурснікі старэйшай навучальнай установы аграпрамысловага комплексу краіны (каледж заснаваны яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя), гучалі імёны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, паэтаў, празаікаў, якія нарадзіліся на Пухавіччыне: Макара Паслядовіча, Уладзіміра Хадыкі, Васіля Гарбацэвіча, Генадзя Кляўко, Таісы Бондар... 

Алесь Карлюкевіч спыніўся і на гісторыі ўзнаўлення сцэнічнага жыцця п’есы В. Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі», прысвечанай славутым дукорскім партызанам, удзельнікам антыпольскай барацьбы ў Грамадзянскую вайну. Некаторы час твор гэты знаходзіўся ў забыцці. І першыя яго пастаноўкі былі здзейсненны менавіта драматычным гуртком Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Захавалася афіша спектакля, захаваліся імёны выканаўцаў роляў герояў п’есы, прысвечанай моладзі, якая не скарылася пад гнётам акупацыі. 

У час віртуальнай вандроўкі па літаратурнай памяці Пухавіцкага раёна і горада Мар’іна Горка гучалі назвы многіх паселішчаў, у тым ліку — і спаленых фашыстамі вёсак Беразянка і Прыстань. Госць будучых спецыялістаў, будучых кіраўнікоў прадпрыемстваў АПК расказаў і пра мастацкае ўвасабленне лёсаў гэтых паселішчаў, іх жыхароў у творчасці Якуба Коласа, Яніны Крайнік, Генадзя Кляўко. 

— Мы рады гэтай сустрэчы, — зазначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры аграрнага каледжа Алена Свірыдава. — Алесь Мікалаевіч не ўпершыню выступае ў нашай навучальнай установе. Частыя госці ў нас — і іншыя пісьменнікі, сярод якіх і дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт і празаік Алесь Бадак, і галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп. А я на ўроках беларускай літаратуры расказваю навучэнцам, што ў нашым каледжы вучыўся лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь празаік і публіцыст Уладзімір Глушакоў, у сельскагаспадарчым тэхнікуме доўгія гады працаваў выкладчыкам паэт-сатырык Захар Бірала... Спадзяюся, што дзякуючы сучасным пісьменнікам краіны моладзь, якая сёння вучыцца ў каледжы, адкрые многія старонкі беларускай літаратуры. 

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.