Вы тут

Лукашэнка: Завяршэнне БелАЭС — адзін з падарункаў народу Беларусі да 7 лістапада


Беларускія атамшчыкі зноў зрабілі краіне падарунак да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі: 1 лістапада 2023 года падпісаны Акт прыёмкі ў эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі. Гэтаму папярэднічаў вялікі аб’ём работ: праверка гатоўнасці тэхналагічных сістэм і абсталявання да асваення цеплавой і электрычнай магутнасці, правядзенне неабходных выпрабаванняў, падрыхтоўка персаналу. З моманту першай сінхранізацыі турбагенератара другога блока Беларускай АЭС з энергасістэмай краіны на 1 лістапада было выпрацавана больш за 2,1 мільярда кілават-гадзін электраэнергіі. Плануецца, што з уводам другога энергаблока БелАЭС штогод будзе генераваць каля 18 млрд кВтг і забяспечыць больш за 40% унутранай патрэбы краіны ў электраэнергіі.


Не трэба спыняцца

Беларуская атамная станцыя пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Прэзідэнта. За апошнія тыдні гэта пытанне некалькі разоў падымалася і ў публічнай прасторы. Падчас нарады па стратэгічных пытаннях кіраўнік дзяржавы адзначаў, што да будаўніцтва атамнай станцыі беларускія спецыялісты былі «ні ў зуб нагой у гэтым полі», але змаглі стварыць цэлую галіну. «Сёння ў нас спажыванне атамнай энергіі ў агульным спажыванні электраэнергіі вышэйшае, чым у ЗША і ў Расіі. Ад агульнага мы недзе чвэрць атрымліваем ад мірнага атаму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Дапамагла стварыць новую галіну дзяржкарпарацыя «Ростам». Праект БелАЭС стаў самым высокатэхналагічным і маштабным у гісторыі беларуска-расійскіх адносін. 

Літаральна некалькі дзён таму кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча аб рабоце Беларускай АЭС. Тады Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што бяспека станцыі — пытанне нумар адзін. БелАЭС адпавядае самым высокім патрабаванням бяспекі. Гэта не раз пацвярджалі міжнародныя экспертныя місіі, у тым ліку МАГАТЭ. У перыяд з 2012 па 2022 год у Беларусі праведзены ўсе ключавыя місіі МАГАТЭ, рэкамендаваныя для краін, якія будуюць першую АЭС. Па шэрагу напрамкаў адзначаны поспехі і станоўчыя практыкі нашай краіны, якія сёння служаць прыкладам для іншых краін-навічкоў у атамнай энергетыцы. Кантроль за станам радыяцыйнай абстаноўкі ажыццяўляецца ў кругласутачным рэжыме. Даныя аналізуюцца як на самой пляцоўцы БелАЭС, так і ў зоне назірання — на пастах аўтаматычнай сістэмы радыяцыйнага кантролю (АСКРА).

Дарэчы, упершыню макет Беларускай атамнай станцыі адпавядае рэчаіснасці — працуюць усе два энергаблокі. Прэзідэнт пацікавіўся, калі па-гаспадарску разважаць, куды можна паставіць трэці блок. Генеральны дырэктар дзяржкарапарацыі «Росатам» падкрэсліў, што калі ўзнікне такая патрэба, праблем не будзе. Ёсць магчымасць развіваць пляцоўку. «Мы фактычна разглядаем энергасістэму як не адзіную, але ў многім вельмі кампліментарную паміж Расіяй і Беларуссю. У гэтым сэнсе трэба, каб нашы міністэрствы энергетыкі, нашы ўрады выпрацавалі план», — растлумачыў ён. Аднак, па словах Аляксея Ліхачова, плануючы будучыню, трэба думаць не пра бліжэйшыя дзесяцігоддзі, а на 60-70 гадоў наперад. Ужо зразумела, што будзе расці папулярнасць электратранспарту, а для гэтага трэба генераваць электрычнасць. Беларусь актыўна развівае гэту сферу і мае тут вялікі досвед. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што абмяркоўваў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным электрыфікацыю дарогі ад Брэста да Казані і нават далей, стварэнне інфраструктуры для электратранспарту. Тым больш тэхналогіі ў гэтай сферы пастаянна ідуць наперад. «Пархомчык (віцэ-прэм’ер — Зв.) ужо навучыўся з вашымі энергетыкамі запраўляць электрычнасцю аўтобус на хаду. Паўтара ці колькі кіламетраў правады. Ён падняў „рагаціны“, праехаў паўтара кіламетры — і гатовы, заправіў батарэю. Гэта наогул прагрэс вялікі — не трэба спыняцца», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Імпульс у развіцці многіх напрамкаў

Пётр Пархомчык, віцэ-прэм’ер і старшыня прыёмачнай камісіі БелАЭС, далажыў, што ўсе члены камісіі падпісалі акт прыёмкі другога блока ў прамысловую эксплуатацыю. Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч расказаў, што эфект ад уводу атамнай станцыі ў эксплутацыю для краіны ў цэлым — гэта зніжэнне залежнасці ад вуглевадароднага паліва, павышэнне энергетычнай бяспекі, зніжэнне нагрузкі на валютны рынак. І, канешне, важкі ўклад у паляпшэнне клімату. З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) станцыя сумарна выпрацавала 20,6 млрд. кВтг электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць 5,6 млрд. кубаметраў прыроднага газу. Валютная нагрузка на эканоміку знізілася больш як на $650 млн. Атрыманы і экалагічны эфект: за кошт работы БелАЭС выкіды парніковых газаў скараціліся больш як на 9млн.т.

