Вы тут

Дарожнікі і транспартнікі расказалі пра ўдасканальванне айчынных шляхоў


Стан дарог у Беларусі, іх рамонт і будаўніцтва — заўжды пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы. Сёлета ў краіне павінна быць адрамантавана і збудавана каля трох тысяч кіламетраў дарог. Налета, як чакаецца, новы выгляд атрымаюць яшчэ больш як чатыры тысячы кіламетраў, на будаўніцтва і рэканструкцыю якіх выдзеляць 2,2 мільярды рублёў. Па плане, у 2024-м будуць рэалізаваны таксама два пілотныя праекты па развіцці электратранспарту: у Жодзіне (Мінская вобласць) і Шклове і раёне (Магілёўская вобласць) — пра гэта гаварылі на нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта па БелАС. А пра планы на наступны год і папярэднія вынікі сёлетняга расказалі самі дарожнікі і транспартнікі.


Фота: БелТА

«Электрычны» ўхіл

У Беларусі каля 41 тысячы аўтобусаў, да 30 тысяч з якіх належыць арганізацыям. Транспартам агульнага карыстання ў асноўным валодаюць камунальныя прадпрыемствы (каля 5700 аўтобусаў, 1425 тралейбусаў, 275 трамвайных вагонаў). 39 тысяч арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў маюць ліцэнзіі на дзейнасць у галіне аўтамабільнага транспарту, паведаміў Андрэй Гладкі, начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый:

— Аўтамабільны транспарт у сукупнасці з гарадскім электрычным і метрапалітэнам перавозіць каля 96% пасажыраў ад агульнай колькасці людзей, якія перамяшчаюцца ўсімі відамі транспарту. Аўтамабільным транспартам пры гэтым ездзіць да 60% людзей ад агульнага аб’ёму пасажыраперавозак — больш як 90% гэтага аб’ёму перавозіцца транспартнымі сродкамі арганізацый транспарту агульнага карыстання.

Упор у краіне робіцца на развіццё электрыфікаванага транспарту (электробусаў, тралейбусаў на аўтаномнай хадзе). Па выніках пілотных праектаў у Жодзіне і Шклоўскім раёне спецыялісты разгледзяць, які эфект атрымліваецца ад развіцця электратранспарту ў параўнанні з аўтамабільным, пасля чаго гэтыя навацыі распаўсюдзяць на іншыя гарады Беларусі.

Асноўная частка работ па праектах, якія рэалізоўваюцца адпаведна з пастановай Саўміна № 505, дзе вызначаны два гэтыя месцы, запланавана на 2024 год. Будуць пастаўлены транспартныя сродкі на электрычнай цязе айчынных вытворцаў, якія, як плануецца, заменяць усе пасажырскія сродкі перамяшчэння ў Жодзіне і Шклове, удакладніў начальнік упраўлення:

— Нам неабходна будзе ацаніць затраты, якія ўзнікаюць у сувязі з эксплуатацыяй такога віду транспарту ў параўнанні з аўтамабільным («электрычны» транспарт даражэйшы за звычайныя аўтобусы). Вядома, што першапачаткова затраты будуць вышэйшыя, бо патрэбна і будаўніцтва зарадных станцый, і пракладка камунікацый для станцый. Пазней ацэнім, як паводзяць сябе ў эксплуатацыі гэтыя сродкі, і на пачатку 2025 года будзем ужо разумець, наколькі эфектыўна і мэтазгодна эксплуатацыя электратранспарту і ці будзе праект маштабаваны па краіне.

Наземныя, падземныя і лічбавыя кіламетры сталіцы

У сталіцы 313 маршрутаў гарадскога наземнага транспарту працягласцю больш за тры тысячы кіламетраў і звыш 40 кіламетраў трох ліній Мінскага метрапалітэна, падзяліўся Андрэй Іларыёнаў, намеснік дырэктара — начальнік упраўлення пасажырскіх перавозак прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Мінгарвыканкама:

— У час пік на гарадскія пасажырскія маршруты выходзяць 867 аўтобусаў, 548 тралейбусаў, 89 трамваяў і 64 саставы метрапалітэна. Сёлета праведзены шэраг мерапрыемстваў па аптымізацыі маршрутнай сеткі. Арганізавана пяць новых маршрутаў, унесены змены ў схему руху яшчэ 12 маршрутаў, на 14 адкарэкціраваны расклад руху, на васьмі павялічылі колькасць рухомага саставу, на шэрагу маршрутаў арганізаваны дадатковыя прыпыначныя пункты і рэйсы. На маршрутах зменена таксама марачнасць.

Работы па аптымізацыі маршрутнай сеткі працягваюцца. У прыватнасці, актыўна займаюцца пытаннем новага мікрараёна «Мінск Свет» — у сувязі з будучым пускам метрапалітэна разглядаюцца варыянты рэарганізацыі маршрутнай сеткі. У найбліжэйшы час транспартнікі хочуць публічна прадставіць на абмеркаванне схему руху, якую прапануюць для рэалізацыі.

