Вы тут

Палтус клюе на... самагонку


Палтус клюе на... самагонку

У ваколіцах Нью-Ёрка жыве ўнук беларуса Джордж. Былы школьны настаўнік самастойна сяк-так вывучыў рускую мову ў тым ліку дзеля таго, каб прымаць гасцей з Радзімы сваіх продкаў: знаёміцца, дзень-другі кантактаваць, на ўласным кацеры катаць па акіяну, лавіць там рыбу...


Праўда, вось з гэтым у той дзень нашай невялічкай кампаніі яўна не пашчасціла. Пад пагрозай апынулася і ўся наступная «праграма». Ну сапраўды: якая можа быць фотасесія з рыбалкі без улову, які рыбны грыль, калі рыбы вобмаль, а з амерыканскай звычкай здымаць філе «з большага» дык яе мо і зусім няма...

Суцяшалі хіба нашы спадарожнікі, якія абяцалі на беразе ўсё паправіць.

І, як выявілася, не падманвалі, бо на прыстані адразу і досыць упэўнена павялі нас да ангара. Там, па словах Джорджа, працавалі ўнукі карэйскіх гастарбайтараў, якія ахвотна мянялі рыбу на што-небудзь каштоўнае...

А ў нас яно (Валодзя толькі што вярнуўся з водпуску ў Сінявокай) з сабою было ў выглядзе дзвюх пляшак з самаробнымі бела-зялёнымі этыкеткамі, на якіх красаваўся кідкі надпіс «Самагонка Старадарожская». Там жа змяшчаліся кароткія звесткі пра яе паходжанне і градус. Сама ж вадкасць (калі «на вока») — чысцюткая, што сляза немаўляці! А ўжо якая крэпкая і пахкая...

Праўда, пах той, мякка кажучы, на аматара — ну вельмі спецыфічны, але ж карэйцы яго не спужаліся: адважна панюхалі, пакаштавалі, адобрылі і ўзамен на пляшку выдалі трох цудоўных палтусаў вагой пад паўтара-два кілаграмы...

Перш чым іх гатаваць, мы яшчэ раз злазілі ў ваду, з задавальненнем пакупаліся. І толькі адзеліся — збіраліся сыходзіць, калі ўбачылі «на гарызонце» карэйскіх ганцоў (?) з досыць важкім пакетам. Яны патлумачылі, што ад той нашай бутэлькі — трое іхніх ужо таго — з капытоў... Астатнім «тозе хоцца».

— Але ў нас, — гаворым, — толькі адна засталася... І тая пачатая...

— Ніцего, ніцего, давайце, — просяць карэйцы. — Нам хваціт... Вот васа рыба. Прыхадзіце ісё, осень просім.

...Грыль у нас удаўся на славу, фоткі для радні — і пагатоў! На іх мы па чарзе і разам (у кожнага ўсмеўка да вушэй!) трымаем «злоўленых» у акіяне вялікіх палтусаў.

Люблю я такія выезды, калі ўсе і ўсім задаволеныя.

Алег ІВАНОЎ

г. Масква.


Паслядоўнік Эзопа

Віталік рос добрым, шчырым чалавекам і вучнем быў зусім нядрэнным: паважаў дакладныя навукі, цікавіўся гісторыяй ды геаграфіяй... А вось азы «изящной словесности» яму даваліся цяжка. Тэксты на рускай мове Віталь чытаў як шчыры «вологодец», то-бок бачыў літару «о», значыць яе і прамаўляў.

З напісаннем таксама існавалі праблемы: правілы ў яго ну ніяк не сябравалі з іх прымяненнем. Ведаў, напрыклад, прычым на зубок, што «жи» і «ши» пішацца праз «і», але ў сшытку стракацелі «шышки», «шыны», «жывоты» ды «жырафы».

Але ж «весяліў» гэты хлапчынка не толькі маўленнем ды пісьмовымі работамі.

...Урок рускай літаратуры: разам з вучнямі спрабуем разабрацца, што такое байка, чым яна адрозніваецца ад звычайнага верша або павучальнай гісторыі. Я распавядаю пра старажытнага байкапісца Эзопа. Мы чытаем і аналізуем яго творы, больш за тое — клас дастаткова моцны — спрабуем напісаць уласныя.

У Віталя атрымаўся проста «шэдэўр». Прабегла вачыма — ледзь не стрымалася ад смеху... Зразумела: калі ўголас прачытаць, то ўрока не будзе...

Прыйшлося ўзяць сябе ў рукі, патлумачыць аўтару, што пачатак атрымаўся досыць цікавым, але ж гэтага мала: у творы павінна быць нейкая развязка, выснова, мараль, без якіх яго байка — проста не байка.

Віталь заўсёды перажываў свае няўдачы і заўсёды ўлічваў крытыку. Вось і ў той раз ён тут жа ўзяўся за дапрацоўку ўласнага твора і як выглядала, больш не чуў, не бачыў нічога: жмурыў вочы, грыз ручку, стукаў далонню па лбе, чухаў патыліцу, кусаў вусны, гойдаўся на крэсле, пісаў...

Гэтакі бурны і засяроджаны мысленчы працэс доўжыўся хвілін пятнаццаць, пасля чаго мой юны байкапісец здаў сшытак. Разгарнуўшы яго, я ўбачыла ўжо знаёмы (па першым прачытанні) тэкст. Стыль і арфаграфія аўтара:

«За высоким-привысоким зобором ходзил и кукурекал питух. Мимо шла леса. Говорит леса питушку: «Питух, питух, запригни на зобор, я тебе зёрнышков дам!» А питух ей отвечает: «Нет, леса, не запригну. Не нужны мне твои зёрнышки, мне хозяин додёт сколько захочу».

Вы, напэўна ж, здагадаліся, што «леса» — гэта лісіца (напісанне праз «е», мабыць, ад «месца жыхарства» — ад лесу?), што пітух — гэта певень (праз «і» ад таго, што добры піток)? І з «додёд» таксама ўсё зразумела: на думку юнага мовазнаўцы, такую форму павінен прыняць дзеяслоў «дать» (замест звыклага «даст») у трэцяй асобе адзіночнага ліку... З новага ў тэксце — хіба што прыпіска (яна ж мараль): «И за бесплатно!»

Карацей, пашчасціла пеўню з гаспадаром: каб засцерагчы курэй ад «лесы», ён паставіў такі модны цяпер «привысоки забор», ад пуза і бясплатна карміў дармаеда «питуха», які нават не кукарэкаў... Але ж дома свайго трымаўся: не слухаў угавораў хітрай «лесы». Вось такая мараль.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы.


За дурной галавой і нагам неспакой

...На выхадныя, у водпуск мы заўжды стараемся з'ездзіць у вёску. Там у нас дамок, пакінуты ў спадчыну, там сад-агарод, лес, ягады-грыбы...

Вось і надоечы мне пашчасціла — назбірала. А толькі прынесла дадому, высыпала на стол у альтанцы, на падворку з'явіўся ляснік: павітаўся, ацаніў мой здабытак, спытаў, ці далёка хадзіла. Сказаў, дарэчы, што грыбнікі, заблукаўшы, бывае, тэлефануюць яму... І ён тады просіць, па-першае, каб не хваляваліся, не панікавалі, каб агледзеліся навокал, расказалі, што бачаць, у які бок дзьме вецер... А тады ўжо спяшаецца на дапамогу, выводзіць з лесу.

— Во, а я ж таксама была заблудзілася! — прызналася чалавеку. — З ягад неяк, каб хутчэй было, пайшла напрасткі — да высакавольтнай лініі. І вядро цяжкаватае, і ўжо змарылася, а той лініі ўсё няма і няма... Спынілася, уважліва паглядзела па баках і вачам не паверыла: я на тым жа месцы, дзе чарніцы збірала...

— У лесе шмат што бывае, — пагадзіўся са мной ляснік. — Можна і заблудзіцца, і затрымацца там... У майго знаёмага жонка дужа раўнівая. Крый бог яму запазніцца — яна цэлае «кіно» прыдумае: у якой шалахвосткі быў, што з ёй рабіў... Вось таму ён дамоў па часах і як штык: у колькі сказаў, у столькі прыйшоў... Але ж неяк, яшчэ да мабільнікаў, затрымаўся быў, прычым на цэлую ноч.

— ?!

— Увосень пайшоў на паляванне. І там пахадзіў, і там — захапіўся: не заўважыў як стала цямнець, а тады ж і зусім апошнія арыенціры страціў... Нацягаўся за дурной галавой, ногі пазбіваў, але ж праз нейкі час яшчэ пашчасціла — знюхаў пах дыму, пайшоў у той бок і — не паверыш — на самагонны апарат натрапіў.

Праўда, з людзей пры ім нікога не было, але ж пад катлом вугольчыкі тлелі... Паляўнічы вогнішча расклаў, усё навокал абмацаў. Добрая завядзёнка — пляшку гарэлкі знайшоў, шматок сала і акраец хлеба. Падсілкаваўся... Пасля гэтага, з новымі сіламі, можна б, здавалася, і дадому, бо вельмі трэба, і сцежкі нейкія ёсць, але ж па каторай пайсці, каб яшчэ горай не стала? Вырашыў, што раніцай ён агледзецца, а пакуль застанецца на месцы.

Лёгка было падумаць так, а вось як зрабіць, калі навокал лес, цемрань і холад сабачы, прычым з кожнай гадзінай большы і большы... Ён то адзін свой бок да катла з цёплай вадой прытуліць, то другі, то зверху на ім паляжыць — спіну ці жывот пагрэе... Усю ноч вось так пракруціўся: толькі раніцай дадому прыйшоў.

Стукае, бедны, у дзверы, а за імі раўнівая жонка з чапялою стаіць (з прыладай, каб патэльню ў печ паставіць, тут яе капачкай завуць. — Аўт.)... Адчыніла і тут жа хацела «ў бой», нават замахнулася ўжо, але... Не змагла — знерухомела, бо на парозе — чалавек-не чалавек, чорт-не чорт... Ледзь пазнала роднага мужа, настолькі ён сажай спэцкаўся, прычым з ног да галавы...

А прызнала — і ад сэрца адлягло, бо адразу ж падумала, што ў такім вось выглядзе ні адна палюбоўніца мужчыну не прыме... Толькі жонка. Што яна і зрабіла, бо чалавек жа з палявання прыйшоў, а не аднекуль.

Ірына САЛАТА

г. Гродна.


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж.

Першая з сённяшніх гісторый (у досыць вольным перакладзе з рускай...) — з кнігі «Пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023). А вось апошнія — сёлета — яшчэ будуць: да канца года, як сведчыць каляндар, — сем пятніц. Так што конкурс на найлепшую з чытацкіх «вясёлых і праўдзівых» паціху-памалу выходзіць на фінішную прамую.

Шанц паспець яшчэ застаецца. Пішыце!

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.