«Атамная станцыя надала магутны імпульс у развіцці іншых напрамкаў, сумежных галін, пашырэнне прымянеення электрычнай энергіі. Гэта высокатэхналагічная вытворчасць, створана новая навукаёмкая галіна, якая прывядзе да стварэння інавацыйных тэхналогій у навуцы і адукацыі, задавальненне патрэб у электраэнергіі рэальнага сектара і насельніцтва», — сказаў міністр. Па словах кіраўніка мінэнерга, за апошнія 9 месяцаў аб’ём спажывання электрычнай энергіі вырас на 1,8 мільярда кілават-гадзін, агульнае спажыванне — 29,8 млрд. кілават-гадзін. 

«Ваша даручэнне аб ўводзе атамнай станцыі ў эксплуатацыю выканана. Гэта надзейная, бяспечная, эканамічная станцыя, якая ўжо працуе на эканоміку краіны», — падкрэсліў Віктар Каранкевіч. Ён назваў Беларускую атамную станцыю вялікім крокам у тэхналагічным развіцці краіны. 

Генеральны дырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў перадаў Аляксандру Лукашэнку сімвалічны пашпарт БелАЭС, які сведчыць аб гатоўнасці аб’екта. «Тэрмін службы ад 60 гадоў. Разлічваем, што да 100 будзе працаваць», — сказаў Аляксей Ліхачоў. Кіраўнік дзяржавы даручыў размясціць сімвалічны пашпарт БелАЭС на бачным месцы ў Палацы Незалежнасці як экспанат хоць і невялікі, але вельмі каштоўны, які мае важнае значэнне для развіцця краіны.

Гігафабрыка, ветраэнергетыка, ядзерная медыцына…

«Мне не хочацца вас з Беларусі адпускаць», — сказаў Прэзідэнт Аляксею Ліхачову. «А нам не хочацца сыходзіць», — адказаў ён. Аляксей Ліхачоў падкрэсліў, што расійскім спецыялістам было камфортна працаваць з беларускімі калегамі на гэтым аб’екце. «Перакладчыкі не патрэбныя», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Аляксей Ліхачоў падкрэсліў, што ніякіх непаразуменняў з беларускімі спецыялістамі не было і дзякуючы аднолькаваму менталітэту. Генеральны дырэктар «Росатама» запрасіў беларусаў прыняць удзел у замежных праектах карпарацыі.

Таксама Аляксей Ліхачоў прапанаваў стварыць у Беларусі гігафабрыку і цэнтр ядзернай медыцыны. Такая вытворчасць як гігафабрыка ўжо ёсць у Расіі. Яна прадугледжвае вытворчасць назапашвальнікаў і ключавых электронных кампанентаў для электратранспарту. Для Беларусі, якая актыўна развівае электранспарт, гэта вельмі карысна. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што літаральна нядаўна абмяркоўваў падобную тэму з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. 

Паколькі Беларусь — машынабудаўнічая дзяржава, Аляксей Ліхачоў прапанаваў рашэнне па так званай «калясцы» для электратранспарту — усёй платформе, куды ўваходзіць не толькі зарадная прылада, але і рухавік, сістэма кіравання. «Але нам вельмі важна гэта сканцэнтраваць у адным месцы. Ісці па шляху лакалізацыі, а потым стварэння гігафабрыкі у Беларусі — гэта вельмі правільна», — сказаў гендырэктар «Росатама». 

Яшчэ адна сфера, дзе карпарацыя гатова дзяліцца вопытам і тэхналогіямі, — стварэнне ў Беларусі цэнтра ядзернай медыцыны. На думку Аляксея Ліхачова, гэта можа стаць адным з праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы. Ёсць перспектывы развіцця супрацоўніцтва і па такіх напрамках, як прамысловасць, лічбавыя і адытыўныя тэхналогіі. Па некаторых з іх ужо наладжана супрацоўніцтва. Напрыклад, з Расіі ў Беларусь пастаўляюцца лінейныя паскаральнікі для дыстанцыйнай тэрапіі. Аляксей Ліхачоў прапанаваў уключыць медустановы Беларусі ў сістэму паставак самых сучасных радыефармпрэпаратаў. «Росатам» прапаноўвае адкрыць цэнтр адытыўных тэхналогій у Беларусі. Гэта заўтрашні дзень машынабудавання, заявіў Аляксей Ліхачоў. Ён прызнаўся, што гадоў пяць таму са здзіўленнем даведаўся, што кампетэнцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў перавышаюць узровень нават «Росатама». З некаторымі з іх дзяржкарпарацыя арганізавала сумесныя праекты. «Яны запатрабаваны, будуць замяшчаць імпартныя пастаўкі, ад якіх нас адрэзалі. З іх ідуць яшчэ і практычныя рашэнні, напрыклад, лічбавыя трэнажоры для энергетыкі, мадэляванне пры стварэнні вытворчасцей», — адзначыў кіраўнік «Расатама». 

