Вы тут

Якія пытанні разглядалі камунальнікі на калегіі ЖКГ у Оршы


Капітальна адрамантавана ў Беларусі сёлета павінна быць 3 632,3 тысячы м2 жылля. За дзевяць месяцаў зроблена 2 374,8 тысячы м2, што адпавядае амаль 107 % ад даведзенага на гэты перыяд задання. Больш як у паўтара раза (на 169 %) у краіне перавыканана заданне па мадэрнізацыі 12 газавых і 37 кацельных на мясцовых відах паліва — замест гэтага рэканструяваны ўжо 83 аб'екты. Заменена звыш 340 кіламетраў сетак водазабеспячэння пры плане на дзевяць месяцаў амаль 230 кіламетраў і каля 128 кіламетраў каналізацыі пры плане 96 кіламетраў. Па некаторых іншых паказчыках ёсць недапрацоўка. Напрыклад, недастаткова наладжана работа па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), якіх, згодна з планам, да 2025 года павінна быць да 970 тысяч тон, прычым з разбіўкай па відах смецця: папера і кардон, электраабсталяванне, шкло, шыны, палімеры, адпрацаваныя маслы. І гэта толькі частка таго, што прагучала на калегіі. Якія яшчэ пытанні абмяркоўваліся, паслухала карэспандэнт «Звязды».


Жылыя дамы набылі новае аблічча пасля капрамонту.

Руйнаваць ці будаваць?

Галоўнымі тэмамі пасяджэння сталі вынікі работы сістэмы ЖКГ і выкананне дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 гады за дзевяць месяцаў 2023 года. А таксама выкарыстанне арэнднага жылля, якое не запатрабавана ў краіне цягам паўгода.

— За дзевяць месяцаў галіна спрацавала няблага. З 16 паказчыкаў дзяржпраграмы не выканана два: не дасягнуты вызначаны ўзровень замены цепласетак і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў, — ацаніў сітуацыю міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь ТРУБІЛА.

Што датычыцца арэнднага жылля, большасць якога сканцэнтравана ў сельскай мясцовасці (больш за 3000 адзінак), то гэтае пытанне назваць беспраблемным пакуль немагчыма. Штогод у Беларусі прырастае такога жылля, аднак нямала такіх будынкаў амаль што непрыдатных для пражывання. На думку міністра, многія з такіх адзінак жылля варта было б знесці, каб яны не існавалі на балансе і не стваралі статыстыку, што арэнднага жылля шмат і проста яго ніхто не хоча...

Сёлета ад рынку арэнднага жылля атрымана амаль 50 мільёнаў рублёў, большасць з якіх выкарыстоўваецца на будаўніцтва новага арэнднага жылля, а магчыма, лепш было б патраціць нейкую частку на знос непатрэбных адзінак, выказаўся Генадзь Трубіла.

Удзельнікі калегіі наведалі таксама аб'екты капітальнага рамонту — два жылыя дамы ў Оршы (1980 года пабудовы) па вуліцы 60 гадоў БССР, дзе былі заменены парапетныя пліты, адрамантаваны лоджыі і балконы, адрамантаваны і афарбаваны цокаль, фасад і іншае. У найбольш халодных месцах дома зрабілі ўцяпленне.

Перакінуць каналізацыйныя сцёкі

Госці Оршы таксама ацанілі праект, згодна з якім сцёкавыя воды гарадскога пасёлка Копысь «перакінулі» на ачышчальныя збудаванні Оршы. Копысь знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Оршы і перад камунальнікамі стаяла пытанне, што рабіць: аднаўляць ачышчальныя збудаванні (1979 года пабудовы), якія знаходзіліся на беразе ракі, у выніку чаго меліся праблемы з прыродаахоўнымі арганізацыямі, ці перанакіроўваць сцёкавыя воды на ачыстку ў іншыя ачышчальныя збудаванні. Абралі другі варыянт.

— Мы кіраваліся тым, каб перакінуць на ачышчальныя збудаванні Оршы не толькі воды Копысі, але і іншых пасёлкаў: Зубава, Антонаўкі, Звёзднай, якія таксама мелі сістэму каналізавання, — падзяліўся Аляксей ХВАЛЬКО, генеральны дырэктар прадпрыемства «Віцебскводаканал». — Мы пралічылі, у колькі абыдзецца аднаўленне існуючых ачышчальных збудаванняў, колькі ў будаўніцтва калектараў і каналізацыйных помпавых станцый (КПС), і па капітальных затратах вырашылі на карысць калектараў і КПС. Літаральна днямі аб'ект увялі ў эксплуатацыю.

Ён удакладніў, што 80 % сцёкавых вод у Копысі ад масласырзавода, тарыфы на ачыстку для якога як юрыдычнай асобы дазволяць пасля рэалізацыі гэтага аб'екта выйсці па сабекошце амаль у нуль. З 700 м3 сцёкавых вод, якія будуць перапампоўвацца на збудаванні ў Оршы, 400 м3 належаць юрасобе.

— Мы рэалізавалі таксама перакідванне сцёкавых вод з Балбасава ў Барань, сёлета таксама па праграме рэалізавалі праект па перакідванні сцёкавых вод аграгарадка Межава на Юрцава (адгэтуль за два гады плануем рэалізаваць праект, каб перакінуць сцёкі на аршанскія збудаванні), — удакладніў гендырэктар. — Тое ж самае будзем рабіць у Глыбоцкім раёне па перанакіроўванні сцёкаў з некалькіх пасёлкаў на асноўныя ачышчальныя збудаванні (ужо гатовы праект). Налета, пэўна, будзем ліквідаваць ачышчальныя збудаванні ў пасёлку Акцябрскі (пад Віцебскам), дзе жыве каля пяці тысяч чалавек, і перакідваць сцёкі на віцебскія ачышчальныя.

