Вы тут

Маральны выбар галоўных герояў п’есы Аляксея Дударава


Тэма маральнага выбару, які робіць чалавек у экстрэмальнай сітуацыі альбо проста ў складаных жыццёвых варунках, хвалявала многіх пісьменнікаў, сцэнарыстаў, драматургаў, майстроў экрана альбо сцэны — айчынных і замежных. І тут хочацца дадаць альбо ўдакладніць: асабліва яна блізкая славянскім літаратурам. Прыгадаем найперш ХХ стагоддзе (хоць вытокі гэтага назіраліся яшчэ раней, у творах Дастаеўскага і Чэхава): аповесці і апавяданні Валянціна Распуціна, Віктара Астаф’ева, Юрыя Трыфанава, Васіля Шукшына — гэта ў расіян. У нас найперш назавём Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна. Нават каля апошняй мяжы можна і варта застацца чалавекам, не здрадзіць свайму сумленню, хай нават за гэта ахвяруючы жыццём — вось што генетычна, гістарычна засела ў падсвядомасці нашых землякоў і братоў па крыві. Відаць, таму мы і адолелі ў часы Вялікай Айчыннай тую страшную, чорнакарычневую навалу, бо ішлі ў бой, трымаючы самую высокую планку, абараняючы самае каштоўнае, біліся з абсалютным злом і адстойвалі дабро.


Крынкін — Дзмітрый Філімоненкаў, Ірына — Таццяна Рогат.

Героі самай першай п’есы Аляксея Дударава «Выбар», напісанай ім у студэнцкія гады, за якую (разам з адзіным зборнікам апавяданняў «Святая птушка») ён быў у свой час удастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, ужо пераступіўшы самую апошнюю мяжу і трапіўшы ў небыццё, здзейсніўшы подзвіг (самі таго не ведаючы і да канца не ўсвядоміўшы гэтага), за што не атрымаюць ніякіх медалёў, разважаюць, спрачаюцца, імкнуцца давесці адзін аднаму, што менавіта іх выбар быў адзіна правільны.

Дзеянне п’есы і спектакля коласаўцаў адбываецца ў мірны час. Ідуць ваенныя вучэнні. Радавы Мікалай Шабуня, кіроўца танка (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі), вядзе баявую машыну туды, адкуль ратунку ўжо не будзе, у абрыў. Прычынай гэтаму стала раптоўнае з’яўленне на дарозе перад танкам малога хлопчыка. Рашэнне Шабуні было імгненным, дзесьці спантанным, але разам з тым поўнасцю ўсвядомленым. Зрэшты, ён і не мог зрабіць іначай. Значную частку спектакля (практычна ўсю першую дзею) астатнія байцы не здагадваюцца аб сапраўднай прычыне катастрофы, іх пагібелі. І толькі недзе ў другой дзеі Шабуня наважыўся прызнацца таварышам.

Па-іншаму лічыць сяржант Дробаў, камандзір танка (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў). Гэты мяркуе і нават упэўнены, што не павінен быў баец мяняць адно жыццё на тры (а калі ўлічыць і ненароджаных дзяцей, якія маглі б у іх з’явіцца, то нават больш). Фактычна на гэтым супрацьстаянні будуецца скразное дзеянне спектакля, яго канфлікт пасля сутычкі ўзмацняецца, узбуйняецца. Сцэны ў незямной, так бы мовіць, паралельнай рэальнасці, сумяшчаюцца ў спектаклі з эпізодамі, дзе высвятляюць адносіны, спрачаюцца жывыя — камандзір Курбатаў (Пятро Ламан / заслужаны артыст Беларусі Георгій Лойка), радавы Кашын (Раман Волат), сяброўка аднаго з загінулых Ірына (Таццяна Рогат / Дар’я Французава), Доктар (Валянціна Багданава / Святлана Жукоўская) Паміж імі і героямі па-за межамі рэальнасці існуе нябачная сцяна, але тут аўтар прапануе ўмоўны ход: мёртвыя жывых чуюць, бачаць, а вось жывыя — не. Крыху забягаючы наперад, заўважу, што рэжысёр Канстанцін Ганчароў пабудаваў дзеянне так, што ў фінале спектакля Ірына, каханая аднаго з салдат — Крынкіна (Дзмітрый Філімоненкаў / Ілья Блыкін) — пачуе і быццам убачыць яго. Пасля яе няўдалай спробы самагубства, выкліка­най падазрэннем у здрадзе, і наступнага прасвятлення, нябачная сцяна паміж імі знікае.