Рэзюмуючы ўсё сказанае, Аляксей Ліхачоў адзначыў, што сумесна з беларускім бокам плануецца падрыхтаваць праект міжурадавых мемарандума і праграм.

У час наведвання БелАЭС Прэзідэнт агледзеў тэрыторыю станцыі, наведаў пункт кіравання другога энергаблока. Галоўная выснова: беларусам трэба ствараць тэхналагічны суверэнітэт. Беларускія спецыялісты ў супрацоўніцтве з расійскімі калегамі могуць усё. І Беларуская АЭС — таму пацверджанне. 

«Якасць — выключная. Станцыя, якой у свеце няма»

У мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка адказваў на пытанні беларускіх журналістаў. Пасля агляду атамнай станцыі ён ўдзяліў увагу прадстаўнікам расійскіх СМІ. Як заўважылі журналісты, атамная станцыя ўзвадзілася падчас пандэміі, санкцый. Пры гэтым, што цікава, на яе будаўніцтва Расія вылучыла 10 мільярдаў долараў крэдытных, але патрацілі толькі 6 мільярдаў. Журналісты пацікавіліся, куды будуць накіраваны сэканомленыя грошы. 

«Менш узялі — менш аддаваць, гэта натуральна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што зараз у Беларусі на ўзроўні дыскусіі вядзецца размова аб будаўніцтве другой атамнай станцыі, дакладней, аб падваенні магутнасцей, якія ёсць зараз. «Тады беларусы будуць у шакаладзе. Гэта ці другая станцыя, пляцоўка вызначана, тады яшчэ спрэчка была: тут будаваць ці ў Магілёўскай вобласці. Ці як прамежкавы варыянт — можна і трэці блок пабудаваць. Гэта будзе танней. Людзі тут, кампетэнцыі. Трэці блок — і напалову магутнасць павялічваецца», — адзначыў Прэзідэнт. Але, па яго словах, гэта не азначае, што рашэнне канчаткова прынята. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалі дамаўляўся з Прэзідэнтам Расіі абмеркаваць пасля завяршэння будаўніцтва БелАЭС, як паступіць з аб’ёмам зэканомленых крэдытных рэсурсаў. «Галоўнае для мяне было не толькі пабудаваць станцыю, а мець кампетэнцыі, якія ёсць у расіян. Мы гэта атрымалі» , - падкрэсліў беларускі лідар. 

Калісьці планавалася пастаўляць электраэнергію з БелАЭС заходнім суседзям. Журналісты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта, ці возьме там уверх здаровы сэнс. Яны таксама выказалі меркаванне, што экспартаваць беларускую электраэнергію суседзяў прымусіць галеча. «Я ўпэўнены, што галоўны прынцып пакупніка — „дзе танней, па якасці нармальна — там і бяры“, — сказаў ён. Якасць — выключная. Станцыя, якой у свеце няма. Яна самая навейшая па ўсім параметрам. Побач — Літва, Латвія. Але самае галоўнае мы ўпускаем: мы нікуды не дзенемся ад Украіны. Нам давядзецца працаваць ва Украіне. Ніякія амерыканцы, Захад ім не дапамогуць. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам на гэту тэму шмат гаворым. Яны (украінцы) прыйдуць да нас па дапамогу. Велізарны аб’ём работы. Нам давядзецца ўкраінцам дапамагаць. А гэтыя будуць купляць, калі ў нас будзе танней», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што калі ў Амерыцы зменіцца ўлада, і ў Еўропе будзе зусім іншая палітыка. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў думку гендырэктара «Росатама» Аляксея Ліхачова аб тым, што трэба глядзець не на 10 гадоў наперад, а на паўстагоддзя. У кожнай краіне развіваецца эканоміка, і для гэтага неабходна ўсё больш і больш электраэнергіі. Трэба замяшчаць старыя магутнасці, якія выходзяць са строю. Сёння электраэнергія ўсё больш выкарыстоўваецца для ацяплення дамоў. Таму беларускі лідар выказаў упэўненасць, што ўся электраэнергія ад БелАЭС будзе накіравана на патрэбы людзей і эканомікі. І не толькі ў Беларусі. 

