Вы тут

У драўніне, скуры, метале і шаўках — з гісторыяй кніжнай вокладкі прапануюць пазнаёміцца музейшчыкі Гомеля


Матэрыялы, тэхнікі розных эпох і стварэнне ідэальнай «адзежы» для выдання, модныя плыні афармлення і стыль княжацкіх бібліятэк... Прайсці разам этапы развіцця экстэр’еру кніг запрашае выстаўка «Сустракаем па адзенні: мастацтва кніжнай вокладкі» ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. 


У экспазіцыі тэматычныя блокі прадстаўлены экземплярамі з фонду рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна і калекцыі князёў Паскевічаў. На выставе можна ўбачыць і збор старадрукаў з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Гэта калекцыя расказвае аб традыцыях афармлення літургічнай літаратуры. Самая «узроставая» кніга збору выйшла ў свет у канцы XVIII стагоддзя, самая «новая» — выпуску 1910 года.

— Але гэтыя старадрукі настолькі захавалі традыцыі вокладак царкоўных кніг, што на іх прыкладзе выдатна можна прасачыць, як афармляліся кнігі яшчэ ў часы Старажытнай Русі, — звяртае ўвагу старшы навуковы супрацоўнік Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Вольга Гвоздзь. — Вокладка доўгі час была вельмі працаёмкі працэсам. Для яе выкарыстоўваліся дошкі цвёрдых парод драўніны. Іх абцягвалі скурай, пашытымі папярочнымі скуранымі жгутамі, прымацоўвалі зашчэпкі. Такая канструкцыя трымала ўласна кніжны блок. Скураная вокладка кніг штодзённага ўжывання, як правіла, упрыгожвалася гарачым цісненнем. Кнігі таксама дэкарыраваліся накладкамі з металу: вугалкамі, жукавінамі — накладкамі з выпукласцямі, падобнымі на ножкі. Бо ў той час кнігі захоўвалі гарызантальна.

Уражвае раскошай афармленне апраўная вокладка. На выставе яскравы прыклад такога віду мастацтва — вокладка напрастольнага Евангелля канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

— Сама назва вокладкі кажа пра тое, як яна ўтваралася: кніга ўкладвалася ў аправу, фактычна металічную скрыначку. Яна ўжо ўпрыгожвалася вельмі багата: чаканкай, гравіроўкай, сканню з металу, медальёнамі з роспісам эмаллю. Самыя дарагія падносныя кнігі ўпрыгожвалі каштоўнымі камянямі, пад металам кнігу адцягвалі тканінамі накшталт парчы або аксаміту. Такія кнігі былі творам мастацтва, над якім працаваў не толькі пераплётчык, але яшчэ і ювелірных спраў майстар, — дадае старшы навуковы супрацоўнік.

Экспазіцыйныя блокі выстаўкі прапануюць дэталёва пазнаёміцца і з асобнымі састаўнымі часткамі кніжнай вокладкі, як дастаткова складанай структурай. Да канца XVII — першай паловы XVIII стагоддзя выданне свецкай літаратуры набірае абароты, павялічваецца колькасць кніг, мяняецца і іх знешні выгляд. Кнігі станавіліся кампактнымі, лягчэйшыя, прызначанымі ўжо не для цырымоній, службаў, а для прыватнага карыстання. Гэтую тэндэнцыю на выставе можна прасачыць на прыкладзе кніг з фонду рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна. Самыя раннія з прадстаўленых выданняў адносяцца да 30-х гадоў XVIII стагоддзя.

— У гэты час як раз складвалася традыцыя і стыль палацавых бібліятэк. Людзі з дастаткам, выдатна адукаваныя, якія, як правіла, чыталі і размаўлялі на некалькіх мовах, збіралі кніжныя калекцыі. Яны маглі дасягаць некалькіх тысяч, нават некалькіх дзесяткаў тысяч кніг. Напрыклад, арыгінальны збор кніг бібліятэкі князёў Паскевічаў налічваў больш 20 тысяч тамоў, — звяртае ўвагу Вольга Гвоздзь.

Увогуле існаваў такі падыход да самога працэсу выдання, калі кніга ўяўляла сабой толькі кніжны блок, а яе вокладка была асобнай, так бы мовіць, паслугай. Яе аказвалі майстэрні ці асобныя майстры. Уладальнік кніжнага збору ўжо выбіраў, які майстар, у якім адзіным стылі будзе афармляць яго бібліятэку. Тэма фамільнай прыналежнасці кніг на выставе разглядаецца на прыкладзе выданняў з экслібрысамі князёў Паскевічаў. Кніжныя знакі ўладальніка — невялікія папяровыя этыкеткі або ярлычкі — традыцыйна размяшчаліся на форзацы ці вонкавай абложцы кнігі.

— У нас на выставе прадстаўлена шырокая падборка кніг, якая дазваляе ўбачыць, як вытанчана выглядалі ў тым ліку форзацы. Кожны з іх быў унікальным. Для іх часта выкарыстоўвалася мармурованая папера, вырабленая ўручную. Узоры, каменьчыкі, палосы, разводы, малюнкі ў выглядзе пярынак вырабляліся адмысловым спосабам, — тлумачыць суразмоўніца. — У спецыяльны латок насіўся грунт, на які налівалі або пырскалі фарбы. Іх не змешвалі адзін з адным, а пры дапамозе грабянёў, палачак, кавалачкаў меха, пярынак, нават пальцаў па іх праводзілі ў розных кірунках. Атрымліваліся ўзоры. У гэту сумесь апускаўся ліст паперы, маляўнічы пласт упітваўся ў яе. Ліст высушваўся, часам націраўся сухім мылам для стварэння глянцавага эфекту. Такім чынам быў гатовы толькі адзін ліст, а для наступнага ўжо ўся гэтая працэдура паўтаралася.

Існавала ў розныя часы мода на розныя ўзоры на форзацах: ад завіткоў, узораў у выглядзе ракавінак да вельмі папулярных — з імітацыяй пражылак мармуру. Вельмі дарагімі і складанымі ў вырабе былі вокладкі, форзацы для якіх выкарыстоўвалі муаравы шоўк. Тканіна давала незвычайную рэльефнасць і дазваляла зрабіць вокладку з незвычайнымі візуальнымі эфектамі.

— Вельмі вытанчана афармляліся і кніжныя абрэзы, — дадае Вольга Гвоздзь. — Самым раннім спосабам іх дэкарыравання было залачэнне, якое сталі выкарыстоўваць яшчэ XIII стагоддзі. Дарэчы, такі спосаб не толькі вельмі прыгожы, але і дазваляе зафіксаваць краі старонак, каб яны не пашкоджваліся.

Пазней стала модным наносіць фарбы на абрэзы. Цікавым спосабам дэкарыравання абрэза было таршанаванне. Гэта нанясенне на паверхню абрэза малюсенькіх насечак. Яны стваралі эфект няроўнай рукатворнай паперы.

На выставе прадстаўлена вялікая падборка кніг, аформленых у стылі мадэрн.

— Гэта быў стыль, які дэмакратызаваў кніжнае мастацтва. Да гэтага захоўвалася выразнае дзяленне кніг, вокладкі для людзей высокага ўзроўню прыбытку, статуту, адукацыі і масавай вокладкі, якая атрымала развіццё ў XIX стагоддзі. Менавіта стыль мадэрн, як лічаць некаторыя даследчыкі, паклаў пачатак дэмакратызацыі кніжнага мастацтва. Калі і вельмі простыя, недарагія кнігі, разлічаныя на масавага спажыўца і не вельмі тоўсты кашалёк, таксама сталі ўпрыгожвацца вельмі багата, — зацікаўлівае старшы навуковы супрацоўнік Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Вольга Гвоздзь і запрашае гамяльчан і гасцей горада пазнаёміцца з грунтоўнай кніжнай экспазіцыяй.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.