Міністр, уражаны ўбачаным, паабяцаў правесці тэматычную нараду па ачышчальных збудаванням:

— Калі ёсць куды перакінуць сцёкі (каб не рамантаваць збудаванні), то гэта добрае рашэнне. Нам не трэба гнацца за колькасцю такіх аб'ектаў, а глядзець на тое, што сапраўды неабходна зрабіць.

Сартаваць нельга захоўваць

Калегія ў Оршы супала з афіцыйным адкрыццём смеццесартавальнага завода магутнасцю 60 тысяч тон, таму ўдзельнікі наведалі цырымонію ўрачыстага адкрыцця аб'екта. Рэгіянальны палігон цвёрдых бытавых адходаў Оршы, які ўзводзілі два гады, стаў важным аб'ектам для Аршанскага, Дубровенскага і Талачынскага раёнаў. У тым выглядзе, у якім ён збудаваны, аб'ект унікальны, бо, напрыклад, той жа смеццеперапрацоўчы завод у Віцебску па тэхналогіі крыху прасцейшы, ахарактарызаваў міністр:

— З дапамогай гэтага завода мы павялічым працэнт выкарыстання ДМР, менш захаваем на палігоне адходаў, якія не раскладаюцца, тым самым палепшым экалогію рэгіёна. З улікам таго, што ўжо ёсць завод у Віцебску, вось гэты новы ў Оршы, за пяцігоддзе на Віцебшчыне застанецца збудаваць тры заводы (пры гэтым Наваполацкі завод ужо праектуецца). Такім чынам мы цалкам закрыем пытанне атрымання другаснай сыравіны з адходаў, — падкрэсліў міністр ЖКГ. — Сёння ўзровень атрымання ДМР складае 34 %, да 2025-га лічба павінна скласці 64 %.

Гэты аб'ект яшчэ раз нагадвае, што энергазберажэнне, экалогія, «зялёны» парадак дня для нас не пусты гук, расказаў Аляксандр СУБОЦІН, старшыня Віцебскага аблвыканкама:

— Завод будзе абслугоўваць тры раёны, і тут будзе сартавацца камунальнае смецце, перапрацоўвацца драўняныя і бітумныя адходы. Такім чынам, у Оршы, вобласці і краіне стала адным аб'ектам больш, і жыць стане крыху чысцей і экалагічней.

Яшчэ ў 2012-м быў у краіне толькі адзін падобны аб'ект — Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод. За дзесяцігоддзе ў Беларусі збудавана ўжо восем смеццесартавальных заводаў, праектуюцца аб'екты ў Ваўкавыску і Мінску, будуецца ў Бабруйску, дадаў Генадзь Трубіла:

— Дзякуючы з'яўленню арганізацыі «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», якая вызначыла далейшае развіццё галіны абыходжання з камунальнымі адходамі, мы захоўваем нашу прыроду, сартуем камунальныя адходы, якія раней захоўваліся.

Дырэктар прадпрыемства «Аршанская спецаўтабаза» Андрыян Гатальскі атрымаў сімвалічны ключ ад новага завода.

Веніямін Барсукоў, дырэктар Віцебскага абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва (заказчык аб'екта), і Дзмітрый Церашкоў, галоўны інжынер таварыства «Аршанскі будтрэст № 18» (генеральны падрадчык), перадалі сімвалічны ключ ад завода дырэктару прадпрыемства «Аршанская спецаўтабаза» Андрыяну Гатальскаму.

Развіццё згодна з указам

На Аршаншчыне, якая сёння характарызуецца як буйны індустрыяльны цэнтр (тут 28 прамысловых прадпрыемстваў), жыве 143 тысячы чалавек. Раён вядомы льнянымі вырабамі (Аршанскі льнокамбінат лічыцца найбуйнейшым у свеце вытворцам гэтай прадукцыі) і металарэзнымі станкамі. Орша — найбуйнейшы чыгуначны вузел у Беларусі (за суткі на станцыі апрацоўваецца да 45 грузавых цягнікоў), расказаў прымаючы бок — Ігар МАРОЗ, старшыня Аршанскага райвыканкама:

— У гарадскім пасёлку Балбасава збудаваны мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс «Брэміна-Орша» са сваім аэрапортам. А 13 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна забяспечваюць 13 % валавой вытворчасці ў Віцебскай вобласці. За пяць гадоў у сферы ЖКГ праведзена каласальная работа. Уведзена пасля капрамонту звыш 500 тысяч м2 жылых дамоў, перакладзена 35 кіламетраў сетак водазабеспячэння і 70 кіламетраў цепласеткі, адрамантавана 115 прыдамавых тэрыторый.

Штуршком для развіцця Аршанскага раёна стала даручэнне Прэзідэнта і яго Указ № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці» (ад 31 снежня 2018-га), які паставіў задачы, у тым ліку і ў частцы ЖКГ, і яны выконваліся. Аршанскаму краю як раёну з перспектыўным развіццём было даведзена павышанае заданне, у тым ліку па капрамонце жылфонду і добраўпарадкаванні тэрыторый, і тут з гэтым прыстойна справіліся, ахарактарызаваў сітуацыю міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— У краіне штогод капітальна рамантуецца 2,8 % жылля, а ў Аршанскім раёне гэты паказчык ужо 6 %. Вуліцы і двары ў горадзе і раёне добраўпарадкаваны. Адзінае, што патрабуецца, — не зніжаць тэмпы.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.