Транспартнікі займаюцца таксама аўтаматызаваным вывучэннем пасажырапатоку на рухомым саставе. Гэта робіцца з дапамогай інфрачырвоных датчыкаў, а таксама камер, усталяваных у салонах пасажырскага транспарту, удакладніў Андрэй Іларыёнаў:

— Аналізуем відэаматэрыялы, якія атрымліваем, і паглыблена вывучаем магчымасці лічбавых тэхналогій, каб у будучыні выкарыстоўваць іх. Стараемся палепшыць якасць паездак пасажыраў.

Прадпрыемства «Белдарсувязь» вызначана адказным за пытанні лічбавізацыі ў дарожным кірунку. Распрацоўваюцца лакальныя дакументы Мінтранса аб тым, што такое інтэлектуальныя транспартныя сістэмы, як яны працуюць, хто з кім узаемадзейнічае і якімі данымі абменьваецца, для чаго гэта патрэбна і наколькі эфектыўна. Работа вядзецца сумесна з ДАІ і МУС, каб аптымізаваць работу дарожнікаў з дапамогай лічбы, дадалі эксперты.

Мільярды на дарожную «вопратку»

Дарожны комплекс краіны развіваецца ў рамках дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі на 2021–2025 гады». Сёлета на ўсе айчынныя дарогі (рэспубліканскага і мясцовага значэння) мяркуецца выдаткаваць 1,4 млрд рублёў на бягучы і капітальны рамонт, узвядзенне і рэканструкцыю дарог агульнага карыстання, расказаў Сяргей Лявончык, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый:

— На сёння ў рэспубліканскай сетцы рэканструюецца дарога Р46 у напрамку ад Лепеля да Полацка. Участак увядуць у эксплуатацыю да канца 2026-га. Калідор па дарозе Р46 ключавы на сённяшнім этапе развіцця аўтадарог, таму што вядзе ў бок портаў Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай вобласці і з’яўляецца асноўным транзітным шляхам для зносін з Расіяй з выхадам да мора. На гэтым жа калідоры знаходзіцца дарога М3 Мінск — Віцебск, якая таксама актыўна рэканструюецца, — у 2024-м мы ўвядзём участак гэтай дарогі ад Лагойска да Плешчаніц у цэментна-бетонным выкананні. З выкарыстаннем цэменту рэканструюецца і дарога Р53 — участак ад Смалявічаў да Жодзіна плануецца здаць у 2024-м і працягнуць работы на ўчастку ад Жодзіна да Барысава.

Па некаторых праектах дарожнікі пераключыліся на бюджэтнае фінансаванне і не разглядаюць замежную дапамогу ці крэдыты. Прынята рашэнне ўсе аб’екты ў краіне ўзводзіць за кошт бюджэту, удакладніў Сяргей Лявончык:

— Гэта ўзважаная пазіцыя, але ж мы не пакідаем магчымасць выкарыстоўваць міжнародныя фінансавыя інстытуты для прыцягнення заёмных сродкаў. Калі будуць выгадныя прапановы для краіны ў плане крэдытаў, то будзем браць іх і рэканструяваць дарогі. У Беларусі 1787 кіламетраў платных дарог (плата індэксуецца адпаведна з умовамі інвестдагавораў). Аплата на новых участках дарог будзе ўводзіцца па меры іх рэканструкцыі і давядзення параметраў шляхоў да першай катэгорыі.

Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца таксама развіццю маставой гаспадаркі. Некалькі гадоў таму былі абследаваны ўсе масты, якія патрабуюць неадкладных работ і рамонту. У перспектыўны план унесены работы з 2022 да 2025 года. Летась адрамантавалі 80 маставых збудаванняў (50 — на рэспубліканскіх дарогах, 30 — на мясцовых). Сёлета рамонтам будзе ахоплена 119 мастоў.

Задача дарожнікаў — зрабіць так, каб людзі ганарыліся дарогамі, якія існуюць у краіне, і на сабе адчулі работу, што вядзецца спецыялістамі, тым больш гэта ўплывае на павышэнне камфорту і бяспекі, а таксама працуе на эканоміку.

Перавозчык, транспарт і кіроўца — у рэестр

Для ўдасканалення якасці, бяспекі і касавай дысцыпліны пасажыраперавозак на аўто-таксі, у тым ліку заказаных праз мабільныя праграмы, падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта, які цяпер узгадняецца ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Дакументам прадугледжана стварэнне рэестра аўтамабільных перавозчыкаў, у які ўвойдуць звесткі як пра перавозчыкаў, так і пра транспарт, на якім ажыццяўляецца паслуга перавозкі, а таксама пра кіроўцаў такіх таксі. Дадатковых патрабаванняў для перавозчыкаў пры гэтым не прадугледжана.

Пасля адмены ліцэнзавання для перавозчыкаў-таксістаў у 2018 годзе цяпер немагчыма прымяніць меры ўздзеяння да нядобрасумленных удзельнікаў рынку перавозак. Таму будзе прадугледжаны і механізм выключэння з рэестра за пэўныя парушэнні і неадпаведнасць патрабаванням правіл перавозкі.

Яшчэ адна навацыя ўказа — усе дыспетчары таксі павінны быць зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі як юрыдычныя асобы. Тэхнічныя сродкі і інфармацыйныя сістэмы таксама павінны знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны, каб у выпадку няякаснага аказання паслугі пасажыр ведаў, куды звярнуцца для ўрэгулявання праблемы.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.