А спачатку глядач і героі разбіраюцца ў той сітуацыі, у якой яны апынуліся, пакуль не надышоў час Х. У кожнага з іх па-рознаму складваўся жыццёвы лёс да прызыву на службу. Два хлопцы маглі быць ад яе вызвалены, але палічылі неабходным для сябе прайсці гэты важны этап станаўлення асобы. І ў кожнага з іх меліся свае планы, свае мары, якім не суджана было збыцца. У п’есе, як і ў спектаклі, важную ролю іграюць матулі герояў. Пра маці Шабуні мы даведаемся толькі з яго расповедаў. І гэты вобраз выклікае вялікую павагу, бо, нягледзячы на нястачу, жанчына змагла выхаваць хлопца дастойным чалавекам. Матуля Дробава (Анжаліка Баркоўская / Алена Шарэпчанка) зусім рэальная ў спектаклі, хоць і прыходзіць да яго часцей у снах альбо ўяўленнях. Бадай, гэта адна з найлепшых работ у спектаклі. Эпізоды з яе ўдзелам настолькі кранальныя, шчымлівыя, што ў глядзельнай зале многія не стрымліваюць слёзы. Прычым тут амаль дакументальная праўдзівасць, пераканаўчасць, дзя­куючы выдатнаму майстэрству абедзвюх выканальніц, спалучаюцца (і тут заслуга рэжысёра) з пэўнай сімвалічнасцю, абагульненасцю вобраза. У фінале, які падводзіць вынік гэтай гісторыі, стаіць не кропка, а хутчэй шматкроп’е, Маці ўвасабляе сумленне Дробава, асабліва гэта адчувальна ў той момант, калі перасякаюцца іх позіркі. І мы зусім не ўпэўнены, што яго рацыянальны погляд на жыццё і выбар застаўся нязменны.

Маці — Алена Шарэпчанка, Дробаў — Яўген Бераснеў.

І яшчэ адна матуля ўзнікае ў спектаклі. Таго самага хлопчыка (Захар Бераснеў / Алік Ганчароў), які стаў прычынай пагібелі экіпажа. Тут важна не проста абазначыць вобраз, які ў п’есе выпісаны даволі пункцірна, а зрабіць яго эмацыянальна напоўненым, паказаць тыя душэўныя зрухі, што адбываюцца з ёй пасля той страшнай падзеі. Выканаўцам гэта збольшага ўдаецца, хоць варта яшчэ набываць, пашыраць другі план ролі. Такім чынам, тэма мацярынства праходзіць чырвонай ніткай праз увесь спектакль.

Калі казаць пра сімволіку пастаноўкі, то яе дапаўняе сцэна з Аляшкевічам (Міхаіл Асанаў / Максім Ратомскі). Спачатку яна падаецца нейкім устаўным эпізодам нават у самога аўтара. Але паступова разумееш, што драматургу было важна, істотна супаставіць подзвіг экіпажа з маральнай трываласцю і выбарам герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія здолелі не здрадзіць свайму сумленню, а значыць, захаваць у сабе вялікую духоўную чысціню. Рэжысёр тут карыстаецца стылістычнымі сродкамі, якіх няма ў іншых сцэнах. Эпізод допыту адбываецца на авансцэне і дапаўняецца відэарадам. На заслоне адбіваецца, як нейкі Чалавек у чорным (відаць, гестапавец альбо начальнік паліцыі — Вадзім Асвяцінскі / Дзмімтрый Каваленка) смакуе яблык. Гэта будзе адбывацца на працягу ўсёй сцэны. Яблык — шматзначны сімвал, але галоўнае яго значэнне — плод з райскага дрэва пазнання дабра і зла, спакушэнне грахом. Адсюль Чалавек у чорным мяркуе спакусіць палоннага, які ўжо і так асуджаны на смерць, але памерці можна чыстым, высакародным, а можна і здраднікам. Дзеля чаго? Каб заняць месца высакароднага ў тых пратаколах, якія чорная ўлада перапіша… каб Аляшкевіч мог пазбегнуць ганьбы ўжо пасля смерці. Сцэна мае глыбокі філасофскі змест і падтэкст. І ён звязаны з асноўнай сюжэтнай лініяй п’есы і спектакля. На што чалавек можа пайсці дзеля ўласнага паратунку ці, прынамсі, свайго чыстага імя, і на што чалавек пайсці не мае права, не павінен? Дабро і зло ў сучасным свеце пераблыталіся, і вельмі цяжка вызначыць, дзе Бог, а дзе д’ябал, бо нячысцік умешваецца ў боскую справу і падмяняе адно паняцце другім.

Крынкін — Дзмітрый Філімоненкаў, Шабуня — Аляксей Анісеня, Дробаў — Яўген Бераснеў.

«Вам дадзена перайграць», — успамінаюцца словы з другой п’есы вядомага драматурга Макса Фрыша «Біяграфія», дзе герой пражывае некалькі варыянтаў свайго жыцця. Прыкладна так і тут, у дудараўскім «Выбары». Сяржанту Дробаву, які так прагне жыць (у п’есе ён, у адрозненне ад сваіх таварышаў, не гіне, а трапляе ў стан клінічнай смерці і выжывае), даецца шанц — прыняць рашэнне: загінуць альбо застацца ў жывых, толькі якой цаной.

Рэжысёр Канстанцін Ганчароў змог стварыць такую атмасферу спектакля, якая паглыбляе гледача ў жорсткія абставіны драмы, што разыгрываецца ў яго на вачах. Узнікае моцнае суперажыванне, узаемадзеянне, кантакт паміж артыстам і гледачом. Гэтаму садзейнічае і музычна-шумавое афармленне (кампазітар Ігар Пералыгін), і сцэнаграфічнае рашэнне (мастак Андрэй Жыгур). Большая частка прасторы вызвалена для незямной, паралельнай рэальнасці — той самай прорвы, куды трапляюць салдаты пасля смерці, дзе яны суіснуюць, спрачаюцца, спрабуюць знайсці выйсце, дастукацца да жывых. Па левым баку — кабіна танка, па правым перакулены танк, на якім паступова ўзнікае своеасаблівы мемарыял — тыя камяні, якія цягаюць наверх загінулыя салдаты. Увогуле, камяні — асноўнае рэчыўнае асяроддзе спектакля. Яны завісаюць у глыбіні сцэны недзе ўгары. Калі пра героя ўспамінаюць родныя, блізкія людзі, яны пачынаюць падаць уніз. Таксама сімвал. У фінале на іх месцы з’явяцца дзіцячыя малюнкі з выявамі танкаў.

Яшчэ адна заслуга рэжысёра — у стварэнні моцнага акцёрскага ансамбля. І першую скрыпку тут іграе выканаўца ролі сяржанта Дробава Яўген Бераснеў. Ён быццам цэментуе, трымае на сабе ўвесь спектакль. Роля яшчэ складаная тым, што трэба паказаць вобраз у развіцці, асабліва змены, што адбываюцца ў свядомасці героя, які атрымліваецца ўнутрана супярэчлівы. Па-іншаму падае гэты вобраз другі выканаўца — Уладзіслаў Жураўлёў. Яго Дробаў выглядае больш маладым, крыху іранічным і нават ураўнаважаным у першай палове спектакля, ва ўсякім выпадку, да сцэны з Маці. Падчас яе і пасля ён становіцца больш эмацыянальна ўзрушаным, асабліва гэта выяўляецца ў другой дзеі пасля прызнання Шабуні.

Вельмі яркай атрымалася работа ў артыста Дзмітрыя Філімоненкава (Крынкін). Ён працуе вельмі тонка, даносіць пранізлівы, шчымлівы ўнутраны, душэўны боль свайго персанажа, асабліва ў сцэнах з Ірынай. Калі ўлічыць, што артыст толькі пачынае свой творчы шлях, можна меркаваць, у яго добрая будучыня. Глыбокі, пераканальны вобраз радавога Шабуні стварае першы выканаўца гэтай ролі Аляксей Анісеня. Ён па-дзіцячы непасрэдны, кранальны, і разам з тым у ім адчуваецца чалавечая, мужчын­ская сталасць. Адзначаю найперш гэтыя работы, хоць і ў іншых выканаўцаў маюцца цікавыя знаходкі, якімі яны дапаўняюць мастацкія вобразы, ство­раныя аўтарам.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Алісіі ПАХОМАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.