У ААТ «Беларуськалій» распавялі пра абставіны няшчаснага выпадку, які адбыўся на тэрыторыі другога рудаўпраўлення. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на намесніка галоўнага інжынера — начальніка ўпраўлення аховы працы, прамысловай бяспекі і горнавыратавальных работ прадпрыемства Алега Кратовіча.
Алег Кратовіч удакладніў, што пра прычыны здарэння пакуль сказаць не можа. Ён распавёў кароткія абставіны здарэння, патлумачыўшы, што пры выкананні шэрагу тэхнічных мерапрыемстваў, каб запусціць машыну далей у працу, якая была аварыйна спыненая з-за тэхналагічнай абароны, машына пачала адвольна апускацца ўніз.
Намеснік галоўнага інжынера «Беларуськалія» адзначыў, што, нягледзячы на разнастайныя ахоўныя меры па зніжэнні хуткасці, «гэта не змагло знізіць хуткасць да патрэбнага ўзроўню, і клець з нашымі работнікамі перасекла кропку гарызонту, што прывяло да сутыкнення клеці з глебай ствала. Работнікі, якія знаходзіліся ў клеці, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці».
Паводле яго слоў, на прадпрыемстве ўвялі адну з пазіцый плана ліквідацыі аварый. На дапамогу пацярпелым выклікалі работнікаў ваенізаванага горнавыратавальнага атрада. Свае абавязкі яны выканалі аператыўна і прафесійна, даставіўшы людзей на паверхню.
«Па выніках няшчаснага выпадку будуць зробленыя адпаведныя высновы. Па характары траўмаў, звесткі пра якія дадуць медыкі, мы зможам казаць, якім чынам кампенсацыя будзе выплачана страхавой кампаніяй. Усе работнікі ААТ у нас застрахаваныя», — падкрэсліў Алег Кратовіч.
Як паведамлялася, пецярых пацярпелых падчас інцыдэнту ў ААТ «Беларуськалій» 3 лістапада даставілі ў салігорскую ЦРБ. У іх дыягнаставаны пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, атрыманыя ў выніку падзення з вышыні. Медыкі неадкладна правялі ўсе неабходныя дыягнастычныя мерапрыемствы і аказалі дапамогу ў адпаведнасці з пратаколамі Міністэрства аховы здароўя. Стан пацыентаў ацэньваецца як стабільны, яны знаходзяцца пад наглядам профільных спецыялістаў.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».