Журналісты заўважылі, што літоўскі бок ужо прыслаў беларускаму боку ноту з-за ўводу ў эксплуатацыю другога энергаблока. «Гэта шалёныя даслалі ноту. Народ Літвы ніякага дачынення да гэтых шалёных не мае. Паверце, я ведаю, што там адбываецца. Там вярхушка жыве сама па сабе. Ведаю нават дзядуляў і бацькоў тых, хто сёння кіруе Літвой», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў Літве зараз шкадуюць аб закрыцці Ігналінскай атамнай станцыі. Спецыялістаў, якім пасля гэтага няма куды дзявацца, запрашалі ў Беларусь працаваць. Прапаноўвалі купляць беларускую электраэнергію па нармальных тарыфах. І ўсё гэта «без каменя за пазухай». «Але яны па камандзе пэўных людзей з-за акіяна будавалі іншую палітыку. Літоўскіх спецыялістаў чакаюць і сёння — адзначыў Прэзідэнт і дадаў: — Гэта ўжо не першая нота. Няхай шлюць. У нас месца ва ўнітазах хапае. Таму няхай дасылаюць». 

Беларускі лідар падкрэсліў, што працэс будаўніцтва БелАЭС быў абсалютна адкрыты, запрашаліся і замежныя журналісты. Гэта можа пацвердзіць нават МАГАТЭ. «Не хочуць — як хочуць. Мы асабліва на гэту тэму не парымся», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Астравец змяніў аблічча Гродзенскай вобласці

Пасля наведвання Беларускай атамнай станцыі Прэзідэнт наведаў горад атамшчыкаў, якім цяпер стаў Астравец. Паводле даных на пачатак года, насельніцтва Астравецкага раёна складае каля 28,7 тысячы чалавек, у тым ліку працаздольнага ўзросту — амаль 17 тысяч, дзяцей — 5,8 тысяч. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік далажыў аб выкананні комплекснага плана па развіцці раёна. «Астравец кардынальна змяніўся. Гэта стаў ужо іншы раён. Калі ў 2010 годзе гэта быў невялікі сельскагаспадарчы раён, дзе 51 працэнт — гэта доля сельскай гаспадаркі, астатняе — гэта гандаль і крыху будаўніцтва, то паводле даных за дзевяць месяцаў гэтага года, 90 працэнтаў — гэта прамысловасць. Раён памяняў аблічча не толькі сам — ён памяняў аблічча вобласці», — заявіў губернатар. І вялікі ўклад у гэта ўнесла, безумоўна, будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. 

Прэзідэнт пацікавіўся сітуацыяй на рынку працы, развіццём у рэгіёне розных галін эканомікі, сацыяльным жыццём у раёне. Уладзімір Каранік заўважыў, што калі ў 2010 годзе ў структуры прамысловасці ўсёй вобласці Астравец займаў менш як 0,1 працэнта, то цяпер — ужо 7,3 працэнта. Значна вырас і узровень сярэдняй заработнай платы. Сёння сярэдняя зарплата ў Астраўцы на 20 працэнтаў вышэйшая, чым у вобласці. 

Па словах губернатара, праведзена вялікая работа па развіцці інфраструктуры раёна, на што было выдаткавана 467,5 мільёна беларускіх рублёў. Уладзімір Каранік назваў гэта беспрэцэдэнтнымі інвестыцыямі ў чалавечы капітал. Калі ў 2010 годзе нараджальнасць у раёне была амаль на 2 працэнты ніжэйшая, чым у сярэднім па вобласці, то цяпер яна на 30% вышэйшая. Астравец — гэта першы раён, які сціснуў дэмаграфічныя нажніцы. 

Прэзідэнт уважліва пазнаёміўся з работай Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы. Гэта бальніца з’яўляецца міжрэгіянальным і міжраённым дыягнастычным і лячэбным цэнтрам. Галоўны ўрач бальніцы Уладзімір Мажэйка далажыў Прэзідэнту аб дзейнасці ўстановы. У склад Астравецкай ЦРКБ уваходзяць стацыянарны лячэбна-дыягнастычны комплекс, паліклініка, бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй урача агульнай практыкі, тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, здраўпункт на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сістэма работы ўстаноў аховы здароўя на розных узроўнях — важнае пытанне. Зараз гэта пытанне пастаянна знаходзіцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы. У Астравецкай ЦРБ ён нагадаў свой асноўны пасыл па гэтай тэме: «Не павінна быць празмернасцяў. Але і па-дурному забіраць не трэба: ФАПы і гэтак далей. Дзе трэба, там трэба», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з аддзяленнямі бальніцы, паразмаўляў з персаналам і пацыентамі. Падчас агляду рэабілатацыйнага аддзялення з водагразелячэбніцай Прэзідэнт пацікавіўся, ці не з’яўляецца гэта лішкам для бальніцы. Але спецыялісты запэўнілі, што гэта важная частка рэабілітацыі пасля многіх захворванняў. У аддзяленні трансфузіялогіі Прэзідэнт павітаўся з донарамі, якія здавалі кроў у гэты момант і расказаў, што ў свой час таксама здаваў кроў. Аляксандр Лукашэнка таксама пакаштаваў сняданак, які даюць донарам — шакалад, гематаген і сок. Зразумела, айчыннай вытворчасці. 

«Што тут казаць, шыкоўная бальніца, — даў сваю ацэнку кіраўнік дзяржавы. — На гэта я і разлічваў: што гэта будзе адзін з маякоў, паказальны аб’ект, як мы будзем будаваць і абслугоўваць іншыя». Але Прэзідэнт нагадаў пра працу камісіі, створанай па яго даручэнні, якая зараз правярае работу ўстаноў аховы здароўя па ўсёй краіне, і пра тое, што да студзеня наступнага года ў сістэме аховы здароўя павінен быць наведзены парадак. 

«Людзі зразумелі, што атамная электрастанцыя патрэбная»

Пасля знаёмства з горадам і яго магчымасцямі — размова з мясцовымі жыхарамі. «Мы вас адарвалі ад спраў, але ж... яшчэ не выхадныя», — пажартаваў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што вакол дня Кастрычніцкай рэвалюцыі было шмат спрэчак — захоўваць гэта свята ці не. У выніку было прынята вырашана, што не варта пазбаўляць людзей свята. Але кожнае свята, па словах, кіраўніка дзяржавы, павінна мець свой сэнс. У савецкі час была распаўсюджана практыка — да вялікіх свят рабіць народу падарункі. Гэтая традыцыя захавалася і сёння — напярэдадні дня Кастрычніцкай рэвалюцыі здаюцца новыя сацыяльныя, транспартныя, вытворчыя аб’екты. 

«Я сёння і прыехаў напярэдадні Дня вялікага Кастрычніка сюды, каб нашаму беларускаму народу паднесці гэты вялікі дар», — сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ёсць людзі, у тым ліку і ў Астраўцы, якія дрэнна ўспрымалі гэтую будоўлю. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прымальныя глебы для будаўніцтва АЭС у Беларусі знайшлі толькі ў двух месцах — у Астраўцы і ў Магілёўскай вобласці. Толькі гэтыя два мемцы прайшлі ўзгадненні ад міжнародных арганізацый. «Я доўга вагаўся, прымаючы рашэнне, але вырашыў: тут. Па многіх меркаваннях. Трэба было развіваць гэты край». — сказаў беларускі лідар. Ён нагадаў, што раней мясцовыя ўлады былі зацыкленяы ў асноўным на Гродна. А прызначаючы Уладзіміра Караніка на пасаду губернатара Гродзенскай вобласці, Прэзідэнт паставіў задачу далей глядзець ад Гродна, каб развіваліся і іншыя раёны. «Падлятаючы да атамнай станцыі, я быў захоплены і здзіўлены. Такога я не бачыў нават на Захадзе: кожны кавалачак зямлі пасеяны, апрацаваны. Ну, умеюць Прэзідэнта сустракаць. Далей не вельмі — зверху мне ўсё відаць. Але малайцы, значыць, умеюць рабіць», — сказаў Прэзідэнт. Ён прызнаўся, што хацеў у паўночна-заходні край Беларусі ўдыхнуць жыццё. Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў савецкі досвед, калі па яго словах, разумна размяркоўвалі вытворчасці і працоўныя рэсурсы, не сцягваючы іх у адно месца. Таму, па яго словах, было прынята рашэнне не расцягваць Мінск, таму вакол сталіцы сталі будаваць гарады-спадарожнікі. Задумка была ў тым, каб развіваць і іншыя рэгіёны. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што другім фактарам, які стрымліваў рашэнне аб будаўніцтве атамнай станцыі было званне «чарнобыльскай рэспублікі». Але з цягам часу ўдалося вярнуць землі, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, да жыцця, аднавіць іх і сёння там жывуць людзі. 

«Я разумеў, валодаюючы інфармацыяй, што няма перспектывы без чыстай энергіі. Без электрычнасці мы не зможам развівацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў у прыклад эксперыментальны пасёлак у Новай Аколіцы, які наведваў на мінулым тыдні. Тыя дамы атапліваюцца з дапамогай электрычнасці. «Гэта космас, дома цёпла, утульна», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ацяпленне дамоў з дапамогай электрычнасці гэта не толькі зручна, але і выгадна. Пакуль ёсць пытанні з сеткамі, але яно ўжо вырашаецца. Электрычнасць неабходна і для развіцця электрантраспарту. Віцэ-прэм’ер паабяцаў ў бліжэйшы час паказаць Прэзідэнту айчынны электрамабіль. Электробусы ўжо выконваюць свае задачы ў беларускіх гарадах і пастаўляюцца на ўвесь свет. То бок, хутка чакаецца вялікае павелічэнне спажывання электраэнергіі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калі прымалася рашэнне аб будаўніцтве атамнай станцыі, у краіне хапала электраэнергіі, нават былі лішкі. І ўзнікала пытанне — што рабіць з Белаазёрскай і Лукольмскай ГРЭС. Але ім таксама знайшлося прымяненне. 

«Павагаўшыся некаторы час, думаю: ну хто прыме рашэнне. Чарнобыльская рэспубліка, нечарнобыльская — людзі будуць крытыкаваць, але з часам зразумеюць, што гэта трэба. На прыкладзе Астраўца, я ўпэўніўся, што людзі зразумелі, людзі, якія побач жывуць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што вакол атамнай станцыі чыстая тэрыторыя. На сёння Беларуская АЭС — самая сучасная і самая бяспечная атамная станцыя, аналагаў якой няма. «Будучы ўцягнутым у будаўніцтва, я зразумеў, што не такі страшны чорт, як яго малюць. Гэта нармальны аб’ект. Я не скажу, што ён больш бяспечны, чым іншыя. Проста трэба нармальна яго эксплуатаваць. Алкаголікам і наркаманам там рабіць няма чаго», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Гэта — будучыня 

Прэзідэнт расказаў жыхарам Астраўца, што ў Беларусі актыўна займаюцца касмічнымі тэхналогіямі. Беларусы дапамагаюць будаваць спадарожнікі. Работа ў гэтай галіне ідзе вельмі плённа, што дазваляе Беларусі смела лічыцца касмічнай дзяржавай. А гэта таксама новы накірунак, звязаны з мірным атамам. Сярод сапраўдных прарываў — і Беларуская нацыянальная біятэхналічная кампанія. Сёння па словах Прэзідэнта, толькі 5-6 краін у свеце маюць такія вытворчасці. І дзякуючы кітайскім партнёрам, ужо пабудаваны дзве чаргі, зараз будуецца трэцяя. 

«Усё гэта я сказаў для таго, каб падзякаваць вам за тое, што вы не выйшлі маршам у Мінск і не выступалі ў 2020-м годзе, як некаторыя, аб закрыцці станцый», — адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў 2020-м годзе нярэдка гучалі галаслоўныя заявы аб тым, каб закрыць Беларускую АЭС. «Літоўцы закрылі. Што зараз? Зараз плачуцца: навошта мы закрылі. — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — А атамная энергетыка выведзена ў ранг зялёнай. Аказваецца, яна чыстая. Яна сапраўды чыстая». Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Польшча, якая заклікала закрыць беларускую станцыю запланавала ў сябе будаўніцтва дзвюх станцый. 

«Мы пабудавалі добрую станцыю. Гэта будучыня. Зразумела, што гэты край будзе заўсёды ў цэнтры ўвагі, ён будзе развівацца. І не толькі ў цэнтры ўвагі мяне як Прэзідэнта, але і іншых людзей», — сказаў беларускі лідар. Ён нагадаў, што тры гады таму, запускаючы першы энергаблок, сказаў, што пачалася эра мірнага атама. 

«І сапраўды, атрымаўшы ў няпростым 2020-м такі цудоўны ўсенародны падарунак да 7 лістапада, і сёння другі блок, я лічу, што мы паступілі правільна, стварыўшы такі цуд», — дадаў беларускі лідар. Ён дадаў, што Беларусь сёння актыўна развівае сучасныя тэхналогіі, дзякуючы таму, што захавала лепшыя напрацоўкі савецкага часу. І нават ва ўмовах абмежаванняў, краіна жыве і развіваецца. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што галоўнае пытанне — насельніцтва. Усе ўмовы для таго, каб нараджаць як мага больш дзяцей, у краіне створаны. 

Жыхары Астраўца пацікавілся, калі і дзе будзе пабудавана другая электрастанцыя. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што канчатковага рашэння аб будаўніцтве другой атамнай станцыі пакуль не вырашана. Зараз гэта дыскусійнае пытанне. Прэзідэнт таксама расказаў, што будаўніцтва БелАЭС вялося за кошт крэдытных рэсурсаў, выдзеленых расійскім бокам. У выніку, удалося сэканоміць значную частку сродкаў. «Па-гаспадарску», як заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «За астатнія мы ў прынцыпе два блокі можам пабудаваць, — сказаў ён. — Таму крыніца фінансавання можа быць і гэта — зэканомленыя грошы».

Таксама Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба лічыць, дзе больш мэтазгодна будаваць атамную станцыю. «Напэўна, тут будзе танней. Таму што, акрамя самога будаўніцтва, пабудаваны прадпрыемствы, якія кляпалі і варылі вузлы і агрэгаты. Перавезці — гэта не вялікая праблема, але на месцы будзе танней. Калі мы будзем будаваць (гэтае рашэнне не прынята, гэта дыскусія, але добра, што вы зразумелі, што гэта трэба, гэта будучыня), то я вам далажу і параюся з вамі, перш чым прымаць такое рашэнне. Сённяшняга запасу электрычнасці не толькі на мой век, але і на вашых дзяцей нам хопіць, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Але хто яго ведае, як будзе свет развівацца. Няхай бы была другая станцыя. Я прыхільнік гэтага. Таму мы ў абмеркаванні гэтага пытання». 

«Будзем праводзіць палітыку ў інтарэсах свайго народа»

Астравец — прыгранічны з Літвой раён, у жыхароў гэтага краю наладжаны добрыя сяброўскія адносіны з суседзямі. Таму іх цікавіла, як далей будуць развівацца адносіны Беларусі і Літвы. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што і з Літвой, і з Польшчай у Беларусі будуць адноўлены адносіны. «Яны нікуды ад гэтага не дзенуцца. Асноўны прынцып: суседзі не могуць жыць дрэнна. Суседзі ад бога, іх не выбіраюць», — заявіў ён. Па словах Прэзідэнта, канфлікты і сваркі — гэта з’ява часовая. Прыйдуць часы, калі краіны-суседкі будуць жыць разам, як і раней. Пры гэтым, як заявіў кіраўнік дзяржавы, Беларусь у гэтым крызісе адносін не вінаватая. А з боку Літвы гучалі розныя прэтэнзіі і незадаволенасці. Адной з тэмай іх было будаўніцтва Беларускай АЭС. Нават зараз у суседзяў узнікаюць незадавальненні. «Я ім тады гаварыў: літоўцы, адумайцеся, мы ўсё роўна пабудуем гэту станцыю. Ні амерыканцы, ні еўрапейцы, ніхто не перашкодзіць нам пабудаваць. Мы прымаем рашэнне, што нам рабіць на нашай зямлі. І мы яе пабудавалі», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і тады, і цяпер выказвала гатоўнасць прымаць на працу на АЭС спецыялістаў з Літвы, пастаўляць туды электраэнергію, рыхтаваць кадры. «Я па-чалавечы ім прапаноўваў. Але там жа не яны кіруюць краінай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў Літве жывуць нармальныя людзі, у цэлым падобныя да беларусаў. 

Прэзідэнт узгадаў і прэтэнзіі Літвы і Польшчы да Беларусі з прычыны міграцыйнага крызісу. На нядаўняй сустрэчы з міністрам замежных спраў Венгрыі ён заяўляў, што Беларусь не будзе адстойнікам для мігрантаў, якія ідуць у Еўропу. Іх тут ніхто не штурхае, праз плот не перакідвае, але і трымаць іх тут сёння ніхто не будзе. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што казаў пра гэта яшчэ ў пачатку міграцыйнага крызісу, калі канцлер Германіі Ангела Меркель паклікала іх у сваю краіну. «Больш таго, вы (еўрапейскія краіны) увялі супраць мяне санкцыі, супраць краіны. Вы душыце мой народ і хочаце, каб я тут адстойнік зрабіў, мігрантаў утрымліваў», — абурыўся беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што кіраўніцтва Літвы забараніла сваім грамадзянам наведваць Беларусь. Тады быў ўведзены бязвізавы рэжым. «Дык яны пачалі палохаць сваіх людзей, што мы іх тут завярбуем. Што значыць завярбуем? Ну, не вярбуйцеся. Калі вас хтосьці вярбуе — не вярбуйцеся. Ці мы сілай кагосьці прымушаем? Ну назавіце факт хоць адзін. Не трэба нам нікога вербаваць. — сказаў ён. — Фактаў у іх няма. І яны ўсё выдумваюць, што мы робім нешта супраць іх. Няма ў нас ніякага жадання такога». Прэзідэнт падкрэсліў, што нават калі польскія ці літоўскія грамадзяне захочуць працаваць на атамнай станцыі, адмовы яны не пачуюць. «Гэта нашы людзі. Будуць тут грошы зарабляць, лячыцца ў нашых бальніцах, яны з задавальнненм сюды прыязджаюць. Мы не зачыняем ні для каго дзверы. Усё залежыць ад іх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зусім не ў захапленні ад перспектывы новага польскага ўрада на чале з Дональдам Тускам. Па яго словах, Туск — чалавек праеўрапейскі, але гэта не значыць, што заўтра ў яго зменіцца пазіцыя па Беларусі. Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі бок не будзе выконваць ніякія ўмовы палякаў і іншых краін. «Мы суверэнная дзяржава. І мы будзем праводзіць тую палітыку, якая ў інтарэсах нашага народа. І гэтым усё сказана. Калі яны гатовыя на гэта — заўтра мы гатовы паціснуць адзін аднаму руку ў любым месцы і гатовы з імі супрацоўнічаць. З імі, з украінцамі. Украіна ўсё роўна будзе наша. Нікому гэта Украіна не патрэбна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што калі пачаўся канфлікт на Блізкім Усходзе, Украіна адышла на другі план. Прэзідэнт заўважыў, што палітыка ЗША — заварыць нешта і ў мутнай вадзе злавіць выгаду. Усё астатняе — расходны матэрыял. «Паглядзіце, Еўропа прыпаўзе да нас, да Расіі. Таму што Еўропу сёння на часткі рвуць Прэзідэнт. — І вы бачыце, якія там палітыкі. Калі на іх гляджу, мне часам плакаць хочацца. Яны ж не думаюць аб народзе, адбыў тэрмін-другі, скраў нешта, у кішэні паклаў і паехаў». Нешта падобнае, па яго словах, сёння назіраецца ў сярод украінскіх уладаў. А тым часам насельніцтва ў суседняй краіне становіцца ўсё менш. 

«Рана ці позна мы ўсё роўна вернемся ў сваё лона. У гэтай калысцы наша жыццё, і палякаў, і прыбалтаў. Мы не асабліва адораныя рэсурсамі, а ў палякаў і прыбалтаў іх увогуле няма. — сказаў Прэзідэнт. — У нас катастрофы няма. Я не скажу, што ў нас шыкоўнае жыццё ва ўсіх адносінах. Але ў нас чалавек, рызыкну сказаць, калі хоча зарабіць больш для сям’і — зможа». 

Ён параіў жыхарам прыгранічных раёнаў падтрымліваць з палякамі і літоўцамі нармальныя адносіны. «Мы адзін народ фактычна, а ад суседзяў нікуды не падзенешся», — падсумаваў ён. 

Трэба паважаць народ

У размове з журналістамі было закранута пытанне, якое апошнія дні актыўна абмяркоўваецца ў інтэрнеце. Дольшчыкі, якія будавалі дом у Мінску, звярнуліся да Прэзідэнта са скаргай на зацягнутыя тэрміны будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка неадкладна адрэагаваў, звязаўшыся са старшынёй Мінгарвыканкама і даручыўшы разабрацца ў сітуацыі. «Гавару: навошта людзей крыўдзіш? Чаму не прынялі меры? Дагавор быў заключаны з адным з раёнаў (Мінска), а потым гэты дагавор перанеслі на УКБ гарвыканкама», — расказаў Прэзідэнт. Сталічнае кіраўніцтва пачало апраўдвацца, што паўплывала інфляцыя, падаражэлі матэрыялы. «Вы, кажу, у дагаворы гэта прапісалі? — Не. — Тады ідзіце і пабудуйце так, як па дагаворы. Калі б вы прадугледзелі ў дагаворы, дык людзі, можа быць, і не скардзіліся. Людзі скардзяцца на тое, што мы, дзяржава, не выконваем заключаную дамову», — расказаў Прэзідэнт пра ход гэтай справы. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на яго імя паступае нямала падобных заяў. На некаторыя прыходзіцца рэагаваць публічна, большасць аказваецца хлуснёй, каб ускалыхнуць народ. Пры гэтым, як звярнуў кіраўнік дзяржавы, такія пытанні павінны вырашацца на больш нізкім узроўні. «Гэта становіцца нормай у нашых людзей: а давайце запішам, укінем — Прэзідэнт вырашыць. Гэта нават не губернатара пытанне, а тых, хто заключаў дагавор, — заўважыў ён. — Ёсць Прэзідэнта пытанні: атамная станцыя, космас, яшчэ нешта... Забяспечыць вас на зіму прыродным газам, нафтай і гэтак далей, прадаць, арганізаваць...». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на ўсе звароты, якія паступаюць на яго імя, ёсць рэакцыя. Публічна ці непублічна, але меры прымаюцца. 

Беларускі лідар прызнаўся, што з моманту сваіх першых прэзідэнцкіх выбараў памятае, што не павінен падвесці людзей, якія рызыкнулі і ў яго паверылі. Таму кіраўнік дзяржавы жорстка пытаецца па цэнаўтварэнні, і па многіх іншых пытаннях, рэагуючы на тыя ці іншыя праблемныя моманты. «Я разумею, што пераціскаць нельга. Можна націснуць так, што дэфіцыт утварыцца, у магазінах нічога не будзе. Вось спрабуем. Ні адна краіна ў свеце гэтым не займаецца, а мы спрабуем рэгуляваць цэны», — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў пра тое, што Беларусь была адзінай краінай, якая не спалохалася і не закрылася падчас пандэміі каранавіруса і вытрымала гэты іспыт. Па яго словах, Беларусь і з сённяшнімі выклікамі справіцца, калі чыноўнікі, кіраўнікі прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў зразумеюць, што трэба працаваць дзеля народа. «У мяне і ў вас народ адзін. І гэты народ не выбіраюць. Гэта ён нас выбірае і вам дае работу. Таму трэба з народам дзяліцца, трэба паважаць гэты народ. Я гэта кажу шчыра», — сказаў Прэзідэнт. 

Жыхары Астраўца расказалі, што раней тут было маленькае правінцыйнае мястэчка, раённы цэнтр. А сёння — вялікі, прыгожы, сучасны горад з новымі мікрараёнамі, жыллём, з развітой інфраструктурай. «Сёння ад нас ужо не з’язджаюць нашы дзеці, а, наадварот, вяртаюцца. І я ўпэўнена, што з намі будуць жыць і нашы ўнукі», — заявіла адна з жыхарак Астраўца. «І гэта толькі пачатак», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.