Вы тут

У Гомелі адкрыта пасля рэканструкцыі адна з галоўных транспартных артэрый


На радасць гамяльчан пасля амаль пяцімесячнага перапынку адкрыты для руху абноўлены дзевяціпралётны 168-метровы пуцеправод па вуліцы Ільіча. Гэты важны аб’ект на дарожнай карце Гомеля злучае Навабеліцкі раён і асноўную частку абласнога цэнтра. 


Аб’ект быў пабудаваны ў 1973 годзе. Летась былі выявілі небяспечныя дэфекты збудавання, у тым ліку карозія металаканструкцый. Пуцеправод быў зачынены на рэканструкцыю ў сярэдзіне чэрвеня. За гэты час мостабудаўнікамі і дарожнікамі праведзены велізарны аб’ём работ. Для скарачэння тэрмінаў будаўніцтва яны працавалі і па буднях, і ў святы. Адказную працу мостабудаўнікоў, канструктараў, інжынераў, рабочых падчас цырымоніі адкрыцця пуцеправода асабліва адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

— Нездарма кажуць: масты — самае добрае вынаходства чалавецтва. Яны заўсёды злучаюць, — падзякаваў усім, хто браў удзел у рэканструкцыі гэтага важнага аб’екта Гомельшчыны Іван Крупко.

Мостабудаўнікі ўзмацнілі бэлькі, апоры, учынілі новыя маставыя палотны, поручы і парапетныя агароджы. Акрамя гэтага было максімальна прапрацавана пытанне добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый, пешаходнай інфраструктуры пуцеправода.

На працягу ўсяго працэсу аднаўленчыя, будаўнічыя работы на аб’екце былі на асабістым кантролі кіраўніцтва вобласці і горада.

Як адзначыў Іван Крупко, і ўлады, і будаўнікі выдатна разумелі, якія цяжкасці ўзнікнуць падчас закрыцця пуцеправода. Яго прапускная здольнасць перавышае 32 тысячы машын за суткі. Аб’ект не толькі злучае Навабеліцкі раён і асноўную частку Гомеля, але горад з населенымі пунктамі Гомельскага раёна. Па гэтым напрамку ідзе і транспартны транзіт у Расійскую Федэрацыю.

Дарэчы, на час рэканструкцыі пуцеправода было дэталёва прапрацавана пытанне перанакіравання руху транспартных патокаў, зроблена ўсё неабходнае для забеспячэння дарожнай бяспекі на гэтым участку.

Як звярнуў увагу на цырымоніі адкрыцця аб’екта Іван Крупко, падчас закрыцця Навабеліцкага пуцеправода на гэтым участку не было дапушчана ніводнага сур’ёзнага ДТЗ. Кіраўнік рэгіёну адзначыў, што супрацоўнікі ДАІ Гомельшчыны вялі маніторынг дарожнай абстаноўкі ў розны час сутак, рэгулявалі транспартныя патокі, у тым ліку за кошт карэкціроўкі работы святлафораў.

— Забяспечвалі бяспеку руху. Так, відавочна, як мы ні імкнуліся, але ў гэтыя месяцы дабірацца людзям, завязаным пад пуцеправод па вуліцы Ільіча, прыйшлося даўжэй звычайнага. Але ніводнага сур’ёзнага ДТЗ дапушчана не было. І гэта галоўнае, таму, што прыярытэт нашай дзяржавы — забеспячэнне поўнай бяспекі для нашых людзей. Найвялікшай каштоўнасцю называе бяспеку ў грамадстве наш Прэзідэнт, — падкрэсліў Іван Крупко.

Шчырыя словы віншавання з нагоды адкрыцця сацыяльна і эканамічна значнага аб’екта ад імя Аляксандра Лукашэнкі гамяльчанам перадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. Ён звярнуў увагу на тое, што ў свой час гэты важны аб’ект інфраструктурны Гомельшчыны ўзводзіўся ў 50-ю гадавіну СССР. Цяпер жа паспяховая мадэрнізацыя моста — падарунак рэгіёну напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка. Аб’ект у Гомелі — прыклад развіцця транспартнай інфраструктуры рэгіёнаў краіны. 

— Улічылі і сучасныя патрабаванні бяспекі, і безбар’ернае асяроддзе, апраўдалі эстэтычныя чаканні гараджан — зрабілі прыгожае архітэктурнае падсвятленне. Гэты праект — толькі малая частка маштабнай работы па будаўніцтве сучасных дарог і пуцеправодаў, удасканаленні транспартнай інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.