Вы тут

Надвор'е: Пераход да актыўнага холаду адбыўся на два тыдні пазней, чым звычайна


Сярэдняя тэмпература паветра другога месяца восені ў нашай краіне склала 8 цяпла, што вышэй за кліматычную норму на 1,2 градуса. А, па падліках спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, кастрычнік бягучага года заняў 11-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года.


Па большай частцы тэрыторыі краіны адзначалася дадатная анамалія тэмпературы паветра. Яна знаходзілася ў асноўным у межах ад 0,2 да 1,6 градуса. Па крайнім паўночным усходзе была адзначана нязначная адмоўная анамалія. У абласным разрэзе найбольшыя значэнні дадатных адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Брэсцкай вобласці (у сярэднім па вобласці плюс 2 градусы), а ў Віцебскай вобласці адхіленні былі найменшымі (плюс 0,3 градуса).

Як адзначаюць кліматолагі, сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад была вышэйшай за норму. Так, дзённыя тэмпературы паветра большую частку месяца ў асноўным складалі плюс 11–20 градусаў, у асобныя суткі паніжаючыся да плюс 10 — плюс 5 градусаў і ніжэй. Максімальнага значэння (плюс 25 градусаў) тэмпература паветра дасягнула днём 14 кастрычніка ў Драгічыне. Тэмпература паветра пераважна ўначы знаходзілася ў межах 6–11 цяпла, але ў асобныя суткі паніжалася да плюс 2–5 градусаў. У самыя халодныя ночы тэмпература паветра месцамі апускалася да адмоўных значэнняў. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Брагін 11 кастрычніка і склала мінус 5,7 градуса.

Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 10 градусаў у бок паніжэння (заканчэнне перыяду актыўнай вегетацыі) адбыўся на 3–13 дзён пазней сваіх звычайных тэрмінаў — 6–8 кастрычніка, і толькі на крайнім поўдні і паўднёвым захадзе пераход наступіў 15–16 кастрычніка. Далейшае паніжэнне тэмпературы назіралася 19–26 кастрычніка, калі па паўночнай частцы краіны сярэдняя сутачная тэмпература паветра перайшла праз 5 градусаў, дадалі сіноптыкі.

За месяц у сярэднім па Беларусі выпала 83,3 міліметра ападкаў, што склала 153% кліматычнай нормы. Кастрычнік 2023 года заняў 10-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага вільготнага да самага сухога. Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала 100–200% кліматычнай нормы ападкаў.

Больш за ўсё ападкаў кліматолагі адзначылі на тэрыторыі Гомельскай і Віцебскай абласцей — у сярэднім 96,4 міліметра і 96,2 міліметра, або 174% і 155% нормы адпаведна. Менш за ўсё — на тэрыторыі Брэсцкай вобласці — 59,5 міліметра, або 134% нормы. Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджоў, у асобныя суткі месцамі адзначалася выпадзенне снегу. Па Віцебскай, а таксама паўночнай частцы Мінскай і Магілёўскай абласцей 26–27 кастрычніка на непрацяглы час усталявалася снежнае покрыва вышынёй ад 0,1 сантыметра да 9 сантыметраў.

На працягу месяца ў асобных раёнах краіны ў начныя і ранішнія гадзіны назіраліся туманы, месцамі — галалёдныя з’явы, навальніцы і град. Адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш, месцамі дасягнула крытэрыю небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы (25 м/с і больш). Спецыялістамі была зафіксавана максімальная хуткасць ветру за месяц на станцыі Слуцк 8 кастрычніка (28 м/